БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ КРЭПАСЬЦЬ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ КРЭПАСЬЦЬ

Берасьцейская крэпасьць – герой.

Штогадовы пералік дванаццаці савецкіх гарадоў-герояў са сьвяточным салютам на Дзень Перамогі раскацістым выбухам завяршала "Брэсцкая крэпасьць-герой". У савецкім эпасе аб Вялікай Айчыннай вайне Берасьцейская крэпасьць сапраўды мела статус легендарнае асобы, гэткага ваяра грэцкай міталёгіі. Кожны школьнік СССР мусіў ведаць: нашым адказам на вераломны напад фашысцкае Германіі й катастрофу 1941 г. была Абарона Брэсцкае Крэпасьці.

Берасьцейская крэпасьць – помнік подзьвігу: вось што можа мужнасьць, асуджаная на сьмерць. Абаронцы Берасьцейскай крэпасьці, нароўні з 28 панфілаўцамі й маладагвардзейцамі Алега Кашавога, былі вызначаныя на перадавыя пазыцыі ў эшэлянаванай гіерархіі гераізму.

Але ўсё пачалося значна раней.

Берасьцейская крэпасьць – рана Хрыстова на целе ўкрыжаванае Беларусі. Балюча-барвовая цэгла старажытнага Берасьця крывіць, не зажывае з тых самых часоў, калі Расейская імпэрыя пачала забіваць тут свой страшны цьвік на стыку з Захадам. У 30-х гадох XIX ст. расейскае войска зруйнавала ўвесь стары горад: замак, які прастаяў паўтысячы гадоў, фарны касьцёл, сем каталіцкіх кляштараў, тры вуніяцкія царквы, эвангельскі збор і праваслаўны манастыр разбурылі й ператварылі ў бастыёны, казармы, стайні й склады.

Расея адчувала тут моцны беларускі пульс – і дзяўбла, гваздала крывавы ўдар за ўдарам, каб забіць. Забіць Рэфармацыю XVI ст., Берасьцейскую вунію 1596 г., паўстаньні Касьцюшкі й Каліноўскага – Суворавым, Брэсцкім мірам, жалезабэтонам. У верасьні 1939 г., са зьнішчэньнем Польшчы, гэтае месца прыпячаталі ўрачыстым страявым крокам войскі Сталіна й Гітлера на сумесным парадзе...

Гэтак жа, як Берасьцейскую крэпасьць, імпэрыя перарабляла ва ўмацаваны фарпост супраць Захаду ўсю Беларусь.

У чэрвені – ліпені 1941 г. байцы гарнізону, для якіх вайна выбухнула зь першымі ж бомбамі, стаялі насьмерць адно за кавалак зямлі. Яны ня ведалі, што ўжо мільёны савецкіх жаўнераў забітыя або захопленыя ў палон, што баі ўжо ідуць на Дняпры – яны проста паміралі, але не здаваліся. Гітлераўцы сьцягнулі да крэпасьці цэлую дывізію. Люфтвафэ скідвала на Берасьцейскія сьцены звышцяжкія бомбы вагой да 1800 кг. Арганізаваная абарона працягвалася восем дзён, яшчэ некалькі тыдняў доўжыўся разрозны супраціў і перастрэлка сярод крушняў каменю й завалаў трупаў.

Памятаеце? – "Цытадэль", "Тэрэспальская брама", "Холмская брама". Бастыёны й казэматы. Пройма-зорка, як вырванае сэрца. "Смага". "Мужнасьць" – агромністыя каменныя глыбы. Пасьляваенная афіцыйная прапаганда адбудоўвала Берасьцейскую крэпасьць у мазгох усяго савецкага народа – разам з жалезабэтонным мурам на заходніх межах.

Гераічная абарона Крэпасьці – адвечная бітва беларускае гісторыі. Менск 1085 г. Гародня 1311 г. Смаленск 1351 г. Полацк 1563 г. Віцебск 1568 г. Слуцк 1655 г... Сотні аблогаў, тысячы штурмаў. Мэмарыял Берасьцейскай крэпасьці – гэта сымбаль усіх беларускіх руінаў, якія страляюць ва ўпор.

Сёньня паціху трэскаюцца й рассыпаюцца ў пыл гіганцкія глыбы мэмарыялу. Імпэрыя развальваецца – у блізкае Белавескае Пушчы, па расьселых межах, па-над Бугам і Мухаўцам, у цяперашнім Берасьці.

Але рана баліць па-ранейшаму. Гіганцкі ржавы цьвік усё яшчэ працінае цела краіны.

Берасьцейская крэпасьць застаецца месцам, дзе пабываць трэба абавязкова. Бо й аднае шчэпці зямлі адсюль, аднаго праху, што пабываў, і замкам, і храмам, і крэпасьцю, і чалавекам, і помнікам дастаткова, каб зразумець, зь якога крывавага попелу паўстае будучая Беларусь.