Армія Івана IV Жахлівага

У сярэдзіне XVI ст. Іван IV Жахлівы загадаў выдаць шэраг распараджэньняў, якія мусілі ўмацаваць колькасьць і спраўнасьць узброеных сілаў маскоўскай дзяржавы. У выпадку вайны служыць у войску былі абавязаны прадстаўнікі амаль усіх пластоў грамадзтва. Асноўнай катэгорыяй насельніцтва, якая фармавала армію, былі, як і даўней, фэадалы: баяры, «дваране» і «баярскія дзеці». Баяры былі ўладальнікамі вялікіх спадчынных землеўладаньняў, і большасьць зь іх утварала стан, які адпавядаў родавай арыстакратыі на захадзе Эўропы. Яны засяроджвалі ў сваіх руках амаль усе годнасьці і дзяржаўныя пасады, а самыя значныя зь іх засядалі ў баярскай думе, якая была дарадчым органам цара. «Дваране» — гэта сярэдні фэадальны пласт, як бы «новая знаць», пачаткі якой сягалі XIV ст. У той час рускія князі і баяры пачалі надзяляць зямлёй сваіх дваранаў і ўраднікаў, што з часам прывяло да вылучэньня гэтай спэцыфічнай групы фэадалаў. У сваю чаргу «баярскія дзеці» — гэта фэадалы ніжэйшага рангу, цесна зьвязаныя з баярскімі дварамі і сваімі патронамі невялікімі зямельнымі надзеламі.

Вайсковыя абавязкі знаці грунтаваліся на «памеснай сыстэме», сфармаванай яшчэ ў XV ст. На яе падставе фэадалы, абдораныя зямельнымі надзеламі, былі абавязаныя несьці вайсковую службу.

Так, гэты досыць разнародны дваранскі пласт утвараў у межах паспалітага рушаньня кавалерыйскія фармаваньні.

У 1556 г. на загад Івана IV было выдадзена «Уложение о службе», якое зраўняла ў вайсковых абавязках уладальнікаў родавых памесьцяў («вотчын») і аддадзеных уладаром у часовае карыстаньне («памесьцяў»). Таму кожны дваранін павінен быў асабіста несьці вайсковую службу з уласным узбраеньнем і экіпіроўкай. Больш за тое, у залежнасьці ад памераў маёмасьці, якой валодаў, ён павінен быў выставіць за свой кошт адпаведную колькасьць людзей і коней. Зазвычай з 100 «чвэрцяў» зямлі (каля 50 га) выстаўлялі аднаго коньніка ў поўным ўзбраеньні. Такім чынам, фэадал мусіў выставіць з 300 чвэрцяў зямлі дваіх чалавек (акрамя сябе), з 400 — траіх, з 500 — чатырох і г. д. Калі паход ня быў далёкі, жаўнерам дазвалялася ўзяць з сабой па адным кані, а на больш далёкія паходы загадвалася браць двух коней.

Царскі ўказ 1556 г. значна павялічыў колькасьць маскоўскай фэадальнай коньніцы. У паходзе на Казань 1552 г. яе колькасьць ацэньвалі на 18,5 тысяч коней, а ў 1578 г. у маршы да інфлянцкай мяжы ўзялі ўдзел 26 933 конныя ваяры, зь якіх — 6461 татарын і т. зв. «новаахрышчаны» (г. зн. мардвіны, чувашы і да т. п.).

За кожнага коньніка, прыведзенага на паход, дваранін атрымліваў зь дзяржаўнай казны 1–2 рублі, у залежнасьці ад якасьці ўзбраеньня. Той, хто выстаўляў больш жаўнераў, чым прыпісаная яму колькасьць, мог разьлічваць на большы жолд. Тыя, хто ўхіляўся ад вайсковай службы (т. зв. нетчыкі), абкладаліся высокімі штрафамі. Грашовыя пакараньні трэба было плаціць і тады, калі былі ўстаноўленыя недахопы і пашкоджаньні зброі ці экіпіроўкі. Аднак апошняе распараджэньне было цяжка выканаць, бо не было палажэньняў, якія б дакладна акрэсьлівалі від і якасьць зброі.

Як ужо згадвалася, аддзелы маскоўскай коньніцы былі арганізаваныя паводле прынцыпу паспалітага рушаньня. Зямельныя ўладаньні пераходзілі ад бацькі да сына, у сувязі з чым кожны дваранін, якому споўнілася 15 гадоў, уносіўся ў вайсковы сьпіс. З баяраў, «дваранаў» і «баярскіх дзяцей» фармавалі сотні, а тыя, у сваю чаргу, аб’ядноўвалі ў палкі рознай колькасьці. У мірны час яны зьбіраліся паводле паветаў на агляды, а поўную мабілізацыю абвяшчалі ў выпадку вайны. Яна адбывалася надзвычай павольна, і ў гэты час за коньніцай цягнуліся аграмадныя табары зь вялікай колькасьцю чэлядзі і разнастайных слуг. Каб даць гэтаму рады, мабілізацыю стараліся праводзіць як мага бліжэй да меркаванага тэатру ваенных дзеяньняў.

Узбраеньне маскоўскай шляхецкай коньніцы было вельмі разнароднае. Наступальная зброя выраблялася амаль выключна ў мясцовых майстэрнях, а ўваходзілі ў яе: шаблі, дзіды, булавы і лукі. Маскоўская коньніца ў той час не карысталася агнястрэльнай зброяй. Ахоўныя дасьпехі складаліся зазвычай з т. зв. мяккіх латаў. Гэта быў шырокі прашыты кафтан, або жупан на падбіўцы, т. зв. «тегиляй». Часамі на гэтыя кафтаны нашывалі мэталёвыя бляшкі. Выкарыстоўваліся і мэталічныя дасьпехі, найчасьцей — вырабленыя з жалезных колцаў кальчугі і байданы. Толькі багацейшыя маглі сабе дазволіць спалучэньне колцаў з мэталічнымі пліткамі (т. зв. бехцеры). Коньнікі ахоўвалі галовы місюркамі[3] або высокімі шышакамі турэцкага тыпу, дадатковай аховай былі часам малыя круглыя шчыты. Самастойнае ўзбраеньне жаўнераў, якое праводзілася за свой кошт, адбівалася ня толькі на разнастайнасьці, але і на якасьці зброі. У выніку яна часта была проста ў фатальным стане.

Пачынаючы зь сярэдзіны XVI ст. у складзе маскоўскіх войскаў знаходзіліся вольныя казакі (яіцкія, волскія, данскія, а таксама ўкраінскія).

Яны выконвалі памежную службу, зазвычай конную, а спарадычна падтрымлівалі таксама маскоўскую армію ў розных паходах. Аднак трэба зазначыць, што яны лічыліся людзьмі незалежнымі, таму іх удзел у ваенных кампаніях зазвычай залежаў ад канкрэтных перамоваў з пасланцамі Крамля.

Частка казакоў наймалася на службу пры акрэсьленых гарадах, а называлі іх ад гораду, пры якім служылі. Гарадавыя казакі, якія сустракаюцца ўжо XV ст., цалкам залежалі ад дзяржаўных уладаў. Яны жылі ў гарадах або асобных прыгарадных паселішчах, званых казацкімі слабодамі, а мясцовыя ваяводы запісвалі іх у адмысловыя сьпісы. За службу іх узнагароджвалі грашыма або невялікімі надзеламі зямлі. Іх фармавалі ў палкі прыблізна па 500 чалавек, палкі дзялілі на сотні, а іх — на дзясяткі. Большасьць гарадавых казакоў сканцэнтравалася на паўднёвых межах маскоўскай дзяржавы, дзе яны патрулявалі галоўныя шляхі нападаў крымскіх і нагайскіх татараў. Апірышчам для іх была сталая зона ўмацаваньняў (т. зв. «засечная черта»), якая цягнулася ад Пуціўля праз Арол, Ражск і Гжацак. Гарадавых казакоў выкарыстоўвалі таксама для ваенных паходаў наступальнага характару. Напрыклад, яны апынуліся ў складзе арміі Івана IV, якая ў 1563 г. узяла Полацак. У 1596 г. агульная колькасьць гарадавых казакоў, перапісаных у 38 гарадах, перавысіла 7,5 тысячы чалавек.

Маскоўскую коньніцу ўмацоўвалі шматлікія татарскія аддзелы з казанскага і астраханскага ханстваў, якія трапілі пад маскоўскі ўплыў. Дапаможныя кантынгенты выстаўлялі таксама плямёны чарамісаў, чувашоў і мардвінаў, якія насялялі ўсходнія і паўднёвыя межы маскоўскай дзяржавы. Яны ня мелі ахоўных дасьпехаў, выкарыстоўвалі зазвычай лукі і шаблі, а часамі — т. зв. «маслакі» (г. зн. конскія сківіцы, прывязаныя да кіёў). Коньніца, якая фармавалася з усходніх народаў, ахвотна выкарыстоўвалася ў маскоўскай арміі для дывэрсійна-выведчых заданьняў.

Ужо ў першыя дзесяцігодзьдзі XVI ст. у маскоўскай дзяржаве зьявілася пяхота, узброеная агнястрэльнай зброяй. Гэта былі т. зв. «пішчальнікі», якіх даваў горад. Аднак іх аддзелы былі ня вельмі шматлікія, і прытым фармаваліся яны ў надзвычайным парадку. У такіх абставінах у 1550 г. Іван Жахлівы аддаў загад аб утварэньні фармаваньня стральцоў — прататыпу рэгулярных узброеных сілаў. Спачатку яны налічвалі 3 тысячы чалавек, аселых у падмаскоўскай слабадзе Вараб’ёва. Яны былі падзеленыя на 6 аддзелаў па 500 жаўнераў, апошнія, у сваю чаргу, дзяліліся на сотні на чале з сотнікамі, якія паходзілі з «баярскіх дзяцей». Сотні складаліся зь дзясятак. Зь цягам часу ў стральцы наймаліся таксама свабодныя людзі з-пад іншых гарадоў, таму пазьней яны дзяліліся на маскоўскіх і гарадавых. Расейскія гісторыкі ацэньваюць, што ў 80-я гг. XVI ст. гарнізоны стральцоў стаялі ў 22 гарадах. Пасьля ўвядзеньня Іванам IV Жахлівым сыстэмы «апрычніны» стральцы пачалі таксама называцца дзяржаўнымі («апрычнымі») і земскімі.

Стральцы рэкрутаваліся зь беднага, але свабоднага насельніцтва прадмесьцяў і гарадоў. Узамен за вайсковую службу яны атрымлівалі невялікія надзелы зямлі, збожжа і пэнсію, якая спачатку складала 4 рублі на год для тых, хто жыў пад Масквой. Узнагарода гарадавым стральцам была значна сьціплейшай і вагалася ад 50 да 75 капеек на год. Паколькі надзелы зямлі стральцам даваліся з правам перадачы ў спадчыну, і іх сыны былі абавязаныя служыць у арміі, утвараючы разам своеасаблівую касту ваяроў. Падчас міру яны жылі разам са сваімі сем’ямі паблізу гарадоў, у асобных стралецкіх слабодах. Ураблялі зямлю, а таксама займаліся гандлем, рамесьніцтвам ці выконвалі паліцэйскія функцыі ў гарадах, пры якіх жылі. Падпадалі пад адмысловы Стралецкі прыказ.

Падчас вайны маскоўскія стральцы былі абмундзіраваныя ў асноўным аднолькава і атрымлівалі аднастайнае ўзбраеньне зь дзяржаўных арсэналаў. Яно складалася з шаблі, кнотавага пішчала або ручніцы і кароткага бердыша. Апошні быў сур’ёзнай сечнай зброяй з доўгім лязом прыблізна на 1 мэтар, прыбліжаным формай да паўмесяца. Бярдыш, убіты ў зямлю, служыў жаўнеру як падпорка для агнястрэльнай зброі, замяняючы пры страляньні фаркет,[4] ужываны заходнеэўрапейскімі мушкетэрамі. Гарадавыя стральцы зазвычай былі ўзброены значна горш за маскоўскіх. Ня раз замест агнястрэльнай зброі яны насілі яшчэ лукі ці абмяжоўваліся аднымі бердышамі.

Нягледзячы на пэўныя недахопы ва ўзбраеньні, стральцы ў кароткім часе сталі найбольш спраўным і каштоўным фармаваньнем маскоўскай арміі. За Івана IV штогод праводзіліся агляды стралецкіх аддзелаў, якія муштравалі ў страявой падрыхтоўцы і стральбе зь пішчаляў. Адзін з найбольш гучных аглядаў праводзіўся ўзімку 1557 г., калі стралковай цэльлю маскоўскім жаўнерам служыў вялізны лядовы вал даўжынёй 200 мэтраў. Хоць стралкі былі перадусім пяхотным фармаваньнем, варта заўважыць, што ўказам цара быў створаны таксама невялікі конны аддзел, для якога адабралі найлепшых жаўнераў.

Першая ваенная кампанія, у якой узялі ўдзел стральцы, была аблога і здабыча Казані ў 1552 г. Пазьней яны ваявалі ў Інфлянтах і на літоўскім памежжы. Не захавалася ніводнага маскоўскага вайсковага перапісу, які ахопліваў бы ўсе стралецкія аддзелы ў час Івана IV. Паводле ангельца Флэчара, які наведаў маскоўскую дзяржаву ў канцы XVI ст., колькасьць стральцоў ацэньвалася прыблізна на 12 тысяч — 5 тысяч маскоўскіх, 5 тысяч гарадавых і 2 тысячы конных. Здаецца, што гэтая лічба найбольш блізкая да рэчаіснасьці, аднак напэўна ў дачыненьні да часу Івана IV крыху завышаная.

Трэцяй складовай часткай маскоўскай арміі была артылерыя. У XVI ст. яна вылучалася ў самастойны род войскаў, які ўлады атулялі асаблівым клопатам. Артылерысты, або пушкары, жылі часта ў «пушкарскіх слабодах» і, як і стральцы, былі падзелены на маскоўскіх і гарадавых. Вэрбавалі іх сярод насельніцтва гарадоў і прадмесьцяў з рэкамэндацый іншых пушкароў. Іх узнагароджвалі збожжам, сукном, гадавым жолдам, а часам нават невялікімі надзеламі зямлі. Як і ў выпадку стральцоў, становішча маскоўскіх пушкароў была нашмат лепшым, чым гарадавых. Першыя былі лепей забясьпечаныя; напрыклад, у сярэдзіне XVI ст. атрымлівалі 2 рублі гадавой пэнсіі, у той час як гарадавыя пушкары — палову гэтай сумы. У склад артылерыі ўваходзілі таксама кавалі, цесьляры і нават вартаўнікі брамаў, якія пільнавалі муры з устаноўленымі на іх гарматамі.

Артылерыйскае абсталяваньне адлівалася мясцовымі майстэрнямі ў Маскве, Туле і Ноўгарадзе Вялікім. У сярэдзіне XVI ст. адбыўся досыць значны прагрэс у разьвіцьці маскоўскай артылерыі, на што пэўным чынам паўплывалі замежныя спэцыялісты. Нягледзячы на значную разнастайнасьць гарматаў і калібраў, артылерыйскае абсталяваньне было добрай якасьці, а колькасьць гарматаў, якія выводзіліся на фронт, уражвала. Напрыклад, пры аблозе Казані за Івана IV Жахлівага было выкарыстана блізу 150 гармат.

Мабілізацыйныя магчымасьці маскоўскай дзяржавы ў час Івана IV выклікаюць пэўныя спрэчкі сярод расейскіх гісторыкаў. Ня раз пісалася пра 100 тысяч, а нават пра 200 тысяч ваяроў. Е. Разін ацэньваў іх на 60–70 тысяч чалавек, у тым ліку — 35 тысяч «памеснай» коньніцы, 12 тысяч стральцоў, 3 тысячы пушкароў, 6 тысяч гарадавых казакоў, 10 тысяч татараў і 4 тысячы наёмнікаў. Да гэтага можна далучыць 4–5 тысяч данскіх казакоў.[5] Наёмнікі пачалі зьяўляцца ў маскоўскай арміі ў большай колькасьці пачынаючы з 1572 г., калі Юрген Фэрзэнбах, схоплены ў палон у Лівоніі, абавязаўся наняць для Івана IV аддзел зь немцаў.

Зразумела, колькасьць ваеннаабавязаных людзей не была роўная ліку жаўнераў, што ішлі на фронт. Ня ўсе ваеннаабавязаныя зьяўляліся на ваенныя паходы, акрамя таго, частку людзей заўсёды пакідалі на паўднёвай мяжы дзяржавы для прадухіленьня татарскіх нападаў, а таксама на вартаўнічай службе ў Маскве і іншых гарадах. Мяркуецца, што Іван IV мог вывесьці ў поле 30–40 тысяч (найбольш — 50 тысяч) жаўнераў, падмацоўваючы іх пэўнай колькасьцю «цяглага» насельніцтва (т. зв. «тяглое население» — г. зн. насельніцтва, не абцяжаранае пастаянным ваенным абавязкам).

У выпадку вайны на фронт рушыла ня толькі дваранства, стральцы, пушкары ці казакі. Да зброі клікалі таксама т. зв. «даточных» людзей, г. зн. выбранцаў сярод вясковага і гарадзкога насельніцтва ўсіх маёмасных станаў, г. зн. са згаданага вышэй «цяглага» насельніцтва. У гарадах давалі аднаго збройнага з пэўнай колькасьці дамоў, а на вёсках — з пэўнай колькасьці сохаў, якімі вымяралася плошча глебы. Тут не было дакладных прадпісаньняў, якія б акрэсьлівалі павіннасьці жыхароў гарадоў і вёсак, таму колькасьць выбранцаў усталёўвалася ў залежнасьці ад патрэбаў. Звычайна на далёкія ваенныя паходы бралі іх па дзесяць зь нечым тысяч, часамі больш, хоць сьведчаньні летапісаў пра 80-тысячны марш на Полацак у 1563 г. бясспрэчна груба перабольшаныя.

Выбранцы мусілі несьці пешую або конную службу, але, нягледзячы на царскія ўказы, іх узбраеньне звычайна было недастатковым. Складалася яно найчасьцей з лукаў, рагуляў, дзідаў або сякер. Дадатковым недахопам была слабая падрыхтоўка, бо «датачные» людзі былі прыпісаныя да пяхоты або артылерыі з мэтай дапамогі ў здабычы і перавозе правіянту, будоўлі дарог, засекаў, насыпе шанцаў і г. д. Спарадычна іх выкарыстоўвалі для штурмаў падчас аблогі гарадоў.

У 50-я гады XVI ст. у маскоўскай дзяржаве зьявіліся новыя цэнтральныя органы — прыказы. Першыя зь іх былі падпарадкаваныя патрэбам арміі. Найважнейшы зь іх — Прыказ вайсковых справаў («разрядный»), які праводзіў улік ваеннаабавязаных. Раздачай і перапісам маёнткаў, абцяжараных вайсковай службай, займаўся Прыказ зямельных уладаньняў (памесны). Каля 1571 г. узьнік Стралецкі прыказ, які кіраваў як стральцамі, так і гарадавымі казакамі. Забесьпячэньнем войска зброяй, яе вытворчасьцю, складаваньнем і даглядам умацаваньняў займаліся прыказы: Пушкарскі, Арсэнальны (оружейный), Узбраеньня (бройный) і Каменных справаў (каменных дел).

Аднак пры ўтварэньні прыказаў не ўдалося пазьбегнуць пэўных недахопаў. Яны ня мелі адзінага цэнтральнага кіраўніцтва і часта ўмешваліся ў кампэтэнцыю адзін аднаго. Другой нявырашанай праблемай, нягледзячы на шэраг рэформаў, праведзеных Іванам IV, была сыстэма галоўнага камандаваньня, якая надалей грунтавалася на т. зв. «месьніцтве». Гэта была своеасаблівая іерархія баярскіх родаў паводле іх старшынства і важнасьці, заснаваная на традыцыі. Была складзена афіцыйная генэалягічная кніга, якая ўпарадкоўвала баярскія і дваранскія роды, але даручэньне вайсковых пастоў у розных палках заставалася нявырашанай праблемай. Цар мусіў улічваць ня столькі вайсковыя кампэтэнцыі і здольнасьці, колькі менавіта тое «месьніцтва». Ня раз гэта прыводзіла да спрэчак паміж камандзірамі і выклікала скаргі, што паступалі да цара напярэдадні амаль кожнага збройнага паходу.

Войска, якое накіроўвалася на фронт, фармавалі на тры або пяць палкоў. У апошнім выпадку гэта былі палкі: вялікі, пярэдні, правая рука, левая рука і вартаўнікі. У выпадку трох — вялікі, пярэдні і вартаўнікі. Да выключэньняў належалі паходы, дзе выкарыстоўваўся падзел на сем палкоў. Лёгкая коньніца ўтварала асобную групоўку, прызначаную для адмысловых дзеяньняў. Калі-нікалі да арміі далучалі т. зв. «гасударскі полк», у якім служылі прадстаўнікі наймагутнейшых баярскіх родаў са сваёй прыслугай.

Камандаваньне ўсімі ваеннымі апэрацыямі ажыцьцяўляў камандзір вялікага палка, і ён нёс адказнасьць за хаду выправы. Яму падпарадкоўваліся таксама ваяводы астатніх палкоў, якіх падтрымлівалі дзякі — чыноўнікі, якія пісалі загады, вялі рахункі і г. д. Палкі дзяліліся на сотні, паўсотні і дзясяткі з адпаведнымі камандзірамі — сотнікамі, пяцідзясятнікамі і дзясятнікамі. Артылерыя дзялілася ўжо на вялікую (пры вялікім палку), і палкавую — прыпісаную астатнім адзінкам.

Наперадзе баявога строю маскоўскай арміі знаходзілася лёгкая коньніца, якая высылалася наперад за некалькі дзён раней. За ёй пасоўваліся аддзелы зь сялянаў і мяшчанаў, якія рамантавалі дарогі і масты, пасьля чаго маршаваў пярэдні полк, які ўтвараў уласна авангард арміі, і мог прыняць першы ўдар. Толькі пасьля яго рушылі галоўныя сілы — вялікі полк з артылерыяй, далей — табары і полк варты, які прыкрываў тыл. Палкі правай і левай рукі прыкрывалі крылы. Зразумела, у спрыяльных умовах для перавозу артылерыі, пяхоты і запасаў выкарыстоўвалі рэкі.

Тактыка маскоўскай арміі не зьмянялася гадамі. У баёх на адкрытым полі нападныя дзеяньні вяла коньніца, якая ў выпадку няўдачы адступала аж за пяхоту. Пяхота звычайна білася з-за прыкрыцьця, якое ёй давалі рухомыя палявыя ўмацаваньні, што складаліся з грубых дошак (т. зв. гуляйгарады). Іх перавозілі на калёсах або санях, а пасьля разьмяшчэньня ўмацаваньняў у полі іх крылы ўмацоўвалі артылерыяй. Пад прыкрыцьцём так выстраенай пяхоты і гарматаў выстаўлялі або перагрупоўвалі коньніцу для паўторнай атакі. Зразумела, роля коньніцы меншала пры аблозе гарадоў. Галоўны цяжар змаганьня ў такіх выпадках клаўся на артылерыю і пяхоту, а коньніца блякавала дарогі і праводзіла выведчыя і дывэрсійныя акцыі.

Тагачасныя храністы падкрэсьлівалі надзвычайную вытрываласьць маскоўскіх войскаў пры аблозе і абароне крэпасьцяў. Таксама ўсе інжынэрныя працы маскоўскія інжынэры выконвалі вельмі хутка і спраўна. Проста да дасканаласьці яны давялі сыстэму ўзьвядзеньня драўляна-земляных крэпасьцяў, што прадэманстравалі падчас войнаў за Лівонію. Будоўля такога замку заўсёды была загадзя заплянаваная і доўжылася вельмі мала:

Угледзеўшы наперад месца, зручнае для ўмацаваньня, сьсякаюць у далёкіх лясох мноства прыдатных дрэваў (…), якія, апрацаваўшы і пазначыўшы, сплаўляюць вадой, а калі яны прыплывуць да таго месца, выцягваюць на сушу і паводле знакаў на кожным дрэве адно пры адным у зямлю забіваюць, і гэтак вокамгненна паўстаюць замкі, укамплектаваць якія падрыхтаваны паблізу залогі, так што кароль раней атрымліваў навіны пра іх пабудову, чым мог даведацца, што іх пачалі або задумалі будаваць.

Гэтыя цьвердзі грунтаваліся на ізьбічнай (izbicowej) канструкцыі. Ізьбіцы, што нагадвалі вялікія скрыні, будаваліся з драўляных бярвёнаў, запаўнялі зямлёй і каменьнем, а звонку абкружаліся некалькі разоў пластом драўлянай зрубнай сьцяны. Вонкавую сьцяну абляплялі глінай або абкладалі дзёрнам, што ахоўвала ўмацаваньні ад спробаў праціўніка падпаліць іх. Верхнія часткі ізьбіц, аснашчаныя адтулінамі для байніцаў, а часта пакрытыя таксама дахамі, утваралі баявыя пляцоўкі для абаронцаў. У прамежках паміж ізьбіцамі ўтваралі байніцы для гарматаў, а на зьвілінах узводзілі драўляныя вежы. Варта адзначыць, што ў пачатковай фазе першай Паўночнай вайны нізкі ўзровень уменьня ліцьвінаў весьці аблогу дазволіў войскам Івана IV уварвацца з дапамогай гэтых крэпасьцяў углыб тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.