МОЙ МАЛЕНЬКІ СЯБРА!

МОЙ МАЛЕНЬКІ СЯБРА!

Цябе пашчасціла жыць у цудоўнай краіне, названай Беларуссю. Брэстчына – яе прыгожая часцінка. Гэта наша зямля, наша малая радзіма – твая і мая.

Ведаеш, на свеце ёсць шмат сумленных і ўдзячных слоў. Яшчэ ёсць багата цёплых ды ветлівых мелодый. Найлепшыя з іх прысвечаны роднай старонцы, якой мы заўсёды дорым самае добрае, самае шчырае. Бо толькі на Радзіме нашаму сэрцу па-сапраўднаму ўтульна, а думкам хораша. Тут усё асаблівае. Калі ўсмешкі – дык шчырыя. Калі крыніцы – дык чыстыя. Калі праца – дык самаадданая.

Нашыя векавыя пушчы шумліва спрачаюцца з вятрамі, а празрыстыя росы звіняць у лугах. Над нашай зямлёю плывуць аблокі, што глядзяцца, бы ў люстэрка, у чароўныя азёры. Часам у нас казка і праўда жывуць побач.

Стагоддзямі берасцейцы змагаліся за сваю зямлю, аднаўляючы яе пасля крывавых ліхалеццяў. Нашыя людзі – працавітыя. Таму і край наш багаты. Ён славуты працаю, шчодрымі палеткамі і шырокімі далонямі хлебаробаў, вясёлымі ды тужлівымі песнямі.

А ці ведаеш, дружа, якая багатая ў нас гісторыя?

Берасцейшчына – асаблівы край. Мы заўсёды стараліся быць першымі. І нешта ў нас атрымоўвалася!

У нас з’явіліся першыя ў краіне друкарня і манетны двор. Самы першы Герой Беларусі быў ураджэнцам Брэста. І першы беларус, што ўзняўся да зор на касмічным караблі, таксама паходзіць з нашых краёў.

Берасцейская зямля падаравала свету шмат знакамітых людзей. Ты пакуль яшчэ маленькі, але, канечне, марыш стаць дарослым. І тады, падобна Адаму Міцкевічу, можа, напішаш непаўторныя вершы. Ці станеш славутым генералам, як Тадэвуш Касцюшка. А можа, будзеш цудоўным мастаком, як Напалеон Орда, альбо здымеш таленавітую кінастужку, як Міхаіл Пташук. Ці выйдзеш на алімпійскі старт і прынясеш сваёй краіне спартыўную перамогу, як гэта зрабіла Юлія Несцярэнка…

Пра некаторых славутых берасцейцаў можна даведацца са старонак кнігі, што ляжыць перад табою. Яна называецца “Свята для сэрца”. Імя для кнігі падказала гісторыя, якая адбылася вельмі даўно.

Некалі па Еўропе ехаў падарожнік. Усё яму было цікава! Пабачыў ён Парыж, Берлін, Варшаву. Шмат дзіўнага ў далёкіх краінах! Але ўвесь час яго, быццам магнітам, некуды цягнула. Не разумеў чалавек, што з ім адбываецца. І толькі калі здалёк паказаліся родныя краявіды, на душы раптам стала лёгка. Падарожнік усё зразумеў, і рука міжволі пацягнулася да паперы.

“Мой дружа! – хуценька пісаў гэты чалавек. – Што такое любоў да радзімы? Адкуль паходзіць гэтае моцнае жывое прыцягненне да таго месца, дзе мы нарадзіліся?.. Спатканне з радзімай – гэта свята для сэрца”.

Мой маленькі сябра! Калі-небудзь і ты пабачыш увесь вялікі свет. Але перад тым, як шукаць дзівосы ў іншых краінах, паспрабуй глыбей пазнаёміцца з родным краем. Любі яго і шануй, заўсёды памятаючы, што спатканне з радзімай – гэта свята і для твайго сэрца.

Будзь шчаслівы і разумны!