ВОРНЫЯ ЗЕМЛІ

ВОРНЫЯ ЗЕМЛІ

Глыбокі радок з трэцяга разьдзелу, дзевятнаццатага вершу Кнігі Быцьця, быццам ральля, узворвае любую беларускую душу:

"У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль не вернесься ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернесься."

Беларусь мае каля 7 мільёнаў гектараў ворнае зямлі, якая выкарыстоўваецца ў севазвароце. Паводле колькасьці ворыва на душу насельніцтва (да 0,7 гектараў на чалавека!) мы займаем адно зь першых месцаў у сьвеце – нароўні з Канадай, ЗША, Украінай. Японцы, ангельцы, ізраільцяне, якія ўпершыню прыяжджаюць у Беларусь, заўжды зьдзіўляюцца: "Ого, колькі зямлі!.."

Беларусам, вечным працаўнікам, дасталася вялікая зямля.

Ворыва – база нашага будучага дабрабыту. Патэнцыял гіганцкі: калі Беларусь, суцэльнае радовішча мінэральных угнаеньняў, радзіма трактара "Беларус" і камбайна "Гомсельмаш", здолее дасягнуць ураджайнасьці на ўзроўні Францыі – яна ператворыцца ў аграрнага лідэра рэгіёну, здольнага накарміць і галодную Расею, і Польшчу, і Прыбалтыку. Вакол аграмадны рынак, а сярод суседзяў ніхто так добра не працуе на зямлі, як беларусы. Праўда, сьпярша давядзецца ўвесьці прыватную уласнасьць на зямлю, распусьціць гэтыя няшчасныя калгасы ды адрадзіць беларускае фэрмэрства ў выглядзе хутароў і фальваркаў.

Беларус, пан сахі і касы, як народ вырас з гэтае зямлі. Адсюль маўклівая ўнутраная сіла, бясконцая здольнасьць трымаць, нараджаць і цярпець. Адсюль і вытворны ад ворыва вобраз нашае нівы, які праступае праз друкаваныя радкі, быццам барозны.

Калі падымаць гэтую цаліну яшчэ глыбей, мы ўспорам і вясковыя карані нацыянальнага мэнталітэту, і беларускую мару – коласаўскую "Новую зямлю", і нават тое, што заснавальнікам глебазнаўства быў беларус з паходжаньня Васіль Дакучаеў.

Беларускае ворыва – нашая зямля абяцаная. З часоў Божага запавету "... І напаўняйце зямлю, і валодайце ёю" (Быцьцё 1:28) беларусы спраўна выцярэблівалі лес, асвойвалі пусткі, пераціралі кожны камячок вось гэтымі самымі рукамі: зьвярніце ўвагу на ўласныя пальцы, якія прагна ўчапіліся ў палі! "А пасеенае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе словы і разумее, і плод прыносіць, і дае адзін сто, другі шесьцьдзесят, а той трыццаць". (Мацвея 13:23). Дасёньня беларус, які трапляе на чужыну – што ў Сібір, што ў Амэрыку, што ў Аўстралію – інстынктыўна згінаецца, унураецца ў зямным паклоне, і бач ты, ужо градкі з бульбаю ды гуркамі, ды яшчэ палісаднік з кветкамі.

Капаць зямлю – галоўнае беларускае хобі. Для нашага чалавека глеба заўжды была як кавалак хлеба: хоць бяры ды еш. "Зямля" – якое насычанае, смачнае жыцьцё!

Тлумачэньне ўсяму гэтаму простае: беларусы вельмі любяць зямлю. Той самы родны кут – як ты мне мілы! – зь якога сам беларус жыве, токі якога з сокамі, солямі й ёнамі пульсуюць у ім штосэкунды, абуджаюцца зь вясною і назапашваюць сілы ўвосені. Свая "малая зямля" зьяўляецца галоўнай крыніцай нашага прыватнага патрыятызму.

Беларус і яго зямля – гэта вечнае каханьне. Да самое труны.