Грушаўская сядзіба

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Грушаўская сядзіба

Сядзіба ў Грушаве (Драгічынскі р-н Берасцейскай вобл.) звязана з падзеямі паўстання 1863 г., а таксама з імем вядомай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч, род якой валодаў сядзібай з 1815 г. Тут яна жыла ў двухпавярховым мураваным доме, выкананым у стылі класіцызму. Простакутны ў плане будынак быў накрыты паўвальмавым дахам. Галоўны фасад вылучаўся буйнамаштабным, далёка высунутым чатырохкалонным тасканскім порцікам з трохкутным франтонам. Па перыметры будынка праходзіў прафіляваны карніз з шырокімі сухарыкамі. Рытміку фасадаў стваралі раўнамерна размешчаныя простакутныя вокны, размежаваныя гарызантальным міжпавярховым поясам. Вокны другога паверха дэкарыраваліся трохкутнымі франтончыкамі і круглымі разеткамі. Ад сядзібы захаваўся пейзажны парк, шэраг мураваных гаспадарчых будынкаў. Дом, верагодна, разбураны ў час Другой сусветнай вайны.