22. Газэты

22. Газэты

Згаданая першая легальная беларуская газэта „Наша Доля” праіснавала коратка на працягу асеньніх месяцаў 1906 году. Загубіў яе, несумненна, той жа рэвалюцыянізм, час і пара. Царская ўлада ізноў паклала цяжкую руку на ўсё расейскае жыцьцё. Аўтары „Нашай Долі”, калі хацелі надалей публікаваць свае адозвы да народу, павінны былі сысьці ў падпольле. Не зрабілі таго, магчыма, з прычыны арганізацыйнай слабасьці альбо, звычайна, забаяліся... Аднак жа значэньне гэтага выданьня, хоць надта хілага ды нерэгулярнага, нельга паменшваць. Апошні, шосты нумар быў надрукаваны недзе ў палове сьнежня, калі ўжо выходзіла другая беларуская газэта, штотыднёвая „Наша Ніва”. Мабыць, ніхто не спадзяваўся, што пратрымаецца яна доўга, ствараючы вялікую эпоху ў гісторыі культуры Беларусі, збудаваўшы трывалы падмурак пад ейнае адраджэньне. Разам з тым нельга забываць, што „Наша Ніва” выйшла з „Нашай Долі”, у рэдакцыі якой меў месца менавіта раскол, у выніку якога пакінулі яе тыя, хто больш рэальна глядзеў на пэрспэктывы нацыянальнай дзейнасьці.

Задумоўваючыся над жывучасьцю „Нашай Нівы” ды хуткай сьмерцю „Нашай Долі”, проста кідаюцца ў вочы два галоўныя фактары: першы — гэта ідэалягічная памяркоўнасьць і засяроджваньне ўвагі на праблемах краю, а не на збаўленьні цэлага сьвету сацыялістычным раем; другі — гэта зьяўленьне больш-менш трывалай фінансавай падставы для друку, якую забясьпечваў сам рэдактар-выдавец Аляксандар Уласаў, адукаваны фальварковец з?пад Радашковічаў. Гэты былы выхаванец вучылішчаў: духоўнага ў Пінску й рэальнага ў Лібаве, а таксама Рыскага Палітэхнічнага Інстытуту, захапіўшыся ў маладыя гады ідэяй самастойнасьці Беларусі й шчасьліва стаўшы ўладальнікам немалых грошай здолеў геніяльна пакарыстацца імі. Можна толькі здагадвацца ў рашаючам уплыве на яго асобу пратэстанцкага рацыяналізму ў час ягонага юначага прабываньня ў паўнямецкай тады Латвіі. Латышы нашмат раней за беларусаў арганізаваліся — перш у сфэры гаспадаркі, а затым і культуры. Далі яны добры прыклад іншым.

За кулісамі рэдакцыяў стаялі дзеячы-заснавальнікі Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Да іх належыў і Аляксандар Уласаў, што не адно й растлумачвае. Але мозгам „Нашай Нівы” лічацца браты Іван і Антон Луцкевічы, пра якіх няраз пачуем, а Антон узначаліць беларускі ўрад у 1918 годзе.

Энцыкляпэдысты характарызуюць „Нашу Ніву” як грамадзка-палітычную, навукова-папулярную й літаратурна-мастацкую. У першым слове да чытача — у лістападзе 1906 году — яе рэдактары аддалі даніну неспакойнаму году, дэкляруючы, што ня будуць яны арыентавацца на паноў і фабрыкантаў, а на „беларускую беднату працавітую”. Гэта гучыць цяпер даволі камічна, бо, як вядома, сацыяльна пануючай клясе ў Беларусі ейная эмансіпацыя ні ў чым не была прыгоднай; наадварот, капітал наймацней пачуваўся ва ўмовах непарушнасьці Расейскай Імпэрыі, яе непадзельнасьці. (Сёньняшнія інтэграцыйныя працэсы ў Эўропе знакаміта пацьвярджаюць гэтую старую тэзу). Нашаніўцы палітычна служылі сялянам, а іхны першалідэр, той жа Ўласаў, пасядзеў у турме, пакараны судом за артыкул Дума і народ (Дума — гэта назва тагачаснага парлямэнту). Узяўся ён неўзабаве выдаваць спэцыяльны гаспадарскі часопіс „Саха” й часопіс для дзяцей „Лучынка” (зьвярніце, паважаныя чытачы, увагу на спэцыфічнае называньне выданьняў: „Наша Ніва”, „Саха”, „Лучынка”). Вывучыўшы краёвую эканоміку, піша Аб гаспадарцы на хутарах і шнурах (шнуры — іначай кажучы, вузкія палоскі ворнай зямлі). Калі індустрыяльнае Каралеўства Польскае квітнела ды нажывалася на збыце сваіх тавараў у расейскіх глыбінках, вясковая Беларусь ледзь дыхала на гэтых жа „шнурах”, шукаючы лепшага лёсу ў выездах на сыбірскую цаліну. Арыентацыйна падлічана, што ў тыя гады эмігравала такім чынам назаўсёды каля паўтара мільёна чалавек, пераважна ў заходнія пустэчы тайгі, засноўваючы там цэлыя земляробчыя калёніі. Урад, зразумела, спрыяў гэтаму, прызнаючы падатковыя ільготы й дапамогу, асабліва ў пэрыяд рэформаў Сталыпіна, выдатнага дальнабачнага дзяржаўнага дзеяча, забітага нейкім ашалелым народнікам... Яго сьмерць у некаторым сэнсе сталася клясычным фактам на пацьвярджэньне таго, што Расея ня ў сілах кіравацца строгім розумам: псыхіка расейца так склалася гістарычна, што ён усё чакае нейкага цуду, замест спакойна й мэтадычна працаваць, спакваля дабіваючыся дабрабыту. Гэтак у яго ад працяглага рабства. Таму прэм’ер Сталыпін не пасаваў да люду, мусіў альбо загінуць, альбо адступіць.

У такіх умовах „Наша Ніва” зьявілася быццам бы ворганам перабудовы сельскай гаспадаркі з фэадальна раздробленай у буйнадваровую, зь беднай у заможную. Зьмяшчала — даволі густа — агранамічныя й вэтэрынарныя парады. Але ня толькі. Запамяталася яна нам як газэта, у якой расла й высьпявала новая наша літаратура, запаветная пасьля Чачота, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Гурыновіча, Абуховіча-Бандынэлі, Лучыны-Неслухоўскага. Як паведамляюць гісторыкі, за адны пачатковыя тры гады існаваньня гэтага векапомнага тыднёвіка было надрукавана ў ім каля дзевяцісот карэспандэнцыяў з амаль паўтысячы вёсак і мястэчак, і 246 вершаў 61 паэта, 91 апавяданьне 36 празаікаў. Упершыню пабачылі сьвет на яго старонках творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, і практычна ўсіх іншых, што садзейнічала прафэсіяналізацыі літаратуры й сумежнай зь ёю творчасьці, напрыклад, літаратуразнаўства й тэатру. Гэтыя словы зьяўляюцца ўсяго толькі намёкамі на фундамэнтальнае ў зьдзяйсьненьнях нашаніўцаў, аб працы якіх можна гаварыць бясконца. Рэдакцыя й ейны актыў замянялі літаральна ўсё, чаго не было: беларускую дзяржаўнасьць і беларускую веру, беларускую школу й беларускі ўніверсітэт, Беларускую Акадэмію Навук і беларускую гістарычную памяць.

Людзі, што працавалі ў ёй, мелі шырокі сьветапогляд і шматбаковае выхаваньне. Паходзілі зь сем’яў найчасьцей з польскімі культурнымі традыцыямі і, заканчваючы расейскія школы, самі прабіваліся да ўласных беларускіх каранёў. Таму былі яны асобамі з надзвычай моцнымі ды самабытнымі характарамі, якія бываюць на пераломе эпохаў. Як у першапраходцаў.