57. Хто такі Астафей Валовіч?
57. Хто такі Астафей Валовіч?
Астафей Валовіч (каля 1520–1587) — выдатны палітычны дзяяч эпохі Адраджэння, які нарадзіўся на Гарадзеншчыне. Ён адыграў выключную ролю ў гісторыі нашага гаспадарства. На працягу жыцця Валовіч займаў галоўныя пасады ва ўрадзе Вялікага Княства: найвышэйшага пісара, маршалка дворнага, земскага падскарбія (1561–1566), падканцлера (1566–1579), канцлера (1579–1584), троцкага кашталяна (1569–1579), віленскага кашталяна (з 1579) і, нарэшце, віленскага ваяводы (1584–1587). Ён належаў да эліты тагачаснага беларускага грамадства.
Неардынарны талент Астафея Валовіча выявіўся ў часе падрыхтоўкі і рэдагавання другога Статута Вялікага Княства 1566 года. Ён прыклаў неверагодна шмат сілаў, каб і ў законах, і ў жыцці адстаяць незалежнасць Беларусі пасля падпісання ганебнай Люблінскай вуніі 1569 года. Як земскі падскарбі Валовіч кіраваў найскладанейшай, але надзвычай неабходнай гаспадарству зямельнай рэформай сярэдзіны ХVІ стагоддзя, якая атрымала назоў «валочная памера». Узначальваючы Дзяржаўную Канцылярыю, ён праявіў выдатныя дыпламатычныя здольнасці, праводзячы замежную палітыку, накіраваную на ўмацаванне Беларускага гаспадарства.
А.Валовіч вызначаўся асабістай мужнасцю. Ён быў сярод тых людзей, хто пад сваімі харугвамі вёў беларускае рыцарства да перамогі над Масковіяй у часы надзвычай цяжкай Інфлянцкай вайны.
Да таго ж А.Валовіч быў шчодрым мецэнатам. Усведамляючы ролю асветы, пашырэння навукі, ён увесь час дбаў пра развіццё друкарняў, ахвяраваў шмат сродкаў на выданне кніг, утрыманне школаў і навучанне дзяцей. Высокаадукаваны чалавек, А.Валовіч выдатна ўсведамляў, што без асветы, без клопату пра моладзь нацыя не мае будучыні.