18. ІШОЎ ЧАЛАВЕК ПА СВЕЦЕ...

18. ІШОЎ ЧАЛАВЕК ПА СВЕЦЕ...

А. Сярод прыгожых ліпавых алей

Асаблівую прыгажосць мае ліпень. Ён дорыць цяпло і зялёны гоман. Звычайна ў ліпені навокал разлятаюцца цэлыя букеты пахаў. Кожны з іх нібыта мае свой колер. Яны не зусім звычайныя. Ёсць колер мядовы. Ёсць сонечна-залацісты. А ёсць яшчэ малахітавы ды блакітна-нябёсны.

Толькі мацней за ўсё пахне ліпавы цвет. Нездарма раней беларускія шляхціцы, людзі заможныя і адукаваныя, клапаціліся, каб іх сядзібы атачалі ліпавыя, грабавыя, каштанавыя алеі. Сотні прыгожых паркаў глядзеліся ў люстэркі азёр і рэк.

Ведаеце, цяпер многае загінула, не дажыло да нашых дзён. Даўно няма палаца Сапегаў у Высокім, парушаны парк у Пятровічах, згінула сядзіба ў Варацэвічах…

Але ўсе яны працягваюць жыць на карцінах, створаных выдатным мастаком. Ён нарадзіўся на Іванаўшчыне, у тых самых Варацэвічах, якія маляваў не аднойчы.

Сорак гадоў няспынна ён рабіў сваю справу. Кожную вясну, калі трохі падсыхалі дарогі, сядаў у фурманку і ехаў па Беларусі, Украіне, Польшчы, па іншых блізкіх і далёкіх землях. Ён не шукаў багацця. У дарогу браў толькі самае неабходнае: алоўкі, паперу і фарбы.

Б. Палескі Напалеон

Аднойчы мастак наведаў Пружаны. Яго зачаравалі тутэйшыя краявіды. Ён спыніўся, дастаў аловак і пачаў маляваць. Спрактыкаваная рука хутка-хутка ўзлятала над мальбертам. І на палатне ўсё выразней паўставаў будынак, дрэвы вакол яго, высокае неба...

На мастака найшло натхненне. Творчасць захапіла яго. Ён працаваў няспынна, з радасцю, адчуваючы лёгкасць, з якой стварае шэдэўр.

Непадалёку тое месца, дзе сустрэліся рэчкі Муха і Вец. Адсюль пачынаецца Мухавец. Паблізу – цудоўны белы палацык з чырвоным дахам.

Швыкоўскі – гаспадар Пружанскага палацыка прыемны чалавек, гасцінны і ветлівы. Ён адукаваны чалавек, з добрымі манерамі, ведае філасофію і мастацтва.

– Напалеон, – прадставіўся госць. У вачах суразмоўцы ён пабачыў здзіўленне, таму дадаў з усмешкай: – Орда. Як сказаў адзін крытык: “Палескі Напалеон”! Праўда, у адрозненні ад французскага імператара, я не вяду ў бой палкі. Больш, чым грукат барабанаў, люблю мелодыі танцаў-паланезаў. Я – музыкант і мастак.

– А ці ёсць у нас сапраўдныя музыка і мастацтва? Як вы лічыце, пан майстра? – пацікавіўся Швыкоўскі.

– О! Не сумнявайцеся ні адной хвіліны. Я шмат ездзіў па свеце. Бываў у Англіі і Францыі, Італіі і Германіі, Іспаніі і Партугаліі. Паверце, у нас цудоўныя таленты. Беларусь – спрадвеку зямля паэтаў. Адное імя Міцкевіча чаго вартае!

В. Адам і Марыля

Малая радзіма Адама Міцкевіча – невялікі шляхецкі двор у Завоссі Баранавіцкага раёна, вядомы па малюнку Напалеона Орды.

Адам з’явіўся на свет 24 снежня 1798 года. На небе толькі ўзышла яркая калядная зорка. Бацька паклаў перад малым сынам шаблю, каліту і кнігу. Дзіцё пацягнулася да кнігі.

– Ён будзе вучоным чалавекам, славутым паэтам. Яго вершы стануць гонарам і багаццем Айчыны.

Мінуў год. Далёка ад Завосся нарадзілася дзяўчынка. І ёй свяціла калядная зорка. Таму ёй далі імя Марыя (у гонар Божай Маці). У сям’і дачку называлі мілагучна Марыляй.

Мінулі гады. Падраслі хлопчык і дзяўчынка. Паціху набліжаліся іх зоркі. Марыля жыла ў Туганавічах (у Баранавіцкім раёне), а Адам, які на той час вучыўся ў Вільні, сябраваў з яе стрыечным братам Ігнатам Дамейкам. Аднойчы Міцкевіч завітаў у Туганавічы. Там паэт, пабачыўшы дзяўчыну, усхвалявана сказаў:

– Бог стварыў нас для агульнага жыцця... Адна зорка свяціла нам у калысцы... Аднолькавыя ў нас думкі, аднолькавае полымя ў сэрцах.

Адам пасадзіў бярозку. Марыля паліла дрэўца вадою. Аднак ім не было суджана быць разам. Па волі бацькоў Марыля выйшла замуж за іншага. Ад гэтай весткі Адам захварэў. Даведаўшыся пра гэта, Марыля напісала яму: “Прашу цябе – не загубі свой талент, беражы здароўе. Памятай, што яно мне вельмі дарагое. Стань вялікім, мой сябра!”

Туганавічы былі разбураныя ў Першую сусветную вайну. Загінула і бяроза, пасаджаная паэтам. Сёння яе можна пабачыць толькі на акварэлі Напалеона Орды.

Мінулі стагоддзі. Але і цяпер, калі ўзыходзіць на небе калядная зорка, успамінаюць людзі Адама і Марылю. У старадаўнім парку захавалася ліпавая альтанка – “калыска кахання”, дзе сустракаліся маладыя.

Г. “Вялікі Асветнік”

Паэта чакала яшчэ адно горкае расстанне. Доўгія гады ён жыў далёка ад любай Радзімы. Сваёй Літве-Беларусі Міцкевіч прысвячаў паэмы і вершы.

Ён спыніўся ў Еўропе. А яго добрага сябра Ігната Дамейку лёс закінуў яшчэ далей – за акіян.

Гэта быў выдатны вучоны. Чылійцы лічаць яго сваім народным героем. У сталіцы Чылі – горадзе Сант’яга ёсць плошча. На ёй – помнік Дамейку. На гэтым помніку выбітыя два словы: “Грандэ Эдукадор” (“Вялікі Асветнік”).

Гэта сапраўды так. Беларус даказаў наколькі багатая краіна Чылі. Вучоны меў глыбокія веды ў хіміі і фізіцы, ствараў бібліятэкі і музеі. Ён кіраваў універсітэтам, стаў выдатным географам і біёлагам, геолагам і батанікам.

Дамейка шэсць разоў узыходзіў на высокія горы Паўднёвай Амерыкі, перасякаў кантынент, даследаваў вулканы, шукаў лячэбныя воды. Ён палюбіў краіну, якая стала яму другой радзімай. Ён палюбіў людзей гэтай зямлі, гордых і сумленных індзейцаў.

Амаль паўстагоддзя Ігнат Дамейка жыў далёка ад Беларусі. Ужо вельмі старым чалавекам ён адважыўся ізноў пераплыць акіян. Вучоны спяшаўся схіліць сваю сівую галаву на магіле маці, пахаванай у баранавіцкай зямлі.

Дамейка пакінуў значны след у гісторыі. Географ вам раскажа пра горы Кардыльера Дамейка. Біёлаг – пра малюск навуцілус дамейкус. Геолаг – пра сіне-белы мінерал дамейкіт. А батанік – пра фіялку віола дамейкіана. Кожнае гэтае слова захоўвае памяць пра вялікага вучонага з Беларусі.

Пытанні і заданні

1. Чаму кожны беларус павінен шанаваць імя Напалеона Орды?

2. Пералічы краіны, па якіх падарожнічаў мастак. Адшукай іх на карце.

3. Прачытай выразна падраздзел “Адам і Марыля”. Пра якую зорку згадваецца ў тэксце? Напярэдадні якога свята яна запальваецца на небе?

4. У памяць пра якога беларускага вучонага названыя горы, малюскі, мінералы, кветкі?

5. Як ты лічыш, чаму чылійцы лічаць яго “Вялікім Асветнікам”?