19. ЯК ДА НАС ПРЫЙШЛА ЧЫГУНКА

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

19. ЯК ДА НАС ПРЫЙШЛА ЧЫГУНКА

А. “Вогненная фурманка”

Сённяшняе імклівае жыццё цяжка ўявіць без чыгункі. Рэйкі злучаюць краіны і народы. Чыгунка стала нястомнай працаўніцай, нашай памочніцай.

Аднак яшчэ не мінула і двухсот гадоў з таго дня, як у Англіі рушыў першы цягнічок. Першыя паравозы пыхалі парай і рухаліся нетаропка, як чарапашкі. Але колькі яны выклікалі цікаўнасці і… страху! Казалі, што птушка, якая праляціць над лакамацівам, каменем упадзе, атручаная дымам. Коні зробяцца нікому не патрэбнымі, а за авёс ды сена ніхто і капейкі не заплаціць. “Вогненная фурманка” папаліць зямлю, грукат колаў перашкодзіць каровам пасвіцца, а курам несці яйкі…

Аднак навінка ўсё ж прыйшлася чалавеку даспадобы. Хутка чыгуначныя лініі апярэзалі ўсю Еўропу. І калі Беларусь з усходу на захад перасекла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, у яе неабходнасці ўжо ніхто не сумняваўся.

Б. Новае жыццё

І вялікія гарады пачынаюцца з маленькага калочка, некалі ўбітага ў зямлю. Прайшла па палескім краі чыгунка, з’явіліся вакол яе паселішчы-станцыі. Усе яны мелі падобны лёс. Мінула няшмат часу, як у колішніх нетрах, сярод балатоў і ў глыбі пушчаў паўсталі новыя мястэчкі. А разам з імі ўсё драмотнае наваколле абудзілася да новага жыцця.

Паселішчам нельга было застацца ў баку ад пераменаў. Яны, гэтыя імклівыя і жывыя змены, ляцелі сюды, у згублены зачараваны край, на колах хуткіх цягнікоў. І гэтая новая песня будучых часоў неслася ўслед за паравозным гудком.

Далей было лягчэй – на новае месца прыходзілі людзі, ставілі свае дамы, абжываліся, укараняліся, як дрэвы, надоўга, назаўсёды.

Далей было складаней, бо ўсё толькі пачыналася. З маленькага калочка, некім убітага ў зямлю.

В. Паравозік на гербе

Сярод іншых беларускіх гарадоў Баранавічы не вызначаюцца старажытнасцю. Ад таго першага калочка мінула ўсяго сотня з нечым гадоў. Але Баранавічам пашанцавала, можа, нават болей, чым астатнім. Іх тройчы перакрыжавалі чыгункі.

Ішоў 1871 год. Ад Масквы да Брэста працягнулася вялікая жалезная магістраль.

Заснаванне чыгункі супала з нараджэннем станцыі. Запрацавала баранавіцкае дэпо. Імкліва рос, разрастаўся станцыйны пасёлак, які хутка ператварыўся ў мястэчка Разводава (ці Старыя Баранавічы). А побач паўсталі Новыя Баранавічы – станцыя Баранавічы-Палескія.

Неўзабаве чыгункі яшчэ двойчы перасяклі гэтыя мясціны. Цяпер рэйкі злучылі абедзьве баранавіцкія станцыі. А зусім хутка паядналіся і абодва пасёлкі. Каб жыць надалей адным цэлым.

Сённяшні горад Баранавічы – гэта буйны прамысловы цэнтр Беларусі. Нават цяжка пералічыць усё тое, што вырабляецца на тутэйшых прадпрыемствах. Вялікіх заводаў і фабрык у Баранавічах налічваецца больш за два дзесяткі. А колькі яшчэ вучэльняў, бібліятэк, медыцынскіх устаноў… Цяжка іншы раз уявіць, што гэты вялікі горад яшчэ вельмі малады. Усё тут жывое, хуткаплыннае. Паўсюль адчуваюцца перамены.

І толькі адзін старэнькі паравозік блізу станцыі ўжо нікуды не спяшаецца. Ён адпрацаваў свой век – на пенсіі. Саступіў дарогу маладым энергічным экспрэсам. А сам ён, стомлены дзядок, пражыўшы доўгія гады ў нялёгкай працы, цяпер зрабіўся проста помнікам.

Такі самы цягнічок з мінулага знайшоў сабе месца і на новым гербе Баранавічаў. Як напамін пра тое, што і вялікія гарады пачыналіся…так-так, з маленькага калочка.

Г. Як адступіла Качай-балота

На правым беразе Цны стаяць Ганцавічы. Раней гэтыя мясціны займалі зялёныя лясы ды глыбокія твані. Старажылы згадваюць вялікае Качай-балота. Самае дрыгвянае месца – балотнае “вока” – было каля сённяшніх Ганцавічаў. Бывала, неасцярожнага падарожніка пакліча да сябе дрыгва, закалыхае, засмокча, і апамятацца чалавек не паспее, як ужо застанецца тут назаўсёды.

І ўлетку, і ўзімку быў Качай непралазны. Змагаўся з ім чалавек, і Качай-балота патроху адступала. Вялікая дрыгва паменшылася ды аслабела, але не знікла зусім. Паблізу ад Ганцавічаў яна так і засталася некранутай. Пра балота і цяпер нагадваюць урочышча Качайка і спрадвечнае Качайскае возера. Возера захавалася да нашых часоў у сваёй першапачатковай прыгажосці. Яго маладаступныя берагі сведчаць, што тут быў некалі цэнтр велізарнага Качай-балота.

Побач з Ганцавічамі-горадам знаходзіцца і Ганцавічы-вёска. Ад вёскі горад узяў імя. (Вёска пазначана ўжо на карце ў ХVІІ стагоддзі, горад жа – амаль на дзвесце гадоў маладзейшы). З кожным дзесяцігоддзем яны становяцца ўсё бліжэйшыя. Паміж горадам і вёскай усяго паўкіламетра ходу. А раней гэта дарога была ўдвая даўжэйшая! Горад расце, вёска меншае… Быццам вада перабягае з адной шклянкі ў другую.

Некалі падарожнік ехаў да Ганцавічаў гасцінцам. Каля Качай-балота стаяла карчма. Каля яе шырокі шлях, бы тоўстая каса, расплятаўся на дзве меншыя дарогі. Праз Цну быў перакінуты мост. Калі па ім нехта ехаў, з вершніка абавязкова бралі грошы. З часам мост стаў небяспечны: кладачка падгніла, дзіркі ўжо латкамі не закрыеш. Так нядоўга і каню спатыкнуцца ды падкоўку згубіць. Гэтак і коннік можа без шапкі застацца, а шапка – без галавы. І ў самой вёсцы назіраўся заняпад.

Але хутка змены завіталі ў гэтыя мясціны. Прыйшлі яны разам з чыгункаю. У 1884 годзе на ўзвышшы, у сасновым бары, нарадзілася станцыя Ганцавічы. Пачыналася яна з голага пагорка, але ўжо праз дваццаць гадоў Ганцавічы сталі мястэчкам.

Восенню 1902 года сюды прыехаў малады настаўнік – будучы пісьменнік Якуб Колас. Ён выправіўся ў далёкі куток Беларусі, каб папрацаваць у Люсінскай школе. Настаўнік неаднойчы наведваў мястэчка. У Люсіне Колас пачаў пісаць сваю трылогію “На ростанях”, у якой паказаў нялёгкае жыццё сялян. Свабодалюбівыя ўрокі народнага пісьменніка не прайшлі дарэмна: улетку 1911 года люсінцы паўсталі супраць памешчыцы. Сялянскае выступленне гаспадыня задушыла з дапамогаю паліцэйскага атрада.

Праз многія гады, адказваючы на ліст, Колас пісаў люсінцам: “Я вас любіў чыстым юнацкім сэрцам, хацеў дапамагчы вам знайсці лепшую дарогу ў жыццё”.

Д. Лунінец

Яшчэ адзін берасцейскі горад вельмі ганарыцца сваёй повяззю з народным пісьменнікам. Невыпадкова ў цэнтры Лунінца стаіць помнік Якубу Коласу. Ён жыў і працаваў тут за некалькі гадоў да пачатку Першай сусветнай вайны.

У мяне да Лунінца адносіны таксама асаблівыя. Тут я з’явіўся на свет. А вось згадка пра нараджэнне самога горада губляецца ў стагоддзях. Расказваюць, што некалі паселішча заснаваў лунінец – выхадзец з вёскі Лунін. Гэтак у 1449 годзе ўзнік Малы Лунін, пазней названы Лунінцам. Доўгія стагоддзі паселішча гублялася сярод лясоў і балот, пакуль і сюды, у глыбінку Палесся, не завітала новае жыццё. І рухалася яно разам з чыгункай.

Таму цяпер для большасці гасцей знаёмства з Лунінцам пачынаецца менавіта з вакзала. Адсюль ва ўсе бакі разбягаюцца звонкія і хуткія рэйкі.

Калі ехаць ад Лунінца на захад – можна патрапіць у Жабінку, ад якой таксама некалі адышоў першы цягнічок…

Е. “Выканаць, як мяркуе меншасць”

1868 год. У Пецярбургу сабраўся высокі сход. Мяркуюць, разважаюць чыноўнікі, як далей цягнуць чыгунку на Брэст. Адныя кажуць:

– Праз Пінск!

– Праз Мінск! – пярэчаць іншыя.

За пінскі напрамак – большасць. Аднак галоўнае слова за імператарам Аляксандрам ІІ. Нясуць яму на подпіс вялікую карту.

Уважліва глядзіць цар на карту. На ёй усе станцыі пазначаны. Што гэта за невялічкая кропачка? Жабінка нейкая… Узяў Аляксандр пяро. “Дык які напрамак лепшы? На Мінск ці на Пінск?” Абмакнуў пяро і вывеў акуратна на карце: “Выканаць, як мяркуе меншасць”.

Вялікая сіла ў гэтым подпісе! Ускалыхнуўся наш палескі край. Цяжкая была будоўля, мазолістая. На ёй – сотні тысяч працавітых людзей. Таму кожны тыдзень чыгунка становіцца даўжэйшай на новыя вёрсты. Цягнуць будаўнікі рэйкі ад Масквы да той невялічкай кропкі на карце, да Жабінкі нейкай…

Хутка ідзе будаўніцтва. Але тут нечакана здарылася замінка. Памешчык з Жабінкі запярэчыў:

– Не дазваляю праз свае землі цягнуць рэйкі. Чыгунка – гэта небяспечна!

Нічога не зробіш – давялося будаваць станцыю на сялянскіх землях. Гэтак утварыліся ажно дзве Жабінкі. Тое паселішча, што засталося ў пана, яшчэ і цяпер завецца Жабіначкай (ці Малой Жабінкай). А станцыя хутка вырасла, стала пасёлкам, мястэчкам, а праз сто гадоў – горадам, цэнтрам Жабінкаўскага раёна.

Пытанні і заданні

1. Чаму чалавек спачатку баяўся чыгункі?

2. Якія змены прыйшлі ў палескі край разам з чыгункай?

3. Як ты лічыш, чаму на гербе Баранавічаў змешчаны стары паравоз?

4. Чым знакамітая Люсінская школа?

5. Якое паселішча ўзнікла раней: Лунін ці Лунінец? Чаму ты так думаеш?

6. Як узніклі дзве Жабінкі? Чаму станцыя Жабінка хутка вырасла, а паселішча Жабінка паменшылася?