14. “НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ БЫЎ”
14. “НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ БЫЎ”
А. “Герой двух кантынентаў”
Карані ёсць не толькі ў дрэў. Ёсць яны і ў чалавека. Гіне дрэва без кораню, і чалавеку балюча, калі адрываюць яго ад роднай зямлі. На чужыне цяжка, як птушцы ў клетцы.
Тадэвуш Касцюшка не адзін дзесятак гадоў пражыў далёка ад радзімы. Народным героем яго называюць амерыканцы і палякі, імя яго шануюць французы і англічане. Толькі дома, у Беларусі, Касцюшку, на жаль, менш ведаюць. Ці забыліся беларусы, колькі сіл аддаў ён барацьбе за Бацькаўшчыну?
Адкуль жа родам гэты славуты чалавек?
Нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка ў шляхецкай сям’і. Калі – ніхто дакладна не ведае. Знайшлася толькі згадка пра яго хрышчэнне ў Косаве ў 1746 годзе. Нялёгкім было дзяцінства хлопчыка. Рана памёр бацька, маці адна вяла гаспадарку і гадавала дзяцей. Тадэвуш быў малодшы.
Хацела маці, каб ён пайшоў бацькавай дарогай, стаў афіцэрам. Паехаў Тадэвуш у Варшаву, у Рыцарскую школу. Вучыўся старанна. Выдатна ведаў матэматыку, замежныя мовы, прыгожа маляваў. Сам кароль Станіслаў Аўгуст заўважыў Касцюшкавы здольнасці і накіраваў маладога афіцэра ў Парыж: “Хай там паглыбляе свае веды”.
Праз колькі гадоў вярнуўся Тадэвуш дамоў. Але ва ўсім беларускім войску не знайшлося яму месца. Працаваў хатнім настаўнікам у багатых людзей. Даведаўся, што далёка за акіянам змагаюцца народы Паўночнай Амерыкі за сваю незалежнасць. “Там буду карысным”, – вырашае Касцюшка і едзе ў далёкія землі.
Сем гадоў змагаўся пан Тадэвуш пад амерыканскім небам. Першы прэзідэнт ЗША Вашынгтон высока ацаніў заслугі нашага земляка. Стаў Касцюшка амерыканскім генералам. Ляцела слава пра яго па ўсім свеце. Пачалі Тадэвуша зваць “Героем двух кантынентаў”.
Аднак ні слава, ні багацце не маглі замяніць Бацькаўшчыны.
Б. “За вольнасць нашу і вашу”
Пасля бітваў, у якіх амерыканцы атрымалі незалежнасць, вярнуўся Касцюшка дамоў. Пасяліўся ў Сяхновічах на Жабінкаўшчыне. Гэта вёска ўжо трыста гадоў належала яго продкам. Займаўся генерал мірнай працай, пакуль зноў не паклікала ў дарогу вайна. Пагроза навісла над Бацькаўшчынай. Спатрэбіўся ёй выратавальнік. І генерал Касцюшка зняў са сцяны дзедаву шаблю.
1794 год – слаўны і горкі для нашай зямлі. Узняліся палякі і ліцьвіны-беларусы на барацьбу. Вядзе іх у бой славуты генерал Касцюшка. Змагаюцца яны за сваю свабоду. Аб’ядналіся супраць касцюшкаўцаў рускія і нямецкія арміі. Няроўныя сілы. Аднак Касцюшка перамагае, бо б’ецца за Айчыну. Піша пан Тадэвуш ліст-адозву да расійскіх салдат:
– Браты! Цары і паны трымаюць вас у кайданах. Накіравалі вас душыць паўстанне. Кідайце зброю, далучайцеся да сям’і свабодных народаў!
Ведаў Касцюшка, што змагаюцца народы Рэчы Паспалітай не толькі за сваю вольнасць, але і за свабоду ўсёй Еўропы.
В. Крупчыцкая бітва
Сказалі берасцейцы варшавянам з гордасцю: “Шмат слаўных ваяроў ўзгадавала Польшча, але і наша зямля не горшая, бо нарадзіла Касцюшку!”
Далучыліся берасцейцы да паўстання. Ухваліў іх пан Тадэвуш:
– Ганаруся вамі, суайчыннікі!
Буйныя ваенныя дзеянні ішлі на Берасцейшчыне супраць расійскага генерала Аляксандра Суворава.
Добры быў воін Сувораў. Куды ні рушыць – усюды вораг яго баіцца. Кажуць генералу туркаў біць – б’е туркаў. Кажуць перамагчы французаў – перамагае і французаў. Кажуць яму сялянскае паўстанне задушыць – і паўстанне душыць.
У пашане Сувораў у самой царыцы Кацярыны ІІ. Раптам стала вядома Кацярыне: у Польшчы і Беларусі з’явіўся Тадэвуш Касцюшка, змагаецца за свабоду сваёй зямлі.
Кліча царыца Суворава: “Ідзі, генерал! Калі заваюеш для мяне Беларусь, зраблю цябе маршалам. Столькі зорак на небе няма, колькі я на твае грудзі павешу!”
Прыйшоў на нашу зямлю Сувораў. Войска з ім моцнае. Захапілі сувораўцы Дзівін, Кобрын. 17 верасня 1794 года касцюшкаўцы з сувораўцамі сышліся ў рашучай бітве. Было гэта пад Крупчыцамі.
Паўстанцамі кіраваў генерал Серакоўскі. У яго войску 4000 мужных салдат. Загадаў Касцюшка Серакоўскаму:
– Трымай Суворава, што ёсць моцы!
Але ў ворага сілы значна большыя. Да цямна біліся палкі. Цяжка паўстанцам, але мужна змагаюцца, адыходзіць не хочуць. Раптам ім у спіну расійскія коннікі ўдарылі. Нехта здрадзіў і правёў сувораўцаў у тыл. Адыходзілі касцюшкаўцы пад Берасце, каб праз два дні зноў уступіць у бой.
Засталіся на вялікім вайсковым полі забітыя і параненыя. А стомлены расійскі генерал лёг пад дубам адпачыць. Здабыў ён царыцы перамогу, а сабе славу і зоркі на грудзі. Але прынёс ён для нашай зямлі няшчасце. Бо згубіла яна галоўнае, што мела, – свабоду!
Г. Сяхновіцкі запавет
Разбіты пад Варшаваю Касцюшка. Паланілі яго, параненнага. І ўся беларуская зямля таксама параненая, у палоне. Два гады ў вязніцы сядзіць пан Тадэвуш. Рускі цар яго ўпрошвае:
– Дам табе, Касцюшка, зямлі, багацця, слуг…
– А што за гэта просіце? – пытае Касцюшка.
– Ды няшмат. Адное – скажы беларусам і палякам, каб супраць мяне не бунтавалі.
– Як такое людзям сказаць, якія мне вераць? Здрада гэта! Вярніце ім свабоду. Тады яны не будуць супраць вас ваяваць.
– Навашта ім свабода? – здзіўляецца цар, не разумее.
– Каб дыхаць вольна. Каб ганарыцца сваёй зямлёй. Каб людзьмі звацца.
Задумаўся цар:
– Многа просіш, Касцюшка. Гэта больш, чым усе багацці на Зямлі. Я – цар вялізнай краіны. Няшмат ёсць людзей, багацейшых за мяне. Але і я не магу ўсіх узнагародзіць свабодай.
Аднак адчыніліся цяжкія дзверы вязніцы. Паехаў Касцюшка прэч – праз краіны ды кантыненты. Болей ніколі не вярнуўся ён на Беларусь. Памёр далёка ад родных краявідаў – у гарах Швейцарыі.
Але да апошняга дня не забываўся Касцюшка пра Бацькаўшчыну. Увесну 1817 года, за некалькі месяцаў да смерці, пан Тадэвуш урачыста падараваў свабоду сваім сялянам у Сяхновічах. Відаць, багацейшы ён быў за рускага цара. Не грашыма, але духам, любоўю да простых людзей.
Д. Памяць пра героя
І просты народ аддзячыў герою. Беларусы імкнуліся ўшанаваць імя Касцюшкі, складалі пра свайго заступніка легенды, пелі пра яго песні.
Казалі, што ў Касцюшкі быў плашч, які нават кулі не прабівалі. Доўга змагаўся генерал, стаміўся, спаць прылёг. Тут захопнікі на яго і напалі. Не паспеў Касцюшка той цудоўны плашч апрануць, пасеклі яго ворагі мячамі ды шаблямі. Загучалі ў народным спеве туга і смутак:
Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей на каменю.
Калі той пясок узыйдзе,
Касцюшка з вайны прыйдзе.
Народ верыў, што герой не памёр, а толькі заснуў і ізноў прачнецца, каб бараніць Айчыну. Вернецца Касцюшка у Беларусь, паслужыць яшчэ Радзіме.
У сапраўднасці праз год пасля смерці цела пана Тадэвуша было перавезена ў Польшчу. Яго сэрца захоўваецца ў асобнай урне. Імем Касцюшкі названы самая высокая гара ў Аўстраліі, гарады ў ЗША, вуліцы ў Польшчы. У многіх краінах свету ёсць яму помнікі.
А ў Беларусі гэткіх помнікаў пакуль няшмат. Ёсць бюст героя ў яго родных Сяхновічах. Недалёка ад горада Косава пабудаваны Дом Касцюшкі, у якім месціцца музей. А ў вёсцы Чыжэўшчына на Жабінкаўшчыне стаіць капліца ў гонар воінаў, што склалі галовы ў Крупчыцкай бітве. Калі будзе час, завітай у Касцюшкавы мясціны, каб ушанаваць нашага народнага героя.
Пытанні і заданні
1. Чаму Касцюшку называюць “Героем двух кантынентаў”?
2. Як можна зразумець словы паўстанцаў, што яны змагаюцца “За вольнасць нашу і вашу”?
3. Дзе і калі адбылася на Беларусі самая вялікая бітва Касцюшкаўскага паўстання?
4. Паразважай, навошта чалавеку патрэбна свабода?
5. Як народы Свету шануюць імя Тадэвуша Касцюшкі?