24. ПЛЫВЕ КАСМІЧНЫ КАРАБЕЛЬ…

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

24. ПЛЫВЕ КАСМІЧНЫ КАРАБЕЛЬ…

А. Раней і цяпер

Нярэдка можна пачуць: “Вось раней было не тое, што цяпер! І зімы былі снежныя, і рэкі рыбныя, і песні душэўныя, і людзі шчырыя…”

Аднойчы я вырашыў праверыць гэта на сваіх вучнях і прынёс ў клас старыя чорна-белыя фотаздымкі. Вакол сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі, а я ім задаю пытанне:

– Паглядзіце, як жылі раней людзі. Вось вам тры здымкі і тры хвіліны на адказ: “Чым ранейшае жыццё адрозніваецца ад цяперашняга?”

Але не трэба маім “чамучкам” тры хвіліны. Ужо праз хвіліну адказы пасыпаліся, як бульба з меху:

– У такой сарочцы цяпер па вуліцы не ходзяць. Я такую адзежу толькі ў музеі бачыла, – сцвярджае адна дзяўчынка.

А другая ёй пярэчыць:

– А я такую сарочку і хустачку апранала, калі летась у клубе святкавалі Каляды. Мы там спявалі ды танчылі. Гэта было цікава і прыгожа!

Гляджу яшчэ адна дзяўчынка рукою трасе.

– Можна я, ну, можна я?! Я таксама адрозненне знайшла! Паглядзіце на плот!!!

Паглядзелі. Нехта фыркнуў:

– Што глядзець? Няма тут ніякага плота…

– А я пра што?! – узрадавалася дзяўчынка. – Цяпер па вёсцы пройдзеш – навокал платы стаяць да неба, а на іх грозна напісана: “Асцярожна, злы сабака!” А можа, гэта злыя людзі ў будках схаваліся? Раней жылі бядней, чым цяпер, гэта бачна, без кампутараў і іншых разумных машын, але за платамі не хаваліся…

Б. Салдацкі трохкутнік

Тут да размовы далучыліся хлопчыкі. Ім, вядома, цікавей даведацца пра вайсковыя справы.

– У яго на капелюшы не зорачка, а арол. Гэта якой арміі салдат, рускай ці амерыканскай?

– Польскай, – адказваю.

– Дык ён паляк?

– Не, беларус. Але да вайны нашы землі ўваходзілі ў склад Польшчы, таму многія берасцейцы служылі ў польскім войску… А на здымку мой дзед. Ён загінуў у трыццаць гадоў, склаў сваю галаву ў сорак пятым, за некалькі месяцаў да Перамогі. Праз шмат гадоў мы з бацькам адшукалі дзедаву магілку ў польскім горадзе Радам. Пра гэта мой бацька напісаў верш. Вось паслухайце:

Сорак пяты год маёвым громам

Абвясціў шчасліва Перамогу.

Толькі ты не выбраўся дадому –

Не было каго нам стрэць з дарогі.

Без узнагародаў і парадаў

Між салдат знайшоў спачын навечна…

З сынам мы прыехалі у Радам

Да цябе на першую сустрэчу.

На магілу надвячоркам росным

Мы паклалі свежых кветак жменьку.

– Тата, глянь: унук які дарослы,

А твой сын даўным-даўно сівенькі!..

Ціха стала ў класе. Ніхто больш руку не цягне, ніхто не крычыць і не смяецца. А мне раптам захацелася зноў пабачыць іх рукі.

– У маёй сям’і ёсць трохкутнік – апошні ліст з фронту, напісаны дзедам. Вось ён… А праз некалькі месяцаў мая бабуля атрымала па ім пахавальную…А ў вашу сям’ю завітала бяда? Падніміце рукі, у каго нехта з родных загінуў на Вялікай Айчыннай вайне.

Ціха было ў класе. І ў гэтай цішыні асцярожна пачалі ўздымацца рукі…

Цішыню рэзка перарваў школьны званок. Нехта спытаўся:

– А што нам за ўрок?

– Усім “выдатна”!

З крыкам “ура!” школьнікі пабеглі на перапынак.

А вось так было заўсёды: і раней, і цяпер…

В. Герой Беларусі

Некалі апаліла вайна сваімі вогненнымі крыламі Беларусь. Спатрэбіліся доўгія гады, немалая праца, каб адрадзіць разбуранае. Таму мы паважаем людзей, што ахоўваюць спакой нашай зямлі.

Стаяла цёплая майская ноч 1996 года. Дзесьці высока над зямлёй, пакідаючы бялёсы след, гудзеў самалёт. Цудоўныя моцныя крылы ў жалезнай птушкі. Маняўровая, хуткасная машына здольная выконваць самыя небяспечныя віражы.

За штурвалам вопытны пілот – падпалкоўнік Уладзімір Карват. Ён нарадзіўся восенню 1958 года ў Брэсце. Яшчэ хлапчуком Валодзя з замілаваннем углядаўся ў неба, марыў пра крылы, здольныя ўзняць яго над зямлёй. Закончыўшы ў Расіі лётнае вучылішча, вярнуўся ў родную Беларусь.

Каб мір быў на нашай зямлі, нясе баявую службу ваенны лётчык. У гэты дзень быў яго чарговы трэніровачны палёт. Пад крылом – вясна буяе на роднай зямлі, птушкі ўзлятаюць над узараным полем. Мірны час – мірная праца.

Пілот быццам рукой кранаў трапяткія зоркі, кіруючыся ў бязмежныя вышыні.

Але раптам усё змянілася: чорны шлейф пацягнуўся за баявой машынай. Успыхнуў пажар. З зямлі заўважылі, як Карват змагаецца з агнём, губляючы вышыню.

Некалькі хвілін на роздум. Што рабіць?

З зямлі ляціць загад:

– Небяспека! Не марудзь – націсні на катапульту! Пакінь самалёт! Хутчэй!!!

Ёсць яшчэ імгненні. Што рабіць? Дома чакаюць мама, жонка, дачушка, сынок...

“Націсні на катапульту! “Зямля” дазваляе...”

Цягнецца рука да кнопкі катапульты, але спыняецца: навокал мірнае жыццё, толькі ты, як на вайне. Унізе – палі, лясы, людзі!

Думкі пралятаюць у імгненне вока. Апошняе слова апальвае гарачэй за агонь: “Людзі!” Пад крылом – беларускія вёсачкі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча...

Людзі спалі, калі палаючая паходня пранеслася над зямлёй...

Лётчык адмовіўся пакінуць самалёт, адводзячы баявую машыну ад вёсак. Яму пасмяротна ўпершыню было прысвоена званне Героя Беларусі.

У вёсцы Арабаўшчына Баранавіцкага раёна і родным Брэсце стаяць помнікі, якія ўшаноўваюць подзвіг Уладзіміра Карвата.

Г. Пра граніт і электрычнасць

Чалавек можа перамагчы раку, перакрыўшы яго моцнай плацінай, і здольны з самых глыбінь зямлі ўзяць прыродныя багацці.

Чалавек будуе гарады.

Некалькі гадоў назад на Брэстчыне з’явіўся новы горад Мікашэвічы. Паселішча ўзнікла даўно, але толькі ў ХХ стагоддзі, калі вучоныя адшукалі тут радовішча граніту, яно стала вядома ва ўсім свеце. Восенню 1973 года прагучаў першы выбух, які дазволіў атрымаць на Палессі будаўнічы граніт. Хутка ў Мікашэвічах былі пабудаваны буйнейшыя ў Еўропе заводы, што апрацоўваюць камень.

Чалавеку патрэбны граніт: ён будуе гарады.

Адзін з найбольш маладых – Белаазёрск, які нарадзіўся 28 ліпеня 1958 года. Згадзіся, далёка не кожны горад ведае дакладную дату свайго заснавання.

Сваё імя Белазёрск атрымаў ад прыгожага Белага возера, а вядомасць – ад магутнай гідраэлектрастанцыі. На ёй выпрацоўваюць электрычнасць. Каб светла, цёпла, утульна было ў тваім доме, бяжыць ток па правадах. Калі запальваюцца ў дамах агеньчыкі, гэта значыць, што шмат людзей на станцыі працуюць, каб ты змог у вечары пабачыць “Калыханку”, дзе табе абавязкова пажаюць: “Дабранач”. Пакладзешся спаць і будзеш бачыць добрыя, светлыя, як у вершы, сны:

Дзень мінуў,

Цень прыйшоў,

Месяц жоўты ўзыйшоў.

Вечар ціхія сляды

Пакідае на зямлі.

У бязмежнай вышыні

Едзе казка ў караблі.

Зорак дзіўны карагод

Кліча хлопчыка ў палёт.

Д. Дацягнуцца да зор

Плыве касмічны карабель. І гэта ўжо не сон.

Чалавек даўно змог “дацягнуцца да зор”. І вельмі прыемна, што першым беларускім касманаўтам стаў наш зямляк Пётр Клімук, які тройчы (у 1973, 1975, 1978 гадах) пабываў у космасе. Але нават высока над Зямлёй берасцеец не забываў пра сваю малую радзіму.

Ён прызнаваўся: “Узнікае ў памяці мая родная вёска з вясёлай, звонкай назвай Камароўка... Родны дом, куток, людзі, сярод якіх выхоўваўся і рос, пакінулі ў маёй душы незабыўны след. Я ніколі і нідзе не забываў іх і заўсёды з ціхай і светлай радасцю прыязджаю ў родную Беларусь, у дарагую маёму сэрцу Камароўку”.

Калі часам у лістах ці на сустрэчах хлапчукі пытаюцца ў Клімука пра космас, ягоныя палёты і ўражанні, ён адказвае змястоўна.

З касмічнай вышыні добра відаць, што Зямля круглая і блакітная. Неба, наадварот, чорнае, а Сонца – белае, вялізнае і вельмі зыркае.

І часам здаецца: зоркі вісяць так нізка над галавой, што можна дакрануцца да іх рукамі.

Пытанні і заданні

1. Пераглядзі з бацькамі старыя фотаздымкі, што захоўваюцца ў тваёй сям’і. Успомніце разам цікавыя моманты свайго жыцця.

2. Прачытай выразна падраздзел “Салдацкі трохкутнік”. Як ты лічыш, чаму настаўнік паставіў усім вучням выдатную адзнаку?

3. Што ты даведаўся пра першага Героя Беларусі?

4. Паспрабуй разам з сябрамі ўспомніць і знайсці на карце як мага больш гарадоў Брэсцкай вобласці.

5. Хто з беларусаў першым “дацягнуўся да зор”? Абавязкова наведай музей касманаўтыкі ў вёсцы Тамашоўка Брэсцкага раёна, размешчаны ў школе, дзе вучыўся першы беларускі касманаўт.