VIII Культура і асьвета.— Значэньне хрысьціянства.— Усходні абрад.— Пісьменнасьць. Мова.— Прадслава (Эўфрасіня) Полацкая.— Клімант Смаляціч.— Кірыла Тураўскі.— Помнікі старадаўнай пісьменнасьці.
VIII
Культура і асьвета.— Значэньне хрысьціянства.— Усходні абрад.— Пісьменнасьць. Мова.— Прадслава (Эўфрасіня) Полацкая.— Клімант Смаляціч.— Кірыла Тураўскі.— Помнікі старадаўнай пісьменнасьці.
Гандлёвыя сувязі Беларусі з Бізантыяй, а таксама з Скандынавіяй і Нямеччынай вельмі моцна прычыніліся да разьвіцьця культуры і асьветы. Бо купцы, прыяжджаючы на Беларусь, прывозілі ня толькі свае тавары, але і весткі аб тым, як жывуць, чым займаюцца, што робяць людзі ў іншых краёх Бізантыйскіх і Заходня-Эўрапейскіх, дзе культура была больш разьвітай, чымся на ўсходзе Эўропы. Найбольш, аднак, прычынілася да разьвіцьця культуры хрысьціянства, якое на Беларусь прыйшло ў X стагодзьдзі з Бізантыі ва ўсходнім грэцкім абрадзе і прынесла з сабою пісьменства, кніжкі і асьвету. Праўда, кніжкі хрысьціянскія, рэлігійныя, былі пісаныя ў царкоўна-славянскай (старабаўгарскай) мове, але пасьля людзі, пазнаўшы пісьменнасьць, пачалі пісаць арыгінальнай народнай беларускай мовай. Асьвета насіла таксама вылучна царкоўны характар і, як усюды першапачатна, пашыралася праз манастыры, дзе манахі перапісвалі кнігі і вучылі пісьменнасьці іншых. Манастыры-ж пераважна будаваліся ў гарадох. Будавалі іх, а таксама і цэрквы, князі, што выпісвалі на Беларусь духоўных і манахаў з іншых краёў, абдараючы іх вялікімі абшарамі зямлі за тое, каб яны за іх маліліся і навучалі набожнасьці ды паслухмянасьці народ
Дзякуючы гэтаму культурныя цэнтры пераважна паўставалі ў гарадох і пры манастырох.Такім вялікім культурным і асьветным цэнтрам стаўся перш за ўсё Полацк, дзе манастыры, а пры іх і школы засноўвала княгіня Прадслава-Эўфрасіня — унучка Усяслава Чарадзея. Яна сама вельмі любіла чытаць і з вялікай стараннасьцю перапісвала кнігі, заахвочваючы да гэтага іншых манашак і манахаў. Яе манастыр стаўся цэнтрам, з якога кнігі разыходзіліся ва ўсе бакі.
Радзілася Прадслава ў 1102 годзе. Жыцьцё сваё прысьвяціла яна культурнай і рэлігійнай працы. Пад старасьць Эўфрасіня з сваёй сястрой і братам Давідам паехала ў Ерузалім, а па дарозе адведала Канстантынопаль. Будучы ў Ерузаліме, яна захварэла і пасьля 24 дзён памёрла 23 траўня 1173 году. Цела яе было перавезенае ў Кіеў, а ў 1910 годзе — у родны Полацк. Княгіню Эўфрасіню Полацкую царква за вялікія яе заслугі на рэлігійнай І культурнай ніве залічыла ў лік сьвятых.
Другім вельмі важным культурным і асьветным беларускім цэнтрам быў Смаленск, дзе таксама былі манастыры, школы і дзе праводзілася перапісваньне кніг. Там вельмі праславіўся культурнай і асьветнай працай Клім Смаляціч, які, між іншым, ад 1147 году да 1154 году быў Кіеўскім мітрапалітам.Клім Смаляціч, як на той час, быў чалавекам высока вучоным, філёзафам. Ён шмат пісаў, рабіў пераклады, меў у сябе кнігі Сьвятога Пісьма, а таксама грэцкія сьвецкія кнігі. Апрача яго ў Смаленску былі іншыя выдатныя культурный дзеячы, як Аўраам Смаленскі (памёр у 1221 годзе), вучань Кліма Смаляціча. Ён вучыў чытаць кнігі сьвятыя І разумець іх, а таксама апісваў розныя падарожжы.
Шкада адно, што блізу ўсе творы гэных культурнікаў і пісьменьнікаў, а ў ліку іх і Смаленскі летапіс загінулі.
Вялікімі культурнікамі ў Смаленску былі князі Расьціслаў і Раман Расьціславіч. Раман зьбіраў кнігі, арганізаваў школы і выпісваў вучоных з іншых краёў. Ён шмат грошай выдаў на куплю кніг і арганізацыю школаў. Расьціслаў залажыў у Смаленску ў ?ERROR?ЗО г. акадэмію.
Чарнігаў таксама меў ужо ў XII стагодзьдзі сваіх культурнікаў і пісьменьнікаў. Адным з іх быў Даніла Паломнік, які ў 1115 годзе падарожнічаў ў Ерузалім і апісаў гэтае падарожжа. Ён пісаў яшчэ лягенды і розныя рэлігійныя творы.
Вялікую культурную ролю ў гісторыі Беларусі адыграў і Тураў, дзе жыў і працаваў таленавіты пісьменьнік і казаньнік Кірыла Тураўскі. Радзіўся ён каля 1130 году, а памёр "у 1182 годзе. Кірыла паходзіў з Тураўскіх мяшчанаў і быў у Тураве за епіскапа. Ён быў чалавекам адукаваным, знаў добра бізантыйскую літаратуру, пісаў розныя навукі — казаньні, малітвы і прамовы, і да таго быў красамоўцам, меў паэтычныя здольнасьці і карыстаўся вялікай пашанай і славай. Ягоныя творы пашыраліся ня толькі ў Беларусі, але і іншых краёх, прыкладам: у Баўгарыі, Сэрбіі.
Побач з рэлігійнай літаратурай паўставала і сьвецкая беларуская літаратура. Тварыліся песьні, казкі і паэмы, як паэма «Слова аб палку Ігаравым», якая захавалася да нашых часоў і ў якой апісаны войны Усяслава Чарадзея і Ізяслава Васількавіча, а таксама — паход Ноўгарад-Северскага князя Ігара на полаўцаў у 1185 годзе. Гэты твор напісаны ў Севершчыне, якая ўваходзіць у этнаграфічныя беларускія землі.
Помнікамі старадаўнага сьвецкага беларускага пісьменства зьяўляюцца і гандлёвыя ўмовы, што рабілі полацкія, смаленскія і віцебскія князі з немцамі і іншымі народамі.Аб вышыні культурнага разьвіцьця на Беларусі сьведчыць і тое, што ўжо ў XI ст. існавалі самастойныя епіскопіі ў Полацку і Тураве (1005 г.), а ў 1137 г. паўстала такая-ж епіскопія і ў Смаленску.