Бітва за Сокал
Найвялікшыя сілы, якімі камандаваў вялікі гетман каронны Мікалай Мялецкі, рушылі пад Сокал. Налічвалі яны, напэўна, каля 5 тысяч чалавек, у тым ліку прынамсі 3200 польскай і нямецкай пяхоты, каля тысячы польскай коньніцы на чале з брацлаўскім ваяводам Янушам Збараскім і частку прыватных разьездаў. Вядома, што сярод апошніх апынуліся 300 адзінак коньніцы Збараскага і конныя або пешыя роты Спытка Ёрдана, Станіслава Стадніцкага, Мікалая Угравецкага і шматлікія прыдворныя разьезды (між іншым, Жалкеўскіх).
Сокал, які знаходзіўся прыблізна за 30 кілямэтраў на поўнач ад Полацку, меў значную абарончую каштоўнасьць. З поўдня яго прыкрывала Дрыса, а з поўначы і захаду ў яе ўпадала пад замкам Нішча. Ня вельмі шырокі доступ да ўмацаваньняў з усходняга боку ахоўваў роў. Драўляна-земляныя ўмацаваньні з ізьбічнай канструкцыяй былі пабудаваныя зь яловых бэлек у форме замкнёнай падковы. Іх умацоўвала ажно дзесяць вежаў. Праз адзінаццатую, якая выходзіла на поўнач, вяла галоўная брама. Каб патрапіць у яе, трэба было ісьці дастаткова вузкім праходам паміж валам і ракой Нішчай.
Сілы Шэіна і Шарамецева, якія тут стаялі, панесьлі пэўныя страты ў партызанскіх баёх, што вяліся ў жніўні з аддзеламі Крыштапа Радзівіла. Акрамя таго, на вестку пра надыход корпусу Мялецкага здрадзілі данскія казакі, якія пакінулі замак без дазволу і адправіліся ў свае сядзібы. Варта зыходзіць з таго, што ў Сокале надалей знаходзілася каля 5 тысяч жаўнераў, бо да войскаў, пасланых сюды царом з Пскова, трэба дадаць залогу замку і згаданы аддзел стральцоў Булгакава.
Войскі Мялецкага вырушылі з-пад Полацку найпазьней 7 ці 8 верасьня і прасоўваліся вельмі павольна. Хоць яны ня бралі з сабой цяжкіх табарных вазоў, коні і людзі досыць хутка растапталі размоклую дарогу, якая ператварылася ў бруд. На шчасьце, гарматы сплавілі Дзьвіной, а потым Дрысай амаль пад сам Сокал.
10 верасьня корпус Мялецкага зьявіўся непадалёк ад замку, даходзячы да правага берагу Дрысы. Пераправа аказалася цяжэйшай, чым меркавалася. Не было і гаворкі пра тое, каб на другі бераг ракі перабралася пяхота. У такіх абставінах Януш Збараскі пераправіўся з часткай коньніцы па паўночны бераг Дрысы ўплаў і заблякаваў дарогу да Пскова. Толькі празь нейкі час ротмістар Мікалай Угравецкі прыйшоў да думкі пабудаваць памост з дрэва. Адразу адправіў частку пяхоты ў суседні лес, там яны падрыхтавалі тоўстыя камлі дрэў, якія счапілі жалезнымі ланцугамі і паставілі ўпоперак ракі. Канечне, гэта быў часовы мост, аднак пяхота здолела прайсьці па ім на другі бераг ракі.
На зьдзіўленьне камандзіраў, моцная залога Сокалу не перашкаджала пераправе. Хоць яна адбывалася на ўсход ад замку, па-за абсягам маскоўскіх гармат, але ўдар коньніцы мог выклікаць сумятню ў шэрагах. Тым часам падчас пераправы ў полі зроку жаўнераў зьяўляліся толькі невялікія маскоўскія разьезды, якія стараліся напалохаць праціўніка, імітуючы татарскія воклічы. Іх адганяла коньніца Збараскага, абмяжоўваючыся дробнымі сутычкамі так званых наезьнікаў.
Толькі калі ўсе аддзелы Мялецкага апынуліся за ракой, Шэін і Шарамецеў вывелі значную частку сваіх войскаў пад муры замку. Аднак яны ня рушылі наперад, увесь час застаючыся пад прыкрыцьцём уласнай артылерыі. Яна нанесла нападнікам значныя страты, як аддзелам коньніцы, якія стараліся адцягнуць маскоўскіх жаўнераў ад замку, так і пяхоце, якая ўзялася за абложныя працы. Урэшце, царскія ваяводы завялі свае войскі назад за валы Сокалу, адкладаючы магчымую бітву на наступны дзень.
Польскае камандаваньне намервалася праводзіць аблогу з аднаго магчымага кірунку, г. зн. з усходу. Яшчэ 10 верасьня пачалі насыпаць шанцы пад валамі крэпасьці. Польская пяхота прасоўвалася ў іх кірунку ўздоўж Нішчы, а нямецкай — уздоўж Дрысы. Неўзабаве ўдалося зацягнуць на шанцы гарматы, і артылерысты на чале з Марцінам Дабраслаўскім пачалі абмен агнём з маскоўскімі гарматамі.
У наступны дзень Дабраслаўскі здолеў паслаць у кірунку замку некалькі запальных ядраў. Паводле Р. Гайдэнштайна, два зь іх адразу распалілі агонь, які непрыяцель хутка пагасіў. Трэцяе ўдарыла ў ніжнюю частку паркану, трапіўшы ў дрэва. Не заўважанае абаронцамі, яно толькі празь нейкі час распаліла агонь, які ахапіў значную частку яловай сьцяны. Мялецкі загадаў адразу трубіць трывогу, ставячы ўсе роты на зыходных пазыцыях для штурму.
Спалоханыя гэтым нечаканым выпадкам, маскалі кожную хвілю чакалі штурму і, акрамя таго, не маглі пагасіць пажару. У выніку гэтага яны апынуліся ў немалой небясьпецы, і пачалі ўцякаць з замку праз процілеглую браму.
У той час адбыўся адзін з найбольш крывавых баёў ва ўсёй кампаніі 1579 г. Частка маскоўскай коньніцы з Шарамецевым на чале вырвалася на поўнач, спрабуючы ўцячы ў Пскоў. Аднак тамтэйшы шлях пільнавала коньніца Збараскага, і толькі нешматлікія маскоўскія коньнікі прабіліся паасобку або малымі групамі ў навакольныя лясы. Большасьць з Шарамецевым на чале лучыла ў няволю.
Ня меў такога шчасьця аддзел Шэіна, які кінуўся наўцёкі на ўсход. Тут на Дрысе яму загарадзіла дарогу нямецкая пяхота. Разгарэлася бойня, бо немцы, помсьцячы за сваіх суродзічаў, закатаваных у Полацку, ня мелі літасьці. Спалоханыя маскоўскія жаўнеры пачалі ўцякаць назад, у бок замку, а тыя, што ў ім засталіся, малілі аб захаваньні ім жыцьця, гатовыя ўзамен здацца. Аднак калі нямецкія пехацінцы ўварваліся ў замак, «седзячы на карках» тых, што ўцякалі, і пачалі забіваць усіх без выключэньня, абаронцы ў парыве роспачы апусьцілі краты, якія віселі ўверсе брамы. Так частка каралеўскіх жаўнераў апынулася ў пастцы і, нягледзячы на зацяты бой, была выразана пад корань. Толькі празь нейкі час рэшта пяхоты пад камандаваньнем Крыштапа Разражэўскага здолела выбіць браму і ўварвалася на дзядзінец замку, поўны польскіх, літоўскіх, нямецкіх і маскоўскіх трупаў. Пачаўся апошні этап разьні. Многія абаронцы зацята біліся да канца, іншыя кідаліся ў агонь або спрабавалі ўцячы праз бакавыя брамкі, аднак усюды чакалі каралеўскія жаўнеры.
Вынік бітвы быў жудасны. Нават калі перабольшаныя данясеньні крыніц, якія казалі пра 4 тысячы палеглых царскіх падданых і 500 каралеўскіх (пераважна немцаў) паменшыць напалову, то і так яны надзвычай высокія, як на той час. Здолела ўцячы ня больш за 200 маскоўскіх жаўнераў, а рэшта залогі трапіла ў палон. Тым разам, насуперак ранейшай практыцы, нікога не адпусьцілі. Мялецкі прывёў палонных пад Полацак, дзе паказаў іх усяму войску, а потым найважнейшых перадаў каралю і хаўрусьніцкім магнатам. Пяхоце дасталіся багатыя трафэі, здабытыя ў замку, што пэўным чынам кампэнсавала жаўнерам расчараваньне, якое зазналі пад Полацкам.
На жаль, у баявым запале не было каму гасіць пажар замку, які згарэў датла. Такім чынам, была здабыта тактычная перамога, але Сокал часова ня мог выконваць функцыі вартаўніка пскоўскага тракту.