13. ВЯЛІКІЯ ВЫПРАБАВАННІ

13. ВЯЛІКІЯ ВЫПРАБАВАННІ

А. “Патоп”

Гэты час стаў бядой для нашага краю.

Ішло ХVІІ стагоддзе. Стагоддзе – гэта сто гадоў. З іх толькі сем – мірныя! Астатнія – бясконцая вайна. Беларусь знаходзіцца ў сэрцы Еўропы. А што можа балець больш за сэрца?

... Ужо амаль дваццаць гадоў ідзе вайна. Няма селяніну часу сеяць і збіраць ураджай. У сейбіта рукі да працы цягнуцца. Але поле загінула, збожжа пабіта не ліўнем, выгарэла не ад сонца. Рамеснікі замест мірных прылад працы куюць даспехі, точаць шаблі. Неспакойна ў Беларусі. Адусюль сунуцца захопнікі. Топчуць цяжкія салдацкія боты нашыя палі. Ізноў, як у час Грунвальда, ляцяць вершнікі з лазовымі вянкамі:

– Да зброі! Маскоўцы ідуць з усходу!

– З поўначы шведскі кароль вядзе войска!

– На поўдні – украінскія казакі атрады сабралі. Да зброі!

“Затапілі” заваёўнікі наш край. І не вадзіцаю, а крывёю! Дваццаць гадоў – вайна! І няма ёй канца...

Ляцяць вершнікі да пана Савіцкага. Ён сядзіць у сваім Савіцку (сёння гэта вёска Залуззе Жабінкаўскага раёна). На Берасце маскоўскія ваяводы вядуць незлічоныя палкі. Трэба ўжо ворага пагнаць прэч. Кліча да сябе Савіцкі ўсіх, хто зброю насіць можа:

– Годзе, панове, на печы сядзець! Ужо мячы нашыя ржа паела. Сядлайце коней. Пойдзем Берасце вызваляць!

Пораху мала, куляў мала, але Радзіма ў небяспецы. Рушыў пан Савіцкі са сваім палком на ратунак берасцейцам. Толькі вораг мацнейшы. Разбіты Савіцкі, адступае. Аднак нядоўга радаваліся маскоўскія ваяводы перамозе. Прыйшла берасцейцам новая падмога. Вымушаныя пакінуць Берасце заваёўнікі.

А ліхалецце яшчэ дзесяць гадоў не спыняецца.

Б. Ляхавіцкі замак

Цяжкі след пакінула вайна. Кожны другі беларус у ёй склаў галаву... Горкая даніна!

Людзі пачалі прызвычайвацца, што ніву не трэба засяваць, бо ўраджай захопіць вораг. І дзяцей не трэба гадаваць, бо іх забярэ вайна.

Пакутавалі не толькі людзі, але і замкі – нямыя абаронцы краю. Некалі адважны гетман Ян Хадкевіч, пераможца шведаў і турак, на беразе рэчкі Ведзьма пабудаваў Ляхавіцкі замак – самы моцны ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Магутнае, велічнае было ўмацаванне. У гады “Патопу” не аднойчы спрабавалі яго ўзяць ворагі. Спалілі маскоўцы Камянец, Давыд-Гарадок, Столін, Пінск, а ў Ляхавічы ўвайсці не змаглі. Узняліся абаронцы замка, многія на мурах склалі галовы, але адбілі варожыя атакі.

Гэтак абязлюдзелі нашыя гарады і вёскі. У Кобрыне былі зруйнаваныя трыста хат, насельніцтва Берасця скарацілася напалову...

Ад наступстваў таго жудаснага “Патопу” беларускі народ ужо не акрыяў ніколі. Тым больш, што і ў наступныя стагоддзі нашы продкі больш ваявалі, чым жылі ў міры.

А Ляхавіцкі замак загінуў у Паўночную вайну, якая зноў вынішчыла край.

В. Паўночная вайна

Рускі цар Пётр І і шведскі кароль Карл ХІІ ваявалі паміж сабою. Іх войскі неаднойчы ўрываліся ў Беларусь і Украіну.

Вось вецер цярушыць стрэхі, пад якімі цяпер жывуць толькі птушкі і пацукі. Няма каму ажывіць вёску. Гарады і храмы сталі крэпасцямі. Хоць і клічуць вайну Паўночнай, а б’ецца швед з рускім на Беларусі…

Пётр прайшоў з войскам па Берасцейшчыне. Прыпыніўся каля Бярозаўскага манастыра, узяў з манахаў даніну, абрабаваў наваколле.

Карл рушыў следам за Пятром, захапіў Ружаны, Ляхавічы, Бярозу, у Берасці пакінуў сваіх ваяроў. Шведскі гаспадар дайшоў да Пінска, дзе ўзняўся на самую высокую вежу і, агледзеўшы бязмежныя прасторы вады, прамовіў:

– Што за прыгажосць навокал! Вось яно, Палескае мора! Вось ён, край свету!

Але памыліўся швед: ніколі Беларусь не была краем свету. У тыя гады яна ўваходзіла ў вялікую дзяржаву Рэч Паспалітую. Кіраваў ёю кароль Аўгуст Моцны, які нездарма меў такую мянушку: голымі рукамі гнуў і ламаў медзякі! А краіну трымаць у руках не мог. Бо жыў часцей у роднай Германіі, чым у Беларусі ці Польшчы. Усё марыў падзяліць іх на часткі. Баяўся Аўгуст рускага цара, а яшчэ болей – шведскага караля.

Сустрэўся кароль Рэчы Паспалітай у Бярозе з Пятром, пачаў прасіць дапамагчы ваяваваць супраць Карла, а за гэта частку сваёй дзяржавы паабяцаў…

Г. Апошні кароль

Больш за два стагоддзі існавала дзяржава Рэч Паспалітая. Яна складалася з двух частак – Кароны і Княства. Каронай называлі Польшчу, Княствам – Літву-Беларусь. А ўладарыў над імі адзін кароль, якога выбірала шляхта.

Хто толькі не сядаў на трон Рэчы Паспалітай! Француз і венгр, швед ды немец… Аднаго разу, расказвае легенда, шляхціцы доўга паміж сабою не маглі дамовіцца. Кожны хацеў стаць гаспадаром. Цэлы дзень спрачаліся. А ўвечары вырашылі, што да раніцы “каралём” будзе берасцейскі яўрэй.

Спрэчак заўжды хапала. Часам караля не маглі абраць нават некалькі гадоў. Тады галоўным станавіўся савет заможных людзей, які называўся Соймам.

Пасля смерці немца надакучыла шляхце прызначаць у каралі чужынцаў. Паны, якіх падтрымлівала расійская царыца Кацярына, вырашылі:

– Хай цяпер карона будзе ў тутэйшага.

– Жадаем, каб каралём стаў ліцьвін.

– Быў у нас кароль Аўгуст, хай цяпер будзе Станіслаў Аўгуст! Аддаем галасы за Панятоўскага!

Берасцейцы гэтаму не пярэчылі. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ім зямляк, нарадзіўся ў Воўчыне, пад Камянцом.

Быў ён адукаваным чалавекам. Вучыўся ў Польшчы, Англіі і Францыі, працаваў паслом у Пецярбургу. Пры дапамозе расійскай царыцы атрымаў Панятоўскі карону. І хто мог здагадацца, што стане ён апошнім каралём Рэчы Паспалітай, што пачнуць пры ім сквапныя суседзі дзяліць дзяржаву.

Але не ўсім такі здзек быў да спадобы.

Д. Няўрымслівы Рэйтан

Жыў у маёнтку Грушаўка (цяпер у Ляхавіцкім раёне) Тадэвуш Рэйтан. Таленавіты і смелы чалавек. Балела яго сэрца за лёс радзімы. Паслалі яго землякі на Сойм, наказалі бараніць Айчыну ўсімі сіламі, змагацца супраць падзелу дзяржавы на кавалкі.

– Калі Рэч Паспалітую дзяліць пачнуць, руку не ўздымай. Трымайся, братка! Змагайся, Рэйтан!

Шуміць у Варшаве Сойм. Паны, князі, епіскапы разважаюць, ці захаваць Рэч Паспалітую? А пан з Грушаўкі думае, як бяду ад яе адвесці. Кароль схіліў галаву, ледзь не плача. Што рабіць? Замежныя паслы Соймам кіруюць!

Сказаў пасол Расіі рэзка:

– Слабая Рэч Паспалітая. Трэба падзяліць!

Сказаў пасол Аўстрыі са смехам:

– Хворая Рэч Паспалітая. Трэба падзяліць!!

А прускі пасол нічога не сказаў, толькі на шаблю паказаў: “Трэба падзяліць!!!”

Моўчкі рукі ўздымаюць паны, князі, епіскапы: “Трэба...”

Сціснуў кулакі Рэйтан, ускочыў з месца. Вочы блішчаць гневам. Узняў Рэйтан свой голас супраць ворагаў дзяржавы.

– Што вы робіце?! Прэч, панове, рукі ад Радзімы!

Перапалохаліся паны, князі, епіскапы:

– Ён звар’яцеў! Салдаты, выкіньце Рэйтана з залы!

Горды быў чалавек пан з Грушаўкі. Ніколі ні перад кім паклоны не біў. А тут раптам апусціўся на калені перад каралём і дэпутатамі. Слёзы ды гнеў у яго вачах.

– Гіне, гіне родная зямля... Не ўздымайце сваіх рук, браты, не губіце Радзіму. Гібелі Айчыны я не перажыву!

Вывелі салдаты Рэйтана з залы. І ў цішыне сарамліва ўзняліся рукі. Падзялілі слабую, “хворую” дзяржаву, паглядзеўшы на вострую прускую шаблю.

Пытанні і заданні

1. Чым быў страшны “Патоп” у ХVІІ стагоддзі?

2. Што кароль Карл назваў “Палескім морам”?

3. З якіх частак складалася Рэч Паспалітая?

4. Як ты думаеш, чаму жыхары Рэчы Паспалітай захацелі, каб пасля немца Аўгуста іх каралём стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі?

5. Чалавека, які любіць радзіму, лічаць патрыётам. Ці можна так назваць Тадэвуша Рэйтана? Чаму?