Дзярэчынскі палац

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Дзярэчынскі палац

Акрамя ружанскай рэзідэнцыі, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега меў буйны мураваны палац у мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.), якое раней належала Капачэвічам і Палубіцкім. Першапачаткова будынак прызначаўся для навучальнай установы («Акадэміі»). Пасля смерці ў 1780 г. жонкі Магдалены Агнешкі Аляксандар Сапега пакінуў свае беларускія ўладанні і асеў у Варшаве, дзе і памёр у 1792 г. Маёмасць засталася адзінаму сыну Францішку. Ён прыстасаваў «Акадэмію» ў 1793 г. пад палац, у якім і пасяліўся пасля шлюбу з маладой жонкай. Новы ўладальнік упрыгожыў палац карціннай галерэяй, а перавезеныя сюды з Ружан бібліятэку і археалагічны кабінет узбагаціў мноствам новых паступленняў. Маёнтак быў секвестраваны ў 1831 г., і ўсе каштоўныя рэчы вывезены ў Пецярбург. У 1906 г. палац пераабсталяваны пад казарму. Разбураны паміж 1930 і 1933 гг.

Будаўніцтва палаца пачалося ў 1786 г. паводле праекта прыдворнага архітэктара Сапегаў Я. С. Бекера і дойліда Л. С. Гуцэвіча ў стылі класіцызму. Ён уяўляў сабой працяглы простакутны ў плане аднапавярховы корпус, сіметрыю якога падкрэсліваў магутны дарычны порцік з чатырох пар калон і франтонам у павышанай цэнтральнай частцы галоўнага фасада. Гэты выразны архітэктурны акцэнт будынка яскрава вылучаўся на фоне рытмічна расчлянёнага простакутнымі вокнамі ў панельным акаймленні фасада, завершанага глухім філёнгавым парапетам. Трохкутны франтон порціка запаўняў скульптурны герб уладальніка. Агульную сіметрыю будынка парушала аднапавярховая прыбудова да правага тарца. Адасоблена стаяў драўляны тэатральны будынак. Спецыяльна размаляваная мастаком К. Отэльсанам заслона на сюжэт купання Дыяны-паляўнічай у далейшым аддзяляла сцэну новага тэатра ў Вільні. Пасля 1795 г. будынак тэатра быў разабраны. Пры палацы меліся два бакавыя флігелі.

Палац акаймляў прыгожы тэрасны парк плошчай 18 га. Яго рэгулярную планіровачную структуру складалі прамыя каштанавыя і таполевыя шырокія алеі, сажалкі. Парк меў шэраг павільёнаў, аранжарэю, стайню, капліцу, свіран.