9. ЯК ЖЫЛІ НАШЫ ПРОДКІ?

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

9. ЯК ЖЫЛІ НАШЫ ПРОДКІ?

А. Войска Яна-кашталяна

Пры Жыгімонце Аўгусце ў Вялікім Княстве Літоўскім адбываліся вельмі важныя падзеі.

Маскоўскі цар Іван Грозны захацеў заваяваць прыбалтыйскія землі – Інфлянты. І пачаў супраць Вялікага Княства доўгую Інфлянцкую вайну.

Жыгімонт спачатку хацеў вырашыць справу мірам, паслаў у Маскву Яна Гайку. Шмат месяцаў падарожнічаў пасол, а, калі прыбыў, даведаўся: цар не жадае з ім размаўляць. Праз сваіх баяраў Іван перадаў:

– Не хачу ваяваць за Інфлянты, не хачу праліваць хрысціянскую кроў!

Але свайго слова цар не стрымаў, захапіў Полацк, Віцебск, іншыя беларускія гарады. Небяспека навісла над усёй Беларуссю.

Тады вырашыў Жыгімонт сабраць вакол сябе войска. Адусюль ідуць на збор ваяры: з Пінска, Мінска, Гародні… У кожнага палка сваё адзенне – не зблытаеш. Вось хутка рухаецца полк. Ваяры ў ім у сапфіравыя кунтушы апранутыя, белымі паясамі падпярэзаныя, кожны мае добрую шаблю. Прыемна вокам акінуць!

– Адкуль вы, панове? Хто вас сюды накіраваў? – пытаецца Жыгімонт.

– Мы з-пад Берасця, пан-гаспадар. Прыйшлі ваяваць за радзіму, а накіраваў нас сюды Ян Гайка, вашай міласці пасол!

– А што можаце?

– Секчы шаблямі, страляць пістолямі.

– А што любіце?

– Зямлю сваю любім.

– А дзе ж яна? – зноў запытаўся кароль.

І ваяры гучна адказалі:

– Наша малая радзіма – сяло Азяты. А вялікая – уся наша Літва-Беларусь!

Гэтак даведаліся ў свеце, што ёсць каля Берасця Азяты, а жывуць у іх азятчукі – адважныя і мужныя ваяры.

У 1566 годзе Вялікае Княства Літоўскае было падзелена на вобласці, названыя ваяводствамі. На чале вялікіх гарадоў былі пасаджаны кіраўнікі замкаў – кашталяны. Тут успомніў Жыгімонт пра свайго вернага пасла, уладара Азятаў. Так стаў Гайка Янам-кашталянам старажытнага Берасця.

Б. Мытня ды менніца

На Брэстчыне, часам вельмі далёка ад граніцы, сустракаюцца ўрочышчы Мыто, Мыта, Мыцішча. Адкуль жа мытні, калі да граніцы далёка?

Раней дарогі былі небяспечнымі. Ехаў купец і хваляваўся. Усялякае магло здарыцца! Часам разбойнікі рабавалі падарожнікаў. А часам паны на дарогах стваралі маленькія мытні.

Меў госць багата тавару, але колы фурманкі рухаліся па чужой дарозе. Тое, што на возе, – купцу налажыць, тое, што пад возам, – гаспадару зямлі… Таму і казалі: “Што з воза ўпала, тое прапала!”

У самым Берасці знаходзілася сапраўдная мытня, дзяржаўная. Усялякі, хто прыязджаў у Беларусь, абавязкова плаціў тут грошы. Яны ішлі ў казну.

А непадалёку мелася менніца – манетны двор. У 1659 годзе выйшаў спецыяльны загад: “Хай усе ведаюць, што менніца Вялікага Княства Літоўскага будзе ўсталявана ў Берасці”. Значыцца, і ў гэтай справе горад над Бугам быў першым!

На манетным двары дзеля патрэб дзяржавы сталі шпарка рабіць медную манету. Яе назвалі барацінкай (ад імя італьянца Бараціні, які трымаў манетны двор). І было яе вельмі-вельмі многа. Толькі за адзін год хітры італьянец наштампаваў 240 мільёнаў манет! Нават цяпер большасць беларускіх скарбаў складаюцца з барацінак…

Усім манета была патрэбна: на вайну, на баль, на падарожжа ў замежныя краіны. А яшчэ – на будаўніцтва прыгожых палацаў.

В. Ружа-кветка

Рэчка Ружанка – тонкі блакітны паясок на карце. Яе вадзіца вельмі няспешная і роўная. Людзі расказваюць, што ў старадаўнія часы Ружанка, як змейка-вужык, абвівала ўзвышша. На ім стаяў мураваны палац, вакол якога множыліся драўляныя хаткі. Тутэйшы гаспадар надаў паселішчу імёны любых дачок – Ружы і Ганны. Дзяўчынкі былі блізняткамі, падобнымі, бы кропелькі расы. Таму і злучыліся ў адной назве. Пачалі навакольцы клікаць месца Ружанай, часам ласкава – Ружаначкай, а цяпер – Ружанамі. А на гербе горада можна пабачыць чырвоныя ружы.

Войны каціліся па зямлі хвалямі. Каб уберагчы свае Ружаны ў нядобры век, гаспадар загадаў будаваць навокал грозныя муры, а ружанцаў вучыў трымаць зброю. Бо нездарма кажуць: усялякая ружа мае калючкі, каб бараніць сваю прыгажосць!

Ружаны папакутавалі ад чужынскай зброі. Здавалася, назаўсёды загіне Ружанскі палац – каменная ружа-кветка. Аднак напрыканцы ХVІІІ стагоддзя мястэчка чакала казачнае адраджэнне. На Берасцейшчыну прыехаў цудоўны дойлід Ян Бекер. Тут ён адшукаў сваю шчырую любоў – Ружаны. Майстра будаваў храмы, манастыры, палацы. Здавалася, што ў ягоных руках цяплеў нават камень!

У Ружанах з’явіліся бібліятэка, манеж, тэатр, карцінная галерэя... Але пра іх да нашых дзён захаваўся толькі горкі ўспамін. Дзе колішняя прыгажосць? Скрадзеная захопнікамі, вынішчаная чужынцамі. Даруйнавалі і данішчылі людзі тое, што было народжанае ад моцнай любові і захаплення майстра-стваральніка.

Некалі Ружанскі палац з птушынага палёту нагадваў вялікую каменную ружу. Неаднойчы гасцявалі ў мястэчку каралі і вялікія князі. У паляваннях, на шыкоўных балах бавіла свой час заможная шляхта. А якім было вясковае жыццё ў той час?

Г. Першы перапіс

Было гэта ў 1563 годзе. Ездзіў па Берасцейшчыне рэвізор Дзмітрый Сапега. Ён праводзіў па загаду Жыгімонта Аўгуста першы перапіс на нашай зямлі.

– Колькі ў вас людзей жыве? Ды колькі трымаеце зямлі, лугоў і сенажацяў? – пытае вялікакняскі пасланец у Легатах і Дымніках.

– А які прыбытак мае карчма пры дарозе? – пытае ў Шчарчове і Якаўчыцах.

Глядзіць рэвізор: у некаторых вёсках зямля слабая, неўрадлівая, а плацяць вяскоўцы ў казну быццам з добрай зямлі. Абавязкова трэба перапісаць кожнага, хто надзел мае, каб двойчы аднаму не плаціць…

Шмат вёсак ад Берасця да Пінска, ад Пружанаў да Маларыты аб’ехаў Сапега. Загадаў яму кароль усе вясковыя землі падзяліць на надзелы. Гэтыя надзелы назвалі валокамі. Падзялілі вёску каля Мухаўца на валокі – назвалі Мухаўлокамі. Падзялілі і Давячоравічы. Каралеўскі рэвізор так і пазначыў: “Зямля гэтага сяла памерана і сахой паразганяна на валокі”.

Чым большая вёска, тым больш у ёй валокаў атрымалася. Вось прыехаў Сапега ў сяло Азяты, налічыў ажно 56 валокаў. Ды яшчэ дзве папу азяцкаму пад царкоўныя патрэбы аддалі. Сам святар зямлю, вядома, не абрабляе. Замест яго ў поле сяляне выходзяць. Вялікія Азяты – усім жыхарам нават надзелаў не хапае. Таму месцамі адну валоку трымаюць па два селяніна.

А побач – Старое Сяло. І тут ёсць вяскоўцы багатыя і бедныя. Браты Ахрэмкавічы ажно тры валокі маюць, а тры браты Мішкавічы разам на адным участку сядзяць. Як жыць, калі сям’я вялікая?

Не кожны таксама па-роўнаму плаціць. Ёсць тыя, каго ад падаткаў вызвалілі. Але гэта яшчэ заслужыць трэба. Вось людзі са Збірагаў на княскую службу пайшлі – ім палёгка. А селяніне са Стаўпоў каралю Жыгімонту карлічку гадуюць. Карлічка (ці карліца) – маленькая жанчына, якую кароль трымаў у сваім замку для ўвесяленняў. За яе выхаванне стаўпоўцы вызвалены ад падаткаў.

Аднак большасць сялян з Ляхчыцаў, Арэхава ці Збуража сумленна працавалі на зямлі. Ужо больш за трыста гадоў мінула з таго дня, але перапіс пана Сапегі захаваўся да нашых дзён. З яго і сёння можна даведацца імёны продкаў, уявіць, як яны жылі, чым займаліся.

Д. На сялянскім падворку

Ад веку чалавека корміць зямля. Таму яе паважана клічуць карміцелькаю. Шаноўная праца ў земляроба. Ён хлеб вырошчвае – яму за тое пашана. Нездарма “жыта” і “жыць” – словы блізкія, роднасныя. Так было заўсёды. І гэтак заўсёды будзе.

Але што раней расцілі нашыя земляробы? Прыкладна тое самае, што і цяпер: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, лён. На сваім падвор’і селянін гадаваў кароў, свіней, авечак. Узорам багацця была гаспадарка, дзе былі коні.

Акрамя земляробства і жывёлагадоўлі, невялікая частка сялян займалася рамёствамі – вырабляла розныя патрэбныя рэчы. Рамеснікі былі вельмі карыснымі людзьмі, сапраўднымі майстрамі. Іх праца цанілася надзвычай высока.

Пра рамеснікаў ведалі далёка за межамі іх вёскі. Куды паехаць, калі каня патрэбна падкаваць ці цвік выкаваць? Вядома – у Якаўчыцы, да Карпа Блажковіча. Ён адзіны на ўсё наваколле каваль – выдатны майстра. А вось трэба зрабіць драўляны посуд для вады і прадуктаў. Цяпер хто дапаможа? Фядзец з Міхалкам. Яны дапамогуць. Лепшыя яны тут бондары.

А ці можна даведацца пра тагачасную моду?

Пытанне нялёгкае, але і на яго можна пашукаць адказ. Апранаўся наш продак хоць і небагата, але за гонар лічыў насіць адзежу простую ды чыстую. (Ты ведаеш, што слова “бялізна” паходзіла ад слова “белы”?) Толькі на вялікія царкоўныя святы вясковец апранаўся ў новую вопратку, калі ішоў у храм.

Можам прыкладна ўявіць, як апранаўся заможны селянін з вёскі Падлессе трыста гадоў назад. Да цела – белая сарочка з ільну, паверх яе – доўгая шэрая світка. (Калі была зіма – яшчэ і кажух). На ногі вясковец нацягваў лапці альбо боты. Галаву пакрывала шапка, а ўлетку – капялюш. Усё гэта каштавала каля 13 злотых. Многа гэта ці мала? Аказваецца, за такі кошт можна было купіць адну карову, ці два пісталеты, ці дзесяць сякер!

А як апраналіся нашыя прыгажуні? Жаночы касцюм меў два галоўныя колеры: белы і чырвоны. Дзяўчаты насілі на галаве лёгкія светлыя хустачкі, замужнія жанчыны – велічныя наміткі. На цела апраналі льняныя сарочкі, аздобленыя вышыўкамі, а таксама шытыя рознакаляровымі ніткамі спадніцы – андаракі. На ножках былі прыгожанькія чаравічкі, але гэта было толькі ў святы. А ў будзень нярэдка хадзілі нават басанож.

Чаравічкі куплялі на кірмашы ў гандляроў ці рамеснікаў. А ўсё астатняе хараство жанчыны рабілі самастойна. Шылі і ткалі доўгімі зімовымі вечарамі. Толькі ціхая народная песня дапамагала ў гэтым занятку.

Пытанні і заданні

1. Навошта ваяры з Азятаў прыйшлі да Жыгімонта Аўгуста?

2. Чаму раней казалі: “Што з возу ўпала, тое прапала”?

3. Як звязаны словы ружа і Ружаны?

4. Пра што хацеў даведацца Дзмітрый Сапега ў сялян?

5. Ёсць слова жывёлагадоўля, яно ўзялося ад слоў “жывёла” і “гадаваць”. Паспрабуй назваць галіны жывёлагадоўлі, карыстаючыся назвай пэўных жывёл і словам “гадаваць”.

6. Апішы мужчынскі і жаночы касцюмы. Паспрабуй іх намаляваць.