ГІСТОРЫЯ ПЫТАННЯ

ГІСТОРЫЯ ПЫТАННЯ

Хоць новагародскі перыяд нядоўгі па сваёй працягласці (ён прыпадае на другую палову XIII ст. і на пачатак XIV ст.), аднак яго значэнне ў гісторыі Беларусі выключна важнае, і найперш тым, што з ім звязана ўтварэнне і ўмацаванне новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Пачатковым асяродкам гэтага гістарычнага працэсу стаў Новагародак (так тады называўся Наваградак), які да сярэдзіны XIII ст., як ужо намі адзначалася, вырас ў буйны эканамічны і культурны цэнтр, што і стала вызначаць яго дамінуючае месца ў нашай гісторыі таго часу.

Аднак гэта выдатная роля Новагародка гістарычнай навукай зацемнена да непазнавальнасці. Нават ужо ў 50–70-я гг. нашага стагоддзя, калі дзякуючы археалагічным пошукам быў выяўлены выключна высокі ўзровень эканомікі і культуры старажытнага Новагародка і яго вобласці, т. зв. Чорнай Русі, даследчыкі паранейшаму адмаўлялі яму ў самастойным значэнні і паказвалі яго толькі як аб’ект заваявання Літвы, якая ў сваю чаргу атаясамлівалася з сучаснай Літвой, што зусім скажала гісторыю ўтварэння Вялікага княства Літоўскага778.

Карані такога погляду на Новагародак і іншыя беларускія гарады трэба шукаць у сярэдзіне XVI ст., для яго з’яўлення тады склаліся адпаведныя гістарычныя абставіны. Менавіта ў той час Маскоўская дзяржава стала прад’яўляць свае правы на беларускія і ўкраінскія землі, якія знаходзіліся ў складзе Вялікага княства Літоўскага. А калі ў ходзе Лівонскай вайны ў 1563 г. войскі Івана Грознага занялі значную частку Беларусі, у тым ліку і яе старажытны цэнтр — Полацк, — вось у гэты крытычны момант і наспела неабходнасць абгрунтаваць гістарычныя правы Вялікага княства Літоўскага на беларускія землі. Паколькі з’явілася пагроза іх страты, то і ўзнікла сцверджанне аб іх выратаванні літоўскімі князямі і падначаленні ўладзе Літвы. Вось тады і сталі з’яўляцца летапісы, у якіх усё гэта даводзілася. Прычым у іх на першы план выводзіцца ўласна не Літва, а Жамойць (заходняя частка сучаснай Літвы). I гэта невыпадкова. У той час жамойцкія феадалы, адчуўшы сваю моц (Жамойць у вышку Грунвальдскай перамоп больш не цярпела ад нападаў крыжакоў, што ў пэўнай ступені спрыяла яе дабрабыту) і прэтэндуючы на першынство ў дзяржаве, вырашылі перапісаць гісторыю Вялікага княства Літоўскага з тым, каб прыпісаць сабе заслугу ў яго стварэнні. I таму ў летапісах, такіх, як «Хроніка Быхаўца», апавядалася, як жамойцкі князь Монтвіл, дачуўшыся, што Русь паваявана Батыем, даў войска свайму сыну Эрдзівілу (у некаторых летапісах — Сюрманту, залежна ад таго, у інтарэсах якога магнацкага роду пісаўся летапіс: Радзівілаў ці Скірмантаў), які, перайшоўшы Вяллю і Нёман, убачыў гару высокую і прыгожую і на ёй разбураны татарамі Новагародак. Узнавіўшы яго і зрабіўшы ў ім сваю сталіцу, ён пайшоў далей і гэтак жа аднавіў і ўзяў пад сваю апеку і іншыя беларускія гарады: Берасце, Горадзен, Драгічын, Мельнік779.

Паказаўшы жамойцкае паходжанне новагародскіх князёў, аўтары летапісаў вырашылі зрабіць тое самае і ў дачыненні да полацкіх князёў. У выніку гэтага мы даведваемся, што сын Эрдзівіла заваяваў Полацк і стаў называцца князем полацкім і новагародскім. Унукам яго нібыта быў полацкі князь Барыс, якому прыпісвалася пабудова Сафійскага сабора і іншых выдатных будынкаў у Полацку. Асабліва важна было прыпісаць жамойцкае паходжанне гэтаму князю, пакол ькі, дзякуючы Барысавым камяням, аб ім з усіх полацкіх князёў найбольш захавалася памяць у народзе.

Няма чаго казаць, наколькі выдуманымі з’яўляюцца гэтыя гісторыі. Такой гістарычнай асобы, як Монтвіл, мы не знаходзім у ранейшых крыніцах, якія добра ведаюць тагачасных жамойцкіх князёў. Добра таксама вядома, што Беларусь не ведала батыеўскага пагрому, і таму яе гарады не маглі быць разбураны. I князь Барыс быў сынам не міфічнага Гінгвіла, а вядомага полацкага князя Усяслава Чарадзея. I тым не менш усе гэты… байкі атрымалі ў гістарычнай навуцы самае шырокае распаўсюджанне і трывала замацаваліся ў ёй. Такое адбылося найперш дзякуючы таму, што польскі гісторык М. Стрыйкоўскі на аснове летапісаў XVI ст. напісаў сваю «Кроніку» і выдаў яе ў 1582 г. у Каралеўцы (Кёнігсбергу). Вялікую дапамогу яму ў гэтым аказаў жамойцкі біскуп Гедройц, што і зразумела. Усё гэта было ў інтарэсах жамойцкіх феадалаў, ідэолагам якіх і з’яўляўся Гедройц. «Кроніка» М. Стрыйкоўскага стала шырокавядомай, яе матэрыялы, у тым ліку і аб заваяванні літоўскімі князямі беларускіх земляў, увайшлі ў шматлікія еўрапейскія кнігі. Новы імпульс для свайго ажыўлення гэтыя міфы атрымалі ў 30–40-я гады XIX ст., калі ў Вільні выйшлі дзевяць тамоў працы Т. Нарбута «Дзеі старажытныя народу літоўскага», якая грунтавалася на канцэпцыях М. Стрыйкоўскага, «Кроніка» якога таксама была перавыдадзена ў той час. 3 гэтых кніг у далейшым і чэрпалі ў цэлым матэрыялы для сваіх даследаванняў пра Вялікае княства Літоўскае, асабліва пра яго ўтварэнне, гісторыкі. I хоць такія відныя вучоныя, як Б. Антановіч, М. Дашкевіч, К. Любаўскі, у сваіх працах па гісторыі Вялікага княства Літоўскага адзначалі вельмі важныя асаблівасці, якія праўдзіва характарызавалі гэтую дзяржаву, а адзін з іх, М. Дашкевіч, нават усумніўся ў праўдзівасці заваявання Літвой Новагародка, аднак і яны не толькі не здолелі пераадолець і адкінуць тэзіс аб літоўскім заваяванні беларускіх земляў, але і, бяздоказна паўтараючы яго, гэтым самым яшчэ больш замацоўвалі яго ў гістарычнай навуцы.

На вялікі жаль, пытанне аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага і ў савецкай гістарыяграфіі не было перагледжана. Больш за тое, пад уздзеяннем сцверджання аб бездзяржаўнасці Беларусі ў мінулым асабліва шмат у нашай гістарычнай літаратуры гаворыцца пра «ўладарніцтва літоўскіх феадалаў» над Беларуссю. Найболын поўнае выяўленне гэтага мы знаходзім у працах Л. Абэцэдарскага «У святле неабвержных фактаў» (1969) і У. Пашуты «Образование Литовского государства» (1959), у якіх Беларусь выступав не інакш як «падуладная Літве», «заваяваная Літвой» і да т. п. Але нават У. Пашута, кніга якога асабліва прычынілася да ўмацавання ў савецкай гістарыяграфіі тэзіса аб літоўскім заваяванні Беларусі, не быў упэўнены ў праўдзівасці шэрагу сваіх палажэнняў, звязаных з утварэннем і далейшай гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, калі вымушаны быў адзначыць: «Далейшыя поспехі нашай навукі, верагодна, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў і вывадаў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш»780. Сапраўды, гісторыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага патрабуе ўважлівага асвятлення, якое б знаходзілася ў поўнай адпаведнасці з гістарычнымі сведчаннямі.