II. БЕЛАРУСКАЯ ГІСТОРЫЯ

II. БЕЛАРУСКАЯ ГІСТОРЫЯ

Тысячу гадоў таму хтосьці ўпершыню укленчыў на гэтае зямлі, каб памаліцца Ісусу Хрысту.

Так пачалася гісторыя Беларусі.

Тое, што адбывалася ў геаграфічным цэнтры Эўропы дагэтуль, было перадгісторыяй.

І толькі тады, калі тут зьявілася Слова, пісьменнасьць і ясная духовая сьвядомасьць – немая дагэтуль зямля атрымала імя, набыла сэнс і сталася Беларусьсю.

Гісторыя чалавечага сэрца ў ягоных узаемадачыненьнях з Хрыстом зрабілася гісторыяй Сэрца Эўропы.

Гісторыя – найбольш магутны пласт нацыянальнай ідэі.

Гісторыя – казырны аргумант у спрэчках.

Гісторыя – самае відавочнае пацьверджаньне Боскага пакліканьня для Беларусі.

Чым глыбей вывучаеш беларускую гісторыю, тым больш пераконваесься: Бог рыхтаваў гэтую зямлю й гэты народ у сэрцы Эўропы да чагосьці вялікага й цудоўнага.

Няма патрэбы падрабязна спыняцца на агульнавядомых у гістарыяграфіі тэорыях найчысьцейшага славянскага народу, балцкага субстрату, хаўрусу крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў, або канцэпцыях беларускае дзяржаўнасьці ад Полацкага княства да Рэспублікі Беларусь. Такая гісторыя апісвае адно формы. А вось зьмест тысячагадовага разьвіцьця беларусаў як нацыі, сутнасьць нацыятворчага фэномэну, сама ідэя дагэтуль у падобных тэорыях адсутнічалі. Адказы на пытаньні: Адкуль? Чаму? Дзеля чаго? – апускаліся ў поўнай адпаведнасьці з традыцыяй легендарных радаводаў Рурыка або Палямона.

Такім чынам, адкуль?

Як гісторыя Ізраілю пачалася са Слова Божага да Абрагама, так і беларуская гісторыя пачалася з прыняцьця хрысьціянства.

З тае пары, як сюды прыйшло хрысьціянства, яно зрабілася для Беларусі ўсім. Абуджэньні хрысьціянскай духовасьці спараджалі дзяржаўныя й нацыянальныя ўздымы. Канфэсіі выконвалі ролю палітычных партыяў, а герархі царквы – грамадзкіх лідэраў. Рэлігія фармавала адукацыю, культуру, мясцовае самакіраваньне, ды, у рэшце рэшт, саму нацыю. І сіла, і слабасьць Беларусі заключаліся ў хрысьціянстве. Гістарычныя працэсы кіраваліся звышнатуральнымі адкрыцьцямі й уявамі, праваламі грэху, помсты й нянавісьці, парывамі сумленьня й веры, усім глыбінным магматызмам духу.

Першаштуршкамі, першапрычынамі беларускай гісторыі былі духовыя абуджэньні, якія прыводзілі да грамадзкіх, эканамічных, палітычных, культуровых уздымаў.

Канец Х ст. Прыняцьцё хрысьціянства. Першавобраз дзяржавы, зародак нацыі. Полацк зьбірае пад сваёй уладай ядро беларускіх земляў і адстойвае іх незалежнасьць ад суседзяў і качэўнікаў. Вынік – росквіт Полацкага Княства ХІ ст.

Сярэдзіна ХІІ ст. Хрысьціянскае абуджэньне Полацка, Турава, Смаленска. Духовае ўзрушэньне ў сэрцы Эўропы ў эпоху фэадальнай раздробленасьці рыхтуе агульны абшар для пасіянарнага выбуху ВКЛ. Вынік – утварэньне найбуйнейшай эўрапейскай дзяржавы Сярэднявечча ад Балтыкі да Чарнамор’я.

Сярэдзіна XVI ст. Хрысьціянскае абуджэньне Залатога веку. Распаўсюд Рэфармацыі, каталізацыя каталіцызму, праслаўленьне праваслаўя. Вынік – стварэньне беларускае нацыі, здольнай перанесьці выпрабаваньні Новага Запавету наступных трох стагодзьдзяў і распаўсюдзіць беларускі ўплыў на Рэч Паспалітую й Расейскую імпэрыю.

ХХ ст. Нацыянальны й рэлігійны рэнэсанс пачатку й канца стагодзьдзя. Вынік: адраджэньне беларускае дзяржаўнасьці пасьля прыгнёту й акупацыяў – у сэрцы Эўропы, напярэдадні яе аб’яднаньня.

Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Біблію. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісьма наноў ажываюць і паўтараюцца ў нашай краіне, а тысячагадовая Беларусь паўстае як жывая ілюстрацыя да Кнігі Кнігаў – разгорнутая пасярод Эўропы, на скрыжаваньні, каб было відаць усім.

Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя невялікага, гнанага, паняволенага народу, які тысячагодзьдзямі шукаў сваёй Радзімы й сваёй тоеснасьці; гісторыя, якая захавалася не ў вялікіх сьценах, рыцарскіх латах і адчаканеных манетах, а ў кніжным слове боганатхнёных пісьменьнікаў, паэтаў-прарокаў і першадрукароў, якіх упару называць першасьвятарамі.

Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта не паданьне пра ідэальных каралёў і іхнія каралеўствы, ня эпас заваёвы неахопных тэрыторый і не легенда пра зьнішчэньне ворагаў дазваньня – а гісторыя пакорлівасьці, міласэрнасьці й служэньня блізкаму.

Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя звышнатуральных тайнаў, цудаў і перамогаў меншымі сіламі: ня зброяй, а духам.

Нарэшце, як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя чалавечай слабасьці й Божае велічы, гісторыя пыхі, страху й грэху, пераадоленых верай, праўдай і любоўю.

Старым Запаветам гісторыі Беларусі былі стагодзьдзі Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Час патрыярхаў. Эпоха выхаду з чужога рабства, блуканьня ў Міжмор’і й здабыцьця зямлі абяцанае. Эра мудрых, эра праведных войнаў, герояў, судзьдзяў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.

Краіна, якая потым стане Беларусьсю, нараджалася на стратэгічным стыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход – калыска Ізраілю. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне – гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Увесь час мы аказваліся то між варагаў і грэкаў, то між Кіевам і Ноўгарадам, то між Расеяй і Эўропай.

Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі, канцэнтравалася супрацьстаяньне імпэрыяў. На сэрца Эўропы прэтэндавалі і свой Эгіпет, і Рым, і Асірыя, і Бабілён.

Што дзіўна: тут ува ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім водападзеле, па Менскім мэрыдыяне... Але важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё расплываецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумневам спыняюцца ўсе заваёўнікі. Краіна духу... Такой была і Юдэя.

Вялікае Княства Статуту, тэрыторыя парадку – сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інквізіцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламеяўскіх начэй – Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.

Але Беларусь занепадала духова – і была караная.

Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта бязьвер’е. Калі сілу духу канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу.

Эпоха Старога Запавету канула ў Лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона і мудрым Саламонам, гарадзенскім Давыдам, новым палонам і прарокамі, са спрадвечнай славай і дабралдавеньнямі, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.

Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. І шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў – з Новага Запавету.

Дакладная пераломная дата беларускага тысячагодзьдзя, ключавы пункт, які дыямэтральна разьвярнуў усю нашу гісторыю ад старадаўняга Закону да Эвангельля новае эры – гэта 1563 год.

У 1563 годзе Іван Жахлівы штурмам бярэ Полацк – старажытную хрысьціянскую сталіцу Беларусі: удар у самае сэрца Старога Запавету скаланае ўсю краіну.

У 1563 годзе Жыгімонт Аўгуст выдае знакаміты Віленскі прывілей, які ўраўноўваў у правох каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў – дэклярацыю талеранцыі Залатога веку, уключаную ў якасьці прэамбулы ў Статут ВКЛ 1566 г.

У 1563 годзе завяршаецца Трыдэнцкі сабор, які пракляў пратэстантызм, арганізаваў Контаррэфармацыю і даў штуршок 200-гадовай экспансіі каталіцызму ў Беларусі.

У 1563 годзе ВКЛ пачынае афіцыйныя перамовы з Польшчай аб дзяржаўнай вуніі, якія ўрэшце рэшт прывядуць да абвяшчэньня Рэчы Паспалітай і палону паланізацыі.

У 1563 годзе Сымон Будны выракаецца Хрыста як Бога; адначасова са стварэньнем руху антытрынітарыяў афармляецца раскол беларускае Рэфармацыі і пачатак згасаньня Залатога веку.

У 1563 годзе ў Нясьвіж да Мікалая Радзівіла Чорнага прывозяць на выхаваньне юнага Льва Сапегу: сымбалічны акт пераемнасьці двох найвялікшых канцлераў-эпохаў!

У 1563 годзе беларусы Іван Федаровіч і Пётр Мсьціславец закладваюць у Маскве друкарню й пачынаюць выдаваць Біблію для Расеі.

У тым жа 1563 годзе ў Берасьці вялізным накладам друкуецца шыкоўная “Радзівілаўская Біблія” для Польшчы.

У адным кульмінацыйным годзе, як у фокусе, сышліся веліч ды правалы Старога Запавету, трагізм і высокасьць Новае эры Беларусі. Рэфармацыя, уздым каталіцтва й праваслаўя ХVІ ст. стварылі ў Беларусі ўнікальную сытуацыю нацыятворчага абуджэньня. Увесь народ адчуў Божую прысутнасьць – і ўсьвядоміў сваю еднасьць, асобнасьць і сваё прызначэньне.

Стары й Новы Запавет беларускай гісторыі, як і ў Бібліі, падзяліла прышэсьце Хрыста. Як зь геніяльнай інтуіцыяй напісаў Уладзімер Караткевіч рыхтык пра гэты самы час, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Гісторыя зьмянялася абсалютна непазнавальна. Для Беларусі настала Новая эра. Прабіў час прымружвацца й падстаўляць для ўдару шчокі. Час палюбіць бліжняга свайго ўсім сэрцам, як самога сябе. Час аддаваць.

Мы аддавалі ўсё. Да астатняга таленту. Да апошняга слова. Так, што нам самім анічога не заставалася на расплод. Аддалі нават Вільню – уласны Ерусалім... Польская асыміляцыя ў Рэчы Паспалітай справакавала цэлы фэервэрк фэномэнаў беларускага паходжаньня. Мы далі Польшчы найвышэйшыя, найсьвяцейшыя імёны – Касьцюшку, Агінскага, Міцкевіча, Манюшку, Сянкевіча... Захоп вялікалітоўскіх земляў і хваля перасяленцаў на Ўсход выбухнулі неймаверным узьлётам расейскай літаратуры й музыкі XIX-XX стагодзьдзяў, а гэта, паміж іншага, адна з першарадных зьяваў у культуровай гісторыі чалавецтва. Беларусы для Расеі зьдзейсьнілі пераварот у сьветаўспрыманьні: Глінка, Шастаковіч, Стравінскі, Дастаеўскі, Твардоўскі, Алеша, Грын, Еўтушэнка, Высоцкі, Растраповіч. Прарокі, апосталы, як на падбор. Уявіце сабе, якая павінна быць духовая сіла, каб узьняць Польскую Карону да Польшчы, а Расейскую імпэрыю да Расеі! І ўсё гэта хворая, нямоглая, абрабаваная Беларусь. Так-так, тая самая, з каўтуном у валасох. Падумаць, дык яна зрабіла нашмат болей, чым здолела Вялікае Княства. Быццам велізарная ўспышка сьвятла, дух зьніклага ВКЛ, хрысьціянскі дух талерантнасьці й цярплівасьці, свабоды й веры, любові й асьветы ахапіў куды большыя прасторы, чым усе вайсковыя кампаніі ў пару росквіту ВКЛ. Беларусь не падначальвала, не насаджала – яна прапаведвала й ачышчала. Яна сваім целам, сваёй крывёю пераўтварала самыя пачварныя дэспатыі.

Беларусь судзілі, рвалі на часткі, дзялілі, як вопратку Ісуса, і раскрыжоўвалі межамі. Нашым друкарам ламалі косьці на дыбе; нашы паэты харкалі крывёю на чужыне; нашыя лепшыя галовы лопаліся ад рэвальвэрнага стрэлу ў патыліцу. Пётр І рэзаў, Карл ХІІ паліў, Мураўёў вешаў, Сувораў пароў штыхамі, а Напалеон навальваў груды гарматнага мяса; Сталін расстрэльваў, Гітлер труціў газамі. Білі наводмаш, прыпадкамі, шалеючы, па-садысцку ўпадаючы ў раж ад яе пакорлівасьці. А Беларусь усё падстаўляла твар, і скрозь сьлёзы ўсьміхалася ім. Яна малілася за іх вуснамі сваіх геніяў. Што яна дазваляла з сабой рабіць! – і любіла... Колькі кахалася тут расейцаў, немцаў, французаў, палякаў – многа, ох як многа. Здавалася б гэтую краіну, яе назву, мову, ды й саму памяць аб ёй выгвалцілі й растапталі насьмерць.

Таму неверагоднае ўваскрашэньне ў пачатку ХХ стагодзьдзя ўсіх проста агаломшыла. Той нацыянальны рух чысьцейшай вады, які ўзьнік надзіва імкліва, чарговы раз прымушае нас паверыць у цуды.

І прыслухацца, як прароча, пачынаючы яшчэ з Багушэвіча, гучаць прозьвішчы. Багдановіч. Адамовічы. Геніюш.

Многія прызвычаіліся глядзець на такую гісторыю даволі сумна, паныла й без асаблівай цікавасьці. Маўляў, ну, былі паняволеным народам... Але момант ісьціны заключаецца ў найвышэйшым, біблейскім сэньсе гэтых драматычных падзеяў. Беларускі арэол сьвятла й духовасьці пасьля падзеньня ВКЛ азарыў Расею й паў-Эўропы. Беларусь – вельмі рэдкі выпадак у сусьветнай гісторыі – дамаглася адраджэньня дзяржаўнасьці ня зброяй, не паўстаньнем, крывавым тэрорам ці рэвалюцыяй гвалту, а любоўю, цярпеньнем і ўнутранай сілаю духу. Менавіта так 2000 гадоў таму перамог на крыжы Хрыстос, вызваляючы й ратуючы сьвет Сабою. Амаль усім падчас укрыжаваньня здавалася, што Яго жыцьцё скончылася правалам, і гэта было страшнае расчараваньне. Але далейшае ўваскрасеньне й фэнамэнальны распаўсюд хрысьціянства па ўсёй зямлі давялі, што перамога была абсалютная.

Зараз беларускі Новы Запавет перажывае эпоху Эвангельляў. Зноў і зноў – як у Бібліі, якая паўтарае гісторыю сьмерці й уваскрасеньня Ісуса чатыры разы. Зноў і зноў апошнія чатыры стагодзьдзі Беларусь увасабляла гэтую гісторыю, штораз паміраючы й уваскрасаючы.

Але цяпер, пасьля апошняга ўкрыжаваньня, калі мы (ужо ў які раз!) замест мёртвага цела ўбачылі ў пустой магіле бел-чырвона-белы сьцяг, калі апошні фама няверуючы ўжо ўсклікнуў: “Госпадзе мой і Божа мой!” – за Эвангельлямі надыходзіць пара Дзеяў Сьвятых Апосталаў. Потым – Апостальскіх Пасланьняў. І затым – апошняга Адкрыцьця, поўнага зьзяньня нябёснае славы.

А значыць, наперадзе Беларусь чакае яшчэ больш вялікая гісторыя. Гісторыя падарожжаў, пакутаў і павучаньняў, празь якія народы пойдуць да спазнаньня Бога. Гісторыя місіі й пропаведзі ашаламляльных маштабаў – па ўсім зямным шары.

Гісторыя, што захапляе дух і ясна адказвае, Чаму.

Гэта ня містыка. Гэта рэальная гісторыя датаў, зьяваў, падзеяў, асобаў, зафіксаваная у беларускіх кроніках.

Апошнія некалькі стагодзьдзяў гісторыю Беларусі пісалі суседзі. Расейская, польская, летувіская, савецкая акупацыйныя канцэпцыі разрывалі Беларусь, выхопліваючы яе з рук адзін у аднаго, на Северо-Западный Край, Крэсы Ўсходнія ці літоўскія правінцыі. Толькі ў ХХ стагодзьдзі, намаганьнямі Доўнар-Запольскага, Ластоўскага, Ермаловіча, Грыцкевіча ды Арлова на абломках савецкае імпэрыі паўстаў цэласны й самастойны нацыянальны пагляд, і Беларусь заняла свой пачэсны пасад між народамі.

Але цяпер, напачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыстова, час узьнімацца яшчэ на прыступку вышэй. Да гісторыі першапрычынаў, гісторыі значэньня, гісторыі сэнсу. Бо гісторыя Беларусі – гэта Хатынь, Курапаты, Няміга, Берасьцейская Крэпасьць, Чарнобыль. Такіх знакаў бяды хапіла б цэламу кантынэнту – а выпала на адну тысячную тэрыторыі зямнога шару. Гіганцкія могілкі пад адкрытым небам – крыжы, абэліскі, помнікі. Магільнікі найвялікшых чалавечых грахоў і ідэалёгіяў, пыхі й нянавісьці, камунізму ды гуманізму. Поле аграмаднага болю, які вымагае пакаяньне ўсяго сьвету. Каб усё чалавецтва памятала пра вечнае.

І вы яшчэ пытаецеся, ДЗЕЛЯ ЧАГО?

Калі мы кажам пра Беларусь, пытаньні аб нарманскае ці славянскае тэорыі ў параўнаньні з духовымі прычынамі фэномэну Беларусі выглядаюць другаснымі. Падобныя гіпотэзы хутчэй належаць да сфэры надзённае палітыкі, той ці іншай вэрсіі нацыянальнага міту. Нам жа патрэбны ня міт, а праўда: толькі праўда, уся праўда, і нічога апроч праўды. Так, кожнае з дыскусійных дапушчэньняў па-свойму праўдзіва – бо і варагі тут ваявалі, і славяне, факт, асымілявалі балтаў, і кіеўскія князі ўсталёўвалі свае парадкі, і тутэйшыя валадары баранілі сваю незалежнасьць. Але ж сутнасьць ня ў гэтым. Беларусь распушчае да воблачнае смугі ўсе фармальныя й дробязныя адрозьненьні, усе спрэчкі аб шляхах і мэтадах – і пакідае толькі Мэту. У таемнае смузе, у насычаным растворы Духа сынтэзуецца найкаштоўнейшы, бліскучы беларускі крышталь. Галоўны сэнс беларускага этнагенэзу выражаны літаральна ў двух словах. Не ад варагаў ці грэкаў, не ад балтаў ці славянаў пайшлі беларусы. АД БОГА.

Вось адкуль наш род.

Праўда тое, што беларусы былі слабымі й траплялі ў рабства, калі забываліся на Хрыста. Праўда тое, што беларуская кроў, беларускі бруд і беларускі грэх у чысьцюткай, такой белай і асьветленай Беларусі асабліва заўважныя. Праўда тое, што беларуская гісторыя – гэта не адно гісторыя велічы, веры й самаахвярнасьці, але й гісторыя богаадступніцтва, сораму й ганьбы.

Чытайце Біблію – там усё гэта напісана.

Праўдзівая беларуская гісторыя з камэнтарамі Бібліі – поўны й разгорнуты адказ на тое немае пытаньне, што застыла ў вачох сёньняшняга разгубленага пакаленьня беларусаў.

Што ж будзе з радзімаю і з намі?..

“Гэта кажа Госпад: спыніцеся на шляхах вашых і разгледзьцеся, і запытайцеся пра шляхі старадаўнія, дзе шлях добры, і ідзіце па яму, і знойдзеце супакой душам вашым”.

(Ярэмія 6:16)