39. Хто такі Жыгімонт Стары?
39. Хто такі Жыгімонт Стары?
Жыгімонт Стары (1467–1548) — пяты сын Казіміра Ягайлавіча — 12 кастрычніка 1506 года быў абраны вялікім князем літоўскім, а 9 снежня таго ж года — каралём польскім. Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што задоўга да смерці хацеў перадаць свайму нашчадку вялікае княжанне. Так, яшчэ ў 1522 годзе паны-рада Вялікага Княства прагаласавалі за ягонага сына, якога таксама звалі Жыгімонтам, як за будучага гаспадара.
Жыгімонта Старога шанавалі як разумнага, разважлівага і памяркоўнага кіраўніка. У нутраной палітыцы вялікі князь праводзіў лінію на ўраўнаванне ў правах людзей шляхоцкага стану незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці. Менавіта пры Жыгімонце быў уведзены ў дзеянне Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года — адзіны агульнагаспадарствавы збор законаў, а гэтаксама прыкметна ўзрасла роля Сойму як найвышэйшага дзяржаўнага органа, што абмяжоўваў уладу манарха.
Па натуры не ваяўнічы, Жыгімонт, аднак, быў вымушаны неаднакроць змагацца з Масквою. Зацяжныя войны паміж Вялікім Княствам і Маскоўскаю дзяржавай 1507–1508, 1512–1522, 1534–1537 гадоў знясільвалі гаспадарства, прыносілі незлічоныя беды ўсяму нашаму народу. Вялікі князь рабіў усё, што мог, для абароны Бацькаўшчыны.
Жыгімонт Стары быў вядомы як надзвычай адукаваны манарх (ягонымі настаўнікамі былі прафесары Кракаўскага ўніверсітэта), шчодры апякун над навукамі. Ён меў у Вільні вялікую бібліятэку, запрашаў да сябе таленавітых скульптараў, архітэктараў, мастакоў, быў вельмі зычлівы да славутага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Пры ім шырока распаўсюдзілася рэфармацыя, якая спрыяла далейшаму ўздыму пісьменства і культуры, пашырэнню гуманістычных ідэяў.
Час панавання Жыгімонта Старога ўспаміналі пазней як залатую пару нашай гісторыі.