Польская і літоўская армія ў другой палове XVI ст.
Другая палова XVI ст. была пэрыядам вялікіх зьменаў у польскай і літоўскай вайсковай справе. Разьвіцьцё ваеннага майстэрства патрабавала сталых наёмных войскаў, што было зьвязана зь неабходнасьцю павялічыць эфэктыўнасьць падатковай сыстэмы. У той час усё больш адыходзілі ад выкарыстаньня паспалітага рушаньня на карысьць наёмных войскаў. Аднак, нягледзячы на крытыку з боку манархаў або гетманаў, паспалітае рушаньне надалей склікалася і разглядалася (прынамсі тэарэтычна) як падтрымка для наёмнай арміі.
У Кароне паспалітае рушаньне ацэньвалася прыблізна на 50 тысяч чалавек, хоць у такой колькасьці ўзброеная шляхта ніколі не зьбіралася. Яно магло быць склікана толькі са згоды Сойму, яго нельга было дзяліць, а камандаваньне над рушаньнем ня мог ажыцьцяўляць адзін кароль, якому падпарадкоўваліся ваяводы, кашталяны і харужыя. Аднак ужо малдаўскі паход Яна Ольбрахта відавочна паказаў поўны крах гэтага інстытуту. Усе спробы рэформаў, якія рабілі Ягайлавічы, або спробы замены паспалітага рушаньня на падатак, пацярпелі няўдачу. Таму да яго зьвярталіся ня надта часта, разглядаючы як «апошнюю абарону» дзяржавы. Пэўную баявую каштоўнасьць усё ж захоўвала паспалітае рушаньне рускіх ваяводзтваў, на што паўплывалі частыя татарскія набегі, якія не дазвалялі тамтэйшай шляхце адкладаць зброю.
Значна большую ролю адыгрывала ў той час паспалітае рушаньне ў Літве[6]. Хоць слабасьцю ўзбраеньня ці дысцыпліны яно не адрозьнівалася ад кароннага, усё адно падчас войнаў з Масковіяй за апошніх Ягайлавічаў досыць часта зьвярталіся па яго дапамогу, і таму рушаньне захавала крыху большую баяздольнасьць. Абавязкі, зьвязаныя з паспалітым рушаньнем, ускладаліся ў Вялікім Княстве на ўсіх землеўладальнікаў (таксама на татараў, казакоў і г. д.), а ўдакладнялі іх літоўскія статуты 1529 і 1566 гг. Памеры вайсковай павіннасьці акрэсьліваліся на падставе т. зв. «службаў» (двароў або дымоў), таму літоўскае паспалітае рушаньне часта называлі «земскай службай». Пачынаючы з 1566 г. з кожных дзесяці двароў належала выставіць аднаго цалкам узброенага коньніка, а калі хтосьці меў менш маёмасьці, зьяўляўся на вайну паводле сваіх магчымасьцяў.
Прыбылых на паход групавалі на Літве ў павятовыя харугвы, ачоленыя мясцовымі харужымі, а потым аб’ядноўвалі згодна з тэрытарыяльным прызнакам у земскія і ваяводскія харугвы з ваяводамі на чале. У адрозьненьне ад Кароны земскую службу Вялікага Княства можна было дзяліць на меншыя аддзелы, яна падпарадкоўвалася вялікаму гетману літоўскаму, а ў асобных выпадках яе можна было склікаць, не азіраючыся на Сойм.
Попіс 1567 г. ацаніў земскую службу Вялікага Княства Літоўскага на 28 056 чалавек, у тым ліку 24 395 коньніцы і 3664 пяхоты. Аднак трэба памятаць, што ўключэньне ў Карону Падляшша, Валыні і Ўкраіны ў 1569 г. паменшыла тэрыторыю Літвы напалову, таму ў час Батуры нельга было разьлічваць на такую колькасьць узброеных сілаў.
Наёмныя войскі складаліся перадусім з аддзелаў, якія пэрыядычна склікаліся ў выпадку пагрозы вайны або ўжо падчас ваенных дзеяньняў. Іх фармавалі за падаткі, зацьверджаныя шляхтай адмыслова на гэтую мэту. Акрамя дзяржаўных наёмных войскаў, часта сустракаліся прыватныя злучэньні, якіх пасылалі за свой кошт наймагутнейшыя магнацкія роды, а таксама прыдворныя роты, выстаўленыя на сродкі манарха. Наёмныя аддзелы распускаліся пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў, пакідаліся толькі невялікія роты ў ключавых замках памежжа.
Толькі Карона мела ва Ўкраіне рэгулярныя наёмныя палявыя аддзелы, якія былі на ўтрыманьні манарха — т. зв. «паточная абарона». Яе колькасьць вагалася ў межах 2–3 тысяч коньніцы і некалькіх соцень пяхоты, а галоўнай задачай была барацьба з татарскімі чамбуламі. У выніку рэформаў выканаўчага сойму (1562/63), «паточную абарону» замяніла кварцянае войска, якое ўтрымлівалася з чацьвёртай часткі (кварты) чыстага даходу з каралёўскіх уладаньняў. Прынцыпы арганізацыі кварцянага войска былі канчаткова акрэсьлены на Люблінскім сойме 1569 г., калі быў утвораны адмысловы скарб у Раве Мазавецкай. За грошы, якія туды ўносілі старасты і арандатары каралеўшчын, можна было ўтрымаць каля 3 тысяч коньніцы і тысячу пяхоты. Пэўнай падтрымкай для кварцяных ротаў маглі быць казакі з т. зв. Нізу, упершыню прынятыя на службу Рэчы Паспалітай у 1568 г. Аднак іх было заледзьве 300.
Нягледзячы на неаспрэчныя баявыя каштоўнасьці, кварцянае войска было нешматлікім і, акрамя таго, пастаянна заставалася на ўкраінскім тэатры ваенных дзеяньняў. Яно не адыгрывала значнай ролі ў баёх з Масквой, дзе цяжар баёў ляжаў на аддзелах, пэрыядычна найманых згодна з пастановай Сойму.
У польскай і літоўскай арміі сярэдзіны XVI ст. аддзелы коньніцы рашуча пераважалі ў колькасных адносінах над пяхотай. Канец панаваньня Жыгімонта Аўгуста і панаваньне Сьцяпана Батуры былі пэрыядам значных зьменаў у арганізацыі і ўзбраеньні польскай кавалерыі. У час апошняга зь Ягайлавічаў усе роты коньніцы мелі зьмяшаны характар, г. зн. складаліся, напрыклад, зь лёгказбройных казакоў і капійнікаў, гусараў і казакоў і г. д. Характар і вызначэньне, ці дадзеная рота залічваецца да казацкай коньніцы, гусарскай ці таксама капійнічай, залежалі ад колькаснай перавагі коньнікаў дадзенага тыпу. Напрыклад, гусарская рота Філона Кміты Чарнобыльскага складалася ў 1567 г. са 140 гусараў і 60 казакоў. Батура амаль ад пачатку свайго панаваньня імкнуўся зьмяніць гэты стан рэчаў і цалкам уніфікаваць роты коньніцы, што яму, зрэшты, удалося.
Ранейшая ўзброеная дзідамі коньніца, закутая ў цяжкія дасьпехі, зьнікла ў той час з поля болю, будучы замененай у пераломных атаках гусарыяй. Яшчэ ў час Інфлянцкай вайны 1557–1570 г. траціну многіх гусарскіх харугваў складалі капійнікі, але ўжо за часам Батуры ад іх цалкам адмовіліся. Згодна з каралеўскім унівэрсалам 1576 г. гусары сталі асобным і самастойным родам коньніцы, хоць яшчэ больш за дзесяць гадоў сустракаліся гусарскія харугвы, якія ня мелі аднастайнага характару. Толькі што замест капійнікаў у іх выступалі рэйтары або стальцы-аркебузары.
Гусарыя, якая паходзіла ад сэрбскіх рацаў, прывандравала ў Польшчу праз Вугоршчыну. Спачатку была лёгкай коньніцай, аднак у другой палове XVI ст. пачала ўжываць ахоўную экіпіроўку, якая складалася з паўдасьпехаў і шышакоў. Паўдасьпехі складаліся зазвычай з т. зв. фальгаванага кіраса (некалькі заходзячых адна на адну плітаў, зьнітаваных рэменем), або з плітачнага кіраса, які меў ніжнюю фальгаваную частку. Шышакі забясьпечвалі характэрным нашыйнікам, апушчальным забралам і напалічнікамі. Наступальная зброя складалася з кап’я даўжынёй 4,5–5 мэтраў, выразанага ўсярэдзіне для зьмяншэньня яго масы, шаблі і доўгага, на 1,2–1,4 мэтра, простага мяча, часта чатырохкутнага ці трохкутнага сячэньня. Прызначаўся выключна для праколу, у той час як шабля служыла гусару для бою ў натоўпе бітвы. Акрамя таго, гусары мелі калясцовыя пісталеты, якія разьмяшчаліся каля сядла.
Зьмены таксама закранулі ранейшую лёгкую коньніцу (г. зн. казацкую), якая, прыняўшы ахоўную экіпіроўку, ператварылася ў сярэднезбройную коньніцу. Казакі часам ужывалі паўдасьпехі, аднак сярод іх панавала кальчуга. Галаву звычайна ахоўвала місюрка. Наступальнае ўзбраеньне складалася з шабляў, дзідаў, рагуляў, лукаў, а часамі агнястрэльнай зброі. Аднак трэба зазначыць, што частка казацкіх ротаў надалей не карысталася ахоўнымі дасьпехамі, набліжаючыся сваім характарам да пяцігорцаў, якія сустракаліся ў літоўскім войску.[7]
Тыповай лёгкай коньніцай былі пяцігорцы, малдаўскія роты і т. зв. казацкія стральцы (sagittarii), якія выкарыстоўвалі шаблі, доўгія ручніцы ці лукі. Зусім іншы характар мелі найманыя часамі заходнеэўрапейскія аркебузары, якія насілі паўдасьпехі, рапіры і доўгую агнястрэльную зброю — аркебузы. Спарадычна карысталіся паслугамі нямецкіх рэйтараў, узброеных паўдасьпехамі, рапірамі і пісталетамі. Тут было згадана пра спарадычнае найманьне заходнеэўрапейскай коньніцы, паколькі на ўсходнім тэатры ваенных дзеяньняў дамінавалі хуткія кінжальныя ўдары коньніцы з халоднай зброяй, у чым вылучаліся гусары і казакі. Аркебузары ж і рэйтары біліся зазвычай у самкнутым строі, перамяшчаючыся досыць павольна.
Як каронная, так і літоўская коньніца дзяліліся арганізацыйна на роты, якія налічвалі ў гусарыі зазвычай 150, а ў казацкай і лёгкай коньніцы — 100 коней. Набор у літоўскія фармаваньні праводзіўся на аснове сыстэмы аддзелаў, якія складаліся з латніка і яго чаляднікаў. Ротмістар, атрымаўшы прыпаведны ліст, падпісаны каралём,[8] рэгістраваў яго ў гарадзкіх кнігах даручанага яму гораду, а потым пачынаў вярбоўку сярод навакольнай шляхты. Кожны латнік прыбываў на месца канцэнтрацыі разам з узброеным і экіпаваным за свой кошт аддзелам. Сярэдняя гусарская рота складалася з 25 латнікаў і 125 чаляднікаў. На чале роты стаяў ротмістар, які меў для дапамогі паручніка, харужага і бубнача.
Асноўным пешым фармаваньнем у час панаваньня Жыгімонта Аўгуста былі т. зв. «драбы», наём якіх, падобна, як і коньніцы, ішоў па сыстэме латніка і чаляднікаў. Зь цягам часу пешых драбаў пачалі называць «польскай пяхотай». Зьяўляліся ў яе перадусім жыхары гарадоў і мястэчак (70 %), хоць было дастаткова і сялянаў з каралеўскіх уладаньняў або ўцекачоў са шляхецкіх вёсак, дзе наймаць было забаронена.
Рота польскай пяхоты налічвала зазвычай 200 жаўнераў і дзялілася на дзясяткі. Яе камандаваньне складалася з ротмістра, паручніка, харужага і 18–20 дзясятнікаў. У роце знаходзіўся таксама бубнач або дудар. Падчас Інфлянцкай вайны 1577–1570 г. у кожнай дзясятцы служыла 8 стральцоў, узброеных шабляй ці мячом, а таксама ручніцамі ці аркебузамі, цяжказбройны капійнік зь дзідай, пікай ці алебардай, і пехацінец зь вялізным прастакутным драўляным шчытом.
Улічваючы ўласны досьвед і ўзбраеньне вугорскай пяхоты, Сьцяпан Батура ажыцьцявіў сур’ёзныя зьмены ў польскай пяхоце. Яна цалкам адмовілася ад ахоўных дасьпехаў, шчыта і пікі, набываючы характар чыста стралецкага фармаваньня. Кароль рэкамэндаваў, каб кожны шараговец меў ручніцу, шаблю і сякерку, прыдатную для сапэрскіх працаў. Толькі афіцэры і дзясятнікі захавалі, акрамя шабляў і пісталетаў, кароткую дрэўкавую зброю, т. зв. «дары» — удоўжкі на 2 мэтры і падобныя да пікаў. Калі ў коньніцы кожны латнік вёў прынамсі адзін ці два табарныя вазы, то ў польскай пяхоце адзін табарны воз прыпадаў на дзясятак жаўнераў.
Ужо ў першыя месяцы свайго панаваньня Батура пераканаўся, што нешматлікія пяхотныя фармаваньні — сур’ёзны надахоп арміі Рэчы Паспалітай. Найбольш балюча ён адчуў гэта ў 1577 г., падчас безвыніковай блякады збунтаванага Гданьску. Непазьбежная вайна за Лівонію, якая прадвяшчала між іншым дзеяньні абложнага характару, вымусіла яго паклапаціцца аб стварэньні новых пяхотных фармаваньняў.
У інструкцыі на сеймікі, якія папярэднічалі Сойму 1578 г., кароль наракаў на недахоп дастатковай колькасьці пяхоты. Выйсьцем з гэтага становішча было ўвядзеньне выбранецкай сыстэмы, вядомай у Вугоршчыне, Швэцыі і Маскоўскім Княстве. Батура меркаваў, што сойм прыме адпаведныя законы, якія ахопяць усе катэгорыі маёмасьці, але пастановы, прынятыя 3 сакавіка 1578 г., дазвалялі выстаўляць выбранцаў толькі з каралеўскіх уладаньняў у Кароне (у Літве іх увялі толькі ў 1595 г.).
Пазьнейшыя каралеўскія ўнівэрсалы ўдакладнялі соймавую пастанову. З кожных 20 ланаў каралеўскіх уладаньняў мусіў быць выстаўлены адзін выбранец.
Гэты жаўнер павінен здабыць сабе сваім коштам ручніцу, порах і сьвінец, шаблю, сякерку і строй, паводле пакрою і колеру, загаданага ротмістрам (як правіла, у розных адценьнях блакітнага колеру). Узамен за гэта лан зямлі, які ён урабляў, вызваляўся ад усіх павіннасьцяў і падаткаў, якія за выбранца адпрацоўвалі сяляне з астатніх 19 ланаў.
У мірны час жаўнер выбранецкай пяхоты зьяўляўся на агляды, ладжаныя ротмістрам, а ў ваенны час адпраўляўся ў паход, за што атрымліваў пэнсію. Выбранцы былі арганізаваныя аналягічна польскай пяхоце, іх роты ўтвараліся паводле тэрытарыяльнай сыстэмы. Роту складалі зазвычай выбранцы з аднаго ваяводзтва, хоць у выпадку ваяводзтваў зь меншай колькасьцю каралеўскіх уладаньняў іх аб’ядноўвалі. Камандзірамі ротаў былі дасьведчаныя афіцэры наёмнай пяхоты, якія найчасьцей паходзілі са шляхецкага стану.
Досыць хутка аказалася, што шляхта і арандатары каралеўскіх уладаньняў ставяцца без даверу да новага фармаваньня. Рэалізацыя соймавай пастановы праходзіла павольна, і на першую маскоўскую кампанію Батуры ўдалося сабраць невялікую колькасьць выбранцаў.
Выбранецкая пяхота стала новым ваенным фармаваньнем, тым часам выкарыстоўваліся і іншаземныя фармаваньні наёмнай пяхоты. Ужо Жыгімонт Аўгуст вярбаваў падчас Інфлянцкай вайны невялікія роты нямецкай пяхоты. У 1576 г. на загад Батуры ўпершыню быў сфармаваны полк пяхоты колькасьцю аж 600 ляндскнэхтаў (г. зн. жаўнераў наёмнай пяхоты). Яшчэ большыя адзінкі плянавалася выкарыстаць падчас вайны з Іванам IV. Палкі нямецкай пяхоты ў той час складаліся найчасьцей з жыхароў Брандэрбургіі, Саксоніі і Сылезіі. Яны адзначаліся разгалінаваным штабам, складзеным з шэрагу афіцэраў і унтэрафіцэраў, ад палкоўніка да сяржантаў. Узбраеньне шараговых пехацінцаў складалася ў выпадку мушкетэраў з рапіры і аркебузаў, у выпадку капійнікаў — з рапіраў і доўгіх на 5,5 мэтра пікаў. Апошнія насілі таксама ахоўнае ўзбраеньне, паўдасьпехі і шлемы.
Батура разумеў, што пры значнай колькасьці польска-літоўскай коньніцы яго пяхота не павінна баяцца коньніцы ворага. Таксама з гэтай прычыны ён, рыхтуючыся да вайны з Масковіяй, загадаў наняць значна больш мушкетэраў, чым капійнікаў. Больш за тое, на загад караля частку пяхотнікаў аснасьцілі невялікім круглымі шчытамі, якія мусілі прыкрываць іх падчас атакаў на крэпасьці.
У час вайны з Гданьскам Батура наняў некалькі соцень шатляндзкіх пехацінцаў, вядомых у той час па ўсёй Эўропе за сваю адвагу і выносьлівасьць. Яны былі ўзброены мушкетамі або характэрнымі шатляндзкімі пікамі, якія адзначаліся шырокім вастрыём, доўгімі двувострымі мячамі і штылетамі. Большасьць зь іх пасьля гданьскай вайны засталася ў Польшчы і была выкарыстана ў баявых дзеяньнях з Масковіяй.
Батура пастанавіў разбудаваць і казацкую пяхоту, павялічыўшы яе да палка колькасьцю 530 запароскіх казакоў. Аднак перадусім ён зрабіў стаўку на вугорскую пяхоту з Вугоршчыны, Трансыльваніі і Славакіі. Ужо на каралеўскую каранацыю ён прывёў з сабой 600 гайдукоў. Вугорская пяхота была арганізаваная ў палкі, падзеленыя на роты па 100 жаўнераў, аднак яны ня мелі такога разгалінаванага штабу, як аналягічныя нямецкія адзінкі. Узбраеньне вугорскіх пехацінцаў нічым не адрозьнівалася ад аснашчэньня польскай пяхоты.
Батура атрымаў у спадчыну ад Жыгімонта Аўгуста досыць добрую артылерыю, таму не было патрэбы праводзіць большыя зьмены ў тым родзе ўзброеных сілаў. Галоўным цэнтрам вытворчасьці і захоўваньня гарматаў спачатку быў Кракаў, у якім знаходзіўся арсэнал і працавала каралеўская людвісарня. Астатнія людвісарні і арсэналы дзейнічалі ў Львове і Вільні, а Жыгімонт Аўгуст стварыў вельмі багаты арсэнал у Тыкоціне.
На чале арсэналаў стаялі каптэнармусы, якія кіравалі пушкарамі і цэлым шэрагам рамесьнікаў. Больш за тое, артылерыйскае абсталяваньне знаходзілася ў большасьці польскіх і літоўскіх замкаў, а складалася яно зь цяжкіх калюбрын і фэльшлянгаў, сярэдніх фалькон і квартышлянгаў, а таксама лёгкіх фальканэтаў і сэрпэнтынаў. На паходы бралі ўжо значную колькасьць гарматаў, напрыклад, на пазвольскі ў 1557 г. — 68, на радашкавіцкі ў 1567 г. — каля 100.Перавозка такой вялікай колькасьці гарматаў патрабавала вялізнай колькасьці вазоў, коней і валоў. Каб цягнуць адну толькі фэльдшлянгу, што страляла ядрамі вагай 7 фунтаў, было неабходна 6 коней. Наступныя дванаццаць везьлі на двух вазах запас ядраў і пораху. За апошняга зь Ягайлавічаў вазы і запрэжкі наймаліся разам з вазьніцамі. Карыснай інавацыяй стала ўвядзеньне Батурам т. зв. «скарбовых запрэжак», што пастаянна ўтрымліваліся дзяржавай на патрэбы артылерыі.
За Жыгімонта Аўгуста ў склад артылерыі ўваходзілі аддзелы вайсковай інжынэрыі. Спачатку яны перавозілі толькі абсталяваньне, неабходнае для будоўлі ўмацаваных лягераў і абложных працаў. Падчас лівонскай вайны распаўсюдзіўся таксама звычай перавозіць абсталяваньне, патрэбнае для будовы мастоў.
Яшчэ большы націск на вайсковую інжынэрыю Батуру давялося зрабіць падчас арганізацыі маскоўскіх кампаній.
Варта згадаць таксама, што апошні зь Ягайлавічаў наймаў на службу капэрскі флёт, які змагаўся з т. зв. «нараўскім суднаходзтвам», запушчаным на загад Івана IV падчас вайны за Лівонію. У 1570 г. кароль распачаў пабудову свайго флёту, аднак бескаралеўе, якое неўзабаве настала, прывяло да занядбаньня гэтай вельмі каштоўнай ініцыятывы. Хоць Батура падчас вайны з Гданьскам зьвяртаўся па дапамогу капэраў, аднак яны былі разьбіты гданчанамі і датчанамі і не адыгралі ніякай ролі ў новай вайне з Масковіяй.
У другой палове XVI ст. на землях Рэчы Паспалітай адбыўся значны прагрэс ў разьвіцьці фартыфікацыяў. Распаўсюдзілася ў той час т. зв. «бастэйная сыстэма», якая характарызавалася пабудовай нізкіх, шырокіх вежаў, прыстасаваных для вядзеньня артылерыйскага агню. У 60-я гг. XVI ст. на землі Рэчы Паспалітай пачала пранікаць яшчэ больш сучасная сыстэма бастыённых фартыфікацыяў, якія характарызаваліся высунутымі для вядзеньня наступальных дзеяньняў бастыёнамі пяцікутнай формы. Аднак на ўсходніх межах дзяржавы пераважалі традыцыйныя драўляна-земляныя фартыфікацыі ізьбічнай канструкцыі, якія ня вельмі адрозьніваліся ад ужо апісаных маскоўскіх замкаў. Такую сыстэму ўмацаваньняў мела большасьць гарадоў і крэпасьцяў Полаччыны.
Вайскаводцам усіх узброеных сілаў у дзяржаве быў кароль, які карыстаўся дапамогай гетманаў. У другой палове XVI ст. гетманская пасада яшчэ не была пажыцьцёвай, таму часамі манарх прызначаў вайскаводца на кожны чарговы ваенны паход. У Кароне ўжо вылучыліся пасады вялікага гетмана, палявога і прыдворнага. Вялікі гетман выконваў функцыю міністра вайны і не заўсёды кіраваў непасрэднымі баявымі дзеяньнямі. Палявы гетман камандаваў кварцяным войскам, а прыдворны — скліканым пэрыядычна прыдворным войскам. Калі кароль не прызначаў ніводнага зь іх вайскаводцам ваеннага паходу, даручаючы гэтую функцыю камусьці іншаму, яго таксама называлі гетманам, хоць ён меў мала агульнага з гетманскай пасадай. У Літве вялікі гетман спачатку быў вайскаводцам канкрэтнай ваеннай кампаніі, аднак зь цягам часу пераняў усе адміністрацыйна-судовыя справы, зьвязаныя з войскам. Яго наступнікам быў палявы гетман, а ў 60-я гг. XVI ст. зьявіўся таксама лівонскі гетман і адміністратар.
Дапамогай у адміністрацыйных, скарбовых і арганізацыйных справах гетману служылі розныя чыноўнкі: абозны, стражнік і некалькі палявых пісараў. Камандаваньне артылерыяй і ўсе зьвязаныя зь ёй адміністрацыйныя справы былі ў руках старшага над гарматамі.
Тактыка, якая выкарыстоўвалася ў другой палове XVI ст. войскамі Рэчы Паспалітай, была цесна зьвязана з характарам арміі. Польская і літоўская коньніца складалася ў пачатку панаваньня Батуры зь пяці, а пяхота зь сямі розных фармаваньняў. За панаваньне апошняга зь Ягайлавічаў колькасныя адносіны коньніцы да пяхоты складалі зазвычай 2:1. Калі пры Жыгімонту Аўгусту пяхота была дапаможным фармаваньнем у дачыненьні да коньніцы, то пры Батуру імкнуліся як павысіць яе колькасны стан, так і павялічыць ранг на полі бою. Акурат на пяхоту і артылерыю клаўся галоўны цяжар абложных дзеяньняў.
Вынік бітвы ў адкрытым полі надалей вырашала коньніца. Строй, які ёй выкарыстоўваўся, быў нашмат больш плыткі, чым той, у якім строілі коньніцу на захадзе Эўропы. Ён меў глыбіню чатырох шэрагаў, а паглыбленьне ўдару адбывалася праз увядзеньне ў бой аддзелаў другога і трэцяга эшалёнаў. Коньніца Рэчы Паспалітай ў той час ужо набыла такую характэрную для яе рухавасьць і ўстаноўку на змаганьне халоднай зброяй. Падчас аблогаў крэпасьці яна праводзіла глыбокія рэйды ў тыл праціўніка, разьбівала аддзелы ворага, якія сьпяшаліся на дапамогу, а пры патрэбе падтрымлівала штурм пяхоты.