ШТУРМ І КАПІТУЛЯЦЫЯ КРЭПАСЬЦІ
Нарастаньне цяжкасьцяў, выкліканае недахопам правіянту і беспасьпяховай аблогай Полацку, паглыблялі рознагалосьсі ў галоўнакамандаваньні. Мялецкі з усё большай неахвотай глядзеў на фаварызаваньне вугорцаў і Бэкеша, а літоўскія гетманы не хацелі прызнаваць яго камандаваньня. Усё гэта ўзьдзейнічала на жаўнераў і прыводзіла да аслабленьня дысцыпліны.
Пагаршэньне становішча арміі схіліла Батуру склікаць ваенную нараду, на якой трэба было прыняць рашэньне аб далейшых дзеяньнях. Варыянт адступленьня ад крэпасьці на ёй ня браўся ў разьлік. Большасьць камандзіраў выказвалася за правядзеньне генэральнага штурму адначасова з усіх кірункаў. Батура быў рашуча супраць гэтага. Ён даводзіў, што пры магчымай няўдачы генэральнага штурму жаўнеры палі б духам. Гэта магло б несьці з сабой вялікія страты, а ў выніку нават неабходнасьць адступіць ад крэпасьці. Кароль усьведамляў, што перад пачаткам штурму яго жаўнеры павінны здабыць хоць невялікі, але відавочны посьпех, які б падняў іхны дух і адначасова аслабіў волю абаронцаў да супраціву. Для такога посьпеху трэба было б, напрыклад, падпаліць валы і зрабіць пралом ва ўмацаваньнях, што аблягчыла б атаку на Полацак.
Жаўнераў яшчэ раз заклікалі падсунуцца пад валы і паспрабаваць падпаліць іх. Адначасова ім параілі не ўцякаць, пакуль добра не распаліцца агонь. На гэты раз добраахвотнікам зь пяхоты павінны былі спадарожнічаць валянтэры з коньніцы. Ня выключана, што перад атакай удалося адрамантаваць мост пад Верхнім замкам, разбураны перад гэтым маскоўскай артылерыяй. Пра гэта сьведчыць рэляцыя Гайдэнштайна, які згадвае, што на варце мосту была пастаўлена пяхота Замойскага. Таксама некалькі гравюр паказваюць штурм праз мост, якія знаходзіўся насупраць Верхняга замку. Зразумела, меркавалася выкарыстаць і неразбураны мост за млынам.
Раніцай 29 жніўня (была гэта субота) неба над Полацкам крыху распагодзілася і ўпершыню за некалькі тыдняў перастаў ісьці дождж. Добраахвотнікі палічылі гэта добрым знакам і, перайшоўшы мост на Палаце, рушылі пад замкавыя валы. У гэты момант гарматы і гакаўніцы, пастаўленыя на польскіх і вугорскіх шанцах, раптоўна адкрылі агонь. Яго падтрымалі мушкеты пяхоты, якая спадарожнічала добраахвотнікам, і гэта павінна было стрымаць жаўнераў ворага па-за ўмацаваньнямі. Абаронцы адказалі агнём стралковай зброі. Аднак частка людзей дабегла да драўлянай сьцяны Верхняга замку,
сярод якіх быў таксама адзін чаляднік кацельшчыка са Львова (…) і той (як некаторыя хочуць лічыць), несучы на сабе кацёл, поўны распаленага вугалю, і лучыну смалістую ў руках маючы, нібы запаліў вежу на рагу, зь якой разгарэўся такі вялікі агонь, што яго не маглі пагасіць.
Аналіз плянаў аблогі Полацку паказвае, што агонь, распалены гераічным чаляднікам і іншымі добраахвотнікамі, ахапіў ня столькі вежу, колькі наступальна высунутую на поўнач трохкутную бастэю Верхняга замку.
Убачыўшы зарыва пажару, кароль паставіў у стан боегатоўнасьці ўсю пяхоту і коньніцу. Сам з прыдворнымі ротамі пераправіўся на правы бераг Палаты, каб падтрымаць ліцьвінаў і іншыя згрупаваныя там пяхотныя роты. Некаторыя казалі, што ён баяўся вылазкі з замку або спробы залогі прабрацца ў навакольныя лясы. Насамрэч гэта рабілася для таго, каб адбіць магчымую апэрацыю з боку маскоўскіх войскаў, сабраных у Сокале. Якраз туды ішла дарога з Пскова праз Сокал на Полацак. Толькі пазьней выявілася, што Шэін і Шарамецеў не намерваліся рабіць ніякіх дзеяньняў, хоць дым над Полацкам быў відаць з валоў Сокалу.
Адначасова кароль загадаў паслаць у крэпасьць ліст з абяцаньнем, што ў выпадку добраахвотнай капітуляцыі абаронцы будуць выпушчаныя
да іх гаспадарак з жонкамі, дзецьмі і з маёмасьцю, якую чалавек на сабе зможа занесьці, за выключэньнем дасьпехаў і ўсякай зброі. А хто б хацеў нам служыць, тым ласка і жалаваньне нашы, як і іншым грамадзянам Вялікага Княства Літоўскага, павінны аказвацца.
Ён даваў залозе час адказаць да паўдня, абяцаючы, што, калі яны адчыняць брамы, паслаць афіцэраў і чыноўнікаў, якія прасочаць за парадкам і ўсьцерагуць залогу ад самаволі абложнікаў.
Некаторыя з палачан, заахвочаныя каралеўскім лістом, а больш, напэўна, спалоханыя пажарам, захацелі здацца. Дзесяць абаронцаў нават спусьціліся з валоў па канатах, уцякаючы ў бок каралеўскіх жаўнераў. Напэўна гэта не былі пасланцы «для перамоваў», як меркаваў Я. Бельскі, а звычайныя жаўнеры. Аднак яны трапілі ў рукі вугорскіх пехацінцаў, а тыя пазабівалі іх так пасьпешліва, што Бэкеш здолеў уратаваць толькі аднаго. Уцеклага адразу ж адправілі да караля, каб здабыць ад яго каштоўныя зьвесткі пра стан крэпасьці і настрой залогі. Ня вельмі рыцарскі ўчынак вугорцаў тлумачыўся тым, што яны хацелі адахвоціць іншых абаронцаў ад капітуляцыі, бо меркавалі здабыць Полацак штурмам — у надзеі, што гэта прынясе ім багата трафэяў. Яны не маглі на гэта разьлічваць, калі б крэпасьць здалася. Усё ж пра ўяўныя багацьці і скарбы, схаваныя ў саборы сьвятой Сафіі, жаўнеры расказвалі адзін аднаму ад пачатку аблогі.
Пад канец дня пажар спаліў ужо вялікую частку замкавай бастэі. Аднак зьмяркалася, і Батура перасунуў час генэральнага штурму назаўтра. Калі б атака адбылася яшчэ ў той жа дзень, яна магла б зацягнуцца да ночы, што, беручы пад увагу ляндшафт, прынесла б шмат цяжкасьцяў. Акрамя таго, доступ да замку закрывала яшчэ вялікае полымя, што магло стаць большай перашкодай, чым зьмярканьне. Таму кароль вырушыў з коньніцай у бок лягеру, загадаўшы назіраць за пазыцыямі праціўніка.
Як толькі манарх пераехаў на левы бераг Палаты, яму паведамілі, што група жаўнераў, прагных здабычы, самавольна пайшла ў пралом ва ўмацаваньнях Верхняга замку. Акцыю ініцыявалі дзесяць зь нечым вугорцаў. Яны перайшлі мост і, забраўшыся на пагорак, фарсавалі папялішча паўночнай бастэі, не зважаючы на яшчэ распаленыя галавешкі. За імі пайшла вялікая група польскай пяхоты. Праз момант першыя сьмельчакі, абсмаленыя полымем і асьлепленыя дымам, апынуліся за валамі Полацку. Раптам грымнулі стрэлы, і на атаку абрынуўся град куляў. Засьпетыя зьнянацку жаўнеры кінуліся наўцёкі, але адразу ж спыніліся за праломамі, крыху астыўшы, зноў уварваліся ў замак. Здавалася, што абаронцы ўцякаюць, таму пехацінцы сьмела рушылі наперад. Аднак празь некалькі дзясяткаў мэтраў перад іх вачыма вырас дыяганальны вал, абаронены ровам. Пастаўленыя на ім маскоўскія гакаўніцы адкрылі агонь, і тым давялося зноў адступіць.
Упартыя жаўнеры трэці раз кінуліся ў атаку, падбадзёрваючы сябе гучным воклічам. Аднак іх напаткала тое ж, што і раней. Шквальны агонь абаронцаў не дазваляў падысьці да валу, які перагароджваў дарогу на двор замку, а дадатковую сумятню выклікалі сваркі паміж вугорцамі і палякамі. Не зважаючы на прысутнасьць ворага, некаторыя мад’яры палічылі, што ім не патрэбныя памочнікі, або, хутчэй, канкурэнты ў рабунках. Дайшло да непрыстойных інцыдэнтаў, падчас якіх польскага харунжага падштурхнулі ў агонь, а некалькі пехацінцаў былі скінуты з замкавага пагорку проста ў Палату. Абражаныя палякі адступілі за ўмацаваньні, што адразу ж выкарысталі маскоўскія камандзіры. Яны падхапілі сваіх людзей у контратаку, і ня толькі выгналі атакуючых з Верхняга замку, але і пусьціліся за імі ў пагоню на Палату. Толькі на мосьце іх спыніў залп 200 пехацінцаў Замойскага, якія сьцераглі пераправу. Маскоўскія жаўнеры адразу павярнуліся і схаваліся за валамі крэпасьці.
Аднак сытуацыя выглядала сур’ёзна. Пад польскія і вугорскія акопы вярнуўся як кароль, так і Замойскі зь Мялецкім. Манарх яшчэ раз распарадзіўся дадаткова ўмацаваць дарогу да Сокалу, а падканцлер і гетман адправіліся да пазыцый пяхоты і артылерыі. Падчас маскоўскай контратакі абложнікі пэўны момант баяліся за лёс гармат — і небеспадстаўна, калі ўлічыць самавольны ўдзел часткі пяхоты ў баях за Верхні замак. Можа, калі б не згаданая вышэй рота Замойскага, абаронцы спакусіліся б на гарматы і атакавалі польскія ці вугорскія пазыцыі за Палатой.
Вядома, вяртаньне караля і вышэйшых камандзіраў заўважыла залога крэпасьці. Яны зразумелі гэта як падрыхтоўку да новага штурму і адкрылі шчыльны агонь. Польскія гарматы не заставаліся ў даўгу, і артылерыйская кананада працягвалася яшчэ некалькі гадзін. Абаронцы Верхняга замку былі занятыя перадусім гашэньнем пажару, таму на гэты раз больш актыўнымі былі гарматы Стралецкага замку. Як заўсёды, асаблівай трапнасьцю адзначаліся артылерысты, якія стралялі з высокай вежы на дзядзінцы. Менавіта адтуль выстралілі ядро, якое забіла коньніка з каралеўскага эскорту, які знаходзіўся паблізу манарха ў момант, калі Батура зноў прыбыў на правы бераг Палаты.
Каралеўскія камандзіры яшчэ празь некалькі гадзінаў пасьля злашчаснай атакі мусілі ўпарадкоўваць зьмешаныя аддзелы пяхоты і супакойваць узаемную непрыхільнасьць. Палякі вінавацілі вугорцаў у легкадумнасьці, а тыя — сваіх праціўнікаў ва ўніканьні бою. Дайшло нават да таго, што адзін з вугорскіх ротмістраў злавіў гетмана Мялецкага і адкрыта пачаў скардзіцца на палякаў, быццам тыя не хацелі дапамагаць падчас атакі на Замак. Выведзены з раўнавагі, вайскаводца нібыта адказаў:
«Дык вось я паляк і хачу памагчы», — і, саскочыўшы з каня і ўзяўшыся за рондэль, сам пайшоў на штурм, пакуль яго ледзьве адвёў ад гэтага Яжына, каралеўскі падстолі.
Апісаныя вышэй інцыдэнты сьведчаць пра цяжкасьці, якія стварала камандаваньне шматнацыянальнай арміяй. Толькі ў наступны дзень удалося суняць усе скаргі і ўзаемныя абвінавачаньні.
Паводле афіцыйных дадзеных каралеўскай канцылярыі, у баях за 29 жніўня загінула 27 каралеўскіх жаўнераў і 200 чалавек з гарнізону крэпасьці. Апошняя лічба, заснаваная на ацэнках, безумоўна, моцна завышаная.
Тым часам абаронцы пад выглядам нарадаў над каралеўскім лістом атрымалі час да паўдня 30 жніўня, ашукваючы польскае камандаваньне надзеяй на перамовы. Дзякуючы гэтаму яны дагасілі агонь і ўсю ноч з 29 на 30 жніўня працавалі над умацаваньнем валу, які ўжо раз стрымліваў вугорцаў і палякаў. Збудавалі яго паміж дзьвюма яшчэ не кранутымі агнём вежамі, дзякуючы чаму адрэзалі рэшту ўмацаваньняў ад спаленай бастэі і загарадзілі падыход да Верхняга замку. Гэта была драўляная канструкцыя, набітая зямлёй, узятай з подступаў да крэпасьці, што, як мы згадвалі, прывяло да ўзьнікненьня рову — дадатковай абароны. Выкарыстоўваючы начны перапынак у ваенных дзеяньнях, абаронцы ня толькі ўмацавалі вал, але і паставілі на ім некалькі лёгкіх гармат, набіваючы іх сечанымі аскепкамі жалеза.
Урэшце, каля паўдня 30 жніўня маскоўскія камандзіры прынялі перад валамі польскага пасланца. Сказалі яму, што ня могуць адкрыць брамаў крэпасьці,
бо ключы мае іх вялікі князь, а калі нехта зможа іх адкрыць, то няхай Яго Каралеўская Мосьць гэта зробіць.
Адначасова маскоўскія жаўнеры пачалі ўкамплектоўваць спалены бастыён Верхняга замку. Рэшткі ўмацаваньняў гэтай бастэі, адпаведна адрамантаваныя і ўмацаваныя, напэўна, дазвалялі стварыць зь яго першую лінію абароны.
Неўзабаве з польскіх і вугорскіх шанцаў заўважылі маскоўскіх жаўнераў, якія займалі разбураную бастэю Верхняга замку, і паведамілі пра гэта каралю. Батура адразу ж загадаў адкрыць агонь з гармат і пачаць атаку. Праводзілі яе адначасова з паўночнага ўсходу, з поўначы і з захаду ад спаленага Запалоцьця. Апошні кірунак меў, хутчэй, дапаможны характар. Як і ў папярэдні дзень, польская і вугорская пяхота, падтрыманая на гэты раз добраахвотнікамі з коньніцы, уварвалася ў Верхні замак з паўночнага боку.
Вельмі хутка прагналі маскоўскіх жаўнераў з тэрыторыі спаленай бастэі. На гэты раз сярод пехацінцаў знаходзіліся дасьведчаныя афіцэры, якія не рызыкавалі непасрэднай атакай на вал, што загароджваў падыход да наступнай часткі крэпасьці. Вугорцы на чале з трансыльванскім шляхціцам-добраахвотнікам Пятром Рашам пачалі капаць у кірунку валу апрошы. Адначасова была падпалена адна зь вежаў, прычым не было вядома, ці гэта была вежа на захад ад спаленай бастэі, або ўсходняя. У кожным выпадку абаронцы не маглі яе пагасіць, паколькі зямля з капаных апрошаў паслужыла каралеўскім пехацінцам для насыпу невялікага валу. На ім паставілі некалькі гакаўніц і пачалі імклівы абстрэл маскоўскіх пазыцый, не дазваляючы залозе праводзіць контратаку і гасіць падпаленую крэпасьць.
Разьвіваючы посьпех, Батура згадаў паслаць чарговы, трэці падчас усёй аблогі ліст да маскавітаў. Гэта быў ультыматум, падобны зьместам да ліста зь мінулага дня, аднак цяпер асаджаным гарантавалася бясьпека,
толькі калі да трэцяй гадзіны ў гэты дзень [г. зн. у нядзелю 30 жніўня. — Д. К.] здадуць замак і высакародных людзей у гэты час да нас у заклад прышлюць..
Ліст перадаў маскоўскім камандзірам троцкі кашталян Яўстах Валовіч.
Нам невядомыя ніякія рэляцыі асаджаных пра падзеі жнівеньскіх баёў 1579 г., аднак можна меркаваць, што неўзабаве пасьля атрыманьня лісту, г. зн. рана папаўдні 30 жніўня, частка гарнізону і камандзіраў прызнала безнадзейнасьць становішча. Вугорцы капалі чарговыя зыгзагападобныя апрошы, праводзячы іх вельмі блізка да маскоўскага валу, што агароджваў падыход да крэпасьці. Зрэшты, неўзабаве і гэтая перашкода цалкам страціла свае абарончыя вартасьці. Пажар спаліў ня толькі вежу, але і вялікі ўчастак гародняў, якія ішлі за ёй. Такім чынам адкрыўся доступ з боку валу, які абаранялі маскоўскія жаўнеры, і шырокі падыход да крэпасьці.
Рэляцыі пра тое, што адбылося пасьля дастаўкі ў Полацак трэцяга каралеўскага ліста, крыху спрэчныя. Вядома, што першымі запатрабавалі спыніць змаганьне прадстаўнікі «баярскіх дзяцей» і стральцоў. Яны прыбеглі ў царкву сьвятой Сафіі, дзе засядала галоўнае камандаваньне, і тут выбухнулі спрэчкі. Рашучым праціўнікам капітуляцыі быў праваслаўны ўладыка Кіпрыян.[18] Затое няма згоды наконт пазыцыі царскіх ваяводаў. Паводле адных рэляцый, усе былі супраць здачы крэпасьці, жадаючы лепей узарваць яе, а паводле іншых, адзін зь іх — Пётар Валынскі, г. зн. другі ў іерархіі маскоўскіх камандзіраў, падтрымаў патрабаваньні стральцоў.
Царскія камандзіры зачыніліся разам з уладыкам і сваімі прыхільнікамі ў царкве, заяўляючы,
што толькі сілай дазволяць сябе адтуль вывесьці.
Пазыцыя царскіх ваяводаў нікога асабліва не зьдзіўляла. Яны ведалі, што дзякуючы рашучай пазыцыі гарнізону не захаваюць крэпасьці ад капітуляцыі. Аднак царскія загады забаранялі ім капітуляваць, таму, аказваючы хоць бы ўяўны супраціў, яны мелі надзею пазьбегнуць гневу Івана IV. Рабілі так, хоць усьведамлялі, што не атрымаюць праз гэта права свабодна адысьці з крэпасьці. Так было і гэтым разам. У выніку асаджаныя, не зважаючы на пратэсты ваяводаў, адправілі да караля паслоў, згаджаючыся на капітуляцыю, калі ім захаваюць жыцьцё і выпусьцяць з крэпасьці.
Кароль затрымаў прадстаўнікоў залогі, паслаўшы па шасьцярых ваяводаў і ўладыку, якіх пад вартай прывялі з царквы. Аднак ён не хацеў слухаць абвінавачаньняў, якія тыя пачалі кідаць на яго адрас, і аддаў іх пад варту літоўскага падскарбія Лаўрына Войны. Празь некалькі дзён адаслаў іх як палонных у Вільню.
Прывод уладыкі Кірпыяна і ваяводаў мусіў адняць у маскоўскіх жаўнераў крыху часу. Толькі калі маскоўскія камандзіры апынуліся ў каралеўскім лягеры, дэлегацыі асаджаных прадыктавалі ўмовы капітуляцыі. Потым кароль паслаў некалькіх палякаў і вугорцаў прыняць крэпасьць і абараніць трафэі. Прозьвішчаў вугорцаў мы ня ведаем, затое сярод палякаў апынуліся ротмістар прыдворнай гусарскай харугвы Станіслаў Пэнкаслаўскі і цеханоўскі стараста Крыштап Нішчыцкі. Зразумела, знайшлося і некалькі цікаўных, якія самавольна далучыліся да камісіі, вызначанай Батурам. Аднак гэта не акупілася ім, бо манарх, раззлаваны пагардай да ягоных загадаў, ледзьве амаль не прыклаўся аднаму зь іх чаканам. Полацак звярнуўся у рукі Вялікага Княства Літоўскага позна папаўдні або хутчэй увечары 30 жніўня.
Невядома, а каторай гадзіне пачаліся перамовы. Напэўна, час, акрэсьлены ва ўльтыматуме, не захоўваўся вельмі дакладна. М. Стрыйкоўскі сьцьвярджаў, што Полацак капітуляваў у нядзелю 30 жніўня а дваццатай гадзіне, што ў гэтую пару году адпавядала б шаснаццатай гадзіне. Відаць, можна прызнаць гэту гадзіну праўдзівай. Хоць Стрыйкоўскі ня ўдзельнічаў у аблозе Полацку, але знаходзіўся у той час ў Літве, і да яго, безумоўна, даходзіла рэха баёў на Дзьвіне.
К. Гурскі, ідучы за Я. Бельскім, прыняў дату 31 жніўня за дзень капітуляцыі Полацку. Бельскі, які быў пад Полацкам, не падае непасрэдна гэтай даты. На падставе зробленай ім рэляцыі і Р. Гайдэнштайна, які карыстаўся яго даробкам, можна прыйсьці да высновы, што пасьля начнога пажару ўмацаваньняў з 29 на 30 жніўня вугорцы зноў падсунулі свае шанцы
пад Маскву і так блізка падкапаліся, што такі вал за ноч зьнішчылі, што ім амаль у горле сталі.
Потым падклалі агонь, які працягваўся наступную ноч і стравіў далейшую частку ўмацаваньняў.
Бясспрэчна, ніхто ня быў у стане пагасіць пажару, які палаў усю ноч з 30 на 31 жніўня і выпаліў паўночную частку ўмацаваньняў Верхняга замку з чатырма вежамі. Аднак падсоўваньне шанцаў каралеўскай пяхоты пад маскоўскія пазыцыі і капітуляцыя Полацку мелі месца на дзень раней. Гэта пацьвярджае ня толькі цытаваны вышэй М. Стрыйкоўскі, але і ліст троцкага кашталяна Яўстаха Валовіча да віленскага біскупа Юр’я Радзівіла, датаваны 30 жніўня пад Полацкам. Кашталян, які браў удзел у перамовах з залогай, напісаў у ім:
Маскоўскія ваяводы, якія не прасілі міласьці перад абліччам Каралеўскай Высокасьці, былі выведзены як палонныя перад абліччам Каралеўскай Высокасьці. Крэпасьць з ваенным абсталяваньнем была вырвана зь іхных рук (…).
Іншыя крыніцы таксама пацьвярджаюць дзень 30 жніўня як дату капітуляцыі Полацку.
Афіцыйная рэляцыя пра ход аблогі, названая «Edictum Regium de supplicationibus ob captam Polociam», або «Litterae universales post recuperatam arcem Polocensis, ad Ordines Regni datae», была выдадзеная пасьля капітуляцыі Полацку з датай «ultima mensis augusti»,[19] а значыць 31 жніўня. Яна не падае непасрэдна даты капітуляцыі маскоўскай залогі. У ёй апісаны злашчасны штурм 29 жніўня, а таксама падзеі наступнага дня, калі пяхота і добраахвотнікі з коньніцы занялі бастэю Верхняга замку, што прымусіла залогу крэпасьці капітуляваць. Такім чынам, афіцыйная рэляцыя — гэта чарговы, хоць і ўскосны довад на карысьць нядзелі 30 жніўня як даты капітуляцыі Полацку.
Таму ўзьнікае пытаньне, ці Я. Бельскі, апісваючы празь некалькі гадоў аблогу Полацку, дапусьціў памылку. Дапушчэньне, што войскі Рэчы Паспалітай ўзялі Полацак пасьля баёў 29 і 30 жніўня, можа тлумачыцца тым, што 31 жніўня маскоўская залога і цывільныя жыхары гораду пакінулі крэпасьць. Гэта пацьвярджаюць гравюры з эпохі, якія паказваюць царскіх падданых, што выходзяць праз усходнюю браму Стралецкага замку акурат у гэты дзень. Тут, перад лягерам, сядзеў на кані Сьцяпан Батура, якому дэлегацыя абаронцаў аддала на каленях падзяку за ласкавыя ўмовы капітуляцыі.
Умовы капітуляцыі Полацку былі такія мяккія, што выклікалі зьдзіўленьне ў царскіх падданых. Як ужо згадвалася, у няволі затрымалі толькі ўладыку і старшыну. Астатнім абаронцам крэпасьці пакінулі свабодны выбар: яны маглі застацца ў Полацку, прымаючы каралеўскае падданства, або адысьці на тэрыторыі маскоўскай дзяржавы. Большая частка крыніц прызнае, што толькі нешматлікія (напэўна, жыхары гэтых зямель з часу да 1563 г.) абралі першую магчымасьць. Астатнія вырашылі вяртацца на радзіму, хоць ведалі, што за капітуляцыю іх можа напаткаць сьмерць.
Напэўна, ужо ў той час да войска дайшлі весткі пра знаходкі ў крэпасьці чарговых доказаў, якія сьведчылі пра зьдзекі асаджаных над палоннымі, узятымі ў няволю падчас баёў. Шмат каралеўскіх жаўнераў дамагаліся помсты, аднак Батура стаяў на пазыцыі, што нават перад непрыяцелем нельга парушыць раз дадзенага слова.
Кароль стараўся асабіста пільнаваць, каб не парушаліся ўмовы капітуляцыі. Пасьля цырымоніі складаньня паклону дэлегатамі ён ад’ехаў убок і прыглядаўся да людзей, якія выходзілі з замку. Многія зь іх загрузіліся скарбам, якога не хацелі пакідаць на здабычу ворага. Зразумела, гэта страшэнна спакушала лягерную чэлядзь. Сярод яе знайшоўся нават адзін латнік, які пачаў рабаваць скарбы ў пераможаных, маючы надзею, што ў натоўпе яго ніхто не заўважыць. І зноў Батура паказаў тут сваю нястомную энэргію, калі, заўважыўшы чарговую несубардынацыю, пад’ехаў да засьпетага зьнянацку жаўнера і адагнаў яго ад пакрыўджанага булавой.
Было зразумела, што аматары ўзбагаціцца коштам пераможаных так лёгка не здадуцца. Тых, хто вяртаўся ў Маскву, накіравалі на вялікалуцкі тракт, даючы ім для абароны гусарскую харугву Крыштапа Садоўскага, якая налічвала 100 коней і некалькі літоўскіх разьездаў. Аднак гэта не ўсьцерагло царскіх падданых ад рабунку, бо
калі на начлег прыйшлі, пачалі іх гультаі, якія за імі ад войска [каралеўскага. — Д. К.] валакліся, абдзіраць, у чым ім дапамагалі казакі, якія былі пры іх пасланыя. Калі масква спалоханая гэта ўбачыла, пачала па лесе разьбягацца, кожны ў свой бок, то Садоўскі іх зноў сабраць ня мог.
Залога Полацку страціла скарб, аднак дабралася да некалькіх царскіх гарадоў, дзе былых абаронцаў затрымалі мясцовыя ваяводы. Сучасьнікі падзеяў дзівіліся, што цар паставіўся да іх надзвычай ласкава, разьмясьціў у Вялікіх Луках, Звалоччы, Невелі, Усьвятах і загадаў змыць зь сябе ганьбу капітуляцыі пры найбліжэйшай нагодзе. Паводзіны Івана Жахлівага маглі тлумачыцца двума матывамі. Па-першае, ён не прыслаў асаджаным эфэктыўнай дапамогі, таму цяжка было іх караць; па-другое, ласкавасьць мусіла ўмацаваць вернасьць залогу астатніх замкаў.
Яшчэ 31 жніўня быў пагашаны пажар умацаваньняў Верхняга замку, і Батура хацеў уехаць у Полацак. Аднак яму адраілі рабіць гэта з прычыны невыноснага смуроду ад вялікай колькасьці непахаваных цел. У такой сытуацыі ўрачыстае набажэнства падзякі было праведзена ў лягеры, а абодва замкі манарх агледзеў у аўторак 1 верасьня.
Аказалася тады, што нават прызначэньне адмысловых вартаўнікоў не ахавала здабытай крэпасьці ад самавольнага пранікненьня чэлядзі і прагных здабычы жаўнераў. Польскія хранікёры абвінавачвалі вугорцаў, і да Батуры мелі вялікую прэтэнзію, пішучы, што
вугорцы спусташалі і бралі здабычы з замку, нягледзячы на супраціў Нішчыцкага, Пэнкаслаўскага, Немсты, Красіцкага і іншых, каму даручылі варту. Хоць вугорцы гэтаму пярэчылі, звальваючы віну на палякаў, аднак гэтыя рэчы публічна прадаваліся, быццам бы кароль дазволіў вугорцам рабункі.
Здабыча вугорцаў не магла быць вялікай. У Полацку не было спадзяваных скарбаў. Усе больш каштоўныя ўпрыгожаньні і інвэнтар вывезьлі яшчэ ў 1563 г. на загад Івана Жахлівага, а ператварэньне гораду з гандлёва-рамесьніцкага цэнтру ў гарнізон не спрыяла абагачэньню. Хоць кароль даручыў падзяліць знойдзенае сярод жаўнераў, аднак, як можна было прадбачыць, гэта не суняло падазрэньняў і абвінавачаньняў на адрас камандзіраў або прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. Толькі аматары літаратуры маглі быць задаволены вялікай царкоўнай бібліятэкай, якая зьмяшчала творы на грэцкай і рускай мовах[20].
Затое ў Полацку знайшлі вялізныя запасы харчоў і фуража, што мела вялізнае значэньне для згаладалага войска. Было здабыта таксама 38 гармат, 300 гакаўніц, 600 доўгіх ручніц, 2500 цэнтнэраў пораху, мноства ядраў і іншага ваеннага абсталяваньня, якое крыху перабольшана ацэньвалася на 200 тысяч злотых. Гэтых запасаў аблозе напэўна хапіла б, каб вытрымаць вельмі доўгую аблогу.
Крыніцы не падаюць дакладных страт абодвух бакоў падчас аблогі Полацку. Згадкі пра палеглыя 2 тысячы царскіх падданых яўна крыху завышаныя. З каралеўскіх фармаваньняў найбольшыя страты панесла каралеўская пяхота. Мы ведаем толькі попісы польскіх і нямецкіх рот, зь якіх вынікае, што ў першых загінула, памерла або дэзэрціравала 602 чалавекі (36 %), з другіх — 860 (51 %). Вугорцы, якія вельмі актыўна ўдзельнічалі ў аблозе, страцілі прынамсі такі ж адсотак, які і палякі. Найменшыя страты, напэўна, былі ў літоўскай пяхоце, пра якую крыніцы згадваюць радзей. Зразумела, нельга вызначыць, якая частка гэтых страт была вынікам баявых дзеяньняў, а якая хвароб, голаду ці дэзэрцірства. Аднак прыклад страт, панесеных у баях 29 жніўня, сьведчыць пра тое, што баявыя страты склалі найменшы адсотак. Коньніца не панесла іх шмат, бо ў непасрэдных баявых дзеяньнях бралі ўдзел толькі добраахвотнікі і толькі 29–30 жніўня.
Фактычна назаўтра пасьля авалоданьня крэпасьцю пачалі рамантаваць умацаваньні, разбураныя падчас аблогі. За ўсім асабіста сачыў Батура, маючы ў распараджэньні інжынэраў, узятых у паход. Вугорская пяхота атрымала загад раскапаць шанцы і засыпаць апрошы, узьведзеныя вакол абодвух замкаў. Былі дастаўленыя 77 цесьляроў зь Віцебску і Дзісны, якія з дапамогай жаўнераў адбудавалі самы разбураны ўчастак умацаваньняў з боку Палаты.
Амаль цалкам былі ўзьведзены 3 куртыны і 5 вежаў Верхняга замку, для чаго выкарыстоўваліся драўляныя камлі. Звонку іх абаранілі ад агню, абляпляючы тоўстым слоем гліны, умацаванай камянямі. Скляпеньні вежаў, на якіх мусілі стаць гарматы, складаліся з трох пластоў тоўстых бэлек. Трэба прызнаць, што, нягледзячы на пэўныя ўказаньні манарха, працы не зьмянілі прынцыпова характару і формы ўмацаваньняў крэпасьці. Яны былі завершаны ўжо 16 верасьня выплатай працаўнікам з каралеўскага скарбу 7 тысяч злотых.
На валах і вежах Полацку было разьмешчана 29 гармат, у тым ліку адна 12-фунтавая фэльдшлянга і адзінаццаць 6-фунтавых фальканэтаў. Пры кожнай гармаце знаходзілася «стойка (…), штэмпэль і тры зарады», а рэшта ядраў захоўвалася ў скрынях. Акрамя таго, у замку было пакінута некалькі дзясяткаў гакаўніц і, напэўна, частка трафэйных маскоўскіх гармат.
На просьбу гетмана Мікалая Радзівіла кароль прызначыў гараднічым полацкага замку Францішка Жука, зрабіўшы яго адказным за стан узбраеньня і ўмацаваньняў крэпасьці. Галоўнакамандаваньне ўсёй залогай было даручана полацкаму ваяводу Мікалаю Драгастайскаму. Гарнізон крэпасьці налічваў 900 чалавек, у тым ліку 500 пяхоты і 400 коньніцы, а таксама 19 пушкароў на чале з каптэнармусам Тамашом зь Вільні. Позьняй восеньню ў Полацак на зімовы пастой адправілі яшчэ некалькі ротаў, дзякуючы чаму Драгастайскі меў у распараджэньні 1350 жаўнераў і мог нават рабіць дывэрсіі на тэрыторыі ворага.