КАМІЧНАЯ ВАЙНА І КАМІЧНАЯ ДАТА
Яшчэ адна іронія Першай сусветнай вайны: мільёны салдат загінулі, так і не змяніўшы карэнным чынам сітуацыю на фронце, а тут раптам, без адзінага стрэлу і без адзінай страты немцы занялі тэрыторыю ледзь не паловы еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Ужо былой.
Генерал Гофман так і запісаў у сваім дзённіку:
Гэта самая камічная вайна, якую можна сабе ўявіць. Яна вядзецца толькі на чыгунцы і грузавіках. Сажаюць якую-небудзь сотню пехацінцаў з кулямётамі і адной гарматай, і дасылаюць да бліжэйшай станцыі. Бяруць станцыю, бальшавікоў арыштоўваюць і перасоўваюцца далей.
Гофман прыводзіць ашаламляльныя факты, калі адзін лейтэнант і шэсць салдат узялі ў палон 600 казакоў, без барацьбы захапілі гарматы, аўтамабілі, лакаматывы. Ды што там гарматы! Без бою, кіруючыся толькі панічным жахам і чуткамі, здаваліся вялікія гарады. Так, 18 лютага нямецкі атрад менш чым у 100 штыкоў узяў Дзвінск, дзе ў той час знаходзіўся штаб 5-й арміі Паўночнага фронта. 19 лютага быў здадзены Мінск, 20-га — Полацк, 21-га — Рэчыца і Орша, 22-га — латвійскія Вольмар і Вендэн і эстонскія Валк і Гапсала, 24-га невялікі атрад нямецкіх матацыклістаў прымусіў капітуляваць велізарны расійскі гарнізон у Пскове, 25-га бальшавікі з ганьбай пакінулі Барысаў і Рэвель. Толькі Нарва абаранялася да 4 сакавіка. За 5 дзён нямецкія і аўстрыйскія войскі прасунуліся ў глыб расійскай тэрыторыі на 200–300 км. Гэта было самае пераможнае шэсце нямецкай арміі за ўсю гісторыю яе войнаў! Гэта былі самыя чорныя дні ў гісторыі савецкай Расіі, ды і Расіі ўвогуле. Пад пагрозу было пастаўлена само яе існаванне.
Іронія з іроній гэтай камічнай, па словах Гофмана, вайны ў тым, што менавіта ў гэтыя ганебныя дні — 23 лютага — савецкі ўрад пазней вырашыў адзначаць дзень нараджэння Чырвонай Арміі, спасылаючыся на тое, што зноў утвораныя ўзброеныя сілы нейкіх немцаў недзе, маўляў, разбілі, спынілі ці штосьці ў гэтым родзе. Смех! Разрознены супраціў акупантам аказывалі толькі часткі Чэхаславацкага корпуса, якія складаліся з чэхаў, якія здаліся добраахвотна ў расійскі палон, у тым ліку і знакамітага пісьменніка Яраслава Гашака. Акурат у той час ён і пісаў свайго легендарнага салдата Швейка. Аднак, гэта былі нязначныя баі. 21 лютага нямецкія войскі свабодна ўвайшлі ў Кіеў, дзе была адноўлена ўлада Цэнтральнай Рады.
Ну а што ж на самой справе было 23 лютага? Ці нарадзілася якая-небудзь армія? Што паслужыла нагодай для святкавання «дня нараджэння» савецкіх войскаў? Ды нічога добрага для краіны і Леніна з усёй яго камапаніяй не здарылася. Наадварот, наступленне немцаў па ўсім фронце прымусіла Леніна пайсці на пэўныя сустрэчныя крокі, абараняцца, але не ад немцаў, а ад нязгодных са шпіёнскай ленінскай пазіцыяй «таварышаў» па партыі. У выніку вострай барацьбы ў кіраўніцтве ЦК (вось дзе разгарэўся бой!) бальшавіцкай партыі «гераічна» зламіў супраціў левых па пытанні аб падпісанні дамовы з Германіяй. Ужо зраніцы 19 лютага ў Берлін была даслана тэлеграма са згодай савецкага ўрада цалкам прыняць нямецкія ўмовы міру.
Але немцы наступ не спынілі і запатрабавалі ад расійскага боку афіцыйнага пісьмовага паведамлення. Бюракраты! І 21 лютага, у дзень захопу немцамі Кіева, Савнарком прыняў урэшце запознены дэкрэт-адозву «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Звярніце ўвагу: 21-га, а не 23-га.
Можна падумаць, што пасля 21 лютага пачалося хуткае ўтварэнне Чырвонай арміі для адпору варожага наступу. Ні ў якім разе! Ніякага загаду, ані пісьмовага, ані вуснага аб стварэнні чагосьці ўзброенага выпушчана не было! Толькі загад аб раззбраенні. Для з’яўлення арміі патрэбны быў, у першую чаргу, дакумент. Нам яго ніколі не паказвалі і не паспавядалі, акрамя ўзгадкі дэкларацыі «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Дык гэта не дакумент, а ўлётка з крыкам адчаю. То бок па арміі ідзе загад Леніна аб раззбраенні і несупраціве немцам, а хтосьці невядомы (можа зноў чэхі?) утварае нейкую падпольную Чырвоную армію?
Натуральна, што 23 лютага ніякай арміі створана не было, як па-ранейшаму, супраціву ніхто не аказваў. У гэты дзень з Берліна савецкі ўрад атрымаў новыя ўмовы міру, значна больш жорсткія, чым раней.
Новы ўльтыматум складаўся з 10 пунктаў. Калі першыя два паўтралі патрабаванні ад 9 лютага, то бок адвод войск за «лінію Гофмана», то ў іншых пунктах Расію прымушалі цалкам ачысціць Ліфляндыю і Эстляндыю, прызнаць урад Цэнтральнай Рады Украіны і вывесці з яе войскі, таксама як і з Фінляндыі і Турцыі, і вярнуць туркам анаталійскія правінцыі (вось куды занесла расійскага салдата!). Акрамя гэтага, расійская армія павінна была быць цалкам дэмабілізавана, усім караблям трэба было вярнуцца ў порты і раззброіцца, а ў Ледавітым акіяне да заключэння мірнага пагаднення ўсталёўвалася нямецкая блакада. На прыняцце гэтага ўльтыматуму адводзілася двое сутак.
Але бальшавікам не патрэбна было столькі часу, яны прынялі ўльтыматум тады ж — 23 лютага. Дакумент быў абмеркаваны на тэрмінова сазваным у той жа дзень пасяджэнні ЦК. Ленін запатрабаваў неадкладна пагадзіцца на ўсе ўмовы немцаў. За прапанову здацца прагаласавала 7 чалавек, 4 было супраць і яшчэ 4 устрымаліся. І вось гэтае рашэнне, па-сутнасці, капітуляцыя, і паслужыла «нараджэнню савецкай арміі і ваенна-марскога флоту», які мы адзначаем як дзень абароны Айчыны і да гэтай пары… Камічна, як дакладна сказаў генерал Гофман.
Увечары таго ж дня, 23 лютага, «гістарычнае» рашэнне ЦК было ўхвалена ўрадам бальшавікоў — УЦВК і СНК. Паведамленне аб гэтым было накіравана ў Берлін на наступную раніцу, 24 лютага, а ў адказ прышло патрабаванне падпісаць мір на працягу трох дзён ад моманту прыбыцця савецкай дэлегацыі ў Брэст-Літоўск. У той жа дзень немцы, вось жа малайцы, урэшце спынілі наступленне. Але ж дысцыпліна! А маглі ж і да Масквы, як Напалеон, і нават да Чукоткі дайсці.
Савецкая дэлегацыя вярнулася ў Брэст-Літоўск 1 сакавіка. Міністры замежных спраў краін-пераможцаў нават не сталі чакаць на яе, а паказальна паехалі ў Бухарэст заключаць мір з разгромленай Румыніяй. Пасля вяртання глава дэлегацыі абвясціў, што Расія дае згоду на ўмовы, якія «са зброяй у руках былі прадыктаваны Германіяй расійскаму ўраду», і адмовіўся ўступаць ва ўсялякія дыскусіі, каб не ствараць выгляд перамоваў. Своеасаблівая дуля ў кішэні, калі губляць больш няма чаго.
«Са зброяй у руках»… А хто перашкаджаў за зброяй у руках абараняць ад ворага сваю айчыну? Адзін Ленін? Тады ён і не правадыр, а проста жрэц-чараўнік.
Брэст-Літоўскі мірны дагавор, а калі прасцей, то капітуляцыя са стратай велізарнай тэрыторыі ў чвэрць Еўропы, быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года. Тэрмінова скліканы 6–8 сакавіка 1918 года VII з’езд РКП(б) ухваліў пазіцыю Леніна ў пытанні аб заключэнні гэтага, па вобразным выказванні, «брыдкага міру», а IV з’езд Саветаў 15 сакавіка дамову ратыфікаваў. І дзе ж тут дзень утварэння Чырвонай арміі? Дзе чырвоная дата ў календары? Яна з пальца высмактана.
«Брыдкі», паводле Леніна, мірны дагавор (яго злёгку абурыла тое, што крэдыторам прыйшлося аддаць болей, чым ён разлічваў) складаўся з некалькіх дакументаў: самога дагавора паміж Расіяй з аднаго боку і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй — з іншага; заключнага пратакола да дагавора аб мытных зборах і тарыфах на асобныя тавары, расійска-германскай і расійска-турэцкай дапаўняльных дамоваў.
Савецкая Расія губляла велізарныя тэрыторыі — Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, палову Беларусі. Разам каля 1 млн. кв. км з насельніцтвам больш за 50 млн. чалавек! На гэтай тэрыторыі здабывалася 90 % вугалю, выраблялася 54 % прамысловай прадукцыі Расіі. Межы Расіі былі адкінуты да дапятроўскіх часоў, што, у прынцыне, было нават у чымсьці справядліва: першапачаткова мяжа Маскоўскай дзяржавы на захадзе даходзіла ў лепшым выпадку да Вязьмы, але займаючыся захопніцкімі войнамі доўгіх дзвесце год (аб чым паведамляў цару міністр Курапаткін), уперлася ў Балтыйскае мора і захапіла амаль усю Рэч Паспалітую (кавалак Польшчы, Беларусь, Летуву і Украіну).
Можа Ленін устаў на шлях барацьбіта за справядлівасць і раздачы земляў тым, у каго Раманавы іх забралі? Добра было б, але з адной імперыі гэтыя землі перайшлі ва ўладанне іншай — германскай.
Зрэшты, немцы былі настроены куды больш ліберальна, чым ленінскія бальшавікі, якія як чорт з мятлой насіліся са сваёй ідэяй пажару сусветнай рэвалюцыі.
Ну а пакуль Расія выводзіла з адзначыных тэрыторый свае войскі, на іх месца ў той жа час прыходзілі нямецкія. Германія захавала за сабой кантроль над Маанзундскім архіпелагам і Рыжскім залівам. Акрамя гэтага, расійскія войскі павінны былі пакінуць Фінляндыю, Аландскія выспы ля Швецыі; акругі Карэ, Аргадан і Батум перадаваліся Турцыі.
А нямецкія войскі з лініі Нарва — Пскоў — Мілерава — Растоў-на-Доне, дзе яны знаходзіліся на момант заключэння Брэсцкага міру, павінны быць выведзены толькі пасля падпісання ўсеагульнага дагавору.
Брэсцкі дагавор можа і быў бы мірам для Расіі, калі б не аднаўляў вельмі невыгодныя для яе мытныя зборы 1904 года. Не мір, але поўная капітуляцыя і прызнанне паразы ў вайне з ворагам, для якога таксама надышла ліхая гадзіна — вось што падпісаў Ленін. Абсурд! Цікава, што 27 жніўня 1918 года, калі нават германскі генеральны штаб прыйшоў да высновы, што паразы другому рэйху не пазбегнуць, бальшавікі пагадзіліся падпісаць з Берлінам дапаўняльную дамову, якая тычылася фінансавых праблем. Паводле гэтай дамовы Расія павінна была заплаціць Германіі кантрыбуцыю памерам больш за 6 млрд. залатых марак у розных формах.
Калі ўявіць, што гэтая маразматычная сітуцыя адбываецца ў Другую сусветную вайну, то мы атрымаем карцінку, калі ў лютым ці сакавіку 1945 года Савецкі Саюз выходзіць з вайны і саступае ўжо зруйнаванай Германіі ўсю Польшчу, Прыбалтыку, Чэхаславакію, Беларусь, Украіну і Румынію ў дадатак. Гэта нават немагчыма ўявіць. Таму ці варта казаць, што пасля падпісання Брэсцкага міру ў Берліне панавала сапраўдная эйфарыя. Немцы самі не верылі ва ўласны поспех. Дакумент у Рэйхстагу быў ратыфікаваны амаль адзінагалосна.
І ўсё дзякуючы адной надзвычай круткай і дзейснай асобе — Леніну. Тое, што не атрымалася ў нямецкай арміі, зрабіў адзін невысокі лысаваты мужчына, картавы мужчына з рудой бародкай. І калі б не параза Германіі ў вайне, то Леніну хучэй за ўсё паспелі б паставіць у Берліне помнік пры жыцці.
Ганьбу і «брыдоту» Брэсцкага міру падмацаваў не менш прыкры і крыўдны Бухарэсцкі дагавор ад 7 мая 1918 года, паводле якога Румынія, за якую Расія быццам заступілася ў 1914 годзе, прызнала сваю поўную паразу. Але там на самой справе не было каму трымаць вінтоўку ў руках: загінула 7 % ад агульнай колькасці румын. Краіна, страціўшы ўсю Дабруджу і стратэгічныя карпацкія перавалы, адкрыла шлях для ўварвання ў Расію ў любы час ужо венгерскіх войскаў. Румынія таксама абавязалася выплочваць былым праціўнікам велізарную кантрыбуцыю і на 50 год аддавала свае прыродныя багацці, уключна з «лішкамі» ўраджаю, у карыстанне немцам. Да капітуляцыі Германіі і Аўстра-Венгрыі заставалася нейкіх тры месяцы!