ЛЁС «БАТАЛЬЁНА СМЕРЦІ»

Аб жаночым «батальёне смерці» ў савецкія гады ведалі хіба з фільма «Ленін у кастрычніку», фільма пра штурм Зімняга палаца, які разам з юнкерамі абаранялі жанчыны з гэтага створанага Керанскім батальёна. На самой справе ніякага штурму Зімняга не было: у яго натоўп рэвылюцыянераў зайшоў цалкам мірна, прыкінуўшыся дэпутатамі Думы. А праславіўся батальён не абаронай Зімняга, а адзіным боем на франтах Першай сусветнай вайны, пад Смаргонню.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года зноў абраны лідар Часовага ўрада Керанскі звярнуўся да Марыі Бачкаровай з просьбай аб аргінізацыі «жаночага батальёна смерці» для ўдзелу ў патрыятычным праекце. Да арганізацыі такога фарміравання Керанскі прыцягнуў і сваю жонку, і пецярбургскіх інстытутак, агульнай колькасцю да 2000 чалавек.

Але хто ж такая была гэтая Бачкарова, якой даверылі такую далікатную справу? Марыя Бачкарова была звычайнай вясковай сібірачкай з Томскай губерніі, якую ўжо ў пятнаццацігадовым узросце выдалі замуж. Нічым не прыкметны пачатак звычайнага жыцця тыповай расійскай сялянкі. У метрычнай кнізе прыхадской Васкрасенскай царквы захаваўся запіс ад 22 студзеня 1905 года:

Першым шлюбам Афанасій Сяргеевіч Бачкароў, 23 гады, праваслаўнага веравызнання, пражывае ў Томскай губерніі, Томскім павеце Семілукскай воласці, вёсцы Вялікае Кускова, узяў шлюб з дзяўчынай Марыяй Лявонцьеўнай Фралковай, праваслаўнага веравызнання…

Пасяліліся маладыя ў Томску. Але жыццё ў шлюбе амаль адразу не склалася з-за п’янства Афанасія, і Бачкарова без згрызотаў сумлення развіталася з мужам-жлуктам. Яна сышла да мясніка Якава Бука. У маі 1912 года Бук быў арыштаваны па абвінавачванні ў разбойных нападах і пакараны ссылкай ў Якуцк. Бачкарова пешшу пайшла за каханым ва Усходнюю Сібір, дзе ў хуткім часе яны для прыкрыцця адчынілі мясную лаўку, хаця ж на самой справе Бук быў у бандзе ханхузаў. Неўзабаве на след банды выйшла паліцыя, і Бука перавялі на пасяленне ў таёжны пасёлак Амга.

Нягледзячы на тое, што Бачкарова зноў паехала следам за суджаным, ён запіў і пачаў займацца рукапрыкладствам. У гэта чыс распачалася Першая сусветная вайна. Бачкарова вырашыла кінуць другога мужа і ўступіць у шэрагі дзейснай арміі, канчаткова развітаўшыся са сваім Яшкам. Яна вярнулася ў Томск. Запісаць жанчыну ў 24-ты рэзервовы батальён вайскоўцы адмовіліся і параілі ёй пайсці на фронт у якасці міласэрнай сястры. Тады Бачкарова без ваганняў даслала тэлеграму самому цару. І ёй адказалі! Прычым адказалі поўнай згодай. Спачатку жанчына ў пагонах выклікала кпіны і брудныя заляцанні саслужыўцаў, аднак праяўленая ў баі мужнасць прынесла ёй усеагульную павагу, Георгіеўскі крыж і тры медалі. У тыя гады за ёй замацавалася мянушка «Яшка», у гонар яе няўдалага спадарожніка жыцця. Пасля двух раненняў і мноства баёў Бачкарова была ўзведзена ў старэйшыя унтэр-афіцэры.

Вось такой незвычайнай жанчыне даручыў Керанскі ўзначаліць эксперыментальны жаночы батальён з крыважэрным найменнем. У незвычайнай воінскай частцы панавала жалезная дысцыпліна, але падпарадкаваныя скардзіліся начальству, што Бачкарова «б'е морды, як сапраўдны вахмістр старога рэжыму». Далёка не ўсе вытрымлівалі такое абыходжанне: за кароткі тэрмін колькасць жанчын-добраахвотніц скарацілася да трохсот. Астатнія былі арганізаваны ў асобны жаночы батальён, які, дарэчы, ахоўваў Зімні падчас Кастрычніцкага перавароту.

Баявы шлях «батальёна смерці» вычэрпваецца адзіным боем, што, тым не менш, з’яўляеца ўнікальным момантам у гісторыі Першай сусветнай вайны, бо ніводная з астатніх краін-удзельніц не дасылала сваіх жанчын на фронт. Нават падчас Другой сусветнай вайны, калі ў армію жанчын бралі і амерыканцы, і англічане, на фронт салдаты ў спадніцах так і не траплялі. СССР тут таксама вылучыўся тым, што дазволіў сваім жанчынам ваяваць, але на гэты раз стварыўшы спецыяльную жаночую эскадрыллю, якая добра выконвала начныя палёты над нямецкімі пазіцыямі. Немцы называлі савецкіх лётчыц «начнымі вядзьмаркамі»… Таксама савецкія жанчыны выконвалі ролю снайпераў.

Улетку 1917 года атрад Бачкаровай знаходзіўся ў Беларусі пад шматпакутнай Смаргонню падчас штурму Новаспасскага лесу ў 10 км на поўдзень ад Смаргоні на ўчастку 1-га Сібірскага армейскага корпуса. Там ужо на працягу 800 дзён ішлі пазіцыйныя баі з немцамі. Але пасля Лютаўскай рэвалюцыі становішча пагоршылася: салдаты пачалі выказваць паціфістычныя настроі, ваяваць не жадалі. Жаночы атрад, па задуме Керанскага, павінны быў узняць баявы дух дэмаралізаваных салдат. Аднак гэтая задума правалілася, а пра паводзіны жанчын падчас боя распавядаюць рознае. Афіцыйныя асобы ўнікліва паведамлялі, што атрад Бачкаровай праявіў мужнасць, іншыя — што жанчыны ў імгненне забылі ўсё, чаму іх вучылі, збіліся ў кучу, і толькі дасведчаная Бачкарова захавала вытрымку, але атрымала кантузію.

Канечне, ад спачування да няшчасных жанчын у рапарце напісалі, што атрад выявіў адвагу ў баі. А мужчынская стойкасць адной толькі Бачкаровай пакінула незабыўныя ўражанні ў камандзіра Антона Дзянікіна, які прадставіў яе да ўзнагароды. Пасля кантузіі прапаршчык Бачкарова была даслана на папраўку ў петраградскі шпіталь, і ў сталіцы яна атрымала званне падпаручніка, але ў хуткім часе пасля вяртання на пазіцыі ёй давялося распусціць «батальён» у сувязі з фактычным развалам фронту.

Дысцыпліна ў арміі працягвала імкліва зніжацца. Нягледзячы на строгія загады размаўляць з немцамі «толькі пры дапамозе кулі і штыка», непрыхаваныя выпадкі братання ў паласе перадавых акопаў да восені набылі ўсеагульны характар. У арміі панавала імкненне да міру. Пасля змены ўлады ў Петраградзе і арышту Часовага ўраду сітуацыя толькі пагоршылася. Бальшавікі проста абвяшчалі, што вайне канец, заклікалі салдат ехаць дадому.

Узімку 1917 года накіравалася ў Томск і Бачкарова, але па дарозе была затрымана бальшавікамі. Пасля адмовы супрацоўнічаць з новымі ўладамі яе абвінавацілі ў супрацоўніцтве з генералам Карнілавым, справа ледзь не дайшла да трыбунала. Дзякуючы дапамозе аднаго са сваіх былых саслужыўцаў Бачкарова вырвалася на свабоду і, апрануўшыся ў строй міласэрнай сятры, праехала ўсю краіну да Уладзівастока. Адтуль яна адплына ў агітацыйную паездку ў ЗША.

У красавіку 1918 года Марыя Бачкарова прыбыла ў Сан-Францыска. Пры падтрымцы ўплывовай і заможнай Флорэнс Харыман дачка расійскага селяніна перасекла цэлыя Штаты і 10 ліпеня дабілася аўдыенцыі ў Белым доме ў прэзідэнта Вудра Вільсана. Па сведчаннях відавочцаў, аповед Бачкаровай аб яе драматычным лёсе і просьбы аб дапамозе ў барацьбе супраць бальшавікоў да слёз кранулі прэзідэнта.

Журналіст Ісаак Дон Левін на падставе аповедаў Бачкаровай напісаў кнігу пра яе жыццё, яна пабачыла свет у 1919 годзе пад назвай «Яшка» і была перакладзена на некалькі моваў.

Пасля наведвання Лондана, дзе яна сустрэлася з каралём Георгам V і заручылася яго фінансавай падтрымкай, Бачкарова ў жніўні 1918 года прыбыла ў Архангельск. Яна разлічвала прыцягнуць мясцовых жанчын да барацьбы з бальшавікамі, але змагацца ніхто не жадаў. Генерал Марушэўскі ў загадзе ад 27 снежня 1918 года абвясціў, што прызыў жанчын на неадпаведную ім вайсковую службу будзе ганьбай для ўсёй Паўночнай вобласці і забараніў Бачкаровай насіць беспадстаўна афіцэрскую форму.

У наступным годзе Бачкарова ўжо была ў Томску пад сцягамі адмірала Калчака, дзе спрабавала арганізаваць батальён медсясцёр. Пабег Калчака з Омска яна ўспрыняла як здраду, добраахвотна з’явілася да мясцовых уладаў, якія ўзялі з яе падпіску аб нявыездзе.

Праз некалькі дзён 31-гадовая Бачкарова была ўзята пад арышт чэкістамі. Яўных доказаў яе здрады ці супрацоўніцтва з белымі не выявілася, і разбіральніцтва зацягнулася на чатыры месяцы. Паводле савецкай версіі, 16 мая яна была расстраляна ў Краснаярску, але ў заключэнні пракуратуры Расіі аб рэабілітацыі Бачкаровай у 1992 годзе сказана, што сведчанняў і дакументаў, якія б пацвярджалі яе расстрэл, няма.

А вось расійскі біёграф Бачкаровай С. У. Дрокаў лічыць, што яна не была расстраляна. З краснаярскіх засценкаў яе вызваліў усё той жа знаёмы журналіст Ісаак Дон Левін. Разам з ім яна накіравалася ў кітайскі горад Харбін, дзе сустракалася з аднапалчанінам-удаўцом, які стаў яе мужам. Змяніўшы прозвішча, Бачкарова да 1927 года жыла на Кітайскай Усходняй чыгунцы, пакуль не падзяліла лёс расійскіх сем’яў, якія былі гвалтоўна дэпартаваны ў Савецкую Расію. Усю моц невыдаткаванай мацярынскай любові яна, па меркаванні Левіна, аддавала сынам свайго мужа, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.