КУРАПАТЫ
КУРАПАТЫ
Курапаты – звычайны хвойнік. Такія ў нас паўсюль.
Ва ўзгорыстым бары на ўскраіне Менску больш за 500 правалаў. У кожным правале – косьці дзесяткаў і соцень забітых за часы сталінскага генацыду. Калі людзей расстрэльвалі й закопвалі поўную яму на 2-3 м глыбінёй – трупы тлелі, плоць разлагалася й зямля прасядала. 250 тысячаў забітых.
Блукаеш сярод крыжоў і дрэваў, прыслухоўваесься да шолаху хвояў, удыхаеш на поўныя грудзі і, дрыжучы, з жахам адчуваеш, што гэта – самае страшнае месца ў сэрцы Эўропы.
Людзей забіралі зь перапоўненых падвалаў Менскага КДБ, адкуль зімой праз аддушыны на вуліцу валіла пара. Бліжэй да ночы везьлі за горад, у агароджанае плотам урочышча. Падводзілі шэрагам да ямы і проста гваздалі ў патыліцу.
Курапаты – гэта яшчэ адно месца, у якое імпэрыя зла забівала цьвік, укрыжоўваючы Беларусь.
Бах! – і са стрэлам у патыліцу чалавек валіўся ў яму.
Бах! – і мэталёвае вастрыё зноў працінала беларускую плоць наскрозь.
Бах! – чулі жыхары навакольных вёсак і міжволі жагналіся.
Бах! – і вось, на крыжы, скрываўленая, расьцятая, падымалася па-над зямлёй уся краіна.
Лес у Курапатах таго ж узросту, што й пахаваньні: магілы засаджвалі хвойнікам. Вы бачылі гэтыя страшныя дрэвы, гэтыя сталёвыя ствалы аграмадных цьвікоў, якія прабіваюцца зь зямлі, рвуцца з самых крывавых каранёў, і ашчаперваюць тысячы й тысячы іглаў у неба?..
Курапаты адкапаў Зянон Пазьняк. Ён не пабаяўся той нячыстай сілы, што глядзела з пустых вачніцаў чарапоў, таемна выграбала й вывозіла косьці на сьметнік у чатырох кілямэтрах адсюль, якая за 70 гадоў ператварыла беларускую зямлю ў адзіны суцэльны магільнік... “Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей...” – так кніга прарока Езэкііля ( 37:1 ) пачынае аповед пра паўстаньне народу зь мёртвых.
Так, менавіта з Курапатаў вымкнуў масавы нацыянальны рух. 30 кастрычніка 1988 г. на Дзяды, калі тут на шматтысячным мітынгу быў упершыню за дзесяцігодзьдзі ўзьняты бела-чырвона-белы сьцяг – улада разагнала людзей дубінкамі й газам.
У адказ Беларусь выбухнула – мітынгі пачаліся па ўсёй краіне. Паўстаў Беларускі Народны Фронт. У Курапатах зьявіўся стыхійны мэмарыял – сотні крыжоў. Памятны знак паставіў тут падчас свайго візыту ў Беларусь прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.
І калі ўвосень 2001 г., пасьля чарговых перавыбараў Лукашэнкі, праз Курапаты пачалі будаваць Менскую кальцавую, разьбіраючы крыжы й памятныя знакі – на кругласуткавую бестэрміновую абарону Курапатаў стала ўжо беларуская моладзь.
Курапаты – гіганцкі ахвярнік. Таму сюды, быццам да алтару, прыходзяць маліцца тыя, хто любіць Беларусь. Тыя, хто ня верыць у Бога, баяцца гэтага месца. Бо сіла беларускай свядомасьці крынічыць у гэтым месцы моцна, як нідзе.
Іншыя народы шануюць палі бітваў, дзе продкі пралівалі кроў, сваю й варожую. Але ў беларусаў іншае поле памяці – набрынялае крывёй бязьвінных.
Наш нацыянальны нэкропаль не нагадвае ані Арлінгтон, ані Новадзявочыя могілкі, ані эгіпецкія піраміды. Беларускі нацыянальны нэкропаль – гэта безыменныя Курапаты.
Пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў зафіксаваныя ў 48 гарадах і мястэчках Беларусі. У адным толькі Менску іх 11 – дачы АГПУ ў Драздах, Камароўка, Лошыца, Парк Чалюскінцаў, Трасьцянец ...
Сёньня ў Курапатах – 5-мэтровы Крыж Пакуты, Крыжовая алея, крыжы па пэрымэтры ўрочышча.
Курапацкі Крыж зноў і зноў робіцца нашай сыстэмай каардынатаў. Крыж вяртае нацыю да пачаткаў, да першасных пытаньняў быцьця : жыцьця і сьмерці, ахвяры й памяці, веры ў Ісуса Хрыста – і, нарэшце, пераможнага ўваскрасеньня.