ХІІІ Прычыны ўзросту Вялікага Княства.— Нацыянальны склад Княства: беларусы, летувісы, украінцы, палякі, расейцы, немцы, татары, жыды.— Дачыненьні з суседзямі: немцамі, татарамі, расейцамі і палякамі.

ХІІІ

Прычыны ўзросту Вялікага Княства.— Нацыянальны склад Княства: беларусы, летувісы, украінцы, палякі, расейцы, немцы, татары, жыды.— Дачыненьні з суседзямі: немцамі, татарамі, расейцамі і палякамі.

Магутным і запраўды вялікім Княства Літоўскае сталася ня толькі дзякуючы заваяваньням розных земляў, ня толькі дзеля таго, што яно мела вялікую вайсковую сілу і выйгравала войны з сваімі суседзямі, але таксама і дзякуючы вялікім культурным беларускім уплывам і вялікай мудрасьці і тактоўнасьці беларускіх князёў. Першым чынам адбывалася задзіночаньне беларускіх земляў, да чаго натуральнай дарогай імкнуўся ўвесь беларускі народ, маючы аднолькавую культуру, рэлігію і эканамічныя асновы. Задзіночаньне ўсіх княстваў, усіх земляў беларускіх стварыла большую сілу, дзякуючы якой можна было даваць адпор чужацкім наступам. Адбывалася яно пад агульным клічам: «Мы старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім», што значыла, што кажнаму княству, кажнай зямлі была гарантаваная свабода звычаяў і парадкаў, якія існавалі ў ім. Такім парадкам, кажная зямля, якая далучалася да задзіночанага беларускага гаспадарства, захоўвала свае мясцовыя прывілеі і ня толькі нічога ня траціла, а мела ў разе патрэбы дапамогу. Агульным жа злучвом усіх земляў, аднае цэласьці, была асоба вялікага князя.

Дзякуючы такім шырокім асновам у межах беларускага гаспадарства апынуліся ня толькі беларусы, але летувісы (жмудзіны), а таксама і ўкраінцы. Палякоў і расейцаў да XV стагодзьдзя ў Беларусі, можна сказаць, зусім ня было. Яны зьявіліся ў пазьнейшых часох і то ў невялікай колькасьці. Затое было крыху ў Беларусі немцаў. Так, прыкладам, была цэлая нямецкая калёнія ў Смаленску, Полацку, а нават і ў Віцебску. Былі таксама немцы, пераважна купцы, у Вільні і Менску.

Украінцы займалі паўдзённа-ўсходнюю частку Вялікага Княства — Кіеўшчыну, Валынь, Падольле, часткова Чарнігаўшчыну, даходзячы праз стэпы да ўзьбярэжжа Чорнага мора. Яны асабліва часта адчувалі напады татараў. Пасьля-ж далучэньня Украіны да Вялікага Княства ўкраінцы знайшлі сабе абаронцаў з боку беларускіх і жмудзкіх войскаў.

Жмудзіны і аўкштотцы (летувісы), ці як іх называюць ліцьвіны, займалі паўночна -заходнюю частку Вялікага Княства між рэкамі Нёмнам і Дзьвіною, сягаючы да Балтыцкага мора.

Як украінцы, так і летувісы ў Вялікім Княсьцьве мелі шырокую свабоду. Прычым трэба адзначыць, што летувіскія баяры, атрымліваючы ад в. кн. Казіміра земскія прывілеі, заявілі, што яны далучыліся да Вялікага Княства добраахвотна.

У XV стагодзьдзі ў Беларусі пачалі зьяўляцца татарскія калёніі. Спачатку былі гэта аселішчы палонных татараў. захопленых беларускім войскам, што змагалася з імі з часоў Гэдыміна і Альгерда. Татараў гэных, пераважна крымскіх, супроць Беларусі падбухторвала Масква. Была, аднак, група татараў, называная Залатой Ардой, якая падтрымвала пры Вітаўце Вялікім добрыя дачыненьні з Княствам Літоўскім. Вось-жа татараў Залатое Арды Вітаўт пасяляў у княсьцьве і нават выкарыстоўваў іх у змаганьні з крымскімі татарамі, а таксама ў войнах з рознымі іншымі ворагамі княства. Татары паступова паддаваліся ўплывам беларускае культуры і беларушчыліся, ды нават пабеларуску пісалі арабскімі літарамі свае рэлігійныя кнігі, прыкладам «Аль Кітаб».

У XV ст. у Беларусь зьявіўся большы лік жыдоў. У той час яны жылі ў Эўропе на палажэньні адкінутых і перасьледаваных у грамадзкім жыцьці. Тымчасам вялікі князь Вітаўт, маючы добрае сэрца, дазволіў жыдом прыяжджаць на Беларусь і займацца рамяством і гандлем. Такія шырокія правы прычыніліся да таго, што ў хуткім часе ў Вялікае Княства наехала багата жыдоў, асабліва з Нямеччыны. Яны пасяляліся пераважна ў гарадох і хутка бралі ў свае рукі гандаль і рамяство. Ужо тады ў жыдоў зьяўлялася, так як і цяпер, ахвота да перайманьня вонкавае культуры таго краю, дзе яны жылі, і дзеля таго жыды, апынуўшыся ў Вялікім Княсьцьве ў XV стагодзьдзі, пераклалі ў беларускую мову біблію з падзеламі яе на чытаньні ў сынагогах.

Дачыненьні беларусаў з суседзямі былі рознаякія. Так, прыкладам, з немцамі беларусы сутыкаліся перадусім у гандлі, пасьля ў змаганьні за ўплывы на Жмудзь і Лівонію, і ўрэшце сярод немцаў беларусы знайшлі сабе прыяцеляў. Бо калі Андрэй Полацкі бараніў беларускае гаспадарства ад вуніі з Польшчай, памагалі яму ў гэтым немцы. Таксама немцы памагалі Вітаўту і Сьвідрыгайлу ў змаганьні за ўтрыманьне самастойнасьці Вялікага Княства.

Полацкі князь Андрэй шукаў сабе дапамоп ў змаганьні з Ягайлам і ягонай думкай вуніі з Польшчай і ў Маскоўскіх князёў, але пасьля з імі разышоўся. Масква, вызваліўшыся з-пад татарска-мангольскае няволі і ўзмоцніўшыся, пачала выказваць свае прэтэнзіі да беларускіх земляў. Маскоўскі князь, называючы сябе «гасударам усея Русі», хацеў валодаць ня толькі расейскімі, але беларускімі і ўкраінскімі землямі. Прэтэнзіі Масквы да беларускіх земляў былі прычынаю змаганьня Масквы з Вялікім Княствам, якое асабліва завастрылася, пачынаючы ад XIV стагодзьдзя.

Узмацоўвалася і польскае гаспадарства. Гэткім парадкам Вялікае Княства Літоўскае апынулася між двума суседзямі, адначаснае змаганьне з якімі было вельмі цяжкім. Трэба было выбіраць аднаго з іх як магчымага саюзьніка і падтрымваць з ім мірныя дачыненьні, каб з вялікшай удачай адбіваць напады другога. Вялікае Княства выбрала за суседа, з якім думала мець мірныя дачыненьні і змагацца з Масквой, Польшчу, бо здавалася, што Польшча ня мела да княства ніякіх тэрытарыяльных прэтэызіяў. Навонкі палякі ня выказвалі такіх намераў, але фактычна яны імкнуліся да мірнага заваяваньня і апанаваньня Беларусі ня маючы сілаў на збройнае змаганьне. Усе польскія пляны зараз-жа пасьля падпісаньня вунійнае ўмовы выявіліся. Тады пачаўся адбой паляком і Вялікае Княства хацела зусім сарваць з Польшчаю ўсякую лучнасьць. Завяршэньнем гэтага разрыву мела быць каранацыя Вітаўта на караля Вялікага Княства Літоўскага, але ёй перашкодзілі палякі, стараючыся за ўсялякую цану не дапусьціць да разрыву.