ЛЕС

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ЛЕС

Беларускі лес – гэта лёс.

Народ, што адвеку сяліўся сярод лясоў, адваёўваў зямлю ў лесу, будаваў зь лесу хату і агароджваў яе лесам ад лесу, здабываў у лесе мяса, футра, грыбы, ягады да арэхі, і хаваўся там ад ворагаў – такі народ звыкся ўтульна жыць сярод шолахаў і шэптаў, у чуваньні, поўным значэньня й тайны, шукаць крыніцаў, паляваць, пільнаваць, і ціха казаць пра самае-самае важнае.

Сёньня лясы займаюць больш за 1/3 беларускае зямлі. Беларускі лес – гэта 50 тыс. т. ягадаў, 60 тыс. т. грыбоў і 500 тыс. т. бярозавага соку за сэзон; 206 млн. сеянцаў і саджанцаў, 31,5 тыс. га лесааднаўлення штогод. Белавеская і Налібоцкая пушчы – апошнія куткі калісьці бяскрайняга запаветнага беларускага лесу, якім ён быў тысячагодзьдзі таму.

Беларуская душа час ад часу сыходзіць у лес. Калі немагчыма трываць, калі становішча безвыходнае, калі набліжаюцца сусьветныя катастрофы – на беларуса нападае дрымучы настрой. У такую пару яго можна знайсьці толькі ў гушчарах, на беразе казачнае, соннае лясное рачулкі, у партызанскае зямлянцы ля сьціплага агеньчыку. Беларуская самота ў лесе пачуваецца найлепш.

"У хваёвым лесе маліцца, у бярозавым любіцца, у дубовым – волю каваць, а ў яловым душу прадаваць" – кажуць у народзе. Показка сымбалічная – асабліва калі ўлічыць, што хвоя складае больш 50% беларускіх лясоў, бяроза дае 21%, елка – 10%, вольха – 8%, дуб – 3,5%, асіна – 2%. Можаце самі вылічыць формулу зарослае, запушчанае беларускае душы, белавескае пушчы, прызначанай для малітвы й поўнай любові, дзе адна дзесятая – цёмны лес, і кожнае пяцідзесятае дрэва – юдава асіна.

Беларускі лес сымфанічны. Нацыянальны сакрэт яго ўнікальнае гармоніі, разнастайнага хараства – усё той жа, што й у фэномэнах беларускага міжмоўя, культуровага сынтэзу й сустрэчы канфэсіяў. Тут, на водападзелах Эўропы, у імшарах, чарнічніках і верасах сыходзяцца ўвадно і таёжныя хваёвыя лясы, і мяшаныя міжземнаморскія, і вербалозы рачных далінаў, і балотнае кустоўе. Беларуская хвоя на пясчаных і супясчаных грунтах, маючы досыць вільгаці й прахалоды, выцягваецца ў неба стромымі, звонкімі арганнымі трубамі – і стварае сьветлыя, чыстыя, духовыя гімны: Бараўляны, Баравуху, Гарачы Бор, Чырвоны Бор, Баркі і Барцы. Эпічныя падняпроўскія дубровы, ельнікі ў гарах Лагойшчыны, серабрыстыя асіньнікі над Нёманам і ўзорыстыя кляновыя гаі ў менскіх прыгарадах – вы толькі паглядзіце, Беларусь уся як велізарны аркестр, у чаканьні ўзмаху дырыжорскае палачкі!

У кожным беларусе агукаецца гул лясное стоенае сілы, трапятаньне лісьця ад птушыных крылаў, аксамітная пяшчота імхоў, і прыглушаны хор з самых нетраў, тысячагалосы гоман стварэньня Божага… Як гэтага не хапае сёньняшняму Захаду! Беларусь яшчэ зробіць найкруцейшы бізнэс на лясным турызме й камэрцыйным паляваньні, на разьвядзеньні пушнога зьвера й экспарце дзікіх грыбоў ды ягадаў. Беларусь яшчэ раскрые ўсяму сьвету нетры свае душы, яшчэ навучыць малітоўнаму шэпту састарэлую Эўропу.

Але пакуль, цяпер беларускі лес дрэмле. Толькі ў верхавінах, на струнах ветру, на самым вастрыі хваёвых іголачак, дрыжыць невымоўны, найвышні згук… Вы чуеце? Гэта ня лес. Гэта лёс.