ВЁСКА

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ВЁСКА

Беларусі любы горад – вялікая вёска.

23,5 тысячы вёсачак, 3 мільёны жыхароў, фундамэнтальны стэрэатып беларускасьці. Ужо само па сабе гэта шмат. Але паходжаньне падаўляючае большасьці сёньняшніх беларусаў, татальная міграцыя гараджанаў на выходных на соткі й "да бабулі", сялянскі эпас у літаратуры і незьнішчальная вясковасьць усяго нацыянальнага іміджу пераконваюць, што вёска для Беларусі – гэта больш, чым проста вёска. Паводле Бібліі, увесь лёс чалавецтва ад Быцьця да Адкрыцьця – гэта шлях ад вясковага раю у Эдэмскім садзе да раю гарадзкога ў Новым Ерусаліме. Урбанізація, адным словам. Вось і беларуская вёска спрадвеку аддавала ўсе сілы гораду, спрабуючы сфакусаваць у ім нацыю. З часоў першых славянскіх умацаваных паселішчаў беларуская вёска заставалася той тоўшчай глебы, на якой квітнелі замкі й палацы, зь якой набіраліся сілаў ды сокаў шляхта, магнаты й уладальнікі Магдэбурскага права, на якой узрасьлі і Полацкае княства, і ВКЛ, і Рэч Паспалітая.

З войнамі й акупацыямі беларускія гарады захапляла іншая гаворка й культура, іх займалі чужыя жаўнеры й сьвятары.

У гарадах Беларусь стагодзьдзямі прыніжалі, зьневажалі, вытоптвалі – але яна выруньвала з кожнай вясной зь вёскі. Захопнікі зьвярэлі – і затоптвалі ў пекла саму вёску.

Рабаваньні й выпальваньне войнаў, паланізацыя й русыфікацыя ў школах і храмах, царскі прыгон і рэкрутчына, бальшавіцкае раскулачваньне й калектывізацыя, савецкае адсяленьне ды спойваньне ... Фашысты спалілі тысячы хатыняў, камуністы зьнішчылі яшчэ больш. Але вёска захоўвалася, перахоўваючы волю, мову і веру. Таму сапраўдная Беларусь – гэта простасьць, наіўнасьць і працавітасьць вёскі. Цягам стагодзьдзяў акупацыі й прыгнёту вёска заставалася мацерыковым генафондам, які аднаўляў нацыю й адраджаў краіну. Нават сёньня аснова этнічнага і моўнага беларускага маналіту – вясковая глыбінка: Глыбокае, Іўе, Капыль.

Нарэшце, у II палове ХХ стагодзьдзя, перад разбурэньнем СССР і зьяўленьнем незалежнасьці бурлівая урбанізацыя напоўніла гарады Беларусі агромністай хваляй вяскоўцаў. Калі па выніках перапісу 1959 году ў Беларусі на 2,5 мільёны гараджанаў прыпадала да 6 мільёнаў жыхароў вёскі, дык ўжо ў 1970-м зь міграцыяй на працу й вучобу гарадзкое насельніцтва вырасла да 4-х мільёнаў чалавек супраць 5 мільёнаў вясковага. Перапіс 1979 году зафіксаваў гараджанаў ўжо як большасьць: на 5263 тыс. гарадзкіх у нас заставалася 4297 тыс. вяскоўцаў. Да мяжы тысячагодзьдзя суадносіны дасягнулі 70% на 30%!

Такім чынам, на працягу 60-х – 80-х, са зьяўленьнем усяго аднаго пакаленьня, Беларусь стала гарадзкой. Адчайным, апошнім штурмам вёска здабыла практычна ўсе польскія, габрэйскія, расейскія крэпасьці – і дастала адзіны шанц нацыянальнага адраджэньня. Праз саўковаю сьвядомасьць, якая вызначала быцьцё, праз правінцыйны комплекс, праз трасянку, чарку, скварку й інстынкт корпаньня ў сябе пад нагамі – да пачэснага пасаду між народамі. Аграмадная, яшчэ сырая вясковая маса напампоўвала беларускія гарады, быццам перад вялікім выбухам, каб з новымі пакаленьнямі збудаваць свой новы Ерусалім.

Бліскучы, крышталёвы, грандыёзны – і беларускі.

А што ж сама вёска?

Вёска застаецца бабуляй Беларусі. Мілай, стомленай, зморшчанай бабуляй, якая працуе, колькі хапае сілаў; усё гэтак жа выбірае лепшае для сваіх гарадзкіх, і па вечарах з надзеяй глядзіць тэлевізар. Бо хоча хоць краёчкам вока пабачыць той гарадзкі рай, на які ахвяравалася й працавала ўсё жыцьцё, куды адпраўляла дзяцей і дзеля якога люляла ўнукаў. А мы, час ад часу, у сваёй мігатлівай сумятні, са шчымлівым сэрцам згадваем роднае бабуліна аблічча, сумуем па далёкім дзяцінстве на гародах, у лесе, на рэчцы, молімся на той цудоўны сад – з хатаю, парным малаком, яблынямі ля плоту, вадою са студні – і да сьлёзаў шкадуем, што ня можам вярнуцца назад назаўжды.

І тады клянемся сабе, чаго б гэта не каштавала: дасягнуць раю ў горадзе.