15-16. ВАЕННЫЯ І МІРНЫЯ ДАРОГІ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

15-16. ВАЕННЫЯ І МІРНЫЯ ДАРОГІ

А. 1812 год

Генерал Напалеон стаў імператарам Францыі. Ён быў маленькага росту, але марыў заваяваць увесь вялікі свет. Вельмі ваяўнічы быў імператар у французаў. Стварыўшы “Вялікую Армію”, ён захапіў еўрапейскія краіны, а цяпер збіраўся ваяваць з расійскім імператарам Аляксандрам.

Вось паклікаў Напалеон Касцюшку і просіць яго:

– Дапамажы перамагчы Расію. Я збіраюся паходам на Маскву. Няхай мяне палякі і ліцьвіны падтрымаюць. За гэта аднаўлю для іх дзяржаву!

Хутка і Аляксандр звярнуўся да Касцюшкі:

– Дапамажы перамагчы Францыю. Я збіраюся паходам на Парыж. Няхай мяне ліцьвіны і палякі падтрымаюць. За гэта аднаўлю для іх дзяржаву!

Не паверыў Касцюшка імператарам. Адмовіў Напалеону, не паслухаўся Аляксандра. Кожны з іх клапоціцца толькі пра свае імперыі. Якая ім справа да Польшчы і Беларусі?!

Летам 1812 года Напалеон пачаў вайну. “Вялікая Армія” накіравалася на Маскву самай кароткай дарогай – праз Беларусь.

Ізноў нашу зямлю тапталі чужыя войскі. Ізноў на ёй буйнымі патокамі палілася кроў.

Пад Кобрынам сышліся арміі. Бой цягнуўся некалькі гадзін, перамогу атрымалі расійцы. У гонар гэтай перамогі ў расійскай сталіцы быў наладжаны салют.

Новая бітва адбылася 31 ліпеня 1812 года. Цяпер на Пружаншчыне, пад Гарадзечнам, вырашылі памерыцца сіламі войскі двух імператараў. Упарты бой доўжыўся амаль дзесяць гадзін. Абодва бакі панеслі значныя страты. У лесе, на месцы, дзе біліся войскі, і сёння стаіць прыгожая каплічка. Берасцейцы памятаюць пра воінаў 1812 года.

Напалеон дайшоў да Масквы. Але хутка вымушаны быў адступіць. Паход скончыўся там, дзе і пачынаўся, – у Беларусі. “Вялікая Армія” загінула на берагах ракі Бярэзіна. Рускі афіцэр Фёдар Глінка напісаў пра французскага імператара: “Збегла лісіца, толькі хвост у пастцы застаўся!.. Напалеон ужо за Бярэзінаю”.

Глінка дайшоў з арміяй да Парыжа, і праз год, пасля перамогі, вяртаўся на радзіму. Шлях вёў яго праз Беларусь.

Хутка ляцелі коні, сэрца поўнілася чаканнем хуткай сустрэчы з роднай зямлёй, але пейзаж абапал дарогі быў нерадасны. Разрабаваныя вёскі, бедныя сяляне і крыжы – сведкі нядаўнай вайны.

Б. Нябачная дуга

Чалавека заўсёды цікавіла Зямля, на якой ён жыве.

Пасля перамогі над Напалеонам вучоныя розных краін вырашылі больш даведацца пра форму і памеры роднай планеты. Для гэтага трэба было ажыццявіць няпростыя вымярэнні.

Трыццаць пяць гадоў такімі даследаваннямі займаліся навукоўцы з Нарвегіі і Швецыі на чале з расійскім астраномам Васілём Струве. Вучоныя цярпліва, крок за крокам вымяралі дугу мерадыяна, названую “Дугой Струве”.

Яна працянулася на 2882 кіламетры ад Паўночнага Ледавітага акіяна да Чорнага мора. На сваім шляху дуга перасякла землі Беларускага Палесся: прайшла па Іванаўскаму і Драгічынскаму раёнах.

Гэтыя мясціны незвычайныя. Тут праходзіць яшчэ адна нябачная мяжа – водараздзелы басейнаў рэк. Адсюль адныя рэкі нясуць воды да Балтыкі, другія – у Чорнае мора.

В. “Ёсць на Бузе востраў самотны...”

Самая вядомая рака на Брэстчыне – Заходні Буг, на якім стаіць абласны цэнтр. Па гэтай рацэ праходзіць дзяржаўная мяжа. Сотні вядомых людзей пачыналі сваё падарожжа па Беларусі, перапраўляючыся цераз Буг, таму Брэст нярэдка называюць “Заходнімі варотамі краіны”.

Тут служыў Аляксандр Грыбаедаў. Першыя творы знакамітага пісьменніка з’явіліся ў Брэсце. Ён стварыў верш, прысвечаны старажытнаму гораду: “Ёсць на Бузе востраў самотны…”.

Пазней у Брэсце бывалі праездам філосаф Павел Чаадаеў і паэт Пётр Вяземскі, дзекабрыст Вільгельм Кюхельбекер і паўстанец Юльян Нямцэвіч.

Г. Дарогі Нямцэвіча

Нямцэвіч пражыў доўгае і цікавае жыццё. Ён нарадзіўся ўзімку 1758 года ў Скоках, каля Брэста. Быў пісьменнікам, падарожнікам, палітыкам. Юльян сем гадоў вучыўся ў Варшаве, у Рыцарскай школе. Ягоныя ўчынкі заўсёды вызначаліся высакароднасцю. Разам з князем Чартарыйскім Нямцэвіч шмат падарожнічаў па Еўропе. Яго вострае пяро дакладна апісвала цікавыя моманты жыцця. Пасля вяртання на радзіму Юльян стаў дэпутатам, распрацоўваў асноўны закон краіны – Канстытуцыю.

Калі наступіў слаўны і грозны 1794 год, Нямцэвіч далучыўся да паўстанцаў. Ён стаў надзейным сябрам і памочнікам генерала Касцюшкі. Разам з ім трапіў у палон, затым ездзіў па Еўропе і Амерыцы.

З далёкіх вандровак Юльян Нямцэвіч заўсёды вяртаўся ў родныя Скокі, у прыгожы палац, акружаны паркам. Ён шмат разоў падарожнічаў па Палессі, аглядаючы Брэст і Кобрын, Пінск і Бярозу, Чарнаўчыцы і Воўчын, іншыя цікавыя мясціны.

Калі выбухнула новае паўстанне за незалежнасць Айчыны, Нямцэвіч быў ужо старым чалавекам. Але ён адважна далучыўся да паўстанцкага ўраду. Нямцэвіч памёр у Парыжы ў восемдзесят тры гады. На яго смерць адгукнуўся паэт Адам Міцкевіч: “Ён ішоў наперадзе свайго часу, завяршаў яго бег і памёр апошнім”.

Д. “Варшаўка”

Нават пасля самага вялікага ліхалецця чалавек заўсёды аднаўляў сваю зямлю. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя была пабудавана новая дарога з Масквы да Варшавы даўжынёй у 999 вёрстаў. Яе назвалі “Варшаўкай”. Гэта была першакласная дарога. Побач з Брэстам з’явіліся Пятровіцкая і Кобрынская паштовыя станцыі.

Якім жыццём жыла “Варшаўка”?

Амаль штодня можна было назіраць наступную карціну. У памяшканне ўбягаў афіцэр, які вёз важныя паперы. Ён грозна кідаў на стол падарожную грамату. Наглядчык станцыі спалохана глядзеў на дакумент. Хутка важнаму госцю выдзялялі коней і найлепшы пакой для адпачынку. Нельга затрымліваць пошту: гэта дзяржаўная справа самай вялікай важнасці!

Шаша была вельмі перагружаная. Штогод па ёй праходзілі 50 тысяч фурманак, брычак і карэт. Рух заміраў толькі ўзімку, калі вялікія снягі заносілі дарогу. Але калі снег раставаў, “Варшаўка” зноў пачынала працаваць, злучаючы блізкіх людзей і далёкія краіны.

Е. Як з’явілася Брэсцкая крэпасць

“Варшаўка” прайшла праз Брэсцкую крэпасць.

Крэпасць нарадзілася ў сутоку Буга і Мухаўца. Нарадзілася, але пахавала старажытнае Берасце.

У 1830 і 1831 гадах жыхары Польшчы і Беларусі зноў узняліся, каб аднавіць Рэч Паспалітую.

Цар Мікалай І жорста задушыў паўстанне. Яго войскі, як вада ў паводку, затапілі наш край. Калі ўсё было скончана, імператар паехаў аглядаць скораныя землі. Ён грозна сказаў варшавянам:

– Яшчэ раз узнімеце мяцеж – ушчэнт зруйную Варшаву!

А ў Брэсце, на мяжы з Польшчай, Мікалай загадаў будаваць новую крэпасць.

У 1836 годзе ў яе фундамент быў закладзены першы камень. Амаль шэсць гадоў майстры і рабочыя з усіх куткоў Расійскай імперыі ўзводзілі Брэсцкую крэпасць.

Яе цэнтральнае ўмацаванне называлася Цытадэллю. З усіх бакоў Цытадэль амывалі рэкі, якія абаранялі падыходы да крэпасці. Больш за 500 каменных казематаў былі ўмацаваныя высокімі мурамі таўшчынёю да двух метраў. Гарнізон крэпасці мог налічваць дваццаць пяць тысяч чалавек.

У сваёй гісторыі Брэсцкая крэпасць не аднойчы вытрымлівала аблогу. Самыя вядомыя адбыліся ўжо ў ХХ стагоддзі: у 1939 і 1941 гадах.

Ж. Косаўскі палац

Найлепш захавалася паштовая станцыя ў Няхачаве – на скрыжаванні дарог на Івацэвічы і Косава. Косава – самы маленькі горад у Беларусі. Сёння тут жыве меней за тры тысячы жыхароў. Але мястэчка мае надзвычай багатую гісторыю.

Косаву ўжо больш за паўтысячы гадоў. Аднак толькі ў ХІХ стагоддзі мястэчка па-сапраўднаму расквітнела. Яго ўласнік пабудаваў палац, прыгажэйшага за які на Брэстчыне няма!

Некалькі гадоў майстры будавалі сцены. Акуратна клалі цаглінку да цаглінкі, вымуроўвалі аркі, вежы і байніцы. Белы палац, быццам птушка, залунаў над зямлёю. Колькі прыгожых баляў адбылося ў ім!

Але хутка ўсё змянілася. Дні росквіту і славы змяніліся гадамі заняпаду. Косава з наваколлем не аднойчы пераходзіла з рук у рукі. Нашчадак першага гаспадара прайграў іх купцу. Той удвая даражэй прадаў палац рускай княгіне, а тая, у сваю чаргу, – нямецкаму прынцу. Але і прынц не ўтрымаў Косава, перадаўшы яго дзяржаве. Канчаткова палац спустошылі сусветныя вайны.

Шматлікіх падарожнікаў, што ехалі праз Брэстчыну, чакалі тут невясёлыя малюнкі, тужлівыя матывы.

Прыгожы, багаты і маляўнічы край, але колькі разоў войны руйнавалі яго замкі, палацы паркі...

Цудоўны край, але не вольны ў ім чалавек. Цяжкое прыгоннае права, быццам кайданы, скавала рукі-ногі.

Пытанні і заданні

1. Чаму Касцюшка не згадзіўся супрацоўнічаць з імператарамі Напалеонам і Аляксандрам?

2. У 2005 годзе “Дуга Струве” была ўзятая пад ахову міжнароднай арганізацыяй ЮНЕСКА. Цяпер яна лічыцца самым доўгім помнікам на Зямлі! Якая працягласць дугі?

3. Назаві вядомых дзеячоў палітыкі і культуры, якія наведвалі ў ХІХ стагоддзі Брэст.

4. У якіх гарадах і краінах пабываў наш земляк Юльян Нямцэвіч?

5. Раскажы, якім жыццём жыла “Варшаўка”?

6. Калі і навошта будавалі Брэсцкую крэпасць?

7. Што ты даведаўся пра Косаўскі палац?