Узаемаадносіны з Рыгай і Ордэнам

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Узаемаадносіны з Рыгай і Ордэнам

Але не толькі пскоўсканаўга-родскімі справамі Полацка павінен быў займацца Гедзімін. Адначасова не меншую ўвагу ён быў змушаны ўдзяляць і яшчэ больш важнаму клопату Полацка — яго барацьбе з крыжакамі. I гэта зразумела, бо калі ў першым выпадку Полацк наступаў, то ў другім — абараняўся ад свайго найбольш небяспечнага ворага. 3 пачатку XIII ст., захапіўшы ў Полацка Ніжняе Падзвінне, крыжакі не спынілі далейшага націску на крывіцкую зямлю, робячы на яе рабаўнічыя набегі і беручы ў палон яе людзей. Усё гэта знясільвала Полацкую зямлю. Абарона Полаччыны, якая з’яўлялася важнейшай складовай часткаю Вялікага княства Літоўскага як у эканамічных, так і ў культурных адносінах, станавілася галоўнай задачай дзяржавы, што і знаходзіла выяўленне ў дзейнасці Гедзіміна.

Наколькі князя непакоілі беды, што прыносілі крыжакі Полацкай зямлі, сведчыць яго пасланне біскупам Дэрпцкаму, Эзэльскаму, дацкаму намесніку Рэвельскай зямлі і Радзе г. Рыгі ад 22 верасня 1324 г. Вось красамоўнае сведчанне таго, што тварылі крыжакі: уварваўшыся «ў зямлю полацкую, яны яе варожа разарылі, людзей і коней захапілі… таксама роўна 40 дзён пасля гэтага яны зноў, як драпежныя варвары, жорстка спустошылі тую зямлю, бязлітасна забілі 80 людзей, а некаторых павялі з сабою разам з 50 коньмі, адзеннем і іншым дабром»47. Трэба думаць, што пасланне Гедзіміна і прынятыя ім захады аб спыненні такіх дзеянняў з боку лівонцаў мелі вынікі.

Крыжацкая пагроза для Полацка ішла непасрэдна з боку Лівонскага ордэна, паміж якім, з аднаго боку, і з рыжскім архібіскупам і магістратам Рыгі, з другога ўжо доўгі час існавала ўзаемная варожасць. Гэтую акалічнасць і выкарыстаў Гедзімін: ён стаў на бок Рыгі, што дыктавалася інтарэсамі Полацка, для якога выгадна было трымаць гандлёвыя сувязі з Рыгай. Немалаважным было і тое, што гэта намнога аслабляла пазіцыю Лівонскага ордэна і змушала яго на заключэнне міру, што найперш ішло на карысць таксама Полацка.

Апроч таго, Гедзімін імкнуўся выклікаць з еўрапейскіх краін у сваю дзяржаву каланістаў, найперш рознага роду рамеснікаў, якія б пашыралі сваё высокае майстэрства і культуру сярод насельніцтва Вялікага княства Літоўскага48. Трэба зазначыць, што тут Гедзімін браў прыклад з Полацка, які ўжо з даўніх часоў меў цесныя сувязі з Захадам, заключаў з Рыгаю гандлёвыя ўмовы. У выніку ў галоўным горадзе крывічаў і ў іншых цэнтрах яго зямлі жыло нямала выхадцаў з заходніх краін, што садзейнічала болып высокаму ўзроўню яго культуры ў параўнанні з іншымі землямі Вялікага княства Літоўскага. Усё гэта не магло застацца паза ўвагаю Гедзіміна. У 1323 г. ён накіраваў некалькі пасланняў да жыхароў заходніх гарадоў з запрашэннем пераязджаць ў яго дзяржаву, дзе ім будуць забяспечаны выгодныя ўмовы. Рыжскі магістрат паспрыяў вялікаму князю, падрадзіўшыся рассылаць гэтыя пасланні па гарадах, куды яны былі адрасаваныя, і паручыўшыся за іх сапраўднасць. Як бачым, саюз з Рыгай даваў Вялікаму княству значныя выгоды.