8. КАРАЛЕВА БОНА
8. КАРАЛЕВА БОНА
А. Прынцэса становіцца каралевай
Па еўрапейскіх дарогах нетаропка рухалася вясельная карэта. Міланскі герцаг даў за дачку добры пасаг. Прынцэса едзе на сустрэчу з будучым мужам. Стары Жыгімонт чакае маладую нявесту. Ужо некалькі месяцаў едуць госці з Італіі, вязуць прынцэсу Бону Сфорцу.
– Я ніколі не палюблю іншую краіну, акрамя Італіі, – уздыхае Бона. – Няма на свеце лепшай краіны! Толькі у Італіі пяюць прыгожа і чароўна. Толькі там самае вялікае мора на зямлі, самыя высокія горы, самыя цёплыя зімы... Не, ніколі я не палюблю іншую зямлю…
Вязуць Бону па Польшчы і Вялікім Княстве. Паўсюды ёй рады. Вось сустракаюць прынцэсу берасцейцы, пінчукі, кобрынцы, кідаюць пад ногі кветкі, пяюць ёй песні. Прыслухалася Бона: як прыгожа, быццам на далёкай радзіме!
– Пра што расказвае песня? – спыталася нявеста.
– Людзі спяваюць, што ў гэтым краі няма мора, гор і цёплых зім...
– Не, ніколі я не палюблю іншую краіну... – уздыхае прынцэса.
– ... але яны любяць свае сінія азёры, зялёныя пушчы ды чыстае неба.
Зноў прыслухалася Бона да спеву, паглядзела ў людскія твары і сказала:
– Я абавязкова вывучу іх мову. Яна пявучая і вельмі выразная, такая ж як італьянская.
– Многія ліцьвіны-беларусы вучацца ў італьянскіх універсітэтах: у Падуі, Балоньі, Мілане…
– О, Мілан! Якое блізкае, мілае сэрцу слова. Няма лепшага месца на зямлі... Але я палюблю іншую краіну... Хай тут няма мора, гор ды цёплых зім. Але ёсць працавітыя людзі, цудоўная мова, прыгожыя песні. Я стану каралевай сярод сініх азёр, зялёных пушчаў ды чыстага неба!
Б. Вуж, камлот і медэляны
Бона была вельмі адукаванай жанчынай. Старанна вывучала мовы, геаграфію, багаслоўе, ведала законы.
Яшчэ ў дзяцінстве яна сустракалася з вялікім мастаком Леанарда да Вінчы. У Еўропе наступіла Адраджэнне. Разам з каралевай прыехалі італьянскія майстры і рамеснікі.
Пабачыў Жыгімонт, што жонка здольная ў справах. Падарыў ён Боне Пінск, Кобрын, Пружаны. Паехала каралева аглядаць свае новыя ўладанні.
Сабраліся кобрынцы, кожны прынёс паперы, каб паказаць, чым валодае. Пацвердзіла Бона ранейшыя дараванні, а новымі землямі надзяліла італьянцаў. Вось П’етра Неапалітанчык – здатны злотнік (ювелір). Ён атрымаў у Кобрыне значны надзел. Сваім маленькім малаточкам П’етра выкаваў залатыя завушнічкі, падараваў іх гаспадыні.
А ў Моталі італьянка загадала пабудаваць палац, у якім пасяліла землякоў. І цяпер ёсць у гэтай вялікай вёсцы людзі з прозвішчамі Кульбеда, Палто ды Базан – нашчадкі жыхароў Рыма, Неапаля і Фларэнцыі.
Зачаравала каралеву Белавежская пушча. Не аднойчы яна палявала ў пушчанскіх дубравах. Для гэтага нават трымала сабак, якія называліся медэляны – у гонар роднага горада Мілана.
Бона апраналася вельмі прыгожа. Яна прывезла ў Беларусь і Польшчу новую еўрапейскую моду. У Пінску на кірмашы прыгажуні куплялі італьянскае сукно – камлот ды влоску. Якія цудоўныя адзежы! Вось шубкі камлотавыя, вось сарочкі влоскія... Прыгожыя палескія паненкі сталі яшчэ прыгажэй у італьянскіх шубках і сарочках!
Найбольш Боне спадабаліся ваколіцы Пружанаў. Пазней Ганна, любая дачка Боны, успомніла пра захапленне маці і сказала:
– Гэта маленькі Мілан! Хай і гербы ў іх будуць падобныя.
Так у Пружанах з’явіўся герб. Але італьянцы і беларусы па-рознаму тлумачаць выявы, змешчаныя на іх гарадскіх знаках.
Міланцы расказваюць: некалі карміцелька несла праз раку дзіцё, але ўпусціла яго ў ваду. Выплыў вялікі змей і праглынуў немаўля. А пружанцы лічаць, што гэта быў не злы змей, а добры вуж. Дзіця не гіне, гавораць беларусы, а нараджаецца з пашчы істоты!
В. Землі і справы Боны
Нездарма імя ў каралевы Бона (што значыць “Добрая”), невыпадкова яна Сфорца (“Моцная”)!
Вялікія ў яе ўладанні. Раскінуліся яны ад Жмудзі да Палесся. Шмат трэба сіл, каб гаспадарыць на такіх абшарах. Трэба да людзей з добрым словам звяртацца, каб яны працавалі лепш.
Пры Боне расквітнелі многія беларускія гарады і вёскі. Добрая гаспадыня атрымоўвала вялікія прыбыткі ад сваіх уладанняў. Іх называлі “неапалітанскім скарбам”, знойдзеным на беларускай зямлі.
Пры каралеве ўпершыню пачалі праводзіць меліярацыю – асушваць палескія балоты. Новыя землі прыносілі добрыя ўраджаі. На ўскрайку Кобрына да нашых дзён захаваўся канал Бона – самы старажытны мелірацыйны канал у Беларусі.
У многіх раёнах Брэсцкай вобласці ёсць вёскі з аднолькавай назвай Агароднікі. Чаму так адбылося? Калі яны ўзніклі?
Час іх заснавання аднолькавы – сярэдзіна ХVІ стагоддзя. Па загаду каралевы і яе сына некаторыя сяляне атрымоўвалі надзелы-агароды. Іх вёскі сталі зваць Агароднікамі.
Г. Барбара і Жыгімонт
У Боны і Жыгімонта нарадзіўся сын. Ён атрымаў адразу два імя. Бацька даў сыну сваё імя, а маці-італьянка назвала ў гонар першага рымскага імператара. Хацела яна, каб сын быў вялікім і славутым. Так хлопчык стаў Жыгімонтам Аўгустам.
У Вільні жыла Барбара Радзівіл. Каралевіч закахаўся ў прыгажуню. Але маці не любіла Радзівілаў і не жадала, каб маладыя былі разам. Нявесту Жыгімонту шукалі пры каралеўскіх дварах. А каралевічу быў мілей маленькі віленскі дворык, дзе жыла Барбара.
Пра гэта даведаліся яе браты Радзівілы – Мікалай Руды і Мікалай Чорны. (Яны абодва насілі шырокія бароды, але ў аднаго яна была рудага колеру, а ў другога – чорнага). Завіталі Радзівілы да Жыгімонта, грозна паклалі далоні на рыцарскія мячы.
Чорны Радзівіл сказаў:
– Калі кахаеш Барбару – жаніся!
Руды Радзівіл дадаў:
– Калі не кахаеш – пакінь!
Не мог каралевіч адмовіцца ад кахання, але ведаў, як маці Бона ненавідзіць Радзівілаў. Таму папрасіў захаваць шлюб у тайне. Інакш не зможа абараніць Барбару.
Пасля смерці бацькі стаў Жыгімонт Аўгуст каралём і вялікім князем. Усклалі яму на галаву карону. А Барбара стала каралевай, але хутка захварэла і памерла.
Жыгімонт бязмерна гараваў. У яго дзяржаве было дзве сталіцы – Кракаў і Вільня. Дарога, што злучала гэтыя гарады, праходзіла па Падляшшы і Палессі, называлася Каралеўскай. Перад смерцю Барбара прасіла быць пахаванай у Вільні. Муж выканаў яе апошнюю волю.
Улетку многія берасцейцы пабачылі свайго няшчаснага гаспадара. Нетаропка рухалася па Каралеўскай дарозе пахавальная карэта. А перад ёю ішоў у чорных адзежах Жыгімонт.
Пытанні і заданні
1. Чаму прынцэса сумавала па Італіі? Што ёй спадабалася ў Беларусі?
2. Раскажы пра гербы італьянскага горада Мілан і беларускага горада Пружаны.
3. Якія змены адбыліся ў часы Боны?
4. Чаму сына Боны і Жыгімонта Старога звалі Жыгімонтам Аўгустам?
5. Як ты лічыш, чаму раней дарога паміж Кракавам і Вільняй называлася Каралеўскай?