ЭПІЛЁГ КАМПАНІІ
Адваёва Полацку была галоўнай мэтай кампаніі 1579 г., аднак нельга было скончыць ваенных дзеяньняў, не заняўшы астатніх замкаў Полаччыны, якія яшчэ знаходзіліся ў маскоўскіх руках. Яны пагражалі, можа, ня столькі самому Полацку, колькі камунікацыйным шляхам, якія вялі да яго. Каб Полацак выконваў функцыю адміністрацыйнага і ваеннага цэнтру на сярэдняй Дзьвіне, трэба было ачысьціць ваколіцы крэпасьці ад варожых войскаў. Якраз для гэтага неўзабаве пасьля ўзяцьця Полацку кароль вылучыў з сваёй арміі некалькі корпусаў, якія былі кінутыя на акалічныя маскоўскія замкі.
На загад Батуры вялікі гетман літоўскі паслаў у экспэдыцыю аддзел зь літоўскай коньніцы і казацкай пяхоты на Туроўлю, разьмешчаную на поўдзень ад Полацку, каля тракту на Барысаў. Выправай камандавалі Канстанцін Лукомскі і Марцін Курч. Аднак абышлося бяз бою, бо маскоўская залога, даведаўшыся пра падзеньне Полацку, адышла. 4 верасьня ліцьвіны ўвайшлі ў некрануты замак. Абаронцы ня зьнішчылі нават гармат і харчовых запасаў.