ГОМЕЛЬ
ГОМЕЛЬ
Гомель? "Гомсельмаш", сходу адкажа сярэдні беларус. Гомель робіць цукеркі й сьпінжакі. Зразумела, чарнобыльцы й усё такое. Гомель, Гомель, ведаю адтуль пару чалавек... А, яшчэ там палац на купюры ў 20 тысячаў.
Паспрабуем разабрацца, што значыць Гомель насамрэч. "Гомсельмаш", галоўны гарадзкі завод, калісьці выпускаў 70% корма- й сіласаўборачных камбайнаў у СССР. Многія зь іх так і зьбіраюць травы й кармавыя сумесі на палёх паловы плянэты, у краінах былога сацлягеру й трэцяга сьвету – у поўнай адпаведнасьці з нацыянальным слоганам "Касіў Ясь канюшыну". Сёньняшні "Гомсельмаш" ужо далёка ня той, але масавая сьвядомасьць дагэтуль машынальна камплектуе вобраз Гомеля як горада-камбайна, сымбалю мірнага жыцьця, прызначанага для працы на велізарных абшарах.
Гомель – абоз і шпіталь чарнобыльскае зоны, гэта праўда. Гомельшчына найбольш з усіх беларускіх рэгіёнаў паражаная радыяцыяй, русыфікацыяй, сьнідам, злачыннасьцю й наркаманіяй. І гэта здаўна: для захопнікаў і драпежнікаў любое масьці гомельская зямля была ўскраінай пад сьметнікі, лепразорыі й хімічна шкодныя вытворчасьці. Але адказам на прыніжэньні, эпідэміі й катастрофы стаў нечаканы рост Гомелю. Зараз гэта другі па велічыні горад Беларусі з паўмільёнам жыхароў. Гомель выжываў, памнажаўся, рос, бы на дражджах, і адольваў любыя няшчасьці наколькі беларускай, настолькі й хрысьціянскай зацятай цягаю да жыцьця.
Вітальная магутнасьць, жыцьцялюбства й плоднасьць скразяць у кожным куточку, у кожным кавалачку горада. Нацыянальная стоеная сіла прымушае ўсё гомельскае вобмірг пускаць карані, прабівацца праз асфальт да неба й квітнець. Нездарма сэрца Гомелю – раскошны палац з паркам Румянцавых-Паскевічаў – разьвінае цудоўны раёк "горада-сада", які яшчэ ў пачатку XX ст. Адам Кіркор у "Жывапіснай Расеі" назваў "лепшым з уезных местаў Беларусі".
Чытачам усіх часоў і народаў варта ведаць, што цэнтральная бібліятэка Расеі, адна з найбуйнейшых на плянэце, пачалася якраз у Гомелі: напрыканцы XVIII ст. заснавальнік палацу й уладальнік горада мэцэнат граф Румянцаў сабраў тут 6 тысячаў беларускіх манускрыптаў, друкаў і выданьняў, перавезеных затым у сталіцу імпэрыі й зробленых асновай Расійскай Дзяржаўнай Бібліятэкі (зараз больш 40 мільёнаў тамоў). Такім чынам, Гомель зачаў галоўны кнігазбор савецкага народу – між іншым, калісьці самага чытаючага ў сьвеце.
Найбольш знакаміты гомельскі – Андрэй Грамыка, у 1957-85г.(!) міністр замежных справаў СССР. Асоба-эпоха. Быць дыпляматам №1 часоў халоднае вайны, на піку магутнасьці Савецкага Саюзу, у эру Карыбскага крызысу, Праскае вясны, касьмічнае гонкі, Віетнама, Афганістана й барацьбы за мір ва ўсім сьвеце, перасядзець на гэтай пасадзе Хрушчова, Брэжнева, Андропава й дажыць да самога Гарбачова – што ні кажы, фэномэн, у якім адчуваецца незьнішчальная жывучасьць і глябальны патэнцыял Гомелю.
Калі патрэбна, Гомель умее ўвасобіць усю сваю сілу ў яркую, эфэктную ўспышку – быццам тая рысь, што замерла на ягоным гербе.
Гомель – беларуская брама, расчыненая для паўднёвых стэпаў Чарнамор`я, мусульманскае цывілізацыі ды ўсяе неахопнае Азіі. Гэтаксама, як Магілёў нацэльвае Беларусь на Ўсход, Віцебск – на Поўнач, Горадня й Берасьце – на Захад, Гомель "адказвае" за Поўдзень. Геапалітычнае значэньне Гомелю пераацаніць немагчыма. Якраз на гэтым кірунку ВКЛ пашыралася найбольш: глыбіня прарыву беларускай экспансіі перавышала 1000 км. Гомель трымае варту ля прывідаў Кіеўскае Русі ды затушанага рэактару Чарнобыльскае АЭС. Гомель пільнуе стык Беларусі, Украіны й Расеі – стратэгічную кропку ўзаемнага прыцягненьня й адштурхоўваньня, цэнтар цяжару славянскага сьвету, пункт, у які ўвесь час, быццам на ядзерную кнопку, тыцкаюць адэпты "рускага трыадзінства". Разгортваньне беларускае місіі ў кірунку Кіева, Крыма й Каўказа, выхад да "цёплага мора” й ахоп арабскага сьвету – задача, вартая Гомелю зь ягоным неверагодным жыцьцялюбствам.