УНУКІ БЕЛАБОГА

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

УНУКІ БЕЛАБОГА

Колькі гадоў Полацку? Нядаўна споўнілася 1145, скажаце вы. Але пытанне зусім не такое простае, як здаецца. Летапісы ўпершыню згадваюць Полацк пад 862 годам, ад якога гісторыкі і вядуць адлік узросту бацькі беларускіх гарадоў. Тым самым годам пазначаны першы запіс летапісца пра Кіеў. Значыцца, у 1987-м абодва гарады-патрыярхі сустрэлі сваё афіцыйнае 1125-годдзе.

Палачане без вялікага розгаласу адсвяткавалі не надта круглыя ўгодкі, а вось Кіеў разам з усёй Украінаю ўрачыста адзначаў… пятнаццаць стагоддзяў сваёй гісторыі.

Не спяшайцеся абурацца самаўпраўствам паўднёвых суседзяў. Раскопкі паказалі, што на месцы сучаснай украінскай сталіцы людзі сапраўды жылі ўжо паўтары тысячы гадоў таму. Мы ж, беларусы, зноў засведчылі нашую празмерную сціпласць, бо мелі такія самыя падставы святкаваць 1500-годдзе Полацка.

На Верхнім замку археолагі знайшлі кераміку, вырабленую не пазней за V стагоддзе. Да таго ж часу адносіцца і згадка ісландскай «Сагі аб Дытрыку Бернскім» пра аблогу Полацка войскамі готаў якія былі хаўруснікамі славутага правадыра гунаў Атылы. Таму на будучых полацкіх юбілеях будзем мець на розуме, што насамрэч горад прынамсі на чатыры стагоддзі старэйшы.

А цяпер зазірнём у мінуўшчыну яшчэ глыбей.

Прыкладна за семсот гадоў да нашай эры бронзавы век на землях будучага Полацкага княства змяніўся на жалезны. У тую эпоху тут жылі балцкія плямёны. Паўтара тысячагоддзя таму, у часы Вялікага перасялення народаў сюды прыйшло з захаду магутнае племя крывічоў, што рассялілася ў вярхоўях Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі. Крывічы, што аселі вакол ракі Палаты і заснавалі названы па ёй горад, атрымалі найменне «палачане». (Доктар гістарычных навук Георгі Штыхаў лічыць, што «палачане» — назва жыхароў Полацкага княства, іначай кажучы, не этнонім, а палітонім.)

Апошнім часам пераважае меркаванне, што «крывічы» — гэта агульная назва вялікага саюза плямёнаў, куды апрача полацкіх уваходзілі крывічы смаленскія і ізборскія. Звернем увагу на тое, што найстаражытнейшыя летапісы падзяляюць славян на дзве вялікія групы: у адных назва мае суфіксы «ан-ян» (паляне, дзераўляне, севяране, бужане), у другіх — «іч» (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, люцічы). Летапісы паведамляюць, што назвы радзімічаў і вяцічаў паходзяць ад уласных імён князёў — Радзіма і Вяткі. Дрыгавічы мелі Драгавіта (Дрыгавіта), люцічы — Люта. Падобная аснова, найверагодней, закладзеная і ў назве крывічоў. Іх родапачынальнікам або князем мог быць Крыў, імя якога перайшло пазней на цэлае аб’яднанне плямёнаў.

Ад крывічоў ідзе радавод беларускага народа, пачынаецца гісторыя нашай дзяржаўнасці і культуры. Беларускі гісторык, аўтар кнігі «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч, прааналізаваўшы першакрыніцы, археалагічныя, лінгвістычныя ды іншыя дадзеныя, прыйшоў да высновы: «Крывічы побач з дрыгавічамі адыгралі першаступенную ролю ў фармаванні беларускага народа. Яны, бясспрэчна, былі самым шматлікім усходнеславянскім племем. Пра гэта сведчыць тая вялікая прастора, на якой яны рассяліліся, а менавіта: ад верхняга (а магчыма, і сярэдняга) Панямоння да Кастрамскога Паволжа, ад Пскоўскага возера да верхняга Сожа і Дзясны». М. Ермаловіч падтрымаў і развіў гіпотэзу, упершыню прапанаваную ў 1920-я гады выдатным дзеячам беларускага адраджэння, пакутнікам нацыянальнай ідэі Вацлавам Ластоўскім. Паводле яго, да стварэння Полацкага княства існавала Вялікая Крывія — ад Заходняй Бярэзіны да ракі Дзітвы на поўдні і да Віліі на поўначы, уключаючы мясціны, дзе пазней выраслі Крэва і Вільня і дзе сканцэнтраваныя крывіцкія тапонімы.

Бясспрэчнае лідэрства крывічоў і іх нашчадкаў у нашай гісторыі сталася падставаю ўзнікнення полацка-крывіцкай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. В. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі і мастацкай інтуіцыі. Філосаф Уладзімір Конан дасціпна заўважыў, што ідэя Вялікай Крывіі як архетыпу беларускай дзяржавы, культуры і мовы «прасвечваецца» ўжо праз назвы выдаванага Ластоўскім часопіса «Крывіч», а таксама яго славутых кніг «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

У прадмовах да сваіх «Сялянскіх песняў з-над Нёмна і Дзвіны» называў наш народ крывічамі, а мову і паэзію крывіцкай Ян Чачот. Яго пяру належаць працы «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі», «Слоўнік крывіцкіх выразаў». Крывічамі лічылі сябе выдатны беларускі фалькларыст і лексіколаг Іван Насовіч (яго ўпершыню выдадзены ў 1870 годзе «Слоўнік беларускай мовы» павінен, на маю думку, мець на сваёй паліцы кожны наш літаратар) і маладзейшы сучаснік Насовіча Вайніслаў Казімір Савіч-Заблоцкі, болш вядомы па псеўданімах Гаўрыла Полацкі і Граф Суліма з Белай Русі.

У сённяшнім беларускім друку можна сустрэць цалкам сур’ёзныя прапановы назваць беларусаў крывічамі, а Беларусь перайменаваць у Крывію. Аднак будзем памятаць, што пэўнасці на гэты конт не меў нават сам Вацлаў Ластоўскі. У 1926 годзе ён пісаў: «Крывія, Русь, Літва — патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць Haшae нацыянальнае «я»… Адыходзіць удаль, але не замірае імя «Крывія», «Крывічы»… Недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшэньня, напоўмістычнае імя «Крывія», якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчаюшчым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу».

Было б вялікай памылкаю спісваць «крыўскую тэорыю» ў архіў. Хіба яна — сярод жывых і сёння міфаў аб тым, што беларусы не мелі сваёй дзяржавы і культуры, — не сведчыць пра шматвяковую традыцыю нашай дзяржаўнасці? Хіба не прымушае даследчыкаў заглыбляцца ў беларускую гістарычна-культурную рэтраспектыву?

У курганах вакол Полацка часта знаходзяць уласцівыя старажытным балтам шырокія арнаментаваныя і звярынагаловыя бранзалеты. Цікавыя адкрыцці чакалі археолагаў каля полацкай вёскі Дзмітрыўшчына, дзе ў пахаваннях курганнага могільніку знойдзеныя тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожанні.

Сустрэчы даўнейшых і новых жыхароў Прыдзвіння, пэўна ж, не заўсёды былі мірныя. Балты і славяне шмат чым розніліся між сабою, але існавала і тое, што іх аб’ядноўвала, — агульная паганская (язычніцкая) вера. Відаць, менавіта яна дазволіла паразумецца, ужыцца і ўрэшце на пачатку II тысячагоддзя н. э. зліцца ў адну этнічную супольнасць.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усё такі беларусы — славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Сведчанні гэтага — аднолькавыя сюжэты песняў і паданняў, арнаменты, стравы, прыклады працы, наміткі і фартухі ў народных строях. Дый старажытнае Купалле апрача беларусаў захавалі толькі латышы, у якіх яно называецца Ліго.

Дастаткова верагодным выглядае і меркаванне, што сам этнонім «крывічы» цесна звязаны з найвышэйшым балцкім вешчуном Крыве-Крывейтам. Сакральнасць самога кораня «крыў» яскрава выяўляецца ў этнаграфічных матэрыялах Падзвіння. Русальны тыдзень меў тут паралельную назву — «крывы». Найбольш спрыяльныя для варажбы калядныя вечары на Полаччыне і цяпер называюць не толькі святымі, але і крывымі, а ў запісаных тут этнографамі чарадзейных казках можна прачытаць, што «гаспадар быў вялікі змей-чараўнік, ды яшчэ крывы» або што «вядзьмак і ведзьма абавязкова маюць крывізну».

Землі, дзе неўзабаве пасля прыходу крывічоў вырас Полацк і пачала мацнець Полацкая дзяржава, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам.

Памятаеце міф пра Фаэтона?

Гожы юнак прасіў свайго бацьку, бога сонца Геліяса, дазволіць хоць адзін дзень пакіраваць сонечнаю калясніцай. Бацька згадзіўся з неахвотаю, і змрочныя прадчуванні яго не падманулі. Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка кінулася ўбок, напалоханы Фаэтон выпусціў лейцы, і коні панесліся, не разбіраючы дарогі — то ўзлятаючы высока ў неба, то летучы над самай зямлёю і неміласэрна палячы яе агнём.

Угневаны Зеўс паразіў няшчаснага Фаэтона маланкаю, і той упаў у далёкую ад роднага Алімпа раку Эрыдан. Сёстры, што прыйшлі на яго магілу, воляю багоў зрабіліся дрэвамі, іх слёзы падалі ў празрыстыя рачныя хвалі, цвярдзелі і ператвараліся ў бурштын, а плынь, як пісаў Авідзій, несла іх па залатым пяску да мора на ўборы рымскім прыгажуням.

Чаго я раптам узгадаў гэты міф? Ды з тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд, пра «хуткаплынны Эрыдан» пісаў у паэме «Арганаўтыка» ў III стагоддзі да н. э. Апалон Радоскі, а шмат паважных вучоных у XIX i XX стагоддзях сцвярджалі, шго Эрыдан — гэта нашая Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў з якім яны ішлі на ворагаў — «Рубон!») або Рудон, Дуна, а яшчэ Дзіна або Віна — так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах. У Палаты таксама было даўняе найменне — Турунт.

У прыліве шчырага патрыятызму беларускі краязнаўца Аляксей Сапуноў у канцы XIX стагоддзя пісаў што пра Дзвіну з большым правам, чым пра любую іншую раку свету, можна сказаць: яна нясе ў хвалях сваіх гісторыю і жыццё народа.

Ну а пакуль рака полацкай і беларускай гісторыі толькі пачынаецца. Нашы далёкія продкі будуюць на берагах Дзвіны і Палаты селішчы, аруць зямлю, палююць на зверыну, пакрысе асвойваюць усё больш складаныя рамёствы… Пра гэта мы, здаецца, збольшага ведаем са школьных падручнікаў. Таму пагаворым падрабязней пра тое, чаго ў падручніках няма, што дасюль ахутана таямніцаю: якой была вера продкаў да прыходу хрысціянства.

Свет, дзе жылі тагачасныя палачане, быў густа населены вялікімі і малымі багамі ды бажкамі. Усюдыісны і наймагутнейшы з іх, творца жыцця, бог неба і ўсяго Сусвету меў некалькі імён — Сварог, Стрыбог, Святавід, але найчасцей яго называлі Родам. Ён апладняў зямлю і ўсё жывое, кіраваў вятрамі і нябеснымі з’явамі. Невыпадкова з імем гэтага бога звязана ў нашай мове столькі найважнейшых слоў і паняццяў: народ, радзіма, родзіч, продак, радавод, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне…

Роду падначальваліся астатнія багі нябеснай сферы, зямлі і падземнага свету. Пярун валадарыў над громам ды маланкамі і займаўся вайсковымі справамі. Дажбог, Ярыла, Каляда і Хорс былі багамі сонца. Яны даравалі цяпло, клапаціліся пра ўрадлівасць зямлі, дабрабыт людзей, апекаваліся над земляробамі і рамеснікамі. Ім дапамагаў таксама звязаны з сонцам бог ураджаю і дастатку Купала. Сонцава звястунка Дзянніца ўранні давала чалавеку сілу на новы дзень, а сама скакала на кані ў той бок, куды ўвечары спускаецца нябеснае свяціла, каб падрыхтаваць яму да ночы залаты човен. У ім сонца ляжа спаць, і човен паплыве па сінім моры да новага дня.

Пасланніцамі Рода былі рожаніцы — багіня кахання і вясновага абуджэння Лада і маці ўраджаю Мокаш. Поруч з Ладаю шчыравала вясёлая і спрытная тройца: апекуны закаханых Леля ды Палель, а з імі — Любіч, або Любчык, што мусіў давесці маладых каханкаў да вяселля.

Кожны стараўся жыць у згодзе з багіняю восеньскага ўраджаю Цёцяй. Гарэзлівы Пераплут падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосць, а вогненны Жыжаль саграваў агнём і дапамагаў кавалям. Ад бога Тура залежала жыццё дзікіх звяроў і поспех на паляванні. Вялесу належаў падземны свет, але былі ў яго турботы і на зямлі — клопат пра свойскую жывёлу і дапамога пастухам. Ён вёў статак на пашу і вяртаў дадому.

Яшчэ бліжэй да штодзённага жыцця продкаў стаялі драбнейшыя багі. Добрымі духамі, што спрыялі чалавеку, бераглі яго ад напасці, былі берагіні. На жытнёвым полі хаваўся Жыцень. Ён любіў пераносіць каласы, а то і цэлыя снапы з палетка нядбайнай гаспадыні да руплівае суседкі. У вольную хвіліну на мяжы нівы і пашы ён мог перакінуцца словам з авечым духам Аўсенем.

Пра дамавікоў, лесавікоў, русалак вы, магчыма, ведаеце болей за мяне, бо яны выявіліся ці не самымі жывучымі і, здаецца, сустракаюцца дасёння. Мая бабуля Прося з лясной вёскі непадалёку Полацка апавядала пра лесавіка амаль што як пра суседа: то цэлы дзень вадзіў яе з кашом баравікоў па лесе, то падаіў бабуліну казу, то перад Калядамі нахабна залез нанач у падпечча.

Існавалі духі, заўсёды настроеныя да людзей варожа. Яны засявалі каменнем поле, адбіралі ў кароў малако, пасылалі хваробы. Мара мучыла вусцішнымі снамі. Лядашчык пазбаўляў жыццёвае сілы. Бог холаду Зюзя імкнуўся замарозіць чалавека на зімовай дарозе і аддаць страхалюднаму Карачуну.

Як бачым, шчыльнасцю насельніцтва беларускі Алімп мог спрачацца з антычным. Нашы багі, гэтак сама як старажытнагрэцкія або рымскія, былі між сабою ў сваяцтве. Пярун лічыўся сынам вярхоўнага бога. У браты лёс паслаў яму жорсткага Зюзю. Замужам за Перуном была спагадлівая да людзей Жыва, якую па мужу часта называлі Грамавіцаю. 3 ёю, багіняю жыцця і лета, звязаны цікавы міф, які варта падаць як узор беларускай дахрысціянскай міфалогіі. Калі ў час свайго зімовага панавання Зюзя мучыў людзей маразамі, Грамавіца сышла з нябёсаў на зямлю, каб нарадзіць сына Дажбога-Хорса, якому наканавана было адолець Зюзю. Але той даведаўся пра Жывіны намеры, перакінуўся ў мядзведзя і разам з перамененымі ў ваўкоў злымі духамі — Завеямі пачаў ганяцца за ёю. Ратуючыся, Грамавіца ператварылася ў белую казу і схавалася ў кустоўі, дзе і нарадзіла Дажбога. Якраз таму калядоўшчыкі і водзяць з сабою «казу».

Гэты міф згадвае ў найцікавейшым дасціпным нарысе «Дахрысціянская вера нашых продкаў» вядомы рэлігійны дзеяч і гісторык айцец Леў Гарошка. Да ўжо знаёмых нам прадстаўнікоў беларускага язычніцкага пантэону айцец Гарошка дадае ў сваім даследаванні такіх каларытных і ўплывовых багоў, як Кон, што вызначаў долю ўсім і нават самім багам, як багіня надвор’я Пагода, як бог хмараў і непагадзі Пасвіст і багіня розуму Рада. Следам за імі ідуць злы бог хвароб Яшчар, яго прыяцелькі злыя духі ночы начніцы, якія перадалі сваё імя аднаму з відаў кажаноў, дух віхур Падвей, магільны дух Копша (гэта пра яго прыказка кажа: «3 грашыма і Копшу дагодзіш»)…

Угневацца і жорстка пакараць за нейкую правіну мог і самы памяркоўны з багоў. А паколькі стасункі між імі былі надзвычай складаныя, нечаканая бяда магла падпільнаваць і зусім невінаватага чалавека. Бог агню Жыжаль у сваёй падземнай кузні каваў зброю, каб нізрынуць з неба Перуна. Ён працаваў так зацята, што дол пераграваўся, трывала сухмень, загараліся лясы і тарфяныя балоты. Калі ж бог-каваль выходзіў з вогненнай кузні на зямлю, Пярун браўся кідаць у яго маланкі.

Наогул у свеце йшла няспынная барацьба шматаблічных Белабога і Чарнабога, якія ўвасаблялі святло і цемру, дабро і зло. У сярэдзіне жніўня штогод бывала залеўная ноч, калі неба разрывалі перуны, а бліскавіцы несупынна залівалі наваколле прывідным святлом. Гэтаю «рабінаваю», ці «вераб’інаю», ноччу ўсе добрыя духі ядналіся і вялі смяротны бой з сіламі цемры.

Каб жыць з багамі ў згодзе, іх трэба залагоджваць, маліцца за сябе і за блізкіх. Уранні продкі, просячы спрыяння, зазвычай прамаўлялі да ўсіх багоў адразу. Удзень маліліся Хорсу-сонцу. Увечары, пасля працы, прасілі Дажбога ацаніць пражыты дзень і даць кожнаму паводле заслуг. Паразумецца з нябеснымі і зямнымі валадарамі, не ўяўляючы іх саміх, было даволі цяжка, таму кожнага бога і бажка чалавечая фантазія надзяліла адметным абліччам.

Пярун — волат з сівымі або вогненна-рудымі кучарамі і барадой, які трымае ў руцэ лук і стрэлы-маланкі. Час Перуновае ўлады доўжыўся ад першае да апошняе навальніцы, а потым бог спаў да будучай вясны. Ярыла — гожы юнак у белым уборы. Ён ездзіў на белым кані па нівах, аглядаў ярыну, спрыяў ураджаю, а яшчэ распальваў юр, цялесную жарсць, клапоцячыся пры гэтым пра нараджэнне дзяцей. Каб лацвей хавацца паміж каласоў, Жыцень меў маленькі расточак, ды яму трохі замінала даўжэзная сівая барада. Вадзянік таксама ганарыўся барадою, але ўжо зялёнай, як багавінне. Своеасаблівымі дублёрамі дамавікоў былі вужы, іх трымалі ў хаце і, адводзячы ад сям’і бяду, усяляк ім дагаджалі. Пра абліччы большасці іншых багоў нічога пэўнага сказаць цяпер нельга. Ад некаторых ацалелі адно загадкавыя імёны — Вышань, Крышань, Таўсень… Пагатоў імёны некаторых багоў продкі лічылі за лепшае ў пэўных абставінах проста не называць. Беларусы дагэтуль захавалі звычай не ўзгадваць перад сном чорта, а калі надарыцца ўсё ж успомніць у размове нячысціка, дык адразу дадаюць: «Не пры вас кажучы».

У запаленых хрысціянскімі святарамі вогнішчах бясследна загінулі паганскія запісы на дошках і бяросце, дзе былі і малітвы.

Зрэшты, існуе і іншы погляд на праблему. Вам, магчыма, даводзілася чуць пра «Кнігу Вялеса», якую прыхільнікі яе аўтэнтычнасці называюць Святым пісаннем славян. Кніга гэтая нібыта была выразаная на букавых дошчачках ноўгарадскімі вешчунамі ў IX стагоддзі і прысвечаная богу Вялесу, а знайшоў яе ў час грамадзянскай вайны белагвардзейскі палкоўнік Ізенбек. Пакрытыя старажытнымі пісьмёнамі драўляныя старонкі Вялесавай кнігі трапілі разам з яе ўладальнікам за мяжу, а ў гады Другой сусветнай вайны зніклі.

Трэба сказаць, што такі знаўца старажытнай славянскай культуры, як акадэмік Дзмітры Ліхачоў і іншыя аўтарытэты лічаць «Кнігу Вялеса» падробкай, ці, далікатней кажучы, містыфікацыяй. Здзейсненыя за апошнія гады шматлікія публікацыі кнігі і каментарыі да яе не пераканалі і мяне ў сапраўднасці гэтага помніка паганскіх часоў.

Але ў любым выпадку аўтар ці аўтары «Вялесавай кнігі» грунтоўна ведалі і адчувалі дахрысціянскі духоўны космас нашых продкаў.

Вось як, напрыклад, у вольным перакладзе на беларускую мову гучыць пачатак малітвы да Валадара Сусвету:

«Кланяемся першаму табе, Род, і пяём табе вялікую славу. Хвалім цябе, пачынальнік усіх родаў чалавечых, Сварожа. Ты — крыніца вечная, што ніколі не замярзае, і хто п’е тую ваду, жыве, пакуль не трапіць на твае райскія лугі. Пяём песню табе, Святавідзе, бо ты ёсць святло, праз якое мы бачым гэты свет. Ты трымаеш моцна сонца і зоркі і даеш нам Яву, а беражэш ад Навы (смерці). Дык вырачымся злых думак і чыну злога і пойдзем дарогаю дабра…»

Пасля прамаўлялі да Перуна:

«Кланяемся табе, Пяруне-грамавержац, што не стамляешся круціць кола жыцця і вядзеш нас дарогаю праўды да бітвы і да трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду і ідуць да жыцця вечнага, да палка Перуновага. Слава табе, гонар і суд воінаў, што страляеш па ворагах нашых і адводзіш ад нас стрэлы іхнія. Слава табе, залатарунны, літасцівы і праўдзівы…»

Найпрасцей абвясціць гэтую рэканструкцыю паганскіх малітваў плёнам фантазіі. А мо не будзем спяшацца: а раптам у аўтара (няхай сабе ён — амаль што наш сучаснік) абудзілася памяць продкаў, і ён нічога не выдумляў, а проста ўспомніў?

Найбольш блізкія дачыненні з багамі продкі мелі на святы.

Пасля зімовага сонцастаяння Каляда прыбаўляла дні, і, хоць яшчэ трывалі лютыя маразы, пачыналася новае гадавое кола. Свята ў гонар Каляды было ці не самае вясёлае. Яго абрады дажылі ў Полацку да XIX стагоддзя. Па дварах і хатах хадзілі з песнямі калядоўшчыкі. Іх падхмеленая гаманкая грамада вадзіла з сабою «бусла», «мядзведзя» і галоўную дзейную асобу — «казу» або «казла» ў вывернутым кажусе, з рагамі і барадою-вяхоткай. Апошнімі гадамі такую каларытную сябрыну зноў можна сустрэць у калядныя дні на полацкіх ды наваполацкіх вуліцах. Каза ў продкаў увасабляла сонца, што памірала і ўваскрасала, пасылаючы зямлі ў новым годзе жыццядайную сілу і новы ўраджай. Таму калядны гурт і пяе:

Дзе каза хвастом,

Там жыта кустом.

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам.

Другая палова Калядаў (з 1 да 6 студзеня) называлася Вялесавымі днямі. Лічылася, што ў гэты час чалавек лягчэй, чым калі-небудзь яшчэ, можа ператварыцца ў ваўка.

Вясновым святам гукання добрых духаў, якія ажыўлялі зямлю пасля зімовага сну-нябыту, быў Вялікдзень, што пазней зліўся ў хрысціян са святым днём Хрыстовага ўваскрэсення. Паганскі каляндар меў святы маладых усходаў, пачатку і заканчэння жніва.

У крывічоў захоўваліся старажытныя абрады, што ўзніклі ў часы татэмізму, калі кожны род выводзіў сваю гісторыю ад нейкага звера або птушкі. Адно такое свята, звязанае з шанаваннем мядзведзя, — камаедзіца — было вядомае ў полацкім наваколлі яшчэ ў XIX стагоддзі. Яго спраўлялі ў сакавіку, калі лясны гаспадар прачынаўся і выходзіў з бярлогі. На камаедзіцу гатавалі стравы, якія нібыта любіў спадар мядзведзь: камы з гарохавай мукі і аўсяны кісель — жур. Пасля святочнага полудня сяляне клаліся на палаткі і, пераймаючы касалапага «продка», пераварочваліся з боку на бок, просячы спрыяння і абароны. У гонар мядзведзя наладжвалі скокі ў вывернутых кажухах.

На самым пачатку чэрвеня святкавалі Ярылаў дзень. Ад раніцы прыбіралі стужкамі маладую бярэзінку, аздаблялі жытло маем. Потым выбіралі найпрыгажэйшую дзяўчыну, апраналі яе ў белыя строі, садзілі на каня і вазілі па паселішчы, спяваючы і водзячы вакол карагоды, што выконвалі ў паганцаў прыкладна такую ж ролю, як хросны ход у хрысціянаў. На Ярылаву ноч прыпадала свята кахання, пра якое хрысціянскія аўтары пазней пісалі: «Отрокам осквернение, девам растление».

Ярыла «полю жыта радзіў людзям дзеці пладзіў». Ён меў схільнасць да жанчын і хмельных напояў. Яму мы абавязаныя такімі адметнымі беларускімі слоўцамі, як ярына, ярун, ярыцца. Хрысціянскім пераемнікам Ярылы стаўся святы Юры. Юр’е — адно з найбольш шанаваных сялянамі на Полаччыне і наогул у Беларусі святаў. У гэты дзень упершыню пасля зімы выганялі на пашу скаціну, а гаспадар выпраўляўся аглядаць свае палеткі. Кожны з нас мае магчымасць самастойна спраўдзіць, ці насамрэч у гэты дзень пачынае куваць зязюля, а таксама праверыць мноства звязаных з Юр’ем народных прыкмет.

Ад Ярылы зусім мала заставалася да Купалы. Гэтае свята супадала з летнім сонцастаяннем; пасля яго нябеснае свяціла «паварочвалася», і дні рабіліся карацейшыя. Купаллю папярэднічаў русальны тыдзень, калі дзяўчаты вадзілі ў святых гаях карагоды, прыносілі крыніцам і рэкам ахвяры — найчасцей птушак. «Убогая куряти, яже на жертву идолам режутся, иныя в водах потопляемы суть», — паведамляе старажытны рукапіс.

Прыгожых дзяўчат абвівалі зялёнымі галінкамі і аблівалі вадой, выклікаючы дождж.

Каля вёскі Свяціда на беразе полацкага возера Янова вам і сёння пакажуць пагорак Валатоўку. Разам з урочышчам Камяні, што паблізу вёскі Бікульнічы на тым самым возеры, Валатоўка ўваходзіла ў комплекс тыпу Стоўнхендж[1], дзе ў паганскія часы тутэйшыя жыхары святкавалі ўлетку сонцастаянне. Тут, за дваццаць кіламетраў на поўдзень ад Полацка, велізарныя валуны складаюць геаметрычную фігуру, якая дакладна арыентаваная па напрамках свету і сваімі контурамі нагадвае літару «П».

Аўтар кнігі «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» (Мінск. 1992) беларускі геолаг і краязнавец Эрнст Ляўкоў, які даследаваў культавыя камяні, вызначыў: валуны ў гэтай мясціне размешчаныя такім чынам, што, стоячы ў цэнтры фігуры, старажытны астраном толькі раз на год мог убачыць, як сонца сядае дакладна за Валатоўкаю. Гэта значыла, што ноч будзе найкарацейшаю, а наступны дзень — найдаўжэйшым.

3 нагоды сонцастаяння продкі запальвалі на Валатоўцы вогнішча ў гонар Купалы.

Пазней да купальскіх ігрышчаў хрысціянскія місіянеры прымяркуюць свята нараджэння Яна Хрысціцеля, або Янаў дзень, што святкуецца паводле грыгарыянскага календара 24 чэрвеня. Адсюль цалкам лагічна будзе вывесці паходжанне назвы возера, над якім у купальскую ноч і ў наш час загараюцца вогнішчы.

Яшчэ адну старажытную «абсерваторыю» палачан сёння можна пабачыць на возеры Дрысвяты за колькі кіламетраў ад аднайменнай вёскі, ва ўрочышчы Другая Камяніца. На паверхні цэнтральнага, амаль трохметровага ружавата-шэрага валуна захавалася паглыбленне — ахвярнік. Вакол з поўдня і захаду паўколам ляжаць меньшыя камяні-арыенціры, з дапамогаю якіх продкі вызначалі паганскія святы і дні, спрыяльныя для пачатку сельскагаспадарчых работ.

За маёй памяццю на поплаве водбліз Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яшчэ збіраліся на Купалле старыя палачанкі ў дастаных з куфраў вышываных кашулях і андараках. Сёння падрабязна пісаць пра гэтае спрадвечнае свята не мае сэнсу, бо яно вярнулася ў наша жыццё і зыркімі агнямі, што люструюцца ў спакойных водах Дзвіны і Палаты, і непаўторнымі чарадзейнымі абрадамі, гульнямі і песнямі. Скажу адно, што ў паганскай старажытнасці скласці купальскае вогнішча даручалі жанчыне — «Маладая маладзіца, раскладзі купальніцу!» — і нельга было, як цяпер, прыходзіць на свята ў любым адзенні. Перавагу аддавалі беламу колеру, асабліва важнымі лічыліся жаночыя галаўныя ўборы: апрача вянкоў з кветак і зеляніны дзяўчаты надзявалі блакітна-нябесныя наміткі. Маліліся Купалу, як і ўсім іншым паганскім багам, не толькі з чыстым духам, але і з чыстым целам.

Продкі лічылі купальскую ноч самым прыдатным часам шукаць скарб. Паблізу таго месца, дзе ён закапаны, з’яўляўся блакітны агеньчык. Але нават калі і пашанцуе знайсці падземнае багацце, завалодаць ім нялёгка, бо скарб звычайна загавораны: чым глыбей капаеш, тым глыбей ён хаваецца, а можа і зусім праваліцца ў бездань, адкуль зарагочуць страшнымі галасамі нячысцікі.

Існавала таксама павер’е, што ў гэтую чароўную ноч зямля разыходзіцца, каб скарбы прасохлі. Не здабыў багацця, дык, можа, хоць пабачыш, як у глыбачэзных правалах вісяць на ланцугах велізарныя катлы з золатам, срэбрам ды каштоўнымі камянямі.

Самае змрочнае і трагічнае свята Рода і Перуна прыпадала прыкладна на 20 ліпеня. Тут не было ні песняў, ні карагодаў. Бог вымагаў крывавых ахвярапрынашэнняў — быкоў а часам і людзей (найверагодней, палонных ворагаў). Выбар ахвяраў быў вельмі адказным клопатам, яму прысвячаўся ўвесь папярэдні тыдзень. Якраз пачыналася жніво, і ў бога прасілі пагодлівых дзён. Каб засцерагчыся ад смяротных Перуновых стрэлаў, ставілі на будынках грамавы знак — круг з шасцю радыусамі. Адтуль, пэўна, і пайшоў у беларусаў звычай усцягваць на хату — пад буслянку — кола.

Дзеля размоў з валадарамі зямлі і неба продкі ладзілі паганскія бажніцы — капішчы, дзе гарэлі непагасныя агні. Памяць пакаленняў данесла да нас звесткі, што палачане пакланяліся Перуну каля Валовага возера. (Магчыма, і назву сваю яно атрымала ад валоў, чыёй крывёю залагоджвалі грознага бога.) Археолаг Сяргей Тарасаў, які ўжо шмат гадоў даследуе Полацк, мяркуе, што вакол возера існаваў цэлы комплекс капішчаў. Валовая азярына ацалела дасюль, і, як на маё адчуванне, нягледзячы на сучасны гарадскі краявід, атмасфера вакол яе густа настоеная на таямніцы.

Захавалася апісанне капішча ў гонар Перуна на памежных з Полацкам ноўгарадскіх землях. Па ім можна меркаваць і пра святыню на берагах Валовага возера: «Божышча гэтае мела выгляд чалавека з крэменем у руцэ, падобным да грамавой стралы. Каля яго і ўдзень, і ўначы, і ў залеву гарэла вогнішча з дубовых дроў. Таго, хто не ўпільнуе святога агню — зніча, і дазволіць яму патухнуць, чакала смерць».

Часам капішча нагадвала сапраўдную фартэцу: недзе на ўзгорку ці на высокім беразе стаяў абведзены ровам вастракол, за якім — паўкола глыбока ўкапаных драўляных ідалаў-стодаў. Калі даць волю ўяўленню, мы ўбачым іх суровыя цёмныя твары з водбліскамі святога вогнніча, падрыхтаваных да ахвяры быкоў з налітымі крывёю вачыма, звязаных палоннікаў і згуртаваны страхам і вераю натоўп, што прыцішана паўтарае словы малітвы.

Бажніцы далёкіх продкаў згадваюцца ў старажытных замовах і заклёнах: «А ў цёмным лесе стаіць гара высокая, там растуць дубы вячыстыя, там бяжыць вада цудоўная. А я ж тую ваду брала, балючае цела абмывала, піць давала…» На Полаччыне, як і ў іншых мясцінах Беларусі, і цяпер пачуеш такое прыслоўе: «У сасновым лесе — маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу чорту прадаваць». Магчыма, тут намёк на тое, дзе якому богу маліліся паганцы.

Вядома, што дуб лічыўся дрэвам Перуна. Капішча багіні кахання Лады можна ўявіць якраз у сонечным бярозавым гаі. Ну а на сустрэчу з цёмнымі сіламі продкі сапраўды маглі прабірацца таемнымі сцежкамі паміж старых змрочных ялін з бародамі моху і лішаёў. Сляды адразу некалькіх адкрытых небу паганскіх святыняў вы знойдзеце сёння пад Полацкам на маляўнічым Павульскім возеры.

Святымі ў продкаў лічыліся не толькі асобныя, найчасцей пракаветныя дрэвы, але і вялізныя камяні, многія з якіх мелі ўласныя імёны. Адзін з іх, Перуноў камень, ляжыць у густым лясным зарасніку паблізу вёскі Папялы цяперашняга Глыбоцкага раёна. Сёння вам пакажуць гэты валун толькі старыя людзі, ад якіх вы даведаецеся, што неглыбокі метровы раўчук, які праразае паверхню каменя, — справа чалавечых рук. Акурат на працягу гэтай лініі, за дзвесце крокаў ад валуна, калісьці рос вячысты дуб на некалькі абхватаў.

Лічылася, што камяні жывыя, што яны могуць расці, перасоўвацца на вялікія адлегласці, дапамагаць або шкодзіць людзям. Каб магічная сіла святых валуноў служыла чалавеку, продкі прыносілі ім разнастайныя ахвяры — ад пацеркаў, калі дзяўчаты прасілі сабе жаніха, да парася, ці нават цяля, калі трэба была дапамога цяжка хвораму. На Полаччыне захаваліся паданні аб камянях-краўцах, на якія дастаткова было пакласці звечара кавалак палатна і сказаць, што трэба пашыць, каб на досвітку забраць дыхтоўна пашытую рэч.

Культ камянёў быў агульны для славян і ранейшага балцкага насельніцтва. Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў паданнях пра гэтак званыя Чортавы камяні. Навукоўцы вылучаюць сем асноўных сюжэтаў гэтых паданняў, прычым яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў і латышоў, Іначай кажучы, наш чорт — родны брат латышскага і літоўскага.

Кожны, мабыць, чуў паданні пра цэрквы, якія праваліліся пад зямлю. Гаворка, магчыма, ідзе яшчэ пра паганскія святыні, спаленыя ці зруйнаваныя на загад хрысціянскіх валадароў. Цэрквы часта будавалі на месцы ранейшых бажніц — каб больш надзейна сцерці памяць пра іх. Вельмі верагодна, што і наш Сафійскі сабор вырас на рэштках паганскага капішча: надта ж прыдатная мясціна. Калі будзеце каля Сафійкі, паспрабуйце ўбачыць, як выглядала тут усё за тысячу гадоў да нас. Мо так, як пяецца ў адной валачобнай песні?

А на той гары ды ляжаць брусся,

Ды ляжаць брусся цясовыя.

А на тым бруссі ды стаяць слупы,

Ды стаяць слупы маляваныя.

А на тых слупах ды вісяць катлы,

Ды вісяць катлы адліваныя.

А пад тымі катламі ды гараць агні,

Ды гараць агні ясненькія.

Ды гараць агні яснеткія,

Ды ідуць дымкі сіненькія.

Там сядзяць дзядкі сівенькія…

Цяпер самая пара сказаць пра гэтых сівенькіх дзядкоў, бо яны не проста дзядкі, а вешчуны, што непасрэдна гаварылі з багамі і прыносілі ім ахвяры. Летапісы называюць іх «волхвами» і «кудесниками».

Яны ведалі малітвы і любасныя багам песні. Ведалі заклёны ад засухі, ад чорнае немачы і ад сурокаў. Умелі завіваць бараду Жыценю, перакідацца ў ваўкоў і нават рабіць зацьменні сонца і месяца. Сярод іх былі хмараганяльнікі і кобнікі, што прадказвалі падзеі і чалавечы лёс па палёце птушак. Былі варажбіты, якія чыталі будучыню па самых розных прыкметах: па «вухазвоне» або «куракліку», «варонаграі» ці мышыным піску. Кашчуннікі і баясловы складалі і выконвалі сказанні-кашчуны — пра падземнага караля, перамогу над цмокам, пра залатое гаспадарства цара-Сонца… Зялейнікі ведалі лекавыя травы — зёлкі. Чараўнікі займаліся магічнымі дзеяннямі з вадою і зёльнымі адварамі, дзеля чаго карысталіся адмысловаю пасудзінай — чараю, ад якой і атрымалі сваё найменне.

Вешчунамі за іх складанае і загадкавае майстэрства лічылі кавалёў, блізка знаёмых з Жыжалем і з самім Сварогам. Сапраўдным дзівам выглядала тое, як бясформенны кавалак жалеза ў руках у каваля ператвараўся ў сякеру, меч ці ў наканечнік дзіды. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закуць у кайданы нячыстую сілу, выкаваць чалавеку лёс. Менавіта каваль адужаў у паданнях Змея Гарыныча і прыкуў яго за язык.

У вялікай пашаноце жылі «хранильники». Яны рабілі і дапамагалі выбраць абярогі, што прыносілі здароўе, багацце і шчасце, бераглі чалавека ад невідочных злых духаў, якія заўсёды чакалі зручнага моманту, каб высмактаць кроў, або ўчыніць іншае ліха. Абярогамі былі зубы дзікіх звяроў, пярсцёнкі, бурштынавыя пацеркі, бранзалеты, падвескі ў выглядзе качачак, сонца і месяца. Жыццё і ўрадлівасць сімвалізавалі падвескі-конікі, якія археолагі часта знаходзяць па ўсёй Беларусі. Рабілі абярогі і на ўзор побытавых рэчаў: грабянцоў лыжак, ключоў, што «замыкалі» чалавека, не даючы падступідца да яго злыдням.

Ад начніц, ваўкалакаў ды ўсіх нячысцікаў чалавечае жытло баранілі магічныя знакі, найперш розныя выявы сонца. Яно свяціла з дзіцячых зыбак, з прасніц, з карцоў, якімі чэрпалі ваду і хмельны мёд. Сонца мела шмат сімвалаў: кола, крыж, кола з кропкаю ці з крыжам. Знак бога Ярылы — шасціканцовы крыж з роўнымі папярэчынамі — сімвалізаваў вечнае жыццё: на зямлі і ў замагільным свеце. Берагла людзей і вышыўка на адзенні, дзе не было нічога выпадковага, усё — ад простага крыжыка да складанага ўзору — мела свой патайны сэнс. Абавязкова вышывалі каўняры, рукавы і падолы, бо якраз праз іх мерыліся падлезці да чалавечага цела нябачныя злыдні-крывасмокі.

Вяшчун звычайна жыў воддаль паселішча, у лясных нетрах, і, каб трапіць да яго, чалавек мусіў нацярпецца страху.

Вось выправілася ўвечары да чараўніка дзяўчына — прываражыць любага. 3 першых крокаў абступіла яе на лесавой сцяжыне тое, аб чым удзень і не думалася. Што там мільганула наперадзе светлым ценем? Ці не Мара выйшла з дзённых сховаў закоўваць сонных людзей страхам? А на гэтым пні трэба пакласці пачостку лесуну, бо іначай закруціць у лесе, зарагоча знянацку жудасным смехам, ад якога замярзае кроў у жылах. I тут, на кладцы праз рачулку, не спі. Плыве паміж дрэў халодны туманец — значыцца, вадзянік недзе паблізу: расклаў на дне сваё сцюдзёнае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым. Раптам абломіць кладку, ашчаперыць учэпістымі рукамі, зірне смяротным паглядам у вочы і пацягне ў вір?

Лес глухі, ногі патанаюць у моху, ірвецца з грудзей сэрца, а рука мацней сціскае касцяны конік-абярог. Ой, цяжка папасці да вешчуна! Усе дрэвы, камяні ды сцежкі вакол яго хаціны загавораныя. Не ўнаравіш яму нечым — возьме з твайго следу зямлі, пакладзе ў торбачку ды высушыць, а разам з той зямлёю і ты высахнеш на трэску.

У вешчуновым прыстанку яшчэ страшней, чым у лесе. Гаспадара не відаць, адно на стале п’е з чарапка малако вялізны вуж. Ці не сам гэта гаспадар і ёсць? Нап’ецца ды перакінецца ў замшэлага дзядка з вострымі вачыма. А вунь на печы дзве пары нейчых вачэй свецяцца. I назад дарога начная чакае: зашуміць апоўначы знячэўку лес, вада ў возеры зробіцца без усякага ветру неспакойная, заплешчаў берагі…

3 сярэдзіны 1990-х гадоў гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага універсітэта і цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» праводзяць у Прыдзвінні экспедыцыі, якія засведчылі: на Асвейшчыне, Расоншчыне і нават у блізкіх ваколіцах Полацка яшчэ жывуць людзі, што валодаюць таямнічай энергіяй і незвычайнымі здольнасцямі. Яны з поспехам лечаць хворых аднавяскоўцаў і жывёлу, значна лепей за дыпламаваных спецыялістаў ведаюць зёлкі і лекавыя ўласцівасці вады, дрэў, каменю. Але сучасныя чараўнікі — нашчадкі старажытных вешчуноў — не вечныя. I можна толькі пагадзіцца з удзельнікам згаданых этнаграфічных экспедыцый маладым полацкім гісторыкам Уладзімірам Лобачам, які ў адным са сваіх артыкулаў піша, што будзе сапраўдным дзікунствам, калі мы абвесцім усё гэта цемрашальствам і не паспрабуем спасцігнуць сілу чароўнай крывіцкай крыніцы, што доўгі час жывіла наш народ.

Шмат неверагодна цікавага і, між іншым, карыснага могуць сказаць нам пра веру продкаў, іх глыбокую сувязь з прыродаю старыя звычаі і прыкметы.

Сабраўся, напрыклад, гаспадар ставіць хату. Дрэва на будоўлю ён пойдзе секчы, як месяц будзе ў ветаху. Толькі тады яно трывалае, ссечанае ж на маладзік хутка збуцвее, а нарыхтаванае на зменах месяцавых квадраў — паесць шашаль. Ні ў якім разе нельга браць дрэва, вывернутае бураю, бо яго паваліў нячысцік, каб разам з ім усяліцца ў новую хату. Трапіць у зруб бервяно з рыпучага дрэва — гаспадары будуць частах варэць. Найлепей, лічылі продкі, нарыхтоўваць лес перад Вялікаднем, калі бяжыць вясновы сок і Дажбог з Ярылам робяць драўніну наймацнейшаю.

Выбраўшы месца пад хату, гаспадар збіраў з чатырох палёў чатыры камяні, нёс іх у запазусе ля голага цела і клаў чатырохкутнікам, пазначаючы вуглы. Потым станавіўся пасярод і прасіў парады ў Рода. Засталіся камяні праз тры дні некранутыя — значыцца, выбар удалы.

Кладучы першы вянец зруба, уважліва сачылі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну — будзе ў хаце жыццё заможнае. Паміж бёрнаў клалі сабраныя на Купалле зёлкі, а часам і жменю змеленай на новых жорнах мукі — каб злодзей, залезшы ў хату, не мог уцячы, пакуль не вернуцца гаспадары. Існавала і такая прыкмета: колькі разбурыў чалавек у маленстве птушыных гнёздаў столькі разоў мусіць ён на сваім вяку і хату мяняць.

Улазіны прымяркоўвалі да поўні. Напярздадні яшчэ раз правяралі, ці не ўплішчыўся куды нячысцік. Найлепшым рэвізорам быў певень, спеў якога значыў, што злыдняў у хаце няма.

I яшчэ, у адрозненне ад нас, продкі ніколі не будавалі жытла на чалавечых касцях. Адзін мой мінскі знаёмы расказваў як пакутаваў, пераехаўшы ў новую кватэру: не мог заснуць, усхопліваўся сярод ночы, бачыў у снах розныя жахі. Высветлілася, што дом паставілі на былых могілках.

Згаданы толькі што певень ва ўяўленні продкаў сімвалізаваў таксама мужчынскую сексуальную сілу. Дарэчы, зазначу, што ў параўнанні з іншымі славянскімі і неславянскімі народамі — нашымі блізкімі і далёкімі суседзямі — беларусы вельмі эратычныя. Шматлікія пацверджанні гэтаму можна знайсці ў расійскага гісторыка і фалькларыста, славутага збіральніка ўсходнеславянскіх казак Аляксандра Афанасьева, які адкрыў чытачам, што беларускі фальклор літаральна прасякнуты эратычнасцю. Прычыну, відаць, трэба шукаць у тым, што язычніцкае светаўспрыманне ў Беларусі, і асабліва на абшары Полацкай зямлі, цягам стагоддзяў паспяхова і мірна суіснавала з хрысціянствам. (Мы, між іншым, жывём ці не ў адзінай еўрапейскай краіне, дзе дахрысціянскія святы — Радаўніца і Дзяды — узаконеныя дзяржаўным календаром.)

Ну і паколькі зайшла гаворка на тэму, што да нядаўняга часу лічылася «непрыстойнай» (памятаеце сакраментальнае: «У нас сексу няма!»?), скажу колькі слоў пра старажытны культ фаласа, на які ў свой час «перахварэлі» ці не ўсе народы планеты, і нашы продкі не былі тут выключэннем.

На поўначы заселенага некалі палачанамі абшару, там, дзе цяперашні Гарадоцкі раён мяжуе з Расіяй, ляжыць прыгожае лясное возера Сеніца. Не кожны з жыхароў недалёкай вёскі Дорахі адважыцца сказаць незнаёмаму падарожніку, як завецца прыазёрны лес. Рэч у тым, што назва гэтая цалкам нецэнзурная. У лесе з цікавым найменнем і ў возеры людзі здавён знаходзяць мноства зробленых з цёмнашэрага пескавіка фаласаў (яны і далі наваколлю адмысловую назву), найбольшы з якіх дасягаў 80 сантыметраў. Гэта не што іншае, як сімвалы плоднасці і ўрадлівасці, звязаныя з культам Ярылы. Пра «цэлы шэраг беларускіх камянёў фалічнай формы» пісаў у першым выданні сваёй вядомай «Гісторыі рускай царквы» адзін са старэйшых беларускіх акадэмікаў Мікалай Нікольскі. (У пазнейшых выданнях пашчыравалі цнатлівыя цэнзары.)

Этнаграфічны і археалагічны матэрыял не дазваляе з пэўнасцю меркаваць, якіх рытуалаў вымагалі каменныя фаласы. Аднак згадаю, што валун Дзед, які стаў у Мінску на беразе Свіслачы, таксама выконваў фалічныя абавязкі. Нават на пачатку XX стагоддзя ён заставаўся месцам паломніцтва бясплодных жанчын, што сядалі на яго «голым месцам» і, закрыўшыся спадніцаю, прасілі падараваць дзіця. Варта, відаць, дадаць, што і добра знаёмая кожнаму нескладаная камбінацыя з трох пальцаў якую беларусы каларытна называюць дуляй, таксама з’яўляецца водгуллем даўнейшых фалічных рытуалаў. Яе і сёння лічаць эфектыўным сродкам супроць благога вока і злых духаў.

Мноства элементаў дахрысціянскай ахоўнай магіі сканцэнтравана ў беларускім вясельным абрадзе. Седзячы за сталом на вытрыманым у спрадвечных традыцыях вяселлі, госці часам і не здагадваюцца, што сталі дзейнымі асобамі магічных рытуалаў, народжаных у пракаветныя часіны. Хтосьці з дасведчаных людзей перад застоліцай абавязкова пакропіць святой вадой або абкурыць макам усе куты хаты. Адпрэчваючы злых духаў макам або льняным семем могуць абсыпаць хату і знадворку. Добра засцерагае ад нячысцікаў абведзенае касою кола і пастаўленыя навідавоку зубамі ўгору барана, вілы або граблі. Да вострых рэчаў-абярогаў, якія павінны «злавіць» злыя сілы, належыць і грэбень, што дораць маладой. Хтосьці з кабетаў перад вяселлем сачыў, каб шчыліны ў хаце і надворных будынінах былі пазатыканыя чартапалохам ці колкімі галінкамі агрэсту, і клаў маладому і маладой у кішэню па галоўцы часнаку. Ад сурокаў маладым уторквалі ў адзенне колькі іголак і шпілек. Надзейным сродкам лічацца таксама нож або нажніцы, убітыя ў стол, за якім сядзіць вясельная пара. (У Прыдзвінні дагэтуль вераць, што калі кінуць нож у віхор, то можна забіць чорта, які яго круціць.)

На працягу ўсяго вяселля сурова забараняецца згадваць не толькі нячысцікаў але і смерць, назвы хвароб. Каб не нашкодзіць вясельнікам і не наклікаць бяду на будучае жыццё маладой сям’і, нельга гаварыць пра нябожчыкаў і наогул пра любыя няшчасці. Затое надзвычай карысны ўсеагульны смех застоліцы — ці не самы дзейсны сродак ад цёмных сілаў.

На жаль, няшмат хто захоўвае старажытную беларускую этыку паводзінаў у час хаўтураў. Мая бабуля па маці (або, як казалі даўней, па кудзелі) Аўгіння вучыла нас, унукаў, што, калі ўдзельнікі пахавання кіруюцца з могілкаў дадому, першымі абавязкова павінны ісці старыя. Дзяцей нельга было садзіць за жалобны стол. I наогул, паводзіны на памінках маглі шмат у чым вызначыць лёс родных і сяброў нябожчыка.

Як і іншыя народы свету, нашы пра-пра-прадзеды верылі ў ачышчальную моц агню і вады. Чароўную сілу мелі купальскае вогнішча i раса, купанне на світанку пасля купальскае ночы, калі сонца «грала» — разыходзілася на тры і зноў сыходзілася ў адно. Верылі і ў магію лічбаў. 7 азначала чвэртку месяца, колькасць дзён у тыдні-«сядміцы». 4 — чатыры часткі сутак, чатыры пары года, чатыры бакі свету, што мелі сваю колеравую сімволіку. Сіняя або зялёная барва асацыявалася з захадам, белая — з усходам, чырвоная і чорная — з поўднем і поўначчу. 4 — гэта таксама чатыры пары жыцця: маладосць, сталасць, старасць і смерць, якім адпавядалі чырвоны, залаты, белы і чорны колеры. Штодзённай чорнай вопраткі продкі не насілі, бо гэты колер здавён успрымаўся як сімвал вядзьмарства, зла, тугі і смутку. Белы азначаў прыгажосць і духоўную чысціню; апрача таго, ён атаясамляўся з матчыным малаком і сімвалізаваў зямлю-карміцельку. Чырвоны здавён быў сімвалам агню і вечнага жыцця. Аб шанаванні гэтых колераў сведчыць наша народнае адзенне і сімволіка.

Магічны сэнс мелі таксама лічбы 9 і 12 — столькі месяцаў адпаведна жылі ў мацярынскім чэраве чалавечае дзіця і жарабя. Лічбу 7 звязвалі яшчэ з колькасцю зорак у Вялікім Возе (Вялікай Мядзведзіцы).

Прашчуры часта ўглядаліся ў бяздоннае начное неба. Зоркі былі знакамі людскіх душ. Прыйшло на свет дзіця, і запаліў Род ці багіня Жыва новую зорку, што будзе гарэць, пакуль не скончыцца нітка жыцця. Адляціць ад цела душа, і скоціцца з неба срэбная слязіна — знічка.

У гэтым беларускім слове схаванае імя паганскага бога пахавальнага агню Зніча. Ён прымаў нябожчыкава цела, а таксама неабходныя ў замагільным жыцці рэчы і ператвараў іх у попел. Сабраны з вогнішча прах палачане клалі ў гліняныя гаршкі і хавалі ў доўгіх, падобных да абарончых валоў курганах. У адной такой магіле спачывалі парэшткі пятнаццаці-дваццаці крывічоў. Пасля хаўтур заўсёды спраўляліся памінкі — «трызна» або «страва». Продкі разумелі, што найлепей ушанаваць памяць мёртвых можна паўнатою ўласнага жыцця.

Да нябожчыка прыляталі Жля і Карна, багіні тугі і пахавальнага плачу. Сама душа трымалася паблізу: глядзела, ці вельмі смуткуюць, слухала, што кажуць на памінках. Калі мала слёз ды гора, — яна раззлуецца і пачне помсціць, таму галасілі сваякі на ўсю шчырасць. Праводзілі чалавека ў іншы свет урачыста і жалобна, але да смутку развітання дамешвалася і радасць: нябожчык сустрэнецца з продкамі, наперадзе ў яго вечнае жыццё.

Крывічы верылі ў рай, што называўся выраем. Гэта казачна прыгожы, напоўнены птушынымі спевамі зялёны сад з павольнаплыннаю ракой. У адрозненне ад хрысціянскага раю, які трэба заслужыць дабрачынным жыццём, паганскі чакаў кожнага. Пекла не існавала, продкі называлі сябе не рабамі ці слугамі божымі, а божымі родзічамі, Дажбогавымі ўнукамі. Адлёт душы (яе ўяўлялі маленькім двайніком чалавека) у вырай быў такі самы непазбежны, як сама смерць.

Можа, таму людзі ставіліся да скону без вялікага страху. Гэта адлюстравалася ў паэтычным параўнанні смерці з нявестаю. Як пяецца ў старадаўняй народнай песні, крывавая бітва — вясельная бяседа, а непрабудны сон у магіле — салодкая ноч на шлюбным ложы. Паміраючы ад ран, малады ваяр просіць перадаць родным, што пабраўся з другою жонкаю, а сасватаў іх востры меч ды калёная страла.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.