КРЫНІЦЫ

КРЫНІЦЫ

Беларусь – краіна-крыніца.

Вобраз бліскучы, жывы й празрысты. Галоўныя рэкі Ўсходняй Эўропы выцякаюць са спрадвечных балотаў і водападелаў Міжмор’я, абжытых беларусамі. Беларускія крыніцы наталяюць вадою суседзяў: Дняпро з Прыпяцьцю – стэпавую Украіну, Нёман і Вялья – Літву, Дзьвіна – Латвію, Буг і Нарач – Польшчу. Нават расейская Волга пачынаецца на этнічна беларускім Валдайскім узвышшы, ключавой структуры ўсходне-эўрапейскае гідраграфіі. Адсюль, быццам з забытага, зарослага глухім лесам Эдэму, цякуць вялікія патокі ва ўсе чатыры стараны сьвету. Бо гэта “З Эдэму выплывала рака на арашэньне раю, і потым разьдзялялася на чатыры ракі...” (Быцьцё 2:10). Волга на Ўсход, Дняпро на Поўдзень, Дзьвіна на Захад, Ловаць з Волхавам да Ноўгарада, Ладагі, Нявы – на Поўнач.

Крыніца – ключавы сымбаль Беларусі.

Дажджы й росы, талыя воды й туманы перапаўняюць набрынялую вільгацьцю зямлю, сочацца скрозь глебу, фільтруюцца праз крышталёвыя пясочкі, намнажаюцца, а потым пад ціскам тоўшчаў мкнуць да сьвятла й паветра, і струменяць ключом чысьцюткае жывое вады. Гэтак, тыпова па-беларуску, нараджаецца цуд тварэньня Божага. Беларуская зямля крынічыць амаль паўсюль – у лесе, балотах, на дне азёраў ды схілах узгор’яў. Калі вада халодная й празрыстая – значыць, блізка крыніца. Ціхая, сьцюдзёная крынічка ў гушчары зь берасьцяным кубкам для піцьця на галінцы – такі ж фірмовы знак Беларусі, як “Песьняры”, гружаны БелАЗ або Крыж Эўфрасіньні Полацкай. “Крыніцай” называецца самае папулярнае беларускае піва, лепшыя рэстарацыі й санаторны комплекс пад Менскам. Беларуская паэзія бруіць крыніцамі скрозь, ад Багдановіча да Сокалава-Воюша.

Паняцьце крыніцы для беларускай нацыянальнай ідэі поўнае сэнсу: гістарычнага, геапалітычнага, культуровага, духовага. Беларусь – першапачатак і першапрычына сусьветнай значнасьці.

Мы глядзім тэлевізію, слухаем радыё, чытаем кнігі й газэты, на кожным кроку сустракаемся з загадкавай мэлядычнасьцю й веліччу Расеі, з рамантызмам і ўзьнёсласьцю Польшчы, манюшкамі й арэшкамі, ліцьвінамі й, вядома ж рабіновічамі, з фактамі беларускага паходжаньня тысячаў – так, тысячаў! – знакамітых паэтаў, прарокаў, правадыроў; ужо як належнае ўспрымаем родныя беларускія мясьціны галівудзкіх зорак, ізраільскіх дзеячоў, амэрыканскіх кангрэсмэнаў і эўрапейскіх славутасьцяў, знаёмае ў імёнах, фразах, асацыяцыях – і нават не даем сабе справаздачы, што так багата істотнага бярэ свой пачатак у Беларусі!

Азірніцеся вакол. Зацінае дых, аж хочацца плакаць ад жалю і шчасьця: адлюстраваньні самае сьветлае й ахвярнае ў Эўропе любові, пералівы найглыбейшае сьпеўнасьці й мяккасьці, пробліскі яснае й глыбокае, ціхае, цярплівае прыгажосьці – вось ад чаго на велізарным абшары млее Расея, вось чым пыша Польшча, вось чым зьзяе Ізраіль, вось што калыхаецца, кіпіць і сьвеціцца, прабіваючыся да сьвятла з-пад зямлі, ад Белага мора да Чорнага, ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну!

І калі вы пачуеце ўлюбёнае поўнагалосае аканьне і сьціслае, быццам птушынае ціўканьне, дзеканьне й цеканьне, памяншальна-ласкальныя абароты праз слова, мілыя ноткі, знаёмыя зь дзяцінства, у пастаянных спасылках, канчаткі на “іч – ыч”, “онак –ёнак”, і “эня – еня”, кропелькі роднасьці ў тытрах ды цытатах, калі вы адчуеце гэтыя шчырыя й чыстыя токі, пранізлівы рытм вялікага Сэрца ў пульсах Кіева, Вільні, Варшавы, Масквы, Піцера й Ерусаліма – шукайце беларускіх крыніцаў.

Вы пачынаеце адчуваць, што перад вамі чыстая, як сьляза, беларускасьць. І што гэта? Вашыя вочы міжволі робяцца крыніцамі.

У невычэрпным альтруізме, якім, як крывёю, сплывае Беларусь, якім пяюць і пояць беларускія крыніцы, празрыста бруяць эвангельскія словы Хрыста: “Хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, што пацячэ ў жыцьцё вечнае .” ( Яна 4:14 )