Гальшаны

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Гальшаны

Паселішча Гальшаны з драўляным замкам, вядомае па летапісах з ХІІІ ст., узнікла на высокай самароднай гары па-над р. Карабель, на паўночны ўсход ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 г., а потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам, ён перайшоў ва ўладанні Сапегаў. Пры Сапегу рэзідэнцыю перанеслі на бераг р. Лусты (Жыганкі).

Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове XVІІ ст., - наглядная ілюстрацыя тых значных змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзя. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нягадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 х 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва XVІ ст., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а нарожныя шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Вежы яшчэ канчаткова не страцілі свайго абарончага значэння, аднак аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася ўжо на земляныя магугныя валы і вадзяныя равы, што абкружалі замак. Уязная брама размяшчалася па цэнтры аднаго з доўгіх фасадаў, які з гэтага боку вызначаецца манументальнай прастатой. Арачны партал абрамляўся архівольтам.

Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус.

Кампазіцыя вонкавага фасада Гальшанскага замка нагадвае адначасныя галандскія замкі Бэсенштэен і Клейдаель пад Антверпенам.

Такое падабенства тлумачыцца тым, што Беларусь, знаходзячыся ў складзе Рэчы Паспалітай, адчувала моцны ўплыў галандска-фламандскай архітэктуры, які быў вынікам ажыўленых культурных і гандлёвых сувязей з краінамі Заходняй Эўропы. З канца XVІ і да пачатку XVІІІ ст. на землях Рэчы Паспалітай рэзідэнцыі магнатаў будаваліся з анфіладнай планіроўкай памяшканняў, з аркаднымі галерэямі і нарожнымі вежамі. Паводле такога прынцыпу, у прыватнасці, пабудаваны ў канцы XVІ — пачатку XVІІ ст. польскія замкі Баранаў, Красічын, Суха. Архітэктурная кампазіцыя, планіроўка і часткова іх памеры вельмі блізкія і падобныя да архітэктурна-планіровачных элементаў Гальшанскага замка.

Дрэнная захаванасць замка ў Гальшанах не дазваляе дастаткова поўна вызначыць яго планіроўку. Можна толькі сцвярджаць, што справа ад уваходу знаходзілася вялікая квадратная зала з чатырма калонамі, на якія абапіраліся крыжовыя скляпенні. Сцены залы даўней былі пакрыты багатым жывапісам.

Невялікія пакойчыкі ў вежах упрыгожваліся разнастайнаю лепкай. Пад замкам меліся вялікія скляпы.

Ужо ў XVІІ ст. Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 г. уладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы.

Замак патрабуе неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі.