25. ПОМНІКІ БРЭСТЧЫНЫ

25. ПОМНІКІ БРЭСТЧЫНЫ

А. Жывыя помнікі

– Хіба бываюць жывыя помнікі? – вельмі здзівіўся адзін мой маленькі знаёмы. – Яны ж усе жалезныя ды каменныя.

– Зусім-зусім не бываюць жывыя? – пацікавіўся я.

– Хіба толькі ў казках, – адказвае малы.

– А што значыць жывыя? – зноў пацікавіўся я.

– Ну, жывыя – гэта калі ходзяць, размаўляюць… А помнікі не разбаўляюць!

– А на што падобнае слова “помнік”?

Мой знаёмец трошкі задумаўся і раптам весела закрычаў:

– Помніць! Памяць!.. Помнік – гэта памяць!

– Так, памяць пра былыя часы. І таму нават жалезны ці каменны помнік можа “размаўляць” (не словамі, канешне)… і расказаць шмат цікавага пра мінуўшчыну. Паслухаем?

І мы выйшлі на вуліцу.

Б. Дубы-волаты

Мой маленькі суразмоўца памыляўся, калі лічыў, што помнікі бываюць выключна з металу ці каменя. Ёсць сапраўдныя жывыя – прыродныя – помнікі. Іх стварыла самая прырода. З іх мы і пачнём размову.

Самае вялікае дрэва ў Жабінкаўскім раёне знаходзіцца недалёка ад пасёлка Ленінскі. Гэта велічны дуб. Ён стаіць у самым цэнтры старога парка Ацячызна. Парку – сто пяцьдзесят гадоў назад, а самому дубу – больш за паўтысячагоддзя! Абхапіць дрэва змогуць, узяўшыся за рукі, толькі пяць чалавек!

Але гэта яшчэ не самае старое дрэва на Берасцейшчыне. У Маларыцкім раёне ёсць сапраўдны Цар-дуб. Самавіты, моцны, старажытны велікан! Ужо восемсот гадоў жыве ён на зямлі. Стаіць моўчкі, ганарліва. Толькі лістотаю шуміць улетку. Шмат гісторый можа расказаць гэты старажыл. Усё помніць. Пра ўсё ведае. Але маўчыць. Высока хавае таямніцы мінулага ў зялёнай сваёй кароне.

В. Шуміць вялікі лес…

Лес спрадвеку быў кармільцам чалавека і яго абаронцам.

Некалі прыйшла ў наш край бяда – Чорная смерць (чума). Супраць яе вежаў не пабудуеш, равамі ад яе не адгародзішся. Адно выратаванне – Белавежская пушча. Са сваіх гарадоў і вёсак берасцейцы пайшлі ў лясы. Сам кароль Ягайла са сваім дваром і дружынай схаваўся ў пушчанскіх дубравах. У той год амаль напалову абязлюдзела Еўропа, а Беларусь ад Чорнай смерці выратаваў Вялікі лес.

Умеў лес і ваяваць. Паўстанцы Касцюшкі, Каліноўскага, воіны 1812 года, партызаны Вялікай Айчыннай вайны – усе змагаліся пад абаронай пушчаў. Угыбіню берасцейскага лесу ворагі нават баяліся нават заходзіць.

У Белавежскай пушчы адбываліся і надзвычай важныя гістарычныя падзеі. Тут, у Віскулях, зімой 1991 года быў падпісаны дагавор пра скасаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і ўтварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У выніку гэтага мы й атрымалі магчымасць жыць у сваёй незалежнай дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь.

Аднак не заўсёды чалавек беражліва абыходзіўся са сваім багаццем – сваім лесам. На працягу стагоддзяў гучалі тут стрэлы. Вось забіты апошні тур... Вось памірае апошні старажытны конь – тарпан... Вось ужо ў апошняга зубра цэліцца паляўнічы...

Але апамяталіся людзі:

– Што мы робім?! Лес губім – сябе губім...

Нельга ўжо адрадзіць дзікіх коней і рэліктавых быкоў, але зубра людзі вярнулі ў пушчу. Велічная і прыгожая жывёла стала сімвалам не толькі Брэстчыны, але і ўсёй Беларусі. (Калі прыгледзецца, дык абрысы нашай краіны нават нечым нагадваюць зубра!)

За тое, што чалавек захаваў цудоўную прыроду, меў ён гонар і славу.

А Белавежская пушча стала вялікім жывым помнікам, прызнаным ва ўсім свеце. Міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА, якая займаецца аховай помнікаў, абвесціла нашу пушчу сусветнай каштоўнасцю!

Г. Крынічка – Божы дар

Маленькі мой сябар, ці бачыў ты, як б’е з-пад зямлі сцюдзёная крынічка? Бяжыць струменьчыкамі жывая вада. Цурчыць яна, чысценькая ды празрыстая, – быццам песеньку спявае. Як жа хораша! Як жа добра!

На Брэстчыне знойдзена каля сотні крыніц. Часам яны становяцца пачаткамі вялікіх рэк. У вёсцы Ясінец Баранавіцкага раёна пяць невялічкіх крынічак падпітваюць рэчку Сэрвач. А на Камянеччыне існуе вёска Вярхі. І тут ёсць “жывая” вада, ад якой нараджаецца рэчка Змейка. Бяжыць Змейка сярод лугоў ды пагоркаў...

Некаторыя крыніцы з лячэбнай вадой, лічацца “святымі”. Людзі кажуць: “Пакуль будзе вада ў крыніцы чыстаю, датуль будзе чысты чалавек”.

Д. Камень пры дарозе

Часам вада і камень точыць! Але ёсць на Брэстчыне камяні, якія нават час не перамагае.

Тысячагоддзі жывуць на зямлі агромністыя валуны – помнікі магутнага дагістарычнага ледавіка.

Сустракаюцца і камяні-следавікі. На іх пакінулі адзнакі сівыя доўгія вякі. Для вялізных камянёў людзі прыдумвалі імёны: “Божы слядок”, “Цар” ці “Чортаў камень”. Расказвалі пра іх цікавыя легенды. Найвялікшы валун важыць 12 тон і ляжыць каля вёскі Хмялёўка Маларыцкага раёна.

Ёсць камяні, знітаваныя з гістарычнымі падзеямі. Самы вядомы – “Камень філарэтаў”. Ён знаходзіцца каля вёскі Карчова Баранавіцкага раёна. Некалі магутны ледавік прынёс яго са Скандынавіі. Каля гэтага каменя сустракаўся з сябрамі Адам Міцкевіч. Тут прамовілі яны палымяную клятву змагацца за свабоду, роўнасць і братэрства.

А пад Брэстам ёсць вёска Лышчыцы – радзіма пісьменніка-мысляра Казіміра Лышчынскага, спаленага на вогнішчы вясной 1689 года за свае погляды. Каля царквы ў суседняй вёсцы Малыя Шчытнікі ўсталяваны камень з ягонымі словамі: “О, падарожны! Не міні гэтых камянёў. Ты на іх не спатыкнешся, калі не спатыкнешся на ісціне. Усвядоміш ісціну ля камянёў...”.

Аднак можна выбіць словы на камяні, можна нават адліць іх з моцнай сталі, але каб захаваць мінулае, бывае вельмі важна перадаваць памяць з вуснаў у вусны. Таму народныя казкі і легенды – таксама помнікі мінулага.

Е. Бусні

Штогод перад адлётам у вырай каля вёскі Бусні збіраліся чароды буслоў. Відаць, птушкам, як і людзям, спадабалася гэтае месца.

У крайняй хатцы, пад лесам, жыла бабка Бусніха. Жыла адна. Яе муж, Бусень, яшчэ малады загінуў на вайне. Дзеці выраслі ды разляцеліся па гарадах. Валасы ў бабулі пабялелі, як буслінае пер’е, рукі счарнелі, патрэскаліся, нібы зямля ў спёку. І нічога ад жыцця яна ўжо не чакала.

Буснішына хатка ад старасці адным бокам пахілілася, пакланілася дарозе. Стаяла бабка на падворку, абапіралася на кіёк-сукаватку. І глядзела на буслоў. Яны зноў збіраліся на поўдзень, туды, дзе чакала іх сонца. Клекаталі, крылы свае спрабавалі для далёкага пералёту. Суседцы сваёй, якая завітала на падворак, сказала Бусніха:

– Зімою і я ўжо, мусіць, да свайго Бусеня палячу. Хоць бы бусляняткі мае на магілу з горада прыехалі…

Птушкі пачалі ўзнімацца ў неба. Толькі адно бусляня ўсё прыпадала на крыло. Спрабавала ўзляцець, ды зноў падала на зямлю. Бабуля пашкадавала яго:

– Беднае, куды ж табе такому нямогламу, кволаму?..

Буслы зрабілі круг над вёскай і пайшлі роўненька па сваім нябесным шляху.

Тым часам ноч насунулася, цёмна стала. Толькі бусляня бялела каля Буснішынай хаткі. Глядзела, глядзела ў акно бабулька, узяла лусту хлеба, выйшла на ганак.

– Засталося ты, нябожа, сіратою, як колісь мае дзеткі. Няма ў цябе ні бацькі, ні маткі, каб павячэраць прынеслі. А галоднае ці доўга вытрымаеш?..

Бусляня ўзяло з бабчыных рук хлеб, з’ела, а потым раскінула крылы, быццам хацела абняць Бусніху.

Зіма выдалася снежная, з вялікімі маразамі. Здавалася, вясна ўжо і не вернецца ў гэтыя мясціны. Але ўсё ж настаў дзень, калі сонца перамагло сцюжу і капяжы заплакалі са стрэх.

Буслы вярталіся на радзіму, да родных гнёздаў. У небе іх вітаў на моцных крылах бусел, а на зямлі – бабуля Бусніха. Разам яны перажылі зіму і адолелі свае хваробы. Нездарма вёска завецца Бусні. Бо жывуць у ёй бусні: людзі і птушкі.

Ж. Жыві і помні!

А цяпер – колькі слоў пра “сапраўдныя” помнікі, зробленыя людзьмі з каменя, метала і дрэва.

На ўскрайку Хмелева, на Жабінкаўшчыне, ужо не адну сотню гадоў стаіць прыгожая царква. Толькі зірніце, у якіх прыгожых мясцінах нашыя продкі пабудавалі храм! Стаіць ён на ўзвышшы, пад аховаю высокіх соснаў. А побач з’явіўся мужчынскі манастыр, вядомы і ў Беларусі, і ў замежжы. У святочныя дні ды ў будзень плыве над гэтай зямлёй ціхі і велічны голас званоў Хмелеўскай царквы. Як і сто, і дзвесце гадоў назад. Гэта значыць, што мінулае, сённяшні дзень і будучыня неразрыўна знітаваныя паміж сабою.

А недалёка ад Баранавічаў, каля вёскі Мыш, захавалася старое замчышча. Час і людзі ўжо зруйнавалі былыя муры. Але сляды колішняй велічы яшчэ можна пазнаць на гэтым месцы.

Не забыліся нашыя землякі і на светлую памяць найлепшых сваіх сыноў. Пад ахову ўзяты парк Касцюшкі ў Малых Сяхновічах. Адноўлена Завоссе – малая радзіма Адама Міцкевіча. Пастаўлены помнікі Траўгуту ў Шастакова, Божым Дары, Астроўі.

Але найбольш помнікаў у Брэсцкай вобласці прысвечана ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Тым людзям, якія ратавалі гэту зямлю ад фашысцкай навалы. Слава і гонар героям!

Не пашкадуй кветак і ўдзячнасці памёрлым. Бо ўсе помнікі “жывыя”. Той народ, які забываецца пра сваю гісторыю, – загіне. Нездарма людзі кажуць: “Калі хоча Бог пакараць, ён пазбаўляе чалавека памяці”.

Жыві і помні!

Пытанні і заданні

1. Ці бываюць жывыя помнікі? Намалюй які-небудзь з іх.

2. Дзе знаходзіцца самае старажытнае дрэва Беларусі?

3. Як пушча ратавала чалавека? А як чалавек выратаваў пушчу?

4. Чаму крынічную ваду часам называюць “жывой” і “святой”?

5. Якія камяні звязаны з імёнамі Адама Міцкевіча і Казіміра Лышчынскага?

6. Прачытай выразна легенду пра Бусні.

7. Як берасцейцы ўшаноўваюць сваіх вядомых землякоў?

8. Як ты лічыш, чаму апошні падраздзел названы “Жыві і помні!”?