ЗАБЫТЫ РАСІЙСКІ КОРПУС

21 чэрвеня 2011 года ні ў Маскве, ні ў Пецярбургу ці дзесь яшчэ ў Расіі, а менавіта ў Парыжы быў адкрыты помнік войнам расійскага экспедыцыйнага корпуса часоў Першай сусветнай вайны. На ўбярэжжы ракі Сены, у самым сэрцы Парыжа адбылося адкрыццё помніка расійскім жаўнерам, якія загінулі ў баях за Францыю. Там памятаюць і шануюць расійскіх войнаў, што па волі лёсу апынуліся на Заходнім фронце і самааддана змагаліся там за расійскага цара і фрацузскую рэспубліку. У Расіі, наадварот, да гэтай пары няма ніводнага помніка ў гонар салдат і афіцэраў, якія загінулі на чужых франтах у Першай сусветнай вайне. Лёс расійскага экспедыцыйнага копуса доўгія годы быў невядомым расійскай публіцы.

З першых дзён вайны ўрады Англіі і Францыі пачалі настойліва прасіць Расію аб адпраўцы вайсковых злучэнняў на Заходні фронт. Калі ўвосень 1915 года ў Францыі склалася вельмі цяжкая сітуацыя з папаўненнем войска, французскі ўрад даслаў у Пецярбург дыпламатычную місію на чале з Полем Думерам — сенатарам і памочнікам ваеннага губернатара Парыжа генерала Гальені. Саюзныя дзяржавы разглядалі Расійскую імперыю як бяздонны рэзервуар чалавечых рэсурсаў — так сама, як разглядалі яе ва ўсе часы і расійскія цары. Таму ў 1915 годзе Думер прасіў расійскі ўрад даслаць на Заходні фронт ад 300 да 400 тыс. салдат узамен на французскія вінтоўкі, якіх востра патрабавала расійская армія. Такая прапанова французскага сенатара выглядала як блюзнерства. Начальнік Генеральнага штаба генерал Міхаіл Аляксееў дзівіўся, як можна «мяняць храбрага рускага салдата на бяздушныя вінтоўкі». Але націск саюзнікаў быў магутным, і Мікалай ІІ, які на той момант заняў пасаду Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, не знайшоў у сабе сілы адмовіць дэлагатам ад Французскай Рэспублікі.

У снежні 1915 года было знойдзена кампраміснае рашэнне аб адпраўцы на Заходні фронт чатырох брыгад, кожная з якіх складалася з двух палкоў. Першая і трэцяя брыгады білі накіраваны ў Францыю, другая і чацвёртая — на Балканы, дзе ўвосень 1915 года краіны Антанты былі вымушаны адкрыць новы тэатр баявых дзеянняў. Колькасць расійскага экспедыцыйнага корпуса склала агулам да 45 000 чалавек. Першая брыгада, адпраўленая раней за астатнія, ступіла на французскую зямлю ў красавіку 1916 года і ў хуткім часе прыняла актыўны ўдзел у абароне Рэймса — горада, дзе спакон вякоў каранаваліся французскія манархі.

Пасля тых баёў за расійскімі часткамі замацавалася слава мужных ваяроў, а шматлікія іх удзельнікі атрымалі французскія ўзнагароды. Тым часам, у 1916 годзе германскае камандаванне вырашыла нанесці асноўны ўдар на захадзе і вывесці з вайны Францыю. Немцы планавалі магутнымі флангавымі ўдарамі ў аснаванні Вердэнскага выступу атачыць усю вердэнскую групоўку праціўніка і такім чынам стварыць велізарны пралом у абароне, праз які потым меркавалася нанесці ўдар у фланг і тыл цэнтральным французскім арміям і разбіць увесь фронт саюзнікаў.

21 лютага 1916 года ў раёне крэпасці Вердэн германскія войскі пачалі буйную наступальную аперацыю, якая атрымала назву Бітва пад Вердэнам. Пасля ўпартых баёў з велізарнымі стратамі з абодвух бакоў немцам удалося прасунуцца на 6–8 кіламетраў наперад і ўзяць некаторыя з фартоў крэпасці. Але ў іх не атрымалася цалкам рэалізаваць свае планы. Падчас бітвы ўпершыню з боку Германіі была ўжыта новая зброя — агнямёт. У небе над Вердэнам упершыню ў гісторыі войнаў былі адпрацаваны прынцыпы вядзення паветранага бою — на баку краін Антанты змагалася амерыканская эскадрылья «Лафайет». Немцы таксама ўпершыню пачалі ўжываць самалёт-знішчальнік, у якім кулямёты стралялі праз працуючы прапелер, не пашкоджваючы яго. У баях пад Вердэнам прымалі ўдзел і расійскія жаўнеры з экспедыцыйнага корпуса.

Асноўнай праблемай расійцаў у тыя гады была поўная адсутнасць уласных дактароў і шпіталяў. Паводле ўспамінаў графа Аляксея Ігнацьева, расійскага ваеннага аташэ ў Парыжы ў гады Першай сусветнай вайны, даводзілася сутыкацца з вялікімі цяжкасцямі падчас прыёму французскімі шпіталямі расійскіх параненых салдат. Лёс кожнага з іх, па сутнасці, залежаў ад асабістых сімпатый з боку супрацоўнікаў медустановы. Паводле сведчанняў відавочцаў, стаўленне да расійскіх воінаў цяжка было назваць саюзніцкім — іх абслугоўвалі ў другую і трэцюю чаргу, выкарыстоўваючы для перавязкі брудныя бінты, ашчаджаючы лекі і прэпараты, у тым ліку болесуцішальныя сродкі.

Нярэдка расійскіх цяжка параненых салдат размяшчалі ў калідоры на халоднай падлозе, у той час як у палатах ляжалі прастуджаныя англічане і французы. Зразумела, што такое стаўленне французаў да расійцаў, што былі адпраўлены на выратаванне Парыжа, ішло не на карысць самой Францыі і стварала негатыўны вобраз заходніх саюзнікаў у простага расійскага жаўнера.

Нягледзячы на праблемы ў тыле, расійскія часткі адважна змагаліся падчас Энскай бітвы, якая ўвайшла ў гісторыю як бойня Нівэля, па прозвішчы французскага галоўнакамандуючага генерала Рабэра Нівэля. Гэта было адно з першых буйных наступленняў на Французскім фронце, якое адбылося ўвесну 1917 года. З-за поўнага правалу ўсёй аперацыі, якую аглічане і французы прайгралі, 29 красавіка 1917 года генерал Нівэль быў зняты з пасады галоўнакамандуючага і заменны на пераможца Вердэнскай бітвы, будучага маршала Францыі генерала Петэна.

Расійскія брыгады апынуліся на самым гарачым участку французскай атакі і з гэтай прычыны панеслі велізарныя страты — каля 5000 чалавек. Гэты факт істотна паўплываў на стаўленне расійскіх салдат да французскіх вайскоўцаў, якія арганізавалі такое непрадуманае наступленне і кінулі ўперад расійскія злучэнні.

Наступленне Нівэля збеглася па часе з атрыманнем звестак аб Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года і адрачэнні Мікалая ІІ, аб чым расійскія вайскоўцы даведаліся з французскіх газет. Шмат хто з ваеннаслужачых ў той сітуацыі адмовіўся прымаць удзел у незразумелай і бессэнсоўнай вайне і запатрабаваў вяртання на радзіму. Хваляванне ў асяродку расійскіх частак не засталося незаўважаным, і французскае камандванне рэзка змяніла стаўленне да расійскага кантынгенту. Усе мінулыя заслугі былі імгненна забыты французамі, як быццам подзвігаў не было зусім. Расійцам перасталі давяраць, усё «рускае» ў адзін момант стала сінонімам здрады і баязлівасці. Усе расійскія часткі, размешчаныя ў Францыі, былі выведзены з баявых пазіцый і накіраваны ў глыбокі тыл — у раён горада Ліможа ў правінцыі Авэрнь. Дзве расійскія брыгады былі раскватэраваны ў ваенным лагеры Ля-Куртын.

Але расійскія салдаты на самой справе не жадалі ваяваць у імя незразумелых ім мэтаў і адмаўляліся камусьці падпарадкоўвацца. У гэтых умовах расійскае камандаванне падзяліла жаўнераў на верных і мяцежных, ізаляваўшы першых ад другіх. Бунтаўнікоў пакінулі ў Ля-Куртыне, а тых, хто захаваў вернасць прысязе, перавялі ў іншы лагер — Курно ля горада Бардо. Так з’явіліся куртынцы і курноўцы — праціўнікі і прыхільнікі працягу вайны адпаведна.

Куртынцы, іх было каля 10 000 чалавек, адхілілі цэлы шэраг ультыматумаў французскіх уладаў, Часовага урада і расійскага генералітэту. Расійскім камандаваннем супольна з французскімі ўладамі было прынята рашэнне аб сілавым падаўленні мецяжу і ўзяцці лагера. Ён быў аточаны 3 тысячамі курноўцаў. Урэшце 16 верасня 1917 года вайсковы лагер Ля-Куртын упершыню патрапіў пад магутны артабстрэл. Вось калі пачалася Грамадзянская вайна! Не ў Расіі, а яшчэ ў Францыі, да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У першы жа дзень па лагеры было выпушчана каля 50 снарадаў. Агонь вёўся з французскіх гармат, але наводзілі іх расійскія артылерысты. 20 верасня асада лагера скончылася. Разам па мяцежніках было зроблена каля 500 стрэлаў з артылерыйскіх гармат. Апроч таго, на прагу ўсіх гэтых дзён лагер абстрэльваўся з кулямётаў.

За пяць дзён загінула, паводле неафіцыйных дадзеных, ад 400 да 600 чалавек, у асноўным, куртынцаў. Афіцыйныя лічбы значна адрозніваюцца ў меншы бок — 10 забітых і 44 параненых.

Пасля падаўлення мецяжу ў лагеры Ля-Куртын найбольш актыўныя яго ўдзельнікі былі адразу адпраўленыя ў французскія турмы. Прынятая Часовым урадам 5 лістапада 1917 года пастанова аб невяртанні брыгад у Расію да «ўрэгулявання моманту» дала французскаму боку падставу разглядаць расійскі вайсковы кантынгент як прыватную ўласнасць французскага ўрада. У студзені 1918 года ўсе расійскія злучэнні, якія знаходзіліся ў Францыі і на Балканах, перайшлі ў непасрэднае падпарадкаванне да французскага кіраўніцтва.

Вайсковае камандаванне французаў увяло ў дачыненні да расійскіх салдат сістэму трыяжу, ці сарціроўкі. Расійскім жаўнерам былі прапанаваны тры варыянты далейшых дзеянняў: змагацца далей, але ў французскіх злучэннях і пад непасрэдным камандваннем французскіх генералаў; уладкавацца ў якасці рабочых на вайсковыя прадпрыемствы Францыі ці быць сасланымі ў Афрыку, перш за ўсё ў Алжыр — галоўную французскую калонію на гэтым кантыненце. Прыкладна 300 чалавек пагадзіліся працягваць вайну на баку Францыі, 5000 чалавек аддалі перавагу працы на заводах і яшчэ 1500 чалавек вырашылі з’ехаць у спякотную Афрыку, толькі б падалей ад абрыдлай вайны.

Найбольшая колькасць жаўнераў Расійскага экспедыцыйнага корпуса абрала другі, найбольш бяспечны варыянт — стаць рабочымі. Вядома, што некаторыя салдаты нават завялі ў Францыі сем’і і ў будучыні атрымалі грамадзянства гэтай краіны. Але шмат хто пасля вайны вярнуўся на радзіму. Першыя эшалоны з Францыі ў Расію пацягнуліся ўвесну 1919 года — гэта былі інваліды, якія сталі калекамі на вайне. Следам пачалі адпраўляць і нядаўніх рабочых, якія былі вымушаны працаваць на французскіх заводах. Самым трагічным быў лёс тых, хто вырашыў адправіцца ў Афрыку.

Сустрэча на алжырскай зямлі мала нагадвала цёплы прыём, аказаны расійскім вайскоўцам у красавіку 1916 года ў Марсэлі. У Афрыцы расійцаў, якія пралівалі за Францыю кроў, прымалі ўжо як злачынцаў, ссыльных катаржнікаў. Яны жылі ў бараках за калючым дротам. Вельмі цяжкая праца, у тым ліку на вугальных шахтах і свінцовых рудніках, ва ўмовах нязвыклага клімату чакала на іх. Былыя жаўнеры вялі паўгалоднае існаванне, бо кепскай ежы хапала з цяжкасцю, а даволі нізкі ўзровень медычнай дапамогі, жахлівая антысанітарыя і жорсткія пакаранні за дысцыплінарныя парушэнні моцна паўплывалі на іх здароўе.

Толькі 20 красавіка 1920 года ў Капенгагене бальшавіцкі і французскі ўрады падпісалі пагадненне ад абмене грамадзянамі, пасля якога многія расійцы змаглі вярнуцца на радзіму.

Тыя ж, хто пагадзіўся ваяваць, былі самай малалікай, але маральна ўстойлівай групай. Нягледзячы на тое, што 3 сакавіка 1918 года савецкія ўлады падпісалі Брэст-Літоўскі[2] мірны дагавор, паводле якога Расія выходзіла з вайны, генерал Лахвіцкі і палкоўнік Готуа сфарміравалі Расійскі Легіён, які ў асноўным складаўся з расійскіх афіцэраў-добраахвотнікаў.

Таксама дэ-факта палонных расійскіх салдат прымушалі запісвацца ў Замежны легіён французскай арміі, дзе, забыўшыся на ўласнае паходжанне, яны павіны былі служыць пад камандаваннем французскіх афіцэраў у імя французскіх інтарэсаў.

Увесну 1918 года расійскія легіянеры гераічна абаранялі французскі горад Суасон, на які немцы ў роспачы кінулі ўсе свае сілы, што засталіся ў іх напрыканцы вайны. Іх мэтай быў захоп Парыжа, а Суасон з’яўляўся «паўночнай брамай» сталіцы Францыі. Дзякуючы самаадданасці і гераізму расійскіх салдат, шматлікія з якіх атрымалі ордэн Ганаровага легіёна — вышэйшую узнагароду Французскай рэспублікі, немцы не захапілі Парыж.

Разам з Мараканскай дывізіяй Расійскі Легіён прайшоў Латарынгію, Эльзас, вобласць Сар і ўвайшоў у Германію. Пасля Камп’енскага перамір’я ў лістападзе 1918 года Расійскі Легіён быў накіраваны ў горад Вормс на паўднёвым захадзе Германіі, які быў адведзены легіянерам для акупацыі. Як жа былі здзіўлены і абураны немцы, калі даведаліся, што расійскія часткі ўвайшлі ў горад на правах пераможцаў, а на берагах Рэйна пачаў лунаць расійскі трыкалор. Але радасць ад перамогі хутка змянілася на сум і жаль: з цэлага 45-тысячнага Расійскага экспедыцыйнага корпуса, дасланага ў сярэдзіне вайны на дапамогу саюзнікам, на развітальным ваеннным пастраенні ў Вормсе стаяла толькі 500 чалавек.

Гераічны і ў той жа час сумны шлях расійскага корпуса ў Францыі. Але перад тым, як закляйміць няўдзячных французаў, давайце лепш прыгадаем аб падобных выпадках у Расіі, ды і не толькі ў Расіі.

Падаецца, што ва ўсіх краінах замежных салдат-саюзнікаў сустракаюць як герояў, а калі тыя пачынаюць выказваць нежаданне ваяваць і ўвогуле паводзіць сябе неадэкватна, то стаўленне да іх рэзка змяняецца. Іх лічаць злачынцамі і імкнуцца ад іх пазбавіцца. Яксравы прыклад — лёс Чэхаславацкага корпуса ў Расіі.

Ужо ў самым пачатку вайны падданыя Аўстра-Венгрыі чэхі і славакі не выказвалі жадання ваяваць супраць Расіі. Яны масава здаваліся да расійцаў у палон. З гэтых ваеннапалонных і быў утвораны Чэхаславацкі корпус. Са снежня 1917 года на аснаванні дэкрэта французскага ўрада ад 19 снежня «Аб арганізацыі аўтаномнай Чэхаславацкай арміі ў Францыі» Чэхаславацкі корпус, размешчаны ў Расіі, фармальна стаў падпарадкоўвацца французскаму камандаванню і атрымаў указанне аб адпраўцы ў Францыю. Тым не менш, у лютым 1918 года, калі бальшавікі без бою здаваліся немцам, саступіўшы ім па загадзе У. Леніна палову Украіны з Беларуссю, супрацьстаяць ворагу спрабаваў толькі Чэхаславацкі корпус, які заставаўся адзіным дзейсным ваенізаваным злучэннем на тэрыторыі Расіі.

Тым не менш, трапіць у Францыю чэхі і славакі не маглі, бо ўвесь захад Расіі разам з марскімі портамі і чыгункай знаходзіўся ў руках ворага.

1 лютага 1918 года камандзір Чэхаславацкага корпуса Т. Масарык заключыў пагадненне аб нейтралітэце з бальшавіком Мураўёвым, які камандаваў наступаўшым на Кіеў 5-тысячным савецкім атрадам. Апошні паведаміў Масарыку, што ўрад Савецкай Расіі не пярэчыць ад’езду корпуса ў Францыю праз Сібір.

На справе ўсё было інакш. Падаецца, браты-расіяне не жадалі мець на сваёй тэрыторыі такое магутнае ваенізаванае злучэнне, як Чэхаславацкі корпус. Але як ад яго пазбавіцца? У пачатку 1918 года 1-я чэхаславацкая дывізія размяшчалася ў Жытоміры. 27 студзеня (9 лютага) дэлегацыя Цэнтральнай рады УНР у Брэст-Літоўску падпісала мірны дагавор з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, заручыўшыся іх падтрымкай у барацьбе з савецкімі вайскамі. З’яўленне на тэрыторыі Украіны армій дзяржаў Траістага саюза, у вачах якіх чэхі і славакі былі здраднікамі, не запавядала нічога добрага, і да 21 лютага дывізія перайшла на тэрыторыю Левабярэжнай Украіны.

Пасля падпісання Савецкай Расіяй Брэсцкага міра, згодна з якім яе войскі павінны былі пакінуць тэрыторыю Украіны, чэхаславацкія легіянеры яшчэ тыдзень, з 7 па 14 сакавіка, працягвалі дзейнічаць супольна з Украінскай савецкай арміяй, упарта стрымліваючы націск нямецкіх палкоў у раёне Бахмача. Бальшавікі пры гэтым нават не паварушыліся для абароны сацыялістычнай айчыны, якую самі абвясцілі «ў небяспецы», хаця ж пазней, на працягу 70 гадоў адзначалі гэтыя дні як момант нараджэння «савецкай арміі і ваенна-марскога флоту». Але ў чырвоных тады не было ані флоту, ані арміі.

Усе намаганні Чэхаславацкай нацыянальнай рады былі накіраваны на тое, каб арганізаваць эвакуацыю корпуса ў Францыю. Самым кароткім шляхам быў марскі — праз Архангельск і Мурманск, — аднак ад яго адмовіліся з-за боязі чэхаў, што корпус могуць перахапіць немцы, калі арганізуюць наступленне. Было вырашана накіроўваць легіянераў па Транссібірскай чыгунцы да Уладзівастока і далей праз Ціхі акіян у Еўропу.

На ўсход чэхі адпраўляліся на 63 цягніках, па 40 вагонаў у кожным. Першы эшалон выйшаў 27 сакавіка і праз месяц прыбыў у пункт прызначэння. Да мая 1918 года эшалоны расцягнуліся на некалькі тысячаў кіламетраў, ад Самары і Екацярынбурга да Уладзівастока.

Былая царская армія да лета 1918 года канчаткова спыніла сваё існаванне, у той час як РКЧА і белыя арміі толькі пачыналі фарміравацца (улетку 1918 года, а не 23 лютага!), і часта не вылучаліся баяздольнасцю.

Чэхаславацкі корпус па-ранейшаму заставаўся адзінай дзейснай сілай у Расіі, яго склад узрос да 50 000 чалавек. Але стаўленне бальшавікоў да яго было відавочна варожым. З іншага боку, нягледзячы на згоду чэшскага камандавання на частковае раззбраенне эшалонаў, сярод саміх легіянераў гэта было ўспрынята з вялікім незадавальненнем і стала нагодай да канфліктаў з бальшавікамі.

А тут і Чычэрын з-за жадання зноў дагадзіць Германіі накіраваў Краснаярскаму савету тэлеграму аб спыненні далейшага руху чэшскіх эшалонаў на ўсход:

Гэрманія рашуча патрабуе пачатка хуткай эвакуацыі нямецкіх палонных з Усходняй Сібіры ў Заходнюю ці ў Еўрапейскую Расію. Прашу ўжыць усе сродкі. Чэхаславацкія атрады не павінны перасоўвацца на ўсход.

Чычэрын

Легіянеры ўспрынялі гэта так, як быцам Расія і Германія разглядаюць іх як афіцыйных ваеннапалонных, што належаць да выдачы. У прынцыне, камісары менавіта гэта і збіраліся зрабіць, дагаджаючы немцам і аўстрыйцам. Цяпер «таварышы» толькі чакалі на выпадак ці хаця б дробную нагоду, каб раззброіць чэхаў. І такі выпадак у хуткім часе здарыўся, анекдатычны, праўда, быццам з кнігі Я. Гашака пра салдата Швейка: чугуннай ножкай ад печкі, выкінутай з эшалона з ваеннапалоннымі венграмі (а венгры і чэхі ў аўстрыйскай арміі былі непрымірымымі ворагамі), быў паранены чэшскі салдат. У адказ чэхі спынілі цягнік і адшукалі вінаватага… Скарыстаўшыся гэтым інцыдэнтам — а такіх, і нават горшых, па ўсёй Расіі было дастакова — савецкія ўлады Чэлябінска, ведаючы, чым гэта можа павярнуцца, на наступны дзень арыштавалі некалькі легіянераў. Аднак чэхі праявілі сапраўдную мужнасць і згуртаванасць. Арыштаваных сілай вызвалілі, раззброілі мясцовы атрад Чырвонай гвардыі і разнеслі збройны арсенал, захапіўшы 2800 вінтовак і артылерыйскую батарэю.

Так пачаўся канфлікт.

Загадчык аператыўнага аддзела Народнага камісарыята па справах войска Аралаў тэлеграфаваў у Пензу:

Прапаную неадкладна прыняць тэрміновыя меры для затрымкі, раззбраення і расфарміравання ўсіх эшалонаў і частак чэхаславацкага корпуса як рэшткаў старой рэгулярнай арміі. З асабістага складу корпуса фарміруйце чырвонаармейскія і рабочыя арцелі…

Арыштаваныя ў Маскве прадстаўнікі кіраўніцтва корпуса прынялі патрабаванні Троцкага і аддалі ад асобы Т. Масарыка загад аб здачы зброі, абвясціўшы інцыдэнт у Чэлябінску памылкай. Аднак легіянеры падпарадкоўваліся ўжо толькі ўласна абранаму «Часоваму выканаўчаму камітэту». Чэхі выдатна разумелі, што калі яны здадуць зброю, арыштаў і расстрэлаў ім не пазбегнуць. Надзвычайны орган корпуса даслаў ва ўсе часткі і эшалоны загад:

Зброю нідзе саветам не здаваць, самім сутыкненняў не выклікаць, але ў выпадку нападу абараняцца, прасоўванне на ўсход працягнуць уласным парадкам.

25–27 мая ў некалькіх пунктах (Мар’янаўка, Іркуцк, Златавуст) чырвоныя спрабавалі раззброіць чэхаў, але ім быў аказаны супраціў.

Бязрадная на той момант Чырвоная армія цярпела паразу за паразай. Чэхаславацкі корпус надоўга зараз у Сібіры, вызваляючы ад чырвоных цэлыя гарады. 21 студзеня 1920 года на станцыі Куйтун ля Іркуцка было падпісана пагадненне аб перамір’і паміж камандаваннем Чырвонай арміі і Чэхаславацкага корпуса, якое гарантавала часткам апошняга бяспечны адыход на Далёкі Усход і эвакуацыю. У ноч з 1 на 2 сакавіка Іркуцк пакінулі апошнія чэшскія эшалоны і ў горад уступілі рэгулярныя часткі Чырвонай арміі.

Толькі дзякучы ўласнай згуртаванасці і ўпартаму непадпарадкаванню загадам бальшавікоў больш за 56 000 чэхаў і славакаў паспяхова вярнуліся на радзіму. У Расіі было страчана (загінула, знікла без вестак ці засталося) каля 4000 салдат корпуса. Але, калі б яны здалі зброю, як гэтага патрабавалі бальшавікі, то з імі адбылося б тое самае, што з польскімі афіцэрамі ў верасні 1939 года — расстрэл. Польскіх афіцэраў, якія добраахвотна здаліся Чырвонай арміі падчас захопу Савецкім Саюзам Заходняй Беларусі, бязлітасна расстралялі ў Катыні, нібыта злачынцаў. Нават з будучымі нямецкімі палоннымі абыходзіліся больш гуманна.

І якія пасля гэтага прэтэнзіі да французаў? Расійцы самі былі вінаваты у тым, што ў адрозненні ад чэхаў, якія трымаліся адзіным моцным кулаком, раз’ядналіся і нават ваявалі адно супраць аднаго. Ну а тыя, хто абраў Алжыр, павінны былі пацікавіцца тым, што ў гэтыю краіну з Францыі высылаюць адно катаржнікаў. Але французы, як бы там ні было, помнік расійскім жаўнерам у цэнтры Парыжа, хаця ж і позна, ўсё ж усталявалі. А вось помніка ўдалым ваякам-чэхам ніхто ў Расіі ставіць не збіраецца. Яны, падманутыя і па-здрадніцку кінутыя бальшавікамі, для расійскіх уладаў па-ранейшаму нібыта кепскія. І нават Расійскі эспедыцыйны корпус у Францыі на радзіме застаецца неўшанаваным. Пра іх проста забылі. Як быццам не было.

Міхаіл Велер мае рацыю: «калі мы б’ем — гэта добра, калі нас б’юць — гэта кепска». Вось і цэлая зулуская філасофія.