2-3. СТАРАЖЫТНАЯ ЗЯМЛЯ

2-3. СТАРАЖЫТНАЯ ЗЯМЛЯ

А. Прырода

З даўніх часоў лясы баранілі нашых продкаў. Сотні гадоў назад у іх можна было сустрэць не толькі зайца, лісу ці ваўка, але нават зубра – велічнага цара беларускага лесу. А вавёрка магла перабрацца з Іспаніі на Беларусі, не спускаючыся на зямлю. Цяпер такімі гушчарамі можа пахваліцца толькі Белавежская пушча – самы вялікі запаведны лес у Еўропе.

Палессе – надзвычай прыгожы край з багатай прыродай. Ёсць ў нас шматлікія рэкі. Вось коціць свае хвалі Прыпяць. Піна з Ясельдай, Бобрык з Гарынню, Цна з Ланню – шматлікія яе дзеці-прытокі. Багатыя, рыбныя рэкі, маляўнічыя ў іх берагі.

Палескія абшары перарываюцца ўзвышшамі: Прыбужскім, Баранавіцкім, а яшчэ – Загароддзем. На Брэстчыне некалькі соцень азёр. Самае глыбокае – Сомінскае ў Івацэвіцкім раёне дасягае 33 метраў!

А яшчэ неацэннае багацце Палесся – балоты. Яны актыўна ўтвараюць кісларод, патрэбны для ўсяго жывога. За гэта наш край называюць “лёгкімі Еўропы”.

У глыбінях зямлі хаваюцца сапраўдныя багацці: металы, каменне, пясок, іншыя карысныя выкапні. Ды толькі, каб узяць іх, чалавеку прыходзіцца шмат працаваць. Глыбока хавае зямля свае прыродныя скарбы.

Больш за ўсё на Брэстчыне торфу, які ўтвараецца на месцы былых балатоў. Торф людзі выкарыстоўваюць як паліва.

Але самая незвычайная і цікавая знаходка – бурштын (“сонечны камень”). Сорак гадоў таму вучоныя выявілі на балоце Гатча ў Жабінкаўскім раёне старажытнае паселішча. А на ім – рэшткі бурштыну. “Відаць, “сонечны комень” сюды прывезлі з Балтыкі”, – вырашылі вучоныя, бо ведалі, што Балтыйскае мора часта завуць Бурштынавым. І раптам зусім нядаўна на Гатчы знайшлі цэлае прыроднае радовішча бурштыну!

Сумнення няма – гэта наш “сонечны камень”, сапраўднае багацце гэтай зямлі. Бурштын вельмі-вельмі старажытны. Яму мільёны гадоў! Ён утварыўся са смалы хваёвых дрэў яшчэ ў дагістарычныя часы.

Б. Чалавек ідзе!

А якія часы называюць дагістарычнымі?

Ты трымаеш у руках кнігу і чытаеш у ёй гісторыі – маленькія апавяданні пра мінулае. Але так было не заўсёды. Шмат тысяч гадоў чалавек быў непісьменны. Гэта і быў час дагістарычны.

Калісьці на Беларусі цяжкім панцырам ляжаў ледавік. Не раслі дрэвы, травы. Звярыныя і птушыныя галасы не гучалі ў лясах. А лёд мацнеў і разрастаўся. Знікла жыццё на тысячы гадоў. І толькі завеі сваімі тужлівымі песнямі будзілі белую пустыню.

Але не вечныя сілы ў зімы! Надыходзіла пацяпленне. Трэснуў, зламаўся халодны шчыт. І вялізныя ледавіковыя глыбы пасунуліся на поўнач. Утвараліся глыбокія ямы ды доўгія рэчышчы. Іх запаўняла талая вада, нараджаючы шматлікія рэкі і азёры. Вызвалілася зямля ад ледавіка.

Каля 12 тысяч гадоў назад старажытны чалавек прыйшоў на Брэстчыну. Ён рухаўся ўздоўж Буга, Гарыні, Прыпяці і ўбачыў, што наша зямля багатая лясамі. А ў лясах шмат звяроў і птушак, а ў рэках – мноства рыбы.

– Вось тут мы застанемся, – сказалі людзі. – Гэты лес нас пракорміць, абароніць, дасць жытло. Хіба ёсць лепшае месца на зямлі, чым гэты куток?!

Час быў вельмі нялёгкі. Большасць людзей памірала, не дасягнуўшы 25 гадоў. Кожны дзень быў сапраўдным змаганнем за жыццё. Драпежныя звяры, суровыя прыродныя ўмовы, голад, хваробы былі галоўнымі ворагамі старажытнага чалавека.

Але ён быў вялікім вынаходнікам. Каб выратавацца, прыдумваў зброю і прылады працы, якія рабіў з каменя, дрэва ці костак жывёлы. Так з’явіліся дубінка, скрабок, рубіла, нож, дзіда і стрэлы. Часцей за ўсё на нашай зямлі даследчыкі старажытнасці знаходзяць каменныя сякеры.

З такой зброяй першабытнага чалавека ўжо не палохаў лес. Цяпер ён мог памерыцца сілай нават з мамантам –велізарнай жывёлінай з грознымі біўнямі. Косці маманта знаходзяць каля многіх палескіх вёсак, на ўзбярэжжах рэк, побач з былымі стаянкамі.

Людзі сяліліся невялікімі групкамі да паўсотні чалавек. Разам жыць было лягчэй. На жаль, у Брэсцкай вобласці падрабязна даследаваны толькі некалькі месцаў, дзе жылі самыя старажытныя людзі (у Іванаўскім, Івацэвіцкім і Маларыцкім раёнах). І адразу які поспех! Каля вёскі Опаль на Іванаўшчыне вучоныя знайшлі не толькі старажытныя стаянкі, але нават майстэрню! У ёй першабытны майстар абрабляў крэмень – мяккі камень, з якога рабіў сабе прылады працы. Яны таксама знойдзены побач: нажы, сякеры, наканечнікі і скрабкі паляўнічага.

Цікава, якія яшчэ таямніцы хавае наша зямля?

Доўгі час святло і цяпло старажытнаму чалавеку дарыла толькі Сонца. Таму ўяві, колькі было радасці, калі ўпершыню ў будане зырка запалала вогнішча! Агонь не толькі абагрэў чалавека, але зрабіў яго яшчэ мацней.

В. Як вынайшлі жалеза

Шмат вёсак на Берасцейшчыне маюць назвы, звязаныя з рудой. Ёсць Рудка ў Пінскім і Жабінкаўскім раёнах. Ёсць Руднікі на Пружаншчыне, Рудня ў Івацэвіцкім і Маларыцкім раёнах, Рудск на Іванаўшчыне...

Некалі тут было шмат балотнай руды. Спачатку ніхто нават не здагадваўся пра яе карысць. А пазней навучыўся выплаўляць жалеза.

Аднойчы разумны чалавек сказаў супляменнікам:

– Мы зробім новыя прылады працы і зброю!

Ён змайстраваў домніцу – печ, у якой руда ператваралася ў жалеза. Гэты чалавек стаў першым кавалём, вельмі паважаным сярод свайго роду-племені майстрам.

Зацвярдзеў у домніцы кавалак руды, стаў мацнейшым за крэмень. Выкаваў чалавек карысныя рэчы. У каменным веку людзі карысталіся толькі прыладамі, зробленымі з каменя. Цяпер ім стала падуладнае жалеза.

Надышоў жалезны век.

Г. Гарадзішча

У Баранавіцкім раёне, амаль ля вытокаў ракі Сэрвач, месціцца Гарадзішча. Адсюль рака чэрпае свае сілы, набіраецца крынічных вод і нясе іх у дар велічнаму Нёману.

Гарадзішчу ўжо дзве тысячы гадоў. У наваколлі захаваліся шматлікія згадкі пра старажытнасць: высокія валы ды глыбокі роў. Калісьці яны баранілі гэтыя мясціны.

Ужо самая назва мястэчка гаворыць пра яго паважаны ўзрост. Раней старажытныя людзі займалі адкрытыя месцы, сяліліся на іх – стваралі селішчы. Вось толькі бяда: селішча перад ворагам безабароннае. Таму побач сталі ўзводзіцца гарадзішчы, апярэзаныя валамі, умацаваныя камянямі. На грабянях тых валоў вырасталі драўляныя сцены. За сценамі жылі-берагліся жыхары, аб’яднаныя ў родавую абшчыну.

Жылі насельнікі старога Гарадзішча з палявання ды жывёлагадоўлі. Пазней галоўным заняткам іх стала земляробства. Агнём і сякерай вызваляліся дзялянкі сярод лесу, на якіх некалькі гадоў атрымлівалі добрыя ўраджаі. Потым зямля бяднела, і людзі рухаліся далей – у глыб лесу. Гэтак нараджалася новае Гарадзішча. І здавалася, што гэты бясконцы рух ужо не перапыняць ніякія перашкоды.

Гады нанізваліся на нітку часу – станавіліся стагоддзямі. Нетаропка гартаўся ненапісаны летапіс краю, схаванага сярод гулкіх пушчаў.

Д. Хто адкрывае таямніцы?

Сляды старажытных людзей адшукаць нялёгка. Хаваюцца яны глыбока пад зямлёй: у селішчах, гарадзішчах, курганах.

Курган – гэта старажытны могільнік. У яго клалі нашых далёкіх продкаў. Над пахаваннем пелі жалобныя песні. Нябожчыку пакідалі ежу, зброю, упрыгожанні, якімі ён карыстаўся пры жыцці.

Вывучэнннем схаваных пад зямлёй сведчаннеў пра нашых продкаў займаюуцца вучоныя – археолагі. Яны праводзяць раскопкі паселішчаў, адкрываюць таямніцы, каб потым расказаць пра іх нам з табою.

Бывае, што самыя каштоўныя рэчы археолагі знаходзяць... на былым сметніку! Так-так, не здзіўляйся. Згубіў старажытны паляўнічы нож, зламала прыгажуня завушніцу, выкінулі рэч як непатрэбную. Што чалавек еў, як апранаўся – пра ўсё раскажа археолаг.

А часам каштоўныя рэчы ад бяды-ліхалецця людзі самі закопвалі. Там нават залатыя манеты трапляюцца!

Такія схаваныя каштоўныя рэчы называюцца скарбам.

Часам шчасціць земляробу. Неяк пад Антопалем плуг выкапаў нешта незвычайнае. Прыглядзеўся араты, а перад ім гліняны гаршчок. Покрыўку зняў… А пад ёю – сапраўдны скарб! Сотня сярэбраных манет з далёкіх арабскіх краін. Вось як!

А дзвесце гадоў таму цікавы скарб знайшоў на сваёй зямлі жыхар Пінска. Выкапаў ён нейкія кругляшы. Спачатку не звярнуў на іх асаблівай увагі, а калі ачысціў – узрадаваўся. Бо перад ім былі сапраўдныя грошы кіеўскага князя Уладзіміра, хрысціцеля Русі. Такі карысны скарб не сорамна было падараваць нават цару! Цяпер “Пінскі скарб” захоўваецца ў Пецярбургу, у знакамітым музеі Эрмітаж.

Е. Легенда пра скарб

Звычайна вакол схаваных манет існуе тайна, таму людзі прыдумвалі пра іх загадкавыя паданні – легенды. Адну легенду расказвалі некалі жыхары вёскі Азяты на Жабінкаўшчыне.

Гадоў сто таму завітаў у іх вёску вучоны чалавек. Хадзіў па ваколіцах ды нешта ў малую кніжыцу запісваў. Тутэйшыя глядзелі на незнаёмца трошкі з насцярогай. Увечары вучоны накіраваўся на паштовую станцыю. Дарогаю папрасіўся на воз да азятчука. Хацеў добраму чалавеку аддзячыць, палез у кішэню, каб разлічыцца. Але дзядзька запярэчыў.

Азятчук. Што вы, паночку, не вазьму я вашых грошай… Нельга мне іх браць!

Вучоны. Чаму нельга?

Азятчук. Бо яны нядобрыя.

Вучоны. Хіба падробныя? Дык ты на зуб правер.

Азятчук. А хто ведае, дзе вы іх узялі! Мужыкі гамоняць: на гару Арнучча хадзілі. Можа, там і знайшлі?..

Вучоны. І што, часта на той гары грошы знаходзяць?

Азятчук. А то ж! Знаходзяць… Ды няшчасце яны прыносяць.

Вучоны. Чым жа тыя грошы за іншыя горшыя?

Азятчук. Горшыя, паночку, горшыя! Мне бацька казаў: некалі на той гары жыў Чорны Чалавек. Лекар быў выдатны. Але людзі ягоны хутар за вярсту абыходзілі. Нават грыбоў і ягад у блізкім ляску не збіралі. Казалі, што Чорны быў знахарам… Аднойчы ўначы бацька бачыў, як той чалавек на Арнуччы грошы сеяў. Ідзе гэтак, бярэ з шапкі манеты прыгаршчамі, нешта бубніць пад нос ды кідае іх у зямлю. Дачакаўся бацька, як знахар сваю справу скончыць, ды пайшоў на гару.

Вучоны. І знайшоў залатыя?

Азятчук. Знайшоў, паночку, каб ліха іх прыбрала! Бацька той скарб у хустачку закруціў, пад падушку паклаў ды заснуў. А ў сне да яго Чорны завітаў і кажа: “Што ж ты, хлопча, чужое зерне прыбраў? Не ты поле ўзараў, не ты сеяў, не табе і прыбіраць”. Спалохаўся бацька. Раніцай у царкву пабег ды аддаў папу, той пахрысціў. І што вы думаеце? Тыя зачараваныя грошы рассыпаліся, смеццем сталі. Вось як бывае…

Пытанні і заданні

1. На што багаты наш край? Чаму яго называюць “лёгкімі Еўропы”?

2. Дзе знайсці “сонечны камень”?

3. Як старажытныя людзі з’явіліся на Брэстчыне? Назаві берасцейскія вёскі, дзе вучоныя знайшлі “сляды” першабытнага чалавека? Ці ёсць такія ў тваёй мясцовасці?

5. Чалавек адкрыў жалеза. Якую карысць мела гэта вынаходніцтва?

6. Акрамя Баранавіцкага раёна, вёскі Гарадзішча існуюць у Камянецкім, Ляхавіцкім ды Пінскім раёнах. Адкуль імя ў гэтых населеных пунктаў?

7. Якія таямніцы адкрывае археолаг?

8. Прачытайце па ролях легенду пра знойдзены скарб. Пра якія знаходкі ў нашай зямлі вы яшчэ ведаеце?