Юсцініянаўская сядзіба

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Юсцініянаўская сядзіба

Вёска Юсцініянаў, размешчаная на правым беразе Дзвіны непадалёку ад мястэчка Дрыса (сучасны Верхнядзвінск), першапачаткова называлася Ўзняны. Пасля доўгага валодання Агінскіх гэты маёнтак трапіў да Корсакаў і Свірскіх. Ад Ежы Свірскага Ўзняны набыў полацкі падкаморы Канстанцін Шчыт-Неміровіч (пам. 1712), які жыў у суседнім маёнтку Таболькі. Ад першага шлюбу ён меў сына Антонія (пам. 1748), жанатага з Апалоніяй Ціханавецкай, якая і стала гаспадыняй Узнян і іншых маёнткаў у краі. Новую назву Юсцініянаў вёска атрымала ад імя ўнука Канстанціна Шчыт-Неміровіча. Менавіта Юсцініян фундаваў у мястэчку касцёл і капліцу. Юсцініян Шчыт (1740–1824), пісар Вялікага Княства Літоўскага, непадзельна валодаў маёнткамі Юсцініянаў, Таболькі, Дабрамысль і інш. Гэты чалавек цаніўся як пры двары караля Станіслава Аўгуста, так і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці пісара яго ўладанні, у тым ліку і Юсцініянаў, дасталіся малодшаму сыну Яну. Пасля смерці пераемніка ў 1851 г. маёнтак у 2819 дзесяцін перайшоў да яго пляменніка таксама Юсцініяна (нар. 1814), дрысенскага маршалка. Далей, верагодна, сядзібу атрымаў у спадчыну нехта з унукаў — Юсцініян Грабніцкі (нар. 1875) ці Ян (нар. 1877).

На мяжы XVIII–XIX стст. у Юсцініянаве сфармавалася вялізная сядзіба з цудоўным мураваным палацам. Праект палаца і нагляд за яго будаўніцтвам ажыццяўляў архітэктар К. Спампані. Па кантракту, заключанаму паміж ім і Юсцініянам Шчытам 28 верасня 1779 г., дойлід быў абавязаны збудаваць палац і флігелі да яго, а таксама спланаваць парк. З дагавора відаць, што фундатар унікаў ва ўсе бакі праектавання будынка, абгаварваў усе дэталі, патрабаваў, каб архітэктар узгадняў свае дзеянні з яго густам. Усе работы па кантракту мусілі быць завершаны ў тры гады, але хвароба і хуткая смерць Спампані ў 1783 г. спыняе будаўніцтва. У вядомай меры гэта пацвярджаюць мемуары Яна Вейсенгофа (1791–1878). Наведаўшы Юсцініяна Шчыта ў 1804 г., ён успамінае аб пабудаваным на беразе Дзвіны «палацы двухпавярховым з мура з вытанчанымі пакоямі і заламі з ляпнінай на сценах і плафонах у разнастайным арабескавым упрыгожванні». Верагодна, пасля смерці Спампані Шчыт не знайшоў архітэктара, які здоліў бы давесці будаўніцтва да канца.

Як выглядаў палац, бачна на акварэлі Н. Орды 1875–1876 гг. Двухпавярховы, простакутны ў плане, адзінаццацівосевы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам стаіць у атачэнні парка на даволі стромкім беразе Дзвіны. Дваровы фасад з рызалітам у цэнтры завяршаецца трохкутным франтонам. На рызаліце выступае балкон на чатырох калонах. Галоўны фасад афармляе калонны порцік, які Спампані выкарыстоўваў амаль ва ўсіх сваіх класіцыстычных будынках. Побач з палацам знаходзіцца крыты чатырохсхільным дахам свіран, а побач з ім — капліца.