5. ПАЛЕСКІЯ ГАРАДЫ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

5. ПАЛЕСКІЯ ГАРАДЫ

А. Сталіца Палесся

У цэнтры Пінска размешчаны прыгожы будынак. Некалі тут быў калегіум (царкоўная школа), а цяпер – цудоўны Музей Беларускага Палесся. Колькі цікавых рэчаў утрымліваецца ў яго сховішчах! Ёсць тут каменныя крыж, сякера, дамавіна з ХІ і ХІІ стагоддзяў.

І гэта зусім не дзіўна, бо Пінск, імя якому дала ціхая рэчка Піна, узнік у далёкую даўніну. Ён – сапраўдная сталіца Палесся.

Месца, дзе нарадзіўся Пінск, спрадвеку стаяла на бурлівым водным шляху. Піна далучалася да прыгажуні-Прыпяці. Адсюль можна было дайсці вадою і да Чорнага мора, і да Балтыкі. Таму спрадвеку пінчукі лічыліся найлепшымі плытагонамі ў краі.

Упершыню летапісец згадаў пра Пінск пад 1097 годам. І вось пры такіх абставінах.

Былі ворагамі Давыд і Васілька. Абодва князі высокія ды прыгожыя. Вось толькі не выносілі адзін аднаго. Асабліва зацяты быў Давыд, які лічыў, што яго пакрыўдзілі пры дзяльбе земляў. Гаворыць ваяўнічы князь Давыд вялікаму кіеўскаму князю:

– Вось пабачыш, княжа, захопіць Васілька твае гарады Тураў і Пінск. Тады ўспомніш, што я казаў...

Паслухаўся вялікі князь нагавору, узяў у палон Васільку. Але Давыд нядоўга святкаваў перамогу – выгналі яго з краю.

У той час Пінск ужо быў вялікім, прыкметным і багатым горадам. А неўзабаве стаў і сталіцай Пінскага княства. І нават калі ўвайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, захаваў сваю самастойнасць.

Пазней у Пінску налічвалася ўжо 16 цэркваў. Тут узніклі праваслаўны і каталіцкі манастыры, была збудавана яўрэйская сінагога. Простыя жыхары Пінска гаварылі на розных мовах, але часам знаходзілі паразуменне і згоду лепш за князёў.

Б. Гарадок Давыдаў і стольны горад

А князь Давыд усё не супакойваўся. Няўрымслівы быў чалавек, буян, але, разам з тым і спраўны. Загадаў Давыд у 1100 годзе пабудаваць на Гарыні Гарадок. У гонар заснавальніка паселішча носіць імя Давыд-Гарадок. Спрадвеку ў ім жывуць працавітыя людзі, выдатныя агароднікі. Аднак гарадчукі не толькі на сваім агародзе сядзяць! Вядомыя яны на ўвесь свет прадпрымальнікі і рамеснікі. Заўжды гандлявалі агуркамі, кветкамі і насеннем, выраблялі нават марожанае. Везлі на сваіх вазках салодкія лёды да Берасця і далей – у Польшчу. Шаўцы з Давыд-Гарадка выраблялі рыбацкія і паляўнічыя боты. Хадзілі потым, як буські па балоце, здабывалі і сама, і плотку, і ўюна.

Калі гораду споўнілася 900 гадоў, паставілі гарадчукі помнік Давыду – уганаравалі на вякі князя-заснавальніка.

Сёння Давыд-Гарадок уваходзіць у Столінскі раён. Столін таксама месца старажытнае, якое ўпершыню згадваецца сярод пагарынскіх гарадоў на мяжы ХІІ – ХІІІ стагоддзяў.

Адзін столінец распавёў, што сваё імя горад атрымаў ад рыбака, які неяк у Гарыні злавіў сто лінёў, – адсюль і Столін...

Але гэта легенда. Сапраўдных звестак пра паходжанне горада захавалася няшмат. Хаця імя сапраўды гаворыць, што Столін мае даўнюю гісторыю. Мы ўжо ведаем, што многія словы раней мелі іншае значэнне, чым цяпер. “Лета” некалі азначала “год”, а “стол” – “крэсла”! Князі і каралі, калі атрымоўвалі ўладу, сядалі на “стол” (ці “прастол”). Адсюль пайшло сённяшняе слова сталіца – галоўны горад у краіне. Відаць, Столін таксама некалі быў “стольным горадам” – сталіцай.

А цяпер з усходу Брэстчыны перамясцімся на яе захад, бо і там адбываліся значныя гістарычныя падзеі.

В. Алекса і “Стоўп каменны”

Падарожнічаць заўсёды цікава. Сустракаюць чалавека невядомыя мясціны, з’яўляюцца новыя ўражанні. Шмат цудаў у Беларусі. Адно з іх – Камянецкая вежа, названая раней “Стаўпом каменным”. Прыехалі школьнікі паглядзець на вежу, дакрануцца да сапраўднай гісторыі.

Адразу з першымі сонечнымі промнямі пырснуў дробненькі дожджык. Злёгку прыбіў пыл. Дзень пачынаўся маркотны, ціхі. Сонца разлілося па небе, быццам яечня па патэльні. У нізіне вузельчыкамі закруціліся сінія туманы. Стаяў гаркаваты водар вераснёвых траў. І было гэтае хараство напоўнена спакоем. Так сустрэлі маленькіх берасцейцаў стары Камянец і яго вежа.

Вежы ўжо больш за сем стагоддзяў. А побач – помнік: стаяць велічны зубр і майстравы чалавек. Хто такі? За што каменчукі яго ўшанавалі?

1276 год. Трэба мацаваць і бараніць дзяржаву. Мудры валынскі князь Уладзімір, сын Васількі, загадаў узвесці праз кожныя дваццаць-трыццаць вёрстаў моцныя вежы-стаўпы. Майстры пабудавалі вежу ў Берасці, Вежкі на Жабінкаўшчыне, Вежнае каля Пружанаў, Менявежы ў Драгічынскім раёне. Але да нашых часоў дажыў толькі камянецкі стоўп.

Паклікаў князь да сябе Алексу – найлепшага сярод дойлідаў:

– Едзь, Алекса, на бераг ракі Лясной, будуй там вежу. Ды такую моцную, каб ніякі вораг не змог яе адоліць. Здолееш?

– Зробім, княжа, надзейную камяніцу на Лясной! – паабяцаў майстар.

Збіраюцца з усёй Берасцейшчыны сяляне ды рамеснікі, вязуць камяні, чырвоную цэглу. Каб будынак стаў мацнейшы, у раствор дадаюць курыныя яйкі. Расце вежа дзень пры дні. Калі непагадзь, дождж ці снег, Алекса загадвае работы спыняць. Ведае, што вежа вытрымае і доўгія вякі, і цяжкія выпрабаванні, калі не прыспяшацца, калі не памыліцца пры будоўлі.

У летапісах пра князя Уладзіміра сказана: “Пабудаваў на ўзвышшы горад і даў яму імя Камянец, бо зямля тут была вельмі камяністая”.

Не згубілася ў гісторыі і імя Алексы. Дванаццаць гадоў ён узводзіў стоўп у Камянцы. “І выклікаў здзіўленне ва ўсіх, хто бачыў яго”.

Але ўжо праз год сцены Камянецкай вежы зведалі першую аблогу. Як тое было?

Ці чуеце, як зямля і неба дрыжаць? Гэта вершнікі князя Юрыя з Драгічына пад’ехалі, дзідамі ў вароты Камянца стукаюць. Не зважае Юрый, што Уладзімір Васількавіч яму родны дзядзька, рабуе ўладанні, камяніцу яго бурыць. Аднак нялёгка зламаць тое, што Алекса пабудаваў. Загартавалася вежа ў агні ды бітве. Ад пажараў камень толькі мацнее...

Шмат яшчэ разоў і немцы, і палякі “ваявалі Камянец”. Але вежа заўсёды бараніла, ратавала гараджан ад гібелі. Усё вытрымаў “Стоўп каменны” і дажыў да нашых дзён. Многае ў жыцці змянілася з часоў князя Уладзіміра, але, як і раней, цячэ пад узвышшам Лясная, а на пагорку стаіць велічная вежа.

За гэта і ўзнеслі каменчукі помнік дойліду Алексе.

Г. “Згінулі, як обры”

Усё жыццё мудры Уладзімір клапаціўся пра берасцейскую зямлю. У 1287 годзе, адчуваючы, што смерць ужо недалёка, валынянін вывеў на пергаменце: “Гэта я, князь Уладзімір, сын Васількаў, унук Рамана, пішу грамату, у якой даю па смерці горад Кобрынь сваёй княгіне…”

Так упершыню быў пісьмова згаданы Кобрын. Некаторыя вучоныя лічаць, што горад атрымаў імя ад ваяўнічага племені обраў (авараў), якое прыйшло з усходу.

Доўга обры ваявалі са славянамі. Але аднойчы згінулі, быццам ніколі іх і не было. Засталіся ў памяць пра обраў толькі назвы вёсак: Абрына паблізу Целяханаў, Абровы на Іванаўшчыне, Аброўская Вулька ў Івацэвіцкім раёне.

Кобрын узнік у сутоцы Мухаўца і Кобрынкі, на месцы рыбацкага паселішча. Пазней тут узняліся ў неба два замкі – Верхні і Ніжні, абароненыя ровамі, валамі і вежамі.

Д. Вежкі князя Рамана

У ХIV стагоддзi кіраваў Кобрынам князь Раман Фёдаравіч. Спакойна жылося ў той час тутэйшаму люду. Ды вось весткі з захаду ляцяць: збіраецца польскі кароль заваяваяць нашу зямлю. Выйшаў князь Раман да людзей:

– Бяда на нас рухаецца, кобрынцы! Трэба вокал горада вежкі будаваць, бо, калі вораг нападзе, не здолеем адбіцца.

Загадаў князь майстрам скласці ўздоўж мяжы невялікія вежы. Дзень і ноч працавалі кобрынцы, дзень і ноч.

Вось ужо рушылі палякі ў паход – нашыя землі заваяваць. Хутка да Берасця дайшлі. Адкрылі берасцейцы ім свае брамы. Узрадаваўся польскі кароль, паведаміў Раману Кобрынскаму:

– Я ўжо Берасцейскую вежу ўзяў. Здавайся!

– Вежу ты ўзяў, – адказаў князь Раман, – дык яшчэ і вежкі мае пазабірай!

Бачыць польскі кароль, што без бою не здасць горада князь Раман, а ваяваць ужо стаміўся – вярнуўся ў Берасце.

Так маленькія вежкі нашую зямлю абаранілі. А каля іх утварылася вёска, якую назвалі Вежкамі.

Е. Пра здраду і вернасць

Сто гадоў таму наведаў нашыя мясціны таленавіты вучоны, збіральнік гістарычнай спадчыны Аляксандр Ельскі. Падарожнічаў колькі дзён, а спыніўся ў Гарадзішчы, што пад Баранавічамі. І не выпадкова, бо адзначыў:

– Мабыць, адсюль і пачыналася Вялікае Княства Літоўскае. Вось яно, сэрца Міндоўгавай Літвы.

Вучоны ведаў, што доўгі час нашу Беларусь называлі Літвою, а цяпер ён знайшоў і месцы, дзе нараджалася Літва-Беларусь.

У ХІІІ стагоддзі славуты князь Міндоўг стаў заснавальнікам новай дзяржавы, якая пры яго нашчадках зрабілася найбуйнейшай краінай Еўропы.

А ў самога Гарадзішча быў нялёгкі гістарычны шлях.

Вялікі князь некалі падараваў Гарадзішча Сямёну Бельскаму. Аднак той нядоўга захоўваў удзячнасць і вернасць. Склаў Бельскі змову, каб гаспадара пазбавіць жыцця і захапіць ягоны прастол. Калі здрада раскрылася, збег Сямён “пад руку” маскоўскага князя, аславіўшы сваё імя на вякі.

Пазней гаспадыняй Гарадзішча была Алена, дачка Івана Маскоўскага. Яна стала жонкай вялікага князя літоўскага Аляксандра. Калі бацька адпраўляў Алену ў Літву-Беларусь, дык прыставіў да яе нейкага папа, каб той ва ўсе вочы глядзеў, усё навокал высочваў, а потым перадаваў таемныя звесткі да маскоўскага двара. Аднак Алена, як пераехала мяжу, вярнула таго наглядчыка дамоў:

– Ніякай здрады мужу свайму не прывязу і краіне ягонай няшчасця не прынясу!

Ж. Высокі Горад

Пачаткі горада Высокага сягаюць у часы, калі набірала сілы і разрасталася Вялікае Княства Літоўскае.

Аднойчы князь Гедзімін аглядаў свае новыя ўладанні. І на нейкую хвіліну прыпыніўся на рацэ Пульве.

Стаяў князь на месцы, узнятым над раўнінай, і пачуў раптам, як тутэйшыя людзі спяваюць.

Быў Гедзімін, як гара. І на зямлі стаяў, быццам прырос. У руках меў такую сілу, а ў вачах такую моц, што і дзікі звер ягонага погляду не вытрымае, адвядзе вочы. А тут пачуў князь песню і спыніўся зачараваны.

Ох, як запелі яны! Голас да голасу. Сэрцам да сэрца...

Як раней агонь здабывалі? Памятаеш? Камнем па камені. Ад крэсіва зорачка-іскра нараджалася... А калі голас да голасу, сэрцам аб сэрца?! Песня народзіцца!

Прыпыніўся ў замілаванні суворы князь. Ад тых спеваў, што душу кранулі глыбока. Ад высокай песні!

– Тут будзе Высокі Горад, – сказаў Гедзімін. – Такі высокі і вольны, як гэты спеў!

Гэтак, быццам знячэўку, упершыню стары летапіс назваў “самы апошні на захадзе” Беларусі гарадок.

– Далей за ім, – як кажуць высокаўцы, – дарог няма.

Што ж гэта “край свету”? Ці толькі пачатак краіны, горад-абаронца, першы на шляху заваёўнікаў?

Пытанні і заданні

1. Як ты лічыш, чаму Пінск называюць сталіцай Палесся?

2. Што дрэннага і добрага зрабіў у жыцці князь Давыд?

3. За што каменчукі шануюць князя Уладзіміра і дойліда Алексу?

4. Як цябе падаецца, якія словы больш старажытныя Пінск ці Піна, Кобрын ці Кобрынка, стол ці сталіца?

5. Перакажы легенду пра Вежкі князя Рамана.

6. Чые ўчынкі табе больш падабаюцца: Сямёна Бельскага альбо княгіні Алены? Чаму?

7. Хто заснаваў горад Высокае?