29. Чым вызначыліся беларусы ў бітве пад Дуброўнай?
29. Чым вызначыліся беларусы ў бітве пад Дуброўнай?
У пераможнай бітве галоўных сілаў Вялікага Княства Літоўскага ды Польскага Каралеўства з Тэўтонскім (Нямецкім) Ордэнам 15 ліпеня 1410 года пад Грунвальдам, або пад Дуброўнаю (так называюць гэтую бітву беларускія летапісцы) — найбуйнейшай бітве Сярэднявечча, якая вызначыла лёс не аднаго эўрапейскага народа, бальшыню войска Вітаўта Вялікага складалі беларусы.
Паводле тагачаснага краніста Длугаша, на пабаявішчы адважна змагаліся беларускія харугвы: Віленская, Гарадзенская, Медніцкая, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Дарагічынская, Старадубская, Мельніцкая. Вядома ж, сярод іх былі й не названыя краністам харугвы — Менская, Слуцкая, Аршанская, Амсціслаўская ды іншыя.
Калі да апошняга часу афіцыйнай гістарыяграфіяй лічылася, што адыход харугваў Вялікага Княства з пабаявішча па якой гадзіне сечы быў панічнымі ўцёкамі, дык даследванні новых дакументаў пераконваюць, што гэта быў запланаваны тактычны ход Вітаўта, неабходны для размыкання баявых парадкаў цяжкаўзброеных рыцараў ды рассейвання іх па шырокай мясцовасці. Асноўныя сілы Ордэна з левага фланга адразу памкнуліся за «ўцекачамі» і ўвязлі каля абозаў арміі Вялікага Княства. Тым часам на Вітаўтавым крыле да ўступлення палякаў у бітву нямецкіх рыцараў мужна стрымлівалі і амаль цалкам палеглі ў лютай сечы беларускія харугвы былой Смаленскай зямлі — Аршанская, Амсціслаўская і Смаленская (якія ў расейскай гістарычнай літаратуры фігуруюць як «русские смоленские полки»).
Дзякуючы гэтаму ўсё ордэнскае войска неўзабаве было аточанае і ў двух вялізных «катлах» дазвання разгромленае альянтамі. Гэтак вырашальнае значэнне для гістарычнай перамогі пад Дуброўнай мелі адмысловы манеўр, бліскуча праведзены вялікім князем Вітаўтам, і мужнасць нашых продкаў. Цана ж гэтае перамогі была надта вялікая: не менш як палова ваяроў, прыведзеных пад Дуброўну Вітаўтам, палегла на пабаявішчы.