17. “СЛАВА ПЕРАМОЖАНЫМ”
17. “СЛАВА ПЕРАМОЖАНЫМ”
А. Воля вольная...
Узімку 1861 года тлумна было ў царкве. Нават з самых далёкіх вёсак спяшаліся сюды сяляне. Быццам бліскавіца, разляцелася чутка: сёння ў храме абвесцяць царскі ўказ пра вызваленне!
Стагоддзямі гібелі сяляне пад прыгонным ярмом. Працавалі на зямлі, а зямлі не мелі. Працавалі з раніцы да ночы, жылі па сонейку, потам і крывёю плацілі, каб на палетках быў ураджай, а ўзнагароды амаль не мелі. Памешчыкі сваволілі, пагарджалі сваімі прыгоннымі. Бывала такое, што і гандлявалі, як быдлам. Нават у газетах аб’явы пісалі: “Прадаюцца сялянка-майстрыха, мужык-каваль ды хлопчык-пастушок”. Вось як даўней бывала: хлопчыкамі і дзяўчынкамі гандлявалі!
Таму не дзіўна, што цяпер гэтак тлумна ў царкве: чакаюць людзі вольную. І дачакаліся. Выйшаў наперад прыстаў – высокі паліцэйскі чын, важна вус пакруціў ды паперкаю затрос над галавою:
– Слухайце ўсе цара-бацюхны ўказ: цяпер вы не халопы, а вольныя людзі! Ідзіце, з Богам, па хатах.
Прыціхлі сяляне, але стаяць, не разыходзяцца. Турбуе іх адно важнае пытанне. Толькі ніхто не рашаецца яго задаць. Нарэшце самы смелы выгукнуў:
– А зямлі, зямлі колькі нам дадуць? Селяніну без зямлі ніяк нельга…
– І зямля вам будзе. Але за яе трэба будзе пяцьдзесят гадоў памешчыку плаціць. Калі даўгі яму сплоціце, тады будзе вам зямля ў вечнае карыстанне.
Зашумеў сялянскі натоўп, распраміліся плечы, стомленыя цяжкой працай. Сціснуліся мазолістыя рукі ў кулакі. І выгукнуў самы смелы:
– Вось вам воля вольная, браты! Памешчыкі царскі ўказ выкралі, схавалі, свой напісалі, каб і далей тры скуры з мужыка лупіць! Узнімайцеся, не маўчыце!..
Прыстаў аж падскочыў на месцы, затрос кулакамі:
– Гэта ж бунт! Супраць цара мяцеж! Усіх у Сібіры згнаю, на руднікі сашлю.
Увечары падышоў да вёскі ўзброены атрад жандараў. Стрэльбамі, шаблямі, нагайкамі падпарадкавалі сялян царскай волі. Галоўных змоўшчыкаў арыштавалі, у Сібір саслалі. Прыціх народ, але горкія словы запомніў: “Вось вам воля вольная, браты…”
Сілай прытушылі жандары бунт-вогнішча, але іскры ад яго захаваліся. Вось-вось ізноў вогнішча распаліцца…
Б. Сустрэча ў карчме
У святочны дзень сядзеў у брэсцкай карчме пан з Шастакова. Сюды ён звычайна заходзіў, каб пачытаць газеты. Зачытаўся шастаковец і не заўважыў, як падышоў да ягонага століка высокі чорнавалосы мужчына.
– І якія навіны ў свеце? – добразычліва пытаецца незнаёмы.
– У князя будзе баль, у княгіні – новы шаль, а ў салдата, як заўжды, служба, – весела адказаў пан з Шастакова.
– А ў мужыка што?
– А пра тое ў газетах не пішуць!
Дастаў незнаёмец з сакваяжа нейкі ліст і сказаў:
– Тады чытайце: “Мы, мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толькі слухайце нас!”
– Што гэта? – здзівіўся шастаковец.
– Газета, якая пра сялянскае жыццё расказвае. І завецца яна “Мужыцкай праўдай”. Можа, гэта праўда горкая, можа, салодкая, але хай яе кожны ведае. Хай гэтыя лісты разляцяцца і па кобрынскіх, і па пружанскіх вёсках – па ўсёй беларускай зямлі. Тады адкрыюцца ў мужыкоў вочы.
– А навошта ім гэта? – спытаўся зноў шастаковец.
– Адмяніў маскоўскі цар прыгоннае права. А мужыку ніякай палёгкі няма. Толькі сяляне думаюць, што цар нічога не ведае, што памешчыкі цара падманулі. Але цар і ёсць галоўны памешчык. Ён разам з панамі і прыдумаў, як сялян абдурыць! Калі мужыкі разбяруцца, дык здабудуць сабе сапраўдную волю – без памешчыкаў і цара. Тады пабудуюць свой дом, сваю Беларусь – самую лепшую краіну ў свеце.
Паглядзеў пан з Шастакова на незнаёмага:
– Смела ты гаворыш… А як тваё імя, чалавеча? Бачу, простых людзей любіш, хоць і з панскага роду. А што як няўдача? Што калі не пойдуць за табою? Ці вораг будзе мацнейшым?
– Тады і на шыбеніцу не грэх узысці. Дзеля мужыцкай праўды, – адказаў чорнавалосы мужчына. – А завуць мяне Кастусь Каліноўскі.
В. Мілавіды
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь.
– Так узаемна!
Такі быў пароль паўстанцаў, што падтрымалі Каліноўскага. Узняліся яны на барацьбу супраць цара і памешчыкаў – за мужыцкую праўду. Было гэта ў 1863 годзе.
Ёсць каля Баранавічаў вёска Мілавіды. Якое прыгожае ў яе імя! Відаць, прыдумалі яго добрыя людзі, закаханыя ў беларускія краявіды.
І ў гэтых мясцінах 22 мая 1863 года адбылася бітва паўстанцаў з царскімі войскамі. З Гродзеншчыны і Берасцейшчыны сышліся каля васьмісот байцоў. Сілы немалыя, але зброі не хапае, многа тут сялян, узброеных косамі. А ідуць на паўстанцаў лепшыя расійскія палкі з гарматамі. Напалі яны на лагер пад Мілавідамі. Да ночы трывала бітва, а калі сцямнела, паўстанцы адступілі, захавалі свае сілы для новых баёў.
Г. Журавіны і порах
Сярод глыбокіх балатоў згубілася вёсачка. Таму назва ў яе не выпадковая – Востраў (цяпер гэта Астроўе Маларыцкага раёна). Цяжка да яе дайсці, даехаць. Дзесьці бунты, войны, паўстанні, а ў Востраве – толькі кнігаўкі, журавіны ды жабы. Цішыня, спакой, як на балоце.
Жыве ў Востраве палкоўнік Рамуальд Траўгут. Нарадзіўся ён у Шастакове пад Камянцом, жыў у Кобрыне. Удзельнічаў у многіх паходах, мае вялікі ваенны вопыт. Вось прыязджаюць да яго пасланцы, просяць:
– Далучайцеся да нас, пан палкоўнік, узначальце Кобрынскі атрад. Вы ж добры вайсковец, а пахавалі сябе ў балоце! У свеце войны ды паўстанні, а ў Востраве толькі кнігаўкі ды жабы…
– … ды яшчэ журавіны, – усміхнуўся Траўгут.
– Што?!
– Ах, спадары, каб вы толькі ведалі, якія вялікія і духмяныя ў Востраве журавіны…
Падышоў палкоўнік да акна, зняў акуляры, паглядзеў журботна ўдалеч. “Безнадзейная справа, безнадзейная… Няроўныя сілы. Загінуць паўстанцы, няма ў іх вопыту. Што ж ты маўчыш, палкоўнік? Патрэбна твая дапамога!” Азірнуўся востраўскі гаспадар на пасланцоў і сказаў:
– Духмяныя ў Востраве журавіны… Але прыйшоў час зноў пораху панюхаць!
Д. “Касцюшкі не плачуць!”
У пакойчыку было цёмна і ціха.
– Не запальвай святла, – папрасіла жанчына.
І Рамуальд зразумеў, чаму: яе голас дрыжаў, вось-вось сарвецца на плач.
– Ты пойдзеш з імі?
Яна не пыталася, яна ведала.
– Пайду, Тонечка. Беражы дачушак. Ратуй вас, Божа. І не плач.
– Касцюшкі не плачуць! – сказала яна і… заплакала.
Жонка Рамуальда Траўгута Антаніна Касцюшка была далёкай родзічкай генерала Касцюшкі. У слаўным і трагічным 1863 годзе яна стала паўстанцкай сувязной.
Е. “Універсітэты” пані Элізы
Пад Кобрынам, у сядзібе Божы Дар, Траўгут прынёс прысягу. Прыклаў далонь да сэрца, абяцаючы аддаць усе свае сілы для барацьбы з ворагам. Стаў ён паўстанцкім генералам.
Хутка, быццам агнявіца, рухаўся Кобрынскі атрад па Палессі. Самы значны яго бой адбыўся ў Столінскім раёне, пад Калодным. Паўсотні царскіх салдат склалі там галовы, але і паўстанцкія шэрагі парадзелі.
Супраць кобрынцаў кінулі новыя сілы. Траўгут быў цяжка паранены Траўгут. Тады яго таварышы вырашылі падзяліцца на групкі і прабівацца на злучэнне з іншымі паўстанцкімі сіламі. Аднак што рабіць з параненым генералам?
У Людвінаве (пад Драгічынам) жыла Эліза Ажэшка. Жанчына тайна дапамагала паўстанцам, перадавала ім ежу, лекі, вопратку. Зноў папрасілі пані Элізу дапамагчы. У маёнтку Закозель стаяла сямейная капліца. Тут, у невялікім патаемным пакойчыку, і хавала жанчына генерала. А потым давезла яго ў сваёй карэце да мяжы.
Рамуальд паехаў у Варшаву. Ён яшчэ спрабаваў аб’яднаць рэшткі паўстанцаў, але ўсё было дарэмна. Генерал быў схоплены. Летняй раніцай ён узышоў на эшафот. У свае апошнія хвіліны годна глядзеў у вочы смерці.
1863 год змяніў лёс і Элізы Ажэшкі. Яна лічыла паўстанне сваімі “універсітэтамі”, якія зрабілі яе пісьменніцай. Пані Эліза напісала многа кніг. Апошнюю кнігу, прысвечаную памяці паўстанцаў, яна назвала “Слава пераможаным”.
Пытанні і заданні
1. Якую волю чакалі сяляне? А якую атрымалі?
2. Чаму газета называлася “Мужыцкая праўда”?
3. Калі адбылася бітва пад Мілавідамі?
4. Як ты лічыш, чаму Траўгут спачатку не хацеў далучацца да паўстання, а потым згадзіўся?
5. Божы Дар, Калоднае, Кобрын, Варшава... Назавіце яшчэ гарады і вёскі, звязанныя з жыццём і дзейнасцю Рамуальда Траўгута?
6. Што Эліза Ажэшка лічыла сваімі “універсітэтамі”?