VII. БЕЛАРУСКАЯ ДУХОВАСЬЦЬ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

VII. БЕЛАРУСКАЯ ДУХОВАСЬЦЬ

“Духовасьць” – завяршальны разьдзел гэтае кнігі.

Духовасьць – найвышэйшае паняцьце нацыянальнае ідэі, што перасягае межы часу й прасторы.

Духовасьць – самая важная сфэра беларускае сьвядомасьці: менавіта ў духу заключаецца сутнасьць фэномэну Беларусі.

Бо “Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе” (Яна 4:24).

Беларусь для чалавечае гісторыі апошняга тысячагодзьдзя ёсьць месцам таемным, нават містычным. Як і да чалавека Божае адкрыцьцё прыходзіць нечакана, сярод абставінаў звыклых, дробязных і на першы пагляд непрыкметных, як малітва творыцца ў тайне, як веяньне Сьвятога Духу нараджаецца зь лёгкім, ледзь чутным пакаянным уздыхам – так і лёсы сусьвету рахуюцца ў гэтым ціхім, схаваным сярод лясоў і балотаў, укрыжаваным паміж Захадам і Ўсходам куточку плянэты. Глыбокім куточку – самым сэрцы Вялікай Эўропы.

Глухім і маленькім, як Палестына на ўскраіне Рымскай імпэрыі.

Бо “Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа” (Яна 3:8)

Па меры таго, як набліжаесься да сэнсу Божае прысутнасьці ў Беларусі, як прыглядаесься да знакаў і сымбаляў, расстаўленых на гэтым скрыжаваньні, як спасьцігаеш значэньне невымоўнага цуду Гасподняга, дадзенага нам, 10 мільёнам беларусаў – цябе ахінае сьвятарнае, багавейнае пачуцьцё. “Здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая!” (Выхад 3:5)

Бо духовая Беларусь для цэнтару Эўропы – відавочная геапалітычная неабходнасьць. Гэтак неабходнае сэрца ў грудзях. Гэтак натуральная душа ў целе.

Беларусь існуе як духовая рэальнасьць. Што гэта значыць?

Гэта значыць, што нават пры адсутнасьці ўласнай дзяржавы, адзінай царквы й масавай нацыянальнай сьвядомасьці Беларусь на працягу цэлых 1000 гадоў гісторыі была вобласьцю магутнага дзеяньня Сьвятога Духа.

Гэта значыць, што і на піку славы ў эпоху Вітаўта, калі Беларусь магла зьяднаць вакол сябе ўсю Усходнюю Эўропу, і ў кульмінацыйны момант 1563 г., калі агромністая дзяржава надтрэснула пад ціскам унутраных супярэчнасьцяў, і ў адчайных сутаргах паўстаньняў ХІХ ст., і ў апошнім беларускім адраджэньні, што ня здолела дасягнуць поўнай нацыянальнай перамогі, і ва ўсіх астатніх без выключэньня крытычных выпадках гісторыі беларусам проста не хапіла духу – у літаральным сэнсе слова.

Гэта значыць, што галоўныя беларускія нацыянальныя каштоўнасьці належаць не да абшару матар’яльнае культуры, эканомікі або цывілізацыі ўвогуле – а да сфэры веры й любові, свабоды й праўды.

Бо напісана: “Бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае”. (ІІ Да Карыньцянаў 4:18)

У сэрцы хрысьціянскай Эўропы менавіта Беларусь фармулявала й фармулюе кардынальныя духовыя прынцыпы:

— Прынцып любові: хто яшчэ так моцна любіць блізкага свайго й ворага свайго, як ласкавая, талерантная й самаадданая Беларусь! Бо “Няма любові большае, як калі хто пакладзе душу сваю за сябраў сваіх”. (Яна 15:13).

— Прынцып прымірэньня: тут сабраныя ўвадно дзеля злагоды й міжканфэсійнага сынтэзу каталіцтва, праваслаўе, пратэстанцтва, вунія: “Майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя.” (Да Піліпянаў 2:2).

— Прынцып трыадзінства: беларускія нацыянальныя сымбалі, гімн “Магутны Божа”, бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста й герб “Пагоня” адпавядаюць трыядзе Айца, Сына і Сьвятога Духа, а тры галоўныя хрысьціянскія канфэсіі, як іпастасі аднае ісьціны, у моманты найвышэйшага абуджэньня гарманічна ўтвараюць адзінасутную Тройцу. “Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры – адно.” (І Яна 5:7) .

— Прынцып слова, бо ў краіне першадрукароў, паэтаў ды праведнікаў, краіне Міжмоўя, якая дае слова, трымае слова й жыве Словам, слова значыць больш чым проста “слова”. “Ня хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Божых” (Мацвея 4:4).

— Прынцып місіянерства, бо Беларусь сталася апостальскім эпіцэнтарам для Ўсходняй Эўропы, і крыніцай шырокай місіянерскай эміграцыі, што ахапіла ўсе кантынэнты: “Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа” (Мацьвея 28:19).

— Прынцып закону, бо беларусы спарадзілі тры ўнікальныя Статуты, заснаваныя на Бібліі, славутыя Генрыкаўскія артыкулы аб верацярпімасьці й другую ў сьвеце Канстытуцыю: “Дзеі закону напісаныя ў іх сэрцах” (Да Рымлянаў 2:15).

— Прынцып ахвяры, бо Беларусь стагодзьдзямі сваёй пакуты выратоўвала і Расею, і Эўропу: “У Ісусе Хрысьце, Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай у дараваньні грахоў” (Да Рымлянаў 3:24-25).

— Нарэшце, прынцып уваскрасеньня – Беларусь штораз падымалася з магілы пасьля пахаваньня празь веру ў Ісуса Хрыста! “Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай – дык павінныя быць паяднаныя й падабенствам уваскрасеньня” (Да Рымлянаў 6:5).

Сучасная ўбогасьць беларускага духу, нацыянальнай і грамадзкай сьвядомасьці, у якую грэбліва тыцкаюць пальцам маскоўскія інтэлектуалы, заходнія лібэралы ды тутэйшыя правінцыялы, у справе хрысьціянскага абуджэньня паводле эвангельскае лёгікі дае Беларусі капітальную перавагу над астатнімі.

“Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябёснае!” (Мацьвея 5:3)

Што маецца на ўвазе? Адсутнасьць нацыянальнае пыхі, чалавечае ганарыстасьці, здаволенае самаўпэўненасьці – абавязковая перадумова беларускага Адраджэньня.

Вер у Бога. Любі Беларусь. Астатняе, як той казаў – марнасьць сумятні й тамленьне духу.

Духовасьць – самае важнае вымярэньне Беларусі. Бо сапраўдныя падзеі творацца ў душах і нябёсах – на зямлі яны толькі разгортваюцца й прыводзяць да заканамерных вынікаў. Новае неба, неаглядная чысьціня і бясконцая веліч па-над Беларусьсю – гэта ня сфэра прагнозу надвор’я, а адкрытыя вышыні духу. Якім чынам ажыцьцяўляюцца аксамітныя рэвалюцыі – і ў чалавеку, і ў масавай сьвядомасьці ўсяе нацыі? Што мусіць перажыць грамадзтва, калі яго чакае духовае абуджэньне? Што адчуеш ты сам? Адказы ясныя й глыбокія, як самі нябёсы.

У чалавеку абуджаным пачынаюцца незваротныя працэсы ўдасканальваньня. Ён літаральна ў некалькіх азарэньнях спазнае ўсю чысьціню, усю сьвятасьць Боскага, і новае жыцьцё мяняе ўсю яго сутнасьць. Думкі, словы й справы пачынаюць набываць сэнс, мудрасьць і гармонію куды вышэйшага, звышнатуральнага парадку. Вера зьдзяйсьняе ў душы пераварот – магу засьведчыць на шматлікіх прыкладах сяброў і сваім уласным. Зь вераю таюць комплексы й стэрэатыпы. Зь верай зьнікаюць раздражнёнасьць і псыхі, нэрвовыя стрэсы й невыносныя страхі. Зь верай выветрываецца зьнясіленая сумятня, і зьяўляецца новая, поўная волі й любові, спакойная сіла. Гэта фантастычна, але ў веры ты атрымліваеш сканцэнтраваны, як электрычны зарад, досьвед будучага жыцьця! Ты сам пачынаеш глядзець на гэтае жыцьцё нібыта зь нябёснае вышыні.

Цяпер зразумела, чаму з такімі пераменамі ў нас зьяўляецца шанец атрымаць грамадзтва, грунтаванае не на фізыялягічных рэфлексах ці псыхалягічных маніпуляцыях, а жывой, поўнай і паўсюднай адданасьці дабру, справядлівасьці, салідарнасьці. Такое грамадзтва здольнае і да сацыяльнага спачуваньня, і да падпарадкаванасьці закону. Грамадзтва, якое глыбока засвоіла стагодзьдзямі адшліфаваныя каштоўнасьці хрысьціянскае этыкі й маралі, дае найбольш спрыяльны клімат для культываваньня рэальнае дэмакратыі, разьвіцьця пасьпяховае эканомікі, разбудоўваньня эфэктыўнае дзяржавы.

Людзі няверуючыя, людзі, якія не адчуваюць па-над сабою Творцы й Судзьдзі, для якіх нябёсы пустыя, схільныя корпацца ў зямлі, заўсёды глядзець пад ногі і ня зважаць на патрэбы ды інтарэсы іншых. Тым часам для чалавека, які верыць у нябачнага Бога, які прымае жывога Хрыста, які аперуе духовымі катэгорыямі і ідэаламі, які поўніцца нябёснай дасканаласьцю – абстрактныя “дэмакратыя”, “права”, “адказнасьць”, “сумленнасьць”, “міласэрнасьць”, усе асноватворныя імпэратывы, на якіх трымаюцца цывілізацыя й культура, куды больш лягічныя й зразумелыя. Больш таго, для хрысьціян яны проста арганічныя. Натуральныя.

У нацыі, якая перажывае крах дзяржаўнасьці, востры крызіс эліты й абвальны ўпадак маралі, застаюцца толькі два варыянты – “быць” альбо “ня быць”. Менавіта ў такіх экстрэмальных сытуацыях праяўляецца характар нацыі, і ў яе мэнтальнасьці зьдзяйсьняюцца сапраўдныя перамены. І калі мы выбіраем “быць” – для нас настае час пакаяньня, эпоха посту й малітвы. Усеагульнае спавяданьне, ад асабістага голасу да хору храмаў і плошчаў, дасьць нам у поўнай меры асэнсаваць, скалануцца, прачуць увесь жах такога жыцьця й увесь боль адзінай надзеі. Супольная малітва – гэта душа нацыі. Так было ў Польшчы часоў “Салідарнасьці”, так было ў прыбалтыйскіх краінах падчас разбурэньня СССР, так было ва Ўкраіне, ахопленай “аранжавай рэвалюцыяй”. Менавіта з адначасовага малітоўнага хору ў цэрквах і касьцёлах нараджаюцца трохсоттысячныя сьпевы на маніфэстацыях. Усё самае сьвятое, самае ўзвышанае й істотнае вырашаецца паміж Богам і народам у супольнай малітве: воля Божая й людзкія імкненьні пачынаюць зьлівацца, гучаць на ўвесь голас суладнай магутнай сымфоніяй – і прачынаецца ўвесь народ, абуджаецца любоў і зьяўляецца вера. Дзе яшчэ, як не ў малітвах, яднаецца й гуртуецца нацыя!

Пад новым небам у Беларусі выяўляюцца нечаканыя рэчы. Беларуская гісторыя набывае глыбокі, фэнамэнальна хрысьціянскі падтэкст, у якім угадваюцца ясныя асацыяцыі зь Бібліяй і празрыстыя эвангельскія вобразы. Узьнікаюць свой Стары й Новы Запаветы. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг паўстае як сьцяг Хрыста, а духовы гімн “Магутны Божа” – як сьпеўная малітва. Нацыянальныя асаблівасьці здаюцца проста прарочымі наканаваньнямі.

Усё робіцца настолькі відавочным, настолькі рэальным, што перад унутраным зрокам скрозь праясьняецца, расхінаецца новая краіна – і раптам, у пранізьлівых дэталях і намёках ты пачынаеш пазнаваць Новую Беларусь: цудоўную, духовую, эўрапейскую. Тую самую, якую мы так хочам убачыць.

Поўнасьцю сьвет відаць толькі зь нябёсаў. Усю Беларусь, усю бездань багацьця й хараство асаблівасьці, да сьцяблінкі, да кропелькі роднасьці, да апошняй жывой душы, да астатняга атама сэнсу, можна спасьцігнуць толькі праз Госпада Бога. Мне ўспамінаюцца бел-чырвона-белыя налепкі, якія распаўсюджвала адна зь менскіх эвангельскіх абшчынаў, з дэвізам, што максымальна ёміста выражае нацыянальнае духовае азарэньне: “Беларусь для Хрыста!”.

У гэтым месцы будзе самы час расставіць усе кропкі над “і” ў балючым фармальным пытаньні. Абмежаванаму чалавечаму розуму ўвесь час уласьціва зводзіць хрысьціянскае абуджэньне да дамінанты якой-небудзь канфэсіі – пры гэтым маецца на ўвазе яе выбар згодна з сымпатыямі аўтара. Небясьпечная памылка. Якраз-такі гэты комплекс непаўнавартасьці аказаўся фатальным для Вялікага Княства Літоўскага, калі міжканфэсійнае супрацьстаяньне падарвала асновы дзяржавы. Якраз ён самым сур’ёзным чынам тармозіць сёньняшняе абуджэньне. Гістарычна склалася, што Беларусь зьяўляецца сусьветнай сутокай буйнейшых хрысьціянскіх плыняў, унікальнай арэнай сустрэчы каталіцтва, праваслаўя й пратэстанцтва, месцам нараджэньня вуніяцтва. І дзякуй Богу! Жывое хрысьціянскае жыцьцё – гэта перадусім увесьчасны выбар, і проста здорава, калі ты можаш выбраць адпаведную духовым запытам сыстэму традыцыяў, мэтодыку вывучэньня й рытуал. Агульнавядома, што ў Заходняе Беларусі, дзе канфэсіі сустракаюцца, а розныя храмы літаральна глядзяць адзін аднаму ў вокны, віруе духовая актыўнасьць, і сацыёлягі ды статыстыкі атрымліваюць анамальна высокія паказьнікі ў культуры, шкале каштоўнасьцяў і гаспадарцы.

Вось чаму ў Беларусі скрышталізаваліся ўнікальныя зьявы міжканфэсійнага сынтэзу: сустрэча цэркваў, талеранцыя, беларускі іканапіс, Берасьцейская вунія. Вось адкуль ключавы рысы нацыянальнага мэнталітэту: ахвярнасьць, гасьціннасьць, засяроджанасьць, ласкавая мяккасьць, міралюбнасьць, натхнёнасьць і узьнёсласьць, памяркоўнасьць, пакора, пакутніцтва, простасьць, руплівасьць, сьціпласьць, стрыманасьць, стоеная сіла, цярпімасьць і цярплівасьць.

Беларуская духовасьць – гэта сьвятыя месцы, на якіх трымаецца беларуская зямля.

Заслаўскі кальвінскі збор, збудаваны ў XVI ст. на замчышчы Х ст., дзе жыла першая хрысьціянка Беларусі – Рагнеда. Спаса-Эўфрасінеўскі манастыр ХІІ ст. у Полацку, для якога быў створаны легендарны крыж, і дзе захоўваюцца мошчы найпадобнае Эўфрасіньні. Супрасьльскі Дабравешчанскі манастыр XV ст., са знакамітай царквой-крэпасьцю, друкарняй і бібліятэкай, другі ў тадышнім славянскім сьвеце пасьля Кіеўскай Лаўры цэнтар праваслаўя. Нясвіскі касьцёл Божага цела XVI ст., другі ў сьвеце пасьля Іль-Джэзу помнік барока, у якім знаходзіцца ўсыпальніца роду Радзівілаў. Жыровіцкая абіцель XVI ст., спачатку праваслаўная, затым вуніяцкая, і потым зноў праваслаўная, першым ігуменам якой быў Язафат Кунцэвіч, дзе адбываліся кангрэгацыі Ордэну базыльянаў і якая – адзіная! – працягвала дзейнічаць нават у савецкі час.

Беларуская духовасьць – гэта сьвятыні. Такія, як Крыж Эўфрасіньні й Сафійскі Сабор у Полацку, як цэрквы-крэпасьці, як абраз Маці Божай Вастрабрамскай, аднолькава шанаваны каталікамі, вуніятамі й праваслаўнымі, зь німбам вострых прамянёў – наша Статуя Свабоды! – абразы Ісуса Пантакратара й Тройцы... Унікальныя люстры жывога хрысьціянства, сплаўленыя з канонаў Усходу й Захаду.

Такія месцы тояцца ў душы ў беларуса. Такімі кодамі насычаны беларускі генатып. На гэтыя сыгналы рэагуе глыбінная беларуская сьвядомасьць – іх лёгкім дотыкам абуджае Божае адкрыцьцё й робіць рухавікамі вера. “Пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам”! (Ісайя 32:15)

Беларуская духовасьць – гэта гісторыя невядомых дагэтуль нацыянальных герояў.

Хто ведае, якія людзі – героі веры, праведнікі, сьвятыя – вымольвалі ў Бога гэты няшчасны народ у вялікіх Х, ХІІ, XVI, ХХ стагодзьдзях?.. Хто стаяў у праломе й каяўся за бязьвер’е мільёнаў у страшным 1563-м, 1654-м, 1795-м, 1840-м, 1917-м? Хто выпрасіў уваскрашэньне дзяржавы, подзьвігам свайго жыцьця здабыў Божую літасьць для нас, забыўлівых, жорсткіх сэрцам, жахліва няўдзячных, гніючых ва ўласным грэху сёньня!..

Хто ведае?

Адзін Бог.

Можа быць, мы сустрэнем іх там, вышэй за тыя сфэры, дзе нараджаецца сьнег і вечна чарнее ноч, там, дзе ніколі ня гасьне сьвятло, каля крыніцы Сусьвету, ад якой праменіць сьвятасьць. Там, дзе Беларусь бялейшая за белае.

У таго, хто прывык мысьліць катэгорыямі спажывецкае палітыкі, такая нацыянальная дактрына проста выкліча шок. “Ды ня трэба нам тых місіяў, абуджэньняў і грандыёзных плянаў! – дасадліва выбухне дзеяч апазыцыі, – пакіньце ў спакоі гэтую краіну, дайце ёй нармалёвае дэмакратыі, рынак ды пропуск у Эўразьвяз, і ўсё! Адкуль возьмуцца ўсе гэтыя самаахвярныя хрысьціяне, сілы й рэсурсы на лідэрства?!”

Што ж, гэта заўжды было: хочацца жыць як набяжыць і ціха сабе памерці. Тады ня маюць сэнсу ані велічная, трагічная, высокая гісторыя Беларусі, ані тысячы геніяў і мільёны ахвяраў, ані, у рэшце рэшт, само жыцьцё на гэтае зямлі. Лічыць, што беларусы больш 1000 гадоў змагаліся й гінулі за сыты страўнік для сябе й нашчадкаў – значыць, прыніжаць усю краіну, нацыю і яе Творцу.

“Душэўны ж чалавек не прымае, што ад Духа Божага, бо гэта вар’яцтва яму, і ня можа ўцяміць, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна.” (І Да Карыньцянаў, 2:14)

Беларусь уратавалася ў страшных войнах, акупацыях і цудам атрымала незалежнасьць не для таго, каб назапашваць тлушч, енчыць перад суседзямі й хавацца ў бульбу ад чарговых пагрозаў. Досыць! Па-над намі – ня сала з праслойкай мяса, а бел-чырвона-белы Сьцяг Хрыста. Нам патрэбная моцная й дзейсная Беларусь – гарачае Сэрца Эўропы. Мы мусім паставіць сабе задачу перасягнуць вяршыні XVI стагодзьдзя – і аддаць усе сілы справе Скарыны, Радзівіла, Сапегі. Узьняць краіны Вялікага Княства. Абудзіць Эўропу. Перамагчы Расею.

Так, мы самі па сабе занадта слабыя для гэтага. Але тыя, хто ідзе з Богам і любяць Беларусь, ведаюць, наколькі гэта рэальна: “Чалавеку гэта немагчыма; Богу ж усё магчыма.”(Мацьвея 19:26)

Хопіць слабых ідэяў і ўпадніцкіх настрояў. Далоў герояў-снайпэраў і мары пра нацыянальны тэрарызм! Наш лідэр – Ісус Хрыстос, жывая Вера й Любоў, Уладар і Пераможца.

Ня трэба баяцца нябёсных вышыняў. “Бо даў нам Бог духа ня страху, але сілы, любові і мудрасьці.” (ІІ Да Цімафея 1:7)