28. Эміграцыя
28. Эміграцыя
У 1912 годзе мела месца агромністая засуха. Астролягі ня вельмі памыліліся ў той раз, прарочачы голад і вайну. Хлеб, што праўда, быў, хоць і падаражэлы, але стыхійная бяда выклікала ў Беларусі й суседніх краінах тэндэнцыю да эміграцыі. Малазямельныя гаспадарнікі рушылі ў Сыбір, дзе сталыпінская рэформа стварыла ім спрыяльныя ўмовы, перш за ўсё падатковыя ды інвэстыцыйныя. У эканамічным сэнсе гэта трэба ацэньваць пазытыўна: узьнікла магчымасьць паменшыць, альбо й запыніць, працэс раздробленасьці вёскі. Быў дзеля гэтага някепскі прыклад з Жамойці, адкуль дзесяцігодзьдзем раней вывандравала ў Амэрыку амаль трэцяя частка сялянскай галоты, якая потым нярэдка вярталася назад з сякім-такім капіталам, ажыўляючы вытворчасьць. На ўрадлівых заходнесыбірскіх пустэчах і ў Забайкальлі асела амаль мільён беларусаў. І калі б не вайна ды пасьлейшае зьніштажэньне Расеі бальшавікамі, тая беларуская калянізацыя, несумненна, адыграла б сваю збаўленчую ролю ў дачыненьнях з Бацькаўшчынай. Цікава тут адзначыць, што „Наша Ніва” й іншыя часопісы мелі ўжо падпісчыкаў за Ўралам, як і, дарэчы, крыху каля Нью-Ёрку ды ў Чыкага.
Адступаючы, расейская армія ўлетку 1915 году арганізавала гэтак званае бежанства, гэта значыць, уцёкі разам зь ёю пераважна праваслаўнага насельніцтва, каб нямецкія сілы ня мела істотнай апоры на месцы. Маскоўскім прапагандыстам акцыя ў значнай меры закончылася ўдачаю, што давяло пасьля заходнія тэрыторыі Беларусі да гаспадарчага краху. Беларускую дзейнасьць з традыцыйным ёй віленскім цэнтрам фронт абмежаваў на практыцы да Гарадзеншчыны й сярэдняй паласы Віленшчыны. Натуральна, не магла яна быць так імпульсыўнай, як да вайны, але, што галоўнае, зьмяніўся, і то моцна, ейны характар, а менавіта, абмежавалася да рыма-каталіцкага этнасу, што відаць па тагачасных выданьнях, друкаваных амаль выключна лацінкаю (напрыклад, часопіс „Гоман”). Тыя акалічнасьці — нядаўна пашыраная эміграцыя на сыбірскую волю й масавае „бежанства” — паслабілі дэмаграфічны патэнцыял, а затым і матэрыяльны, беларускага арэалу. У руках грамадоўскіх палітыкаў заставалася мала козыраў у кантактах як з армейскім камандаваньнем, гэтак і з бэрлінскімі міністэрствамі. Выхаваныя ў маладосьці, як правіла, у духу польскай культуры, усе без выключэньняў былі меншымі альбо большымі палянафіламі, што неўзабаве скончылася ім цяжкімі расчараваньнямі. Арыентацыя на Польшчу ня мела пад сабою рэальных падставаў, акрамя як маральных спадзяваньнаў, што сама яна, вызваляючыся ад царскае няволі, прыйдзе з дапамогай і сувэрэнітэту Беларусі. Не прыйшла, а зьявілася з войскам, каб анэктаваць.
Што ж здарылася яшчэ да гэтага, што захавалася ў нашай стэрэатыпнай памяці як 1920 год? Трэба прызнаць, што няшмат. Беларускі рух быў вельмі малады, у арганізаванай форме існаваў усяго крыху больш за дзесяць гадоў. Калі ў 1902 годзе распаўсюджвалася ў Пецярбурзе сакрэтная адозва „Да інтэлігенцыі”, выпушчаная Беларускай Рэвалюцыйнай партыяй, стан дзеяньняў можна без памылкі палічыць нулявым, а тая партыя ўяўляла сабою гаманлівы студэнцкі гурток, утвораны маладзюсенькім Вацлавам Іваноўскім. „Наша Ніва” праіснавала восем гадоў; іншыя — год, два. Нельга гаварыць пра сфармаваньне беларускай палітычнай думкі й адпаведных ёй арганізацыйных структураў за такі кароткі час, выпаўнены пры тым амаль цалкам культурнаю працаю. Нямецкая адміністрацыя цікавілася занятымі землямі, не адразу зразумеўшы, што яны беларускія; трактавала іх як інтэгральную частку Расеі. Вядомы дзяржаўны дзеяч Нямеччыны Людэндорф пісаў: „Беларус не лічыўся, палякі забралі яму ягоную нацыянальнасць, не даючы нічога ўзамен. Восеньню 1915 году хацеў я сарыентавацца ў разьмяшчэньні беларусаў. Спачатку літаральна нідзе ня змог я іх адшукаць. І толькі пасьля выявілася, што гэта цалкам распаўсюджаны народ, аднак, на першы погляд, надта палянізаваны й знаходзіцца на такім нізкім культурным узроўні, што, каб магчыма было аказаць яму нейкую помач, патрэбнае вельмі доўгае ўзьдзеяньне на яго”. Цывілізацыйнае найперш.
Ваенныя законы — зрэшты, па абодвух бакох лініі акопаў — забаранялі якую-колечы палітычнасьць. Калі палякам уяўлялася гэта ўсяго фармальнай перашкодаю, якую трэба ўмела абысьці, дык у выпадку беларускай арганізатарскай мізэрнасьці — раўнялася прысуду. Архівы не выяўляюць нават дробнага сьледу нейкай патаемшчыны сярод грамадоўцаў, калі ня браць пад увагу іхных пачынаньняў са згоды камэнданцкай цэнзуры. У публікацыях „Гоману” прапагандавалася ідэя ўзнаўленьня Вялікага Княства Літоўскага, што свабодна зьмяшчалася ў рамках дапушчальнага; Бэрлін ня меў намераў далучаць Беларусь, задавальняючыся плянамі ўзьяднаньня сваёй колішняй прыбалтыйскай калёніі разам з Жамойцю ды рэстытуцыяй буфэрнага Польскага Каралеўства, каб забясьпечыць прускую правінцыю ад поўдня. Тая жменька дзеячаў, што засталася ў паднямецкай Вільні: браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Уладзіслаў Талочка, Казімер Салавей, Пётар Сьвятаполк-Мірскі сваю палітычную актыўнасьць фактычна засяроджвалі на складаньні мэмарыялаў для пераконваньня нямецкіх вярхоў адносна сэнсу аднаўленьня таго ж Вялікага Княства. Немцы слухалі, але не сьпяшаліся прызнаваць ім рацыю. За сьпінамі тых шаноўных дзеячаў ня бачылі яны шырэйшых грамадзкіх уплываў, значыць, і іхнай карыснасьці. Рэальная палітычная вартасьць асобаў спраўджвалася ў арганізацыі школаў, якіх — у параўнаньні з многімі сотнямі польскіх — налічвалася нешта пад дзевяноста (у самой Вільні — адна-аднюсенькая!). Акупанты выдалі забарону навучаць па-руску. Ініцыятыву адразу перанялі ксяндзы, забараняючы вернікам пасылаць сваіх дзяцей у беларускія —груба называючы іх такімі ж рускімі. Немцы ня ўмешваліся ў гэтую калатню, якая, дарэчы, аказалася ім карыснай. Захоўвалі нэўтралітэт.
Абуджаная да самастойнасьці Варшава глядзела на Беларусь як на тэрыторыю, на якую будзе пашырана ейная дзяржаўнасьць, сустракаючыся ў сваіх намерах з падтрымкай у маёнтках ды ў насычаных прыхільнасьцю да польскасьці рыма-каталіцкіх асяродзьдзях сялянскіх і плебэйскіх масаў.
Так фіналізавалася беларуска-польскае сужыцьцё на працягу стагодзьдзяў. Праваслаўныя адштурхоўваліся ў абдымкі Масквы.