Іван IV бярэ Полацак
Першая непасрэдная сутычка нападнікаў і абаронцаў завязалася ўжо 1 лютага, калі маскоўскія стральцы выбілі абаронцаў з выспы на Дзьвіне. Сёньня гэтага «іванаўскага астрогу» ўжо няма, ад яго застаўся толькі прыбярэжны выступ, зарослы нешматлікімі бярозамі. Але ў 1563 г. з гэтай выспы, разьмешчанай насупраць сутоку Палаты, можна было абстрэльваць умацаваньні 3амку.
З 4 на 5 лютага маскоўскія жаўнеры скончылі насып шанцаў вакол гораду, паставілі на іх лазовыя кошы, напоўненыя зямлёй, і закацілі гарматы на пазыцыі. Усю апэрацыю падстрахоўвалі моцныя аддзелы са стральцоў, казакоў і коньніцы. У такім становішчы кожны выпад за валы скончыўся б фіяска, таму абаронцам давялося абмежавацца абстрэлам варожых пазыцый. Калі ўся іх увага засяродзілася на абстрэле маскоўскіх рэдутаў, аддзел стральцоў Івана Галавахвастава незаўважна падышоў пад самыя валы і здолеў падпаліць адну зь вежаў на Дзьвіне. Пакуль падасьпелі абаронцы, маскоўскія жаўнеры высеклі падгарэлую браму і ўварваліся ў горад. На шчасьце, армія Івана IV была яшчэ не гатовая да штурму — стральцы ня мелі падтрымкі і мусілі адступіць, страціўшы 15 жаўнераў.
Увесь дзень 5 лютага горад абстрэльваўся, але толькі зь лёгкіх і сярэдніх гармат, бо ў маскоўскі лягер яшчэ не прыбылі цяжкія абложныя гарматы. Нягледзячы на гэта, знэрваваныя абаронцы вырашыліся на перамовы. Ваявода Станіслаў Двойна спрабаваў выйграць час, схіляючы полацкага ўладыку Гарабуду пачаць перамовы з баярамі. Ня маючы яшчэ цяжкіх гармат, Іван IV згадзіўся стрымаць абстрэл спачатку на адзін, а пазьней — на некалькі дзён.
Аднак Двойна дапусьціў сур’ёзную памылку, не агаварыўшы, каб на час перамоваў царскія войскі стрымаліся ад фартыфікацыйных працаў. У выніку гэтага ноччу з 5 на 6 лютага шанцы і кошы былі падсунутыя пад самыя валы Вялікага пасаду. Калі толькі 8 лютага на іх паставілі цяжкія гарматы, прывезеныя зь Вялікіх Лукаў, цар разарваў малаплённыя перамовы.
Цяжкая маскоўская артылерыя сканцэнтравалася ў першую чаргу на Вялікім пасадзе, і празь дзьве гадзіны яго валы былі моцна прадзіраўлены. Вялікую шкоду прычынялі і маскоўскія гарматы, якія стралялі з паўднёвага берагу Дзьвіны. Двойна ня бачыў магчымасьці абараняць гэтую частку крэпасьці і 9 лютага загадаў падпаліць Вялікі пасад, адступаючы з залогай у замак. Не было і гаворкі, каб там маглі зьмясьціцца ўсе жыхары і ўцекачы. Больш як 11 000 мужчынаў, жанчын і дзяцей з навакольных вёсак давялося пакінуць падпалены горад і здацца на ласку цара.
Спаленьне Вялікага пасаду аказалася чарговай тактычнай памылкай абаронцаў. Маскоўскія камандзіры адразу выкарысталі яго папялішчы і ўжо ў наступны дзень пачалі падцягваць сюды гарматы. Пачаўся забойчы абстрэл Замку. Ядры зь цяжкіх гармат адрывалі бярвёны ад валоў, ранілі абаронцаў, а шчыльны абстрэл зь пішчаляў не дазваляў ім высунуцца з-за ўмацаваньняў. Адносна бясьпечным месцам быў толькі Сафійскі сабор, дзе засядаў Двойна з камандаваньнем. Уначы 10 лютага 800 польскіх і літоўскіх жаўнераў ударылі на папялішчы Вялікага пасаду, спрабуючы захапіць небясьпечныя батарэі. Уратавала артылерыю чуйнасьць Івана Шарамецева Большага, які асабіста узьняў сваіх людзей у контратаку і ўратаваў гарматы ад пагрозы. Падчас бою артылерыйскі снарад, пушчаны з 3амку, «пагладзіў яго па вуху», і царскі камандзір страціў ня толькі слых, але і жыцьцё. Замяніў яго князь Юры Кашын.
У наступныя дні з Замку не рабілася ніякіх выпадаў. Нават самыя сьмелыя вылазкі не былі ў стане ўратаваць Полацак. За дзьве наступныя ночы маскоўскія жаўнеры паставілі чарговыя гарматы насупраць усходніх валоў Замку. У суботу 13 лютага пачаў зьнішчальны абстрэл усходніх валоў Замку з выкарыстаньнем запальных ядраў. Яны дашчэнту раструшчылі ізьбіцы з 40 гародняў, білі нават у дамы, схаваныя за валамі. Шмат людзей палегла як на валох, так і ў дамох, гінулі таксама тыя, хто сьпяшаўся гасіць усё большыя пажары. У нядзелю вечарам
стральцы падпалілі гарадзкі вал у некалькіх месцах адразу. Цар загадаў уладыку Каломенскаму з усімі духоўнікамі пайсьці ў царкву і маліцца да Збаўцы, да Багародзіцы і да ўсіх цудатворцаў, а сам загадаў свайму палку падрыхтавацца да штурму. Князю Ўладзімеру Андрэевічу і татарскаму цару Сямёну Касаевічу, усім ваяводам і палкам загадаў стаяць напагатове. За дзьве гадзіны да сьвітаньня гасудару далі знаць, што з гораду выходзяць уладыка і ваявода Двойна, запэўніваючы ў капітуляцыі замку.
Быў панядзелак 15 лютага 1563 г.
Перад абліччам пажару і маскоўскай падрыхтоўкі да генэральнага штурму полацкі ваявода выйшаў з замку, згаджаючыся на безумоўную капітуляцыю. На вестку пра гэта збунтаваліся польскія роты Вяшхлейскага і Хэлмскага і з падтрымкай полацкай шляхты рыхтаваліся працягваць супраціў. Гэта дало нечаканы эфэкт, бо Іван IV дазволіў пачаць зь імі асобныя перамовы, на якіх яны запэўнілі сабе свабодны адыход разам з усім сваім скарбам. Яшчэ большае зьдзіўленьне цар выклікаў, калі ня толькі стрымаў абяцаньне, але і запрасіў чатырох польскіх ротмістраў у госьці і адарыў кажухамі, абшытымі золатам.
Ня мелі такога шчасьця ліцьвіны і іншыя жыхары гораду.
Татары манахаў-бэрнардынаў пасеклі, жыдоў усіх у Дзьвіне патапілі, а полацкага ваяводу Двойну з жонкай і ўладыку, і пана Яна Глябовіча, ваяводзіча віленскага, Няміровічаў, Есьманаў, Корсакаў і багата слаўнай шляхты, таксама ўсіх полацкіх мяшчан, якіх пазбавілі ўсіх вялікіх скарбаў у парушэньне дамовы, у турму загрэблі і ў Маскву потым, як жыдоў у Бабілён загналі.
Беларускія гісторыкі нядаўна паставілі пад пытаньне факт масавых пакараньняў часткі жыхароў Полацку, сьцьвярджаючы, што пра гэта згадваюць крыніцы, якія паўсталі празь некалькі гадоў пасьля падзеньня Полацку, дый тое найчасьцей іншаземныя. Не пацьвярджаюць іх таксама рускія летапісы, дый паслы Жыгімонта Аўгуста ня скардзіліся на разьню падчас візыту ў цара.
Полацак патрапіў у рукі Івана IV адносна малым коштам. Маскоўская армія страціла каля 100 забітымі, у тым ліку 66 стральцоў. У рукі пераможцаў патрапіла 20 гармат, арсэнал, царкоўныя скарбы і сабраныя тут каштоўнасьці полацкай шляхты.
Ужо 15 лютага ў Замак увайшлі царскія ваяводы Васіль Сярэбраны і Петар Гарэскі, каб заняць яго валы і падрыхтавацца да ўрачыстага ўезду цара. Апошні зьявіўся пад горадам у чацьвер 18 лютага разам з казанскім царом, князямі
і з усімі ваяводамі і дастойнікамі, пастроенымі паводле іх стану, рушыў у кірунку сваёй вотчыны — Полацку, а, дайшоўшы да гарадзкога рова, зьлез з каня. Ад гарадзкога валу праз спалены пасад яго вёў каломенскі ўладыка Варлам і чуднаўскі архімандрыт Леўкія, восіпаўскі ігумен Лявонці і ўсё астатняе духавенства, якое ішло праз горад Полацак з цудатворным абразам прачыстай Багародзіцы і іншымі абразамі цудатворцаў. Сам цар і вялікі князь ішоў за цудатворнымі абразамі, а зь ім князь Уладзімер Андрэевіч і казанскі цар Аляксандар, і баяры, і ваяводы, і ўсе дастойнікі. У вялікай полацкай браме [г. зн. Замкавай — Д. К.] цара і вялікага князя сустрэў пратапоп з Сафійскім крыжам і сьвятасьцямі сабору сьв. Сафіі, а таксама полацкае духавенства. Цар і вялікі князь падзякавалі Богу і прачыстай Багародзіцы, што дазволілі ім убачыць іх абразы. І падышоў да сабору сьв. Сафіі, а калі ўваходзілі ў храм, сафійскі пратапоп пачаў разам з усім духавенствам сьпяваць малітвы.
Іван Жахлівы застаўся пад Полацкам яшчэ на некалькі дзён, выдаючы шэраг распараджэньняў наконт адбудовы і арганізацыі абароны гораду. За ўсімі працамі мусілі сачыць Петар Зайцаў і дзяк Барыс Шчэкін. Спачатку яны засяроджваліся ў асноўным на рамонце ўмацаваньняў Замку, які ўсё часьцей называўся Верхнім або Высокім. Асаблівая ўвага зьвярталася на аднаўленьне вежаў і брамаў. Апошніх мусіла быць цяпер чатыры: Вусьціцкая (Вусьцейка), Вялікая (даўняя безыменная, якая выходзіла на спалены Вялікі пасад), Сафійская і Багародзіцкая. На спаленых тэрыторыях Вялікага пасаду ўжо не адбудоўвалі гораду. Царскія камандзіры, якія патрапілі тады пад Замак, палічылі, што яго трэба перанесьці за раку Палату. Такім чынам на правым беразе Палаты паўстала т. зв. Запалоцьце. Аднак нельга было пакідаць Верхні Замак без абароны з усходняга боку. Найверагодней, ужо ў наступным годзе на папялішчах Вялікага пасаду пачалі ўзводзіць новы замак, які з часам сталі называць Стралецкім Замкам.
Цар не забыўся забясьпечыць крэпасьць адпаведнай колькасьцю абаронцаў. Ужо ў лютым 1563 г. князі Шарамецеў, Сярэбраны і Шуйскі былі абавязаныя вылучыць са сваіх палкоў пэўную колькасьць «баярскіх дзяцей» і стральцоў, якія пасяліліся б у Верхнім Замку разам зь сем’ямі і складалі яго залогу. Іншыя баяры мусілі даць людзей для абароны гораду. Адначасова выбралі сотнікаў, гараднічых, вызначылі сыстэму вартаваньня, мабілізацыі на выпадак атакі і прызначылі адказных за догляд за асобнымі ўчасткамі ўмацаваньняў. Мяшчанам дазволілі жыць толькі на тэрыторыі Запалоцьця, але толькі частку зь іх складалі даўнія жыхары Полацку. Большасьць складаў элемэнт, прыбылы з суседніх царскіх уладаньняў. Недавер кіраўніцтва маскоўскай дзяржавы да былых падданых Жыгімонта Аўгуста праявіўся ў загадзе, каб
людзей літоўскіх у горад [тут — у Высокі Замак — Д. К.], як прыежджых, так і тутэйшых (…) аднолькава не пускаць, а калі будзе якое вялікае сьвята, то тых, што просяцца ў сабор сьв. Сафіі, мудрасьці Божай, людзей літоўскіх можна пусьціць у горад, але няшмат, зборышча тады зрабіць вялікае ў горадзе, камандзіраў на ўсе месцы паставіць і пільнаваць, каб бязь ведама баяраў і бяз прыстава ніводзін літоўскі чалавек, шляхціц ці мяшчанін, не хадзіў.
Аднак тых літоўскіх людзей у Полацку не магло быць шмат. Як ужо згадвалася, амаль усіх жыхароў Полацку выслалі да розных, далёкіх ад мяжы гарадоў.
Лёс палонных у маскоўскай няволі ў той час быў страшны. Дзясяткі іх ня раз цягам аднаго дня гінулі ў жудасных турэмных лёхах, іх прадавалі і дарылі, быццам мёртвыя прадметы ці быдла. Літоўскіх татараў, якія адмаўляліся прыняць праваслаўе, тапілі, польскіх палонных цар разам з коньмі і птушкамі слаў у падарунку хану, іх прадавалі на рынках, нібы свойскую птушку групамі па дзесяць зь нечым і больш паганскім пасланцам і купцам.
Толькі шляхта магла разьлічваць на крыху лепшае абыходжаньне, бо ў тым выпадку была надзея атрымаць водкуп. Але і зь яе часам зьдзекаваліся, а на яе лёсе адбіваўся няўдалы паварот перамоваў ці паразы царскіх войскаў. Польскі бок не сьпяшаўся з выкупам палонных, бо таксама цар часам выстаўляў розныя дзіўныя патрабаваньні. У такім становішчы мала каму ўдалося вярнуцца ў Літву.
Ваявода Станіслаў Двойна адпакутаваў у няволі чатыры гады, пакуль яго не абмянялі на маскоўскага ваяводу Чэмкіна, аднак жонка Двойны, Пэтранэла Радзівілаўна, памерла ў няволі.
Частка полацкай шляхты здолела ўцячы зь зямель, што апынуліся пад пагрозай царскага нашэсьця, і схавалася далей у Літве. Іншыя ратаваліся, прымаючы царскае падданства, але гэта не давала поўнай бясьпекі. Кожны мог быць сасланы ўглыб маскоўскай дзяржавы, а летам 1567 г. царскія жаўнеры забівалі насельніцтва цэлых вёсак, западозраных у сымпатыях да караля. Амаль няспынныя ваенныя дзеяньні і некалькі эпідэмій дапоўнілі спусташэньне Полаччыны. Урэшце вайна і царскія загады прывялі да заняпаду Полацку. З найвялікшага ў Літве гандлёвага і рамесьніцкага цэнтру ён стаў амаль выключна памежнай маскоўскай крэпасьцю.