Вікторынская сядзіба

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Вікторынская сядзіба

Паселішча Вікторын (Буда-Кашалёўскі р-н Гомельскай вобл.) стала галоўнай сядзібай рода Дорыа-Дзерніловічаў у другой палове XVIII ст. пасля таго, як у 1739 г. згарэла іх сядзіба Шарсцяны. Першым уладальнікам Вікторына быў Францішак Казімір Дорыа-Дзерніловіч, рэчыцкі гарадскі суддзя (пам. 1742). Верагодна, яго сын, рэчыцкі падкаморы, Леан Юзаф (пам. 1793) у гонар сваёй жонкі Віторыі Кляўніцкай даў назву вёсцы. Яму ж фамільнае паданне прыпісвае будаўніцтва класіцыстычнай сядзібы ў канцы XVIII ст. Пасля смерці Леана Вікторын перайшоў да яго сына Вінцэнта (пам. 1829), а потым да сына Вінцэнта Тадэвуша Раймонда (пам. 1862). Затым маёнтак перайшоў у спадчыну да яго дачкі Евы (нар. 1844), якая выйшла замуж за свайго дваюраднага брата Севярына Дорыа-Дзерніловіча і такім чынам захавала маёнтак у фамільным родзе. Пасля смерці жонкі Севярын і яго сын сталі апошнімі ўладальнікамі маёнтка ў 13 000 дзесяцін. Дзерніловічы мелі рэзідэнцыю ў Польшчы, выкарыстоўваючы Вікторын як летнюю дачу. Сядзіба загінула ў час першай сусветнай вайны.

Драўляны сядзібны дом уяўляў сабой аднапавярховы трынаццацівосевы з цэнтральнай двухпавярховай часткай будынак на высокім падмурку з жылымі падваламі ў плане выцягнутага простакутніка. Да некалькі высунутай наперад сярэдняй часткі на галоўным фасадзе прылягаў порцік з шасцю калонамі, чатыры крайнія з якіх былі на вышыню двух паверхаў і неслі на сабе антаблемент з трохкутным франтонам; дзве сярэднія калоны падтрымлівалі балкон другога паверха. Перад порцікам знаходзілася ступеньчатая тэраса. Верагодна, тыльная паркавая частка дома мела аналагічную трактоўку з цэнтральным порцікам. Уваходы бакавых фасадаў афармлялі невялікія ганкі. Дэкор неатынкаваных фасадаў абмяжоўваўся гарызантальнымі сандрыкамі над вертыкальна выцягнутымі простакутнымі вокнамі. Будынак накрываў трохскатны гонтавы дах над бакавымі крыламі і двухсхільны над двухпавярховай цэнтральнай часткай.

Перад сядзібным домам па баках абшырнага круглага газона размяшчаліся два ідэнтычныя аднапавярховыя флігелі: адзін служыў кухняй, другі быў жылым. Простакутныя ў плане дзевяцівосевыя будынкі пад чатырохсхільнымі дахамі пры трохвосевай сярэдняй частцы мелі чатырохкалонныя ганкі, завершаныя трохкутнымі франтонамі з вялікімі паўкруглымі вокнамі.

Унутры дома налічвалася больш за дзесяць пакояў. За паўкруглым вестыбюлем знаходзілася прасторная бальная зала, якая выкарыстоўвалася і як сталовая. Да яе далучаўся меншы салон. Адзін пакой займала галерэя фамільных партрэтаў і архіў.

Маёнтак абкружаў вялізны англійскі парк, які межаваў з лесам. Старыя пасадкі складаліся пераважна з італьянскіх таполяў і елак. Непадалёк ад сядзібы стаяў драўляны касцёл, вытрыманы, як і дом, у стылі класіцызму. Невялікі храм накрываў гонтавы дах. Галоўны ўваход змяшчаўся пад калонным порцікам з трохкутным франтонам. Касцёл служыў фамільнай пахавальняй Дзерніловічаў і меў мураваны склеп.