СМЕРЦЬ КНЯЗЯ ВАЛОДШЫ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

СМЕРЦЬ КНЯЗЯ ВАЛОДШЫ

Малітвы Еўфрасінні за родны Полацк, яе парады князю Усяславу Васількавічу не пайшлі марна. Пасля смерці князёўны Бацькаўшчына, няхай і нядоўга, але пажыла ў спакоі і міры. Аціхлі ўсобіцы, аднавілася адзінства Полацкай зямлі. Хоць яна ўжо была падзеленая на добры тузін удзельных княстваў, агульныя інтарэсы гуртавалі іх у магутны ваенны і палітычны хаўрус.

Калі ў Друцку сеў смаленскі стаўленік, шэсць полацкіх князёў зрабілі ў 1180 годзе пераможны паход і вярнулі горад пад уладу Усяслава II. У злучаным войску разам з крывічамі ішла літва і ваяры з падуладнага Полацку племя ліваў, што жыло на ўзбярэжжы Варажскага мора.

Літва была хаўруснікам моцным, а таму і ненадзейным. Праз пяць гадоў полацкі князь у баі з ёю загінуў і ў Бельчыцкі княжы хорам прыйшоў новы гаспадар, малодшы Усяславаў брат, якога дагэтуль і ў навуковай, і ў мастацкай літаратуры называлі Уладзімірам. Ні раней, ні пазней Уладзіміраў у полацкай дынастыі не было. Чаму — растлумачыць няцяжка, варта толькі згадаць крывавае Рагнедзіна вяселле. Рагвалодавічы не давалі сынам імя заклятага ворага.

Адкуль жа тады пайшло гуляць па кнігах нялюбаснае палачанам княжае імя? 3 напісанай па-лацінску «Хронікі Лівоніі», якая называе полацкага ўладара каралём Вальдэмарам, што заўсёды перакладалі як «князь Уладзімір». У сваім даследаванні «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч давёў: напраўду «караля Вальдэмара» звалі Валодшам.

Валодша займаў полацкі пасад трыццаць гадоў і ўвесь гэты час мусіў змагацца з новым смяротна небяспечным ворагам — рыцарамі-крыжакамі. На пачатку 1216 года ён рыхтаваўся да вялікага паходу на Рыгу.

Валодшу не спалася.

Думна было ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаяла гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні як быццам гучалі іх галасы.

— Наша неба не сіняе, як мора і азёры, — гаварыў чудскі старэйшына, — а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі ваяроў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва — салодкім.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у закладнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.

Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хочуць плаціць дзесяціну, не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў.

Чудзіны зноў прасілі ў Полацка падмогі.

Ён, Валодша, прыняў іх ласкава, ад сваіх ранейшых слоў не адмаўляўся, аднак не гэтых паслоў ён чакаў.

На поўню наплыла хмара, і ў вакне князь бачыў толькі вогнішча з чорнымі постацямі ваяроў са зменнай начной варты. Але ён ведаў што вунь там, праваруч, падняты на ноч мост цераз роў, там і там — вялізныя, укапаныя ў зямлю медныя катлы для вару, які пальецца на галовы тым, хто адважыцца напасці на Бельчыцы. Харчу і вайсковых запасаў у складах хопіць хоць на два гады аблогі. Ды ўсё гэта не магло развеяць нялёгкіх князевых дум.

Валодша прачыніў вакно, і ў спачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму.

Трыццаць гадоў носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць гадоў яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора».

Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі.

У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам, лапленай сутане і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба.

У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў.

Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іх багі любілі мяса аленяў і тураў, а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў. Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы казалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх клецяў.

Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах Мейнард паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводде лацінскага абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам. Даніна ў тую пару ішла ў Полацк яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў а немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёю.

Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп Мейнард памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесціну.

Праўда, новаму біскупу Бертальду сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіснага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідаю. Выведнікі данеслі, што пасля біскупавай смерці лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэваў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца.

Яны вярнуліся, і з году ў год іх караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі…

Можна ўявіць, як знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач, як князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такою самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у спачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён міжволі ўспомніў пра ваяроў, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна — якраз пад яго спачывальняй.

Пугач зарагатаў зноў і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.

Не, ён не баяўся Альберта. Цяпер ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.

Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з’яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць яго розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара.

Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.

I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадаць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмнае воблака лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.

Ён ізноў бачыць недаступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў таксама збудаваць абложныя машыны. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту.

Як абложнікі выцягнулі з лесу свае катапульты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана.

Здаецца, усё было як належыць — і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні, ды, калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць ратнікаў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Раць ужо кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар у іх руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік на скаку павярнуў каня, і той выратаваў іх абодвух ад вернае смерці.

Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.

I не пераможа ніколі.

Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён, Валодша, застаў на месцы горада галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну і ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу князь Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў. Ён загадаў сваім людзям не мець літасці ні да смердаў, што будуць хаваць хлеб, ні да баяраў, калі нехта думае адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Хто бунтуе — або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. I так будзе з кожным, хто пойдзе супраць яго волі, бо не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах. Бо Полацку цяпер, як ніколі, трэба адзінства.

Ён, князь Валодша з роду Рагвалодавічаў не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і епіскап не пойдуць супраць, бо гораду і княству трэба моцны абаронца.

Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца — паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.

За біскупам — кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, — зямля яго прадзедаў. За ім — купцы і рукамеслы люд, за ім — цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім — пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда — за ім, князем, а не за крыжакамі.

Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.

Хутка паплывуць яз па рацэ полацкія стругі. У яго вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленыя на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці.

Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў ён на радзе з самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў, Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажанаў, у Менск і Віцебск…

У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў.

Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён ім граматы. Ноўгарадцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгодныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам цераз іх княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайною на эстаў. Суседзі не разумелі, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць далей на ўсход. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калі рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.

Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, але здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, зарабіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн мечаносцаў памножыць яго моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў дужасць, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.

Ён загадаў паслам сказаць у Ноўгарадзе ды Пскове і пра тое, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Угорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купцы прывезлі вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонцаў падмогі супроць прусаў…

Чакаючы паслоў з адказам, Валодша цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках ён бачыў як будзе сватаць за старэйшага сына Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.

Праз месяц паслы вярнуліся з невясёлымі навінамі. Ноўгарадцы крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іх Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе: маўляў дазвання растрос Полацк былую славу і гонар.

Валодша ўжо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць — не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі яго задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, нечакана засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы.

Пра новы паход ведаюць лічаныя людзі, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожную літву. Хай мянцяць языкі — літоўскім князям не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі.

Чатыры гады, як у Полацка з Рыгаю вечны мір. Не, рыжскі біскуп не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход далей не выпадае.

Вечны мір… Днямі ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў, якія труцілі полацкія студні. Сам князь таксама пабойваецца варожага зелля і падчас застоліцы заўсёды кідае ў сваю чару прывезены купцамі пярсцёнак з адмысловым каменем, ад якога атрута траціць сілу.

Не са сваёй волі нараджаецца чалавек, думаў лежачы без сну, князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць цераз дні і гады, пазначаючы кожнаму яго шлях. Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Надыдзе пара, і крыжакі зломяць сабе хрыбет.

Праз тыдзень Валодша прымаў у княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з аўкштайтамі, бо іх магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго — не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.

То яго ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То, як быццам ні з чога ні з якога, загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані…

Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка з дачкою на руках.

У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі бераговага ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.

Але князь мусіў утаймаваць свой гнеў і паехаць у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма атрыманымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.

Гаварыць з людзьмі з Герцыкі Валодша вырашыў сурова, хоць у душы і хаваў радасць. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад галаву перад рыжскім біскупам, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі на сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж вастраколу абымшэлыя дахі жылых клецяў, на якіх падчас аблогі стаялі абаронцы.

Размова з пасламі мне ўяўляецца прыкладна так.

— Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа? Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд? — пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонай скуры.

— Не такія мы словы чуць хацелі, — глуха сказаў стары Усеваладаў ваявода.

— Не льюць міру духмяную ў паганы посуд. Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ён прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры палачанаў?

— Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твае жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

— Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву!

Пасланы біскупам святар і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым, — пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, — і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў як адказаў тады: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення — пра ўсё я ведаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».

— Не лацінец мой бацька! — усхапіўся з лавы Усеваладаў сын. — Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.

— Любіш бацьку, — пахваліў Валодша. — Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць — подзвіг невялікі.

— Дазволь мне слова сказаць, княжа, — устаў герцыкскі ваявода.

Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваяка, і чакаў яго словаў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны ды прыступацца да галоўнага.

— Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі яго не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе знаеш. Нашы людзі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рыцараў. I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рыцараў з Куканоса.

Валодша кіўнуў. Сапраўды, летась герцыкскія ваяры няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала багаты выкуп.

— Кажы, з чым цябе князь Усевалад прыслаў! — загадаў Валодша старому ваяводу.

— Жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзідь. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.

— Добра мовіў. А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? Пад тымі, што біскуп даў?

— Пад полацкімі! — апярэдзіў ваяводу княжыч.

— А ты якія весці прынёс? — загаварыў Валодша да старэйшыны аўкштайтаў, што прыйшоў у Полацк разам з герцыкскімі пасламі.

— Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.

I Усеваладавы людзі, і полацкі князь добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду.

Вольналюбівы кунігас не стрываў здзекаў і забіў сябе.

— Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Нашы ваяры прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта — вайна.

— Які знак паслаць вам, калі пайду на Рыгу? — усцешана спытаўся Валодша.

— Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.

Пачатак паходу князь прызначыў на травень, калі падсохнуць дарогі. У Полацк сабраліся палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі павінны былі рухацца далей на плытах і стругах, конная дружына — сухазем’ем.

Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах ратнікаў. што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Душу князя прасвятліла радасць, ён падумаў, што чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.

«Слава! Слава!» — крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах княгіні, малалетніх сыноў Барыскі ды Глеба і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост.

Так загадкава абарвалася жыццё князя Валодшы.

Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага князя пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.

У лета 6724-га, а паводле сучаснага летазлічэння, 1216-га, крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя катапульты. Дарэмна чакала герцыкская дружына.

Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі вайну якраз на Каляды, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў. Праз колькі гадоў былы князь Куканоса Вячка загінуў у рукапашнай, баронячы ад крыжакоў горад Юр’еў, цяперашні Тарту, дзе сёння імем адважнага князя з роду Рагвалодавічаў названая вуліца.

Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя галасы царкоўных званоў. Разам з пасагам везла маладая княгіня абраз Багародзіцы, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл. Праўда, Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў.

У сечы на неўскіх берагах здабыў сабе вечную славу лоўчы князя Аляксандра палачанін Якаў. Узброены адным мячом, ён бліскуча вытрымаў бой з некалькімі дзесяткамі рыцараў і заслужыў асабістую княжую пахвалу.

Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ратнікі, што разам з віцяблянамі складалі траціну ўсяго войска, насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк.

У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі Валодшу. Палачане верылі, што князь бачыў усё з захмараных высяў і радуецца цяпер разам з імі.

(Дзякуючы некаторым аўтарам і вядомаму савецкаму кінафільму «Аляксандр Неўскі» сеча на Чудскім возеры шмат каму ўяўляецца грандыёзнай баталіяй, у якой былі знішчаныя тысячы нямецкіх рыцараў. Не прымяншаючы значнасці Лядовага пабоішча для свайго часу, заўважым, аднак, што насамрэч страты крыжакоў былі адносна невялікія. Не варта, вядома, цалкам давяраць лівонскай Рыфмаванай хроніцы, якая паведамляе ўсяго пра 20 забітых і 6 палонных рыцараў. Але і ноўгарадскія летапісцы (натуральна, схільныя перабольшваць страты непрыяцеля) вядуць гаворку толькі пра 400 - 500 палеглых і 50 палонных. Дзеля параўнання: у Грунвальдскай бітве нашых продкаў з войскам Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе, паводле большасці пісьмовых крыніц, крыжакі страцілі 40 тысяч забітымі і 15 тысяч — узятымі ў палон.)

Полацкія ваяры яшчэ няраз святкавалі перамогу над захопнікамі з захаду. Разам з літвой, латышамі і эстамі яны ўшчэнт разбілі крыжакоў ля возера Дурбэ ў 1260 годзе. Праз два гады палачане дапамаглі пскавічам і ноўгарадцам прыступам узяць Юр’еў. Але гэта былі апошнія старонкі гісторыі магутнай Полацкай дзяржавы. Пад Юр’еў нашых продкаў вадзіў ужо не Рагвалодавіч, а літоўскі князь Таўцівіл.

Надыходзілі новыя часы. Нараджалася новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.