73. Чым вызначыўся Януш Радзівіл?
73. Чым вызначыўся Януш Радзівіл?
Найвышэйшы гетман і віленскі ваявода Януш Радзівіл (1612–1655) быў высокаадукаваным чалавекам. Ён вучыўся ў славутых універсітэтах Нямеччыны, Нідэрляндаў, Францыі, Англіі. Меў надзвычайны вайсковы талент і быў гарачым прыхільнікам незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў маладосці ў Вільні ў прысутнасці манарха кінуў польскім сенатарам: «Прыйдзе час, — паны-палякі да дзвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем». Ужо ў 1649 годзе ён стаў шукаць кантакту са Швецыяй у мэтах умацавання пазіцый Вялікага Княства. Будучы палявым гетманам, князь Януш паспяхова правёў свае першыя кампаніі супраць казацкіх аддзелаў, якія засылаліся Багданам Хмяльніцкім у Беларусь. У 1649 годзе пад Лоевам ён разграміў 15-тысячнае казацкае злучэнне палкоўніка Крычэўскага, праз два гады паканаў войска Нябабы ды заняў Кіеў. Між тым украінскія казакі былі тады магутнай вайсковай сілай. Нездарма ж яны шматкроць дазвання разбівалі польскую армію.
З пачаткам маскоўскай агрэсіі ў 1654 годзе на Янушу як найвышэйшым гетмане трымалася абарона ўсёй краіны. Маючы толькі 10 тысяч жаўнераў, ён мусіў стрымліваць наступ ледзь не 100-тысячнай арміі Маскоўскай дзяржавы. Першую вялікую бітву з ворагам у жніўні пад Шкловам ён выйграў, страціўшы там толькі 700 чалавек, тым часам як маскоўцы — амаль у 10 разоў болей. Ды неўзабаве царскія ваяводы заціснулі ягоны корпус паміж Цяцерынам і Шапялевічамі, і гетман мусіў прыняць новую бітву. Загінула блізу тысячы ягоных жаўнераў, астатнія рассеяліся. Гэта была першая параза ў жыцці Януша Радзівіла.
Страціўшы надзею абараніць дзяржаву, 17 жніўня 1655 года ў Кейданах Януш Радзівіл падпісаў пагадненне аб вуніі Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй, разлічваючы такім шляхам надалей бараніць нашу Бацькаўшчыну ад польскай экспансіі і агрэсіі з боку Масквы.
Вунія з Польшчай, такім чынам, скасоўвалася. Вялікае Княства, пераходзячы, па сутнасці, пад пратэктарат Швецыі, згодна з умовай пагаднення, мелася супольна з ёю ваяваць супраць і маскоўскага, і польскага войскаў. Але акт Кейданскай вуніі не ажыццявіўся. Супраць Януша Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ягонага ж войска. З рэштай адданых сілаў ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, дзе неўзабаве і памёр (паводле некаторых звестак, быў атручаны).
Цела бунтоўнага гетмана і пасля смерці трэба было ўтойваць ад ворагаў: спачатку ў Тыкоцінскім замку, потым у вёсцы Сялец, што на Берасцейшчыне. Толькі пасля вайны Януша Радзівіла ўдалося па-людску пахаваць у кальвінскім зборы ў Кейданах.