АДРАДЖЭНЬНЕ

АДРАДЖЭНЬНЕ

Адраджэньне – вечны вобраз гісторыі Беларусі.

Адраджэньне – самая яркая ўспышка беларускага нацыянальнага руху.

Адраджэньне – імкненьне народа да аднаўленьня ідэалу, да першастворанага, закладзенага ў нацыю Богам: мэнтальнасьці, культуры, духовасьці. Гэты вобраз заўжды перад унутраным зрокам сьвядомага беларуса, вядзе яго наперад й ўваскрашае – праз усю гісторыю прыніжэньняў, акупацыяў і ахвяраў.

У Адраджэньні блішча й грае гранямі мэта, дзеля якой нацыя зьявілася на сьвет.

Дзеячаў нацыянальнага руху, пачынаючы з ХХ ст., у нас завуць адраджэнцамі; Беларускі Народны Фронт дадаў да сваёй назвы "Адраджэньне" як абавязковы брэнд, а маладафронтаўцы на парозе новага тысячагодзьдзя ўвогуле зрабілі стаўку на "Ды-джэяў Адраджэньня".

Адраджэньне – не абстрактае паняцьце й не рамантычная мара. Адраджэньне – настолькі моцнае імкненьне да неба, пабуджанае воляй Божай, такі ўздым ад самае зямлі, які віруе, бурліць ва ўсім грамадзтве, культуры, эканоміцы, палітыцы, кіпіць у захапленьні – жыць! жыць!! – што падымае са сну, з балота, ды нават з труны цэлую краіну.

Беларускае Адраджэньне заўжды перамагала бяз зброі й гвалту: яго рухавымі сіламі былі выключна дух і слова, мэтадамі – мараль і культура, сутнасьцю – вера і любоў.

Адраджэньне ёсьць заканамернасьцю Уваскрасеньня. Беларусь столькі разоў памірала й была пахаваная, што Адраджэньне стала абавязковай нацыянальнай традыцыяй. Звышнатуральны знак – бел-чырвона-белы сьцяг, палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса Хрыста – родніць беларускае Адраджэньне з Уваскрасеньнем Божым.

Адраджэньне – гэта калі тутэйшыя, прыніжаныя й зьнясіленыя, узгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесь час корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае.

Беларускае Адраджэньне – гэта кроніка нараджэньня звыш. Як і сюжэт Бібліі, гісторыя Беларусі – гэта гісторыя адраджэньняў.

Х стагодзьдзе. У Сэрцы Эўропы, у змроку славянскага паганства раптоўна ўзыходзіць зорка Полацку: пропаведзь Эвангельля і з Усходу, і з Захаду адраджае даўняе чалавечае імкненьне да адзінага Бога, Творцы і Збаўцы. Мы бачым першае Адраджэньне – Полацкае княства. Мы пазнаем Рагнеду, Ізяслава, Барыса – першых хрысьціянаў і першых беларусаў.

ХІІ стагодзьдзе. У правале фэадальных міжсобіцаў Полацк, Тураў і Смаленск, разьяднаныя па цьмяных кутках, азарае адначасовае хрысьціянскае Адраджэньне – эпоха Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кліма Смаляціча й Аўрамія Смаленскага. Абшары, ахопленыя духовым зіхаценьнем, уваччу робяцца Белай Русьсю, і ў сполахах сьвятла ясна відаць абрысы новае зямлі – Вялікага княства.

XVI стагодзьдзе. Сярод унутраных смутаў і зьнешніх пагрозаў у сярэднявечным ВКЛ, на ўскраіне цывілізацыі, ад мора да мора выбухае Адраджэньне Залатога веку. Разгортваецца Рэфармацыя, прачынаецца праваслаўе, каталізуецца каталіцызм. Прапаведуюць апосталы нацыі – Скарына, Гусоўскі, Волян, Цяпінскі, Мікалай Радзівіл, Леў Сапега. Фантануе культура: беларуская рэзь, кафля, шкло, музыка, жывапіс, іканапіс, архітэктура, літаратура… Эпоха гэтага Адраджэньня моцна адрозьнівае Беларусь і ад Расеі (дзе нічога падобнага не было), і ад Рэнэсансу Паўднёвай Эўропы зь яго сьвецкасьцю й імкненьнем да бязбожнага гуманізму: беларускае Адраджэньне, нароўні з ангельскім, нямецкім ці галяндзкім мае выразны хрысьціянскі зьмест і проста дыхае адухоўленасьцю. Масква і Польшча, Украіна й Прыбалтыка адчуваюць біцьцё вялікага Беларускага Сэрца.

ХІХ стагодзьдзе. У акупаванай Беларусі, разарванай паланізацыяй і русыфікацыяй, забароненая мова, закон і вера, табу нават назва, эліта бяжыць на Захад або на Усход, а ў паўстаньнях вынішчаюцца тыя нямногія, хто застаўся… Але ж – адкуль толькі сілы бяруцца! – з фальклёру, зь вёскі, з самых каранёў падымаецца новае Адраджэньне… Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, "Наша Ніва", Грамада – і вось успыхвае БНР, і 10 гадоў інэрцыя беларусізацыі захлынае нават падсавецкую Беларусь.

Нарэшце, напрыканцы ХХ ст. Беларусь, пахаваная ў сусьветнай вайне й Імпэрыі зла, з калектывізацыяй, індустрыялізацыяй, генацыдам Хатыні, Трасьцянца, Курапатаў, зноў уваскрасае. Зянон Пазьняк заклікае: "Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!" – і паўстае Беларускі Народны Фронт, абвяшчаецца незалежнасьць, і па-над краінай зноў уздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг.

Сёньня нам зноў моцна баліць. Дзяржава на мяжы зьнікненьня. Але мільёны тутэйшых ужо ўзгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесьчас корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае.

Таму словы з кнігі прарока Ісайі, 58 разьдзел, 12 верш – гэта няспынны зварот да сучасьніка:

"Ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і назавуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву."

Бо, уласна кажучы, ідэя Адраджэньня і ёсьць нацыянальнай ідэяй.