1971–1988
1971–1988
Пасля выгнання з партыі і „Нівы” я бегаў па Беластоку, як шалёны, у пошуках спагады ды паратунку. Спачуванне давалася даволі лёгка: „справа Яновіча” начаўпла шуму і знаёмыя людзі самі спыняліся на гутарку: што, як, чаму? Добра, калі слухалі маўкліва; іншы раз лаялі, але не Кірылюка ці Амільяновіча, толькі мяне самога як недастаткова вернага партыі і ўраду Польскай Народнай Рэспублікі. І ніхто столькі не даў мне дыхту, чымсьці свая фамілія, родныя. Тады я зразумеў, што беларусы нараджаюцца ўжо гатовымі камуністамі, бы тыя рускія адразу ў мундзірах ды пры ордэнах на грудзях... Мой былы шэф, Георгі Валкавыцкі, відавочна ні трохі не перажываў таго – удаўся чалавекам не любячым таварыства, нідзе не бываючым і таму не ведаючым, які гоман наўкола. Такім, можа, і трэба быць?
Адшукаўшы дыплом тэхніка-электрыка, а прыхаваўшы іншыя, задумаў дастацца на работу ў электроўні, спадзеючыся на важнага там Сяргея Плеву (спяваў ён у хоры БГКТ). Сяргей пасаромеўся гомтаць мяне, але, будучы ўзорным партыйцам, ні ў чым не дапамог.
У бюро пасрэдніцтва працы на Варшаўскай штораз выпісвалі мне на рукі накіраванні ў розныя фірмы. Не прымалі, аднак, глянуўшы на маё імя і прозвішча: кіраўнікі кадраў выводзіліся з тайных службаў (УБ) або былі прызначанымі камітэтамі. Хоць, калі захацеў бы каторы, змог бы паратаваць, як зрабіў гэта стары ўбовец, а мой астраўскі зямляк, Аляксандр Кунах, узяўшы мяне на рамонт транспартных скрыняў у беластоцкай дырэкцыі аптэк.
Я ў яго канцылярыі і „ўтапіў” тое пасведчанне працы ў „Ніве”, у якім пагрозліва зазначалася, што выкінулі мяне з партыі. Звальняючыся потым з рамонтніка я атрымаў ужо нармальнае пасведчанне, з якім была магчымасць дабіцца сяк-так нармальнай работы. Мела праблемы і мая Таня як жонка „ворага народнай улады”. Выбіраліся мы з бяды абое на лепшыя пасады, пільна зважаючы, каб не паказвацца ў значных прадпрыемствах, аб якіх усе ведалі, што знаходзяцца яны пад непасрэдным наглядам партыі і СБ. Найлепей было наймацца ў маргіналаў; цалкам бяспечна ва ўсякіх, паўбандыцкіх, арцелях, якія „адкрытым тэкстам” падкуплялі хабарамі начальніцкую сволач. Што праўда, у іх часта забівалі кагосьці, але, калі ты сам не лез у пятлю, ніхто цябе не чапіў ані гакнуў малатком па дурной булаве. Бандыт, бы змяя: не атакуе, калі ты сам не наступіш.
Аднойчы зацягнуў мяне да сябе на кватэру, на вуліцы Каліноўскага, заўсёды падпіўшы Барыс Нікіцюк, камітэцкі функцыянер і аўтар хаатычных артыкулаў пра рабочы рух. Выслухаўшы маю споведзь, заплакаў: – Jak ty mog?e?, Sokracie, wykr?ci? taki numer dla w?adzy ludu?! Przecie? ta w?adza da?a ci wszystko, nawet zeszyty i o??wek w dzieci?stwie! Dzi?ki tej w?adzy masz mieszkanie, ?on?, dzieci!!
Барыс настолькі жальна прычытаў, што мне самому пасыпаліся слёзы і я ўцёк да ўмывальні ва ўбікацыі, паўтараючы: Ашалею! Ашалею!!! - быццам у прыступ напаўзабытай эпілепсіі-валянтовы.
Некаторыя школьныя сябры з Электрычнага Тэхнікума зайшлі высока па службе і я пранюхваў у іх шанц вылезці з жыццёвага долу. Але яны, дабіўшыся ў нечым дабрабытнае кар’еры, вырабілі ў сабе інстынкт асцярожнасці. Надзвычай ветліва размаўлялі, участоўвалі салодкімі абяцанкамі. Не памятаю, каб да каго з іх дастаўся быў зноў другі раз, хоць і заходзіў у іхныя канцылярыі (з эратычнымі там сакратаркамі). Будучы наіўным мужычком з вышэйшай адукацыяй, мне, аднак, не падумалася, што механізм улады бязлітасны. Сама ўлада не існуе для людзей, толькі людзі для ўлады. Усё роўна якой, чырвонай ці белай. Не верце ідэалогіі!
Пазваніў Кастусь Майсеня. І як ён, канспіратыўнымі намёкамі даў зразумець, што я павінен з ім неадкладна пабачыцца. Дзеля непазнакі – у натоўпе чыгуначнага вакзала (Кастусь чамусьці не здагадваўся, што каля ўсялякіх вакзалаў найгусцей ад сышчыкаў). Робячы выгляд выпадковай сустрэчы, выпілі мы на пероне па кухлю піва пад будкаю і, як гэта з півашнікамі бывае, адышліся ў блізкія кусты, у якіх ён, усё азіраючыся, паведаміў, што можа мяне ўзяць у... дайлідскі склад дошак на работу грузчыкам. Трохі прыпазніўся з гэтай прапановаю: тым часам паўставаў перад маімі вачыма сталы заробак у Бакінах над Нарваю, у тутэйшай утылізацыйнай звалцы падла. Але, перад кімсьці я пахваліўся тым шчасцем і мне адмовілі ў бакінскай смярдзюхоўні. Пасля.
Мала не папаў быў у мясакамбінат; швагерка падбухторыла кілбаснымі дэпутатамі тамашнім працаўнікам, ну, і магчымасцямі крадзяжу кавалкаў мяса, схаваўшы пад шапкаю. Кадравік сімпатычна пацікавіўся кваліфікацыямі электрыка – папярэдні напіўся і яго забіла іскраю ў акумулятарні. Адстукаў на пішучай машынцы – не марудзячы – працоўную дамову і, удвух, пайшлі да начальніка. На маю радасць аказаўся ім сын Міцькі Шуткевіча з Крынак, які ўстанаўляў па вайне народную ўладу, бегаючы па мястэчку з пісталетам у руцэ. Малады Шуткевічык вельмі афіцыйна адрэкамендаваўся як сакратар рабочага партыйнага камітэта, часова выконваючым функцыі аднаго з дырэктараў. Пачуўшы такое, я не памыліўся ў чорных прадчуваннях: выйшаў з нічым.
Каталіцкі сябар з тэхнікума, Харашуха, надта жадаў уладкаваць мяне ў сваім прадпрыемстве электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, што знаходзілася недзе пад Старасельцамі. Перабраў усё ж меру: задумаў з месца паставіць на падстанцыі брыгадзірам, што патрабавала тады наменклатурнай акцэптацыі (Харашуха не спадзяваўся, што я „чарвівы”).
Здаралася выратавальная помач і ад „сваіх людзей”. Нехта ва ўладах надумаў дапячы мне мабілізацыяй у армейскую службу рэзервістаў (бралі, здаецца, на тры месяцы). У вайсковай рэкрутацыйнай камісіі сядзела лекарка, у якой я пазнаў беластачанку Веру Белабокую, а бацька якой з каторагасьці падкрынкаўскага Вострава. Белабокія сваячыліся з маімі цесцямі Хомчыкамі з Паўднёвага Вострава, і я не раз бачыў Веру ў жончыным доме на Сабескага. Цяпер яна абследавала мяне як рэкрута і сцвердзіла, што я... недачуваю, аўтаматычна дыскваліфікуючы ў польскія салдаты. Дзякуючы ёй і толькі ёй nie obuto mnie w kamasze, не пагналі з жалязякаю ў палігоннае поле. Але яна была мяшчанкай, г.зн. не так вернаю партыі і ўраду.
Як ні дзіўна – камунізм, таксама і ў Расіі, трымаўся на вяскаўні, як і сёння Лукашэнка.
Эдзік Бялецкі з Аўсянай, – родам з падбеластоцкіх Альмонтаў, – быў мужам Танінай сяброўкі Данусі. Гэты просты рамеснік меў нейкі істотны голас ў кіраўніцтве арцелі „Us?uga”, якой старшыняваў Дударык, „хахлацкай” апарыцыі. Towarzysz Dudaryk, як звярталіся да яго арцельныя паўбандзюгі, смеючыся за вочы: Towarzysz Ten-Tego (ён да нікога не звяртаўся па імяні або прозвішчы, толькі: Panie ten-tego, chod? na pogadanie). Эдзік вёў карыслівыя гульні ў фірме, імкнуўся мець у ёй свайго чалавека, глядзеў на мяне з высокай павагаю, і рашуча падтрымаў podanie. Справа ў тым, што ў арцелях прымае на работу не адзін прэзас, а ўправа.
Referent Bezpiecze?stwa i Higieny Pracy (BHP) – навучаны горкім вопытам, я гэтай пасадаю не хваліўся ў беластоцкім элегантным таварыстве і таму ні вытурылі з яе. Хутка выявілася, што мяне апазналі маладыя супрацоўнікі ў тым самым пакоі, віцэ-прэзас Любянецкі і кіраўнік заказаў Санюковіч. Першы быў сынам памерлага сакратара Ваяводскага Камітэта, а бацькам другога – ці тым часам не памерлы, сакратар у Гайнаўцы. Я абліўся халодным потам, але непатрэбна. Гэта былі непадобныя да сваіх бацькоў маладзёны з някепскай адукацыяй і зацікаўленыя добрым жыццём, замест сацыялістычнай утопіяй (Любянецкі чытаў па-ангельску). Я канчаў завочна Варшаўскі Універсітэт і ім тое моцна падабалася. Нешта чулі яны пра „справу Яновіча”, суцяшаючы мяне: Panie Sokracie, niech si? Pan nie przejmuje tym g?wnem.
У арцельнай бранжы працавала нямала інтэлігентных людзей. Ненудна гаварылся з Пшыходнем, шэфам усіх бэгапоўцаў. Запрасіў мяне ў свой салон Пугаўка, прэзас усім прэзасам. Чалавек з яго досыць начытаны быў, з хатняю бібліятэкаю. Фасцынат літаратуры, м.інш. беларускай (далёкі знаёмы Танка). Неяк менш тут баяліся партыі. Ад Пугаўкі пачуў пра оргіі wojew?dzkich towarzyszy, анімаваныя ў забеластоцкай леснічанцы. Хваліўся: Organizowa?em nie tylko jemu, Јaszewiczowi, takie pon?tne pi?dziurki, a? si? ba?em, ?eby nie wyzion?? ducha na kt?rej? pupci.... Instruowa?em je, ?eby zanadto nie podrzuca?y ty?kiem, bo staruszek mo?e „kopn?? w kalendarz”...
І куды мяне чорт не насіў, каб збіцца на нейкую матэрыяльную нармалізацыю! Час-часом нехта казаў, што камітэцкая партыя надта раззлаваная на мяне за тое, што лезу ва ўсялякае працоўнае барахло, каб, такім чынам, нібы акампраметоўваць палітыку да інтэлігенцыі. Тады я рассеўся пісаць да ваяводскіх сакратароў просьбы аб дапамогу. Скутак ад таго быў такі, што адбывалі са мною гутаркі функцыянеры сярэдняй рукі, загадчыкі адпаведных аддзелаў „каву” (KW PZPR), пахваляючы: Bardzo dobrze, ?e towarzysz zwr?ci? si? do partii... Словы Міхала Гнатоўскага, „гаспадара” беластоцкай культуры і навукі. З меншым фарысействам канфераваў Уладыслаў Залеўскі, мазавецкі „чырвоны” шляхцюк (не забуду ягоных зрэнак гадзюкі). Удалося прабіцца нават да самога Towarzysza Pierwszego (на смерць забыў яго прозвішча, Юшкевіч?). Даў ён мне класічны канцэрт аблуды. Dlaczego towarzysz tak p??no si? zwraca? Zaraz za?atwimy to od r?ki. Wiem, ?e nie jeste?cie w partii, ale dla mnie nadal jeste?cie towarzyszem... Ну, падумаў я, нарэшце скончыцца мая валакіта! А ён пазваніў віцэ-прэзідэнту Беластока, Садоўскаму, з наказам вынайсці мне акуратны штат. Выходзіў я з таго кабінету, бы анёл на крылах. Разоў пяць адкланяўся суровай канцылярыстцы ў гадах заслужанай камсамолкі.
Хадзіў па Беластоку цыбаты Зыгмунт Цясельскі, этнограф і люблінец па паходжанні, таму не беларусаед. Любіў жыць небанальнымі ініцыятывамі, якімі ашчасліўляў тупалобых etatowcуw w kulturze, у мнагалікіх у тыя гады дамах культуры, клубах, святліцах. Запусціў у рух Bia?ostockie Aktualno?ci Kulturalne (BAK), бадай штомесячную імпрэзу прысвечаную нашумеўшым з’явам у горадзе, на якую збягалася хмара інтэлігентнага люду, што цяжка пераносіў усеагульны маразм, шэрань жыцця. Зыгмунт абачліва запрашаў на BAK і камітэтчыкаў, побач аўтараў публікацыяў на беластоцкія тэмы на старонках цэнтральных газетаў, часопісаў. Асвячоная публіка валіла дзвярыма і вокнамі. На каторымсьці БАКу Цясельскі папрасіў у мяне інтэрв’ю; якраз Анджэеўскі ў „Літаратуры” Путраманта нешта прыкра нагадаў на мой конт у сваіх дзённіках (пра ананізм?), і ў нечым падпалі адначасова нашаму „каву” Орлась з Вяжбіцкім з тае путрамантаўкі. Прыехалі. Інтэрв’ю праходзіла досыць спакойна, я спалохана адказваў як трэба, ажно Цясельскі напрыканцы спытаў пра хобі. На мой адказ, што маім хобі ёсць здабыванне хлеба надзённага, аўдыторыя мала не пакацілася ад рогату (у прафсаюзнай кавярні гулкая акустыка). Варшавякі ў перапынак абступілі мяне і неўзабаве з’явіўся ў „Літаратуры” тэкст (-? Kawa?ek chleba) аб тым, як ганяюць па кутках пісьменніка Яновіча. Скандал! Towarzyszu Janowicz, jak wam nie wstyd kala? swoje gniazdo!? Przecie? nikt wam jaj nie urwa?, korzystacie z pe?ni praw obywatelskich, g?osujecie na wyborach, a mog?o by? inaczej: towarzysz Kiryluk wybroni? was potem przed prokuratur? i s?dem, kiblowaliby?cie w pierdlu... Rozumiemy si??
* * *
Будучы абсабачаным роднымі беларусакамуністамі вясковай гадоўлі, што млелі ад шчасця жыць у горадзе, у беластоцкіх „блёках”, я хіліўся да палякаў. Яны не сукінсынілі. І нават дапамагалі ў нечым дробным. Найперш паглыбіўся я ва універсітэцкую адукацыю, закончыўшы яе ў 1973 годзе; абараніўшы на выдатна магістэрскую работу на тэму ўспрыняцця беларускай літаратуры ў Польшчы. Пад кіраўніцтвам прафесар Крыстыны Кулічкоўскай. Сімпатычным рэцэнзентам аказаўся праф. Базыль Белаказовіч з Польскай Акадэміі Навук. Гэты унікальны беларус угледзеў ува мне аж кандыдата на навуковую кар’еру, апублікаваўшы мой дыпломны тэкст у акадэмічным выданні. Можа і наважыўся б я на дактарат, але дзеля таго трэба было, хоць мінімальнай, матэрыяльнай стабільнасці сям’і. Калі, тым часам, здаралася праблема з купляю хлеба і малака, не кажучы пра нешта большае (масла, мяса).
Рабіў я магчымае і немагчымае, каб дзеці занадта не адчулі катастрафічнага становішча. Таня хварэла ад згрызоты, я круціўся па ўстановах, каб на вакацыі запэўніць сынам які-колечы летнік. Добрай памяццю ўспамінаю дырэктара беластоцкай гарбарні, паляка аднекуль з Карпатаў, які не пабаяўся ўзяць Яновічаў у аўгустоўскі асяродак адпачынку гарбароў. Па-славянску весялісты быў з яго фацэт, супакойваў афарызмам Nie przejmuj si? swoj? rol?, bo i tak ciebie wypierdol?. Спяваў горска-разбойніцкую баладу, у п’яную ноч з суботы на нядзелю:
Pojmali mnie guorce I na guore wiedo. Uoj, cosik mi sie zdaje, Ze mnie dupcy? bedo... (куплет дзяўчыны).
Пры нагодзе я даведаўся, што назва „гураль” штучная, прыдуманая адным з варшаўскіх лекараў (спецыяліст ад сухотаў). Аўтэнтычная саманазва: gorec, gorce.
Штораз бываючы ў Варшаве, яшчэ як студэнт-завочнік, вечарамі не вылазіў ад Віктара Варашыльскага або Ежы Літвінюка. Яны былі мне другім універсітэтам, сцісла літаратурным. І наладзілі выданне мае першае кніжкі ў польскім перакладзе (на падставе „Загонаў”) – „Wielkie miasto Bia?ystok”, у тым жа семдзесят трэцім. Начальніцкі Беласток заціснуў зубы! На літаратурнай пустыні, якую ў тую пару ўяўляў сабою гэты мужыцкі горад, кніжку нельга было замаўчаць у тутэйшым друку, уключна з партыйнай газетаю. Усяляк пісалі, але пісалі!
Маральна, і час-часом стыпендыяльна, падтрымоўвала мяне прыналежнасць ад пачатку 1970 г. да Саюза Польскіх Літаратараў. Яраслаў Івашкевіч настойваў на ўзнагароджанні прэміяй імя Pi?taka гэту польскамоўную кніжыцу. Аднак перагаласавалі старога аргументам, што я не належу вось польскай літаратуры. А чакаць прызнання ад савецкага Мінска мог хіба што адзін Барскі або безнадзейна наіўны які аўтар. „Wielkie miasto Bia?ystok” у цяперашнюю эпоху праўдападобна не было б і краем вока заўважаным у друку. Салідарніцкім ваяводам ды чыноўнікам wszystko zwisa i powiewa; ім няважна, што аб іх думае народ. Так не рэагавалі колішнія сакратары партыі; марксісты чамусь па-хрысціянску верылі ў моц слова. Адсюль бралася залішняя апека ўладароў над пісьменнікамі, журналістамі. Творчыя арганізацыі мамантальна атрымоўвалі памяшканні, а прыезджыя літаратары – кватэры з вышэйшым камфортам. Адзін з іх, люблінец, запатрабаваў М-3 яшчэ і сваёй швагерцы... Улады цацкаліся з элітаю, якую сённячы трактуюць у стылі kopa w dup?.
Я, дастаўшы пісьменніцкую легітымацыю, быў у змозе неяк абараняцца, каб не затапталі як „ворага люду”. Польcкая кніжка адразу паставіла мяне ў рад беластоцкіх знакамітасцяў, хоць на аўтарскія сустрэчы – добра платныя, 600-800 зл. тады – баяліся запрашаць кіраўнікі клубаў ды святліц. Шчасціла пабыць на кніжных майскіх кірмашах па-за Беластокам, там, дзе не ведалі пра Janowicza z wilczym biletem. Памятаецца Візна з якімсьці святам – ludowym? – над Нарваю. Разам з Эдзькам Рэдлінскім (захавалася фота). Удалы выезд: Эдзік пазнаёміў з Веславам Мысьліўскім, вядомым ужо празаікам nurtu ch?opskiego і адначасна намеснікам дырэктара Ludowej Sp??dzielni Wydawniczej. Веслаў запрапанаваў мне падпісаць з ім выдавецкую дамову з высокім ганарарам, хоць і ведаў, што будзе гэта тэкст на беларускай мове і, каб выдаць яго, трэба перш перакласці. Хутка даслалі з Варшавы салідны задатак, роўны гадавому мінімальнаму заробку. Абавязаўся я стварыць раман на некалькі соцен старонак і, хоць кідала мяне ад гэтага ў дрыжыкі, засеў пісаць, маючы перад вачыма будучыя тысячы злотых, якія давалі шанц адчапіцца на год-другі ад безграшоўя. „Самасеем” назваў гэты твор пад канец тае пісьменніцкае работы вечар у вечар да паўночы праз цэлы год або і больш можа. Удзень працаваў на якойсьці хілай службе, не спамятаць яе.
Нехта падказаў быў перапісацца з натоўпістага Варшаўскага Аддзела Саюзу Польскіх Літаратараў у правінцыйны, у якім нармальна болей увагі да асобнага сябра. Альштынскі напрыклад – ментальна блізкі, не самі палякі ў ім, прычым малалікі, значыць: важны мясцовым уладам, у іхным раўнанні на сталіцу. Надумалі там арганізоўваць беластоцкі Літаратурны Клуб пры Альштынскім Аддзеле Саюзу, як зачатак Беластоцкага Аддзела калісьці. Аднаго мяне дзеля таго было мала, да ініцыятывы дапісаўся Ян Чыквін. Беларусы надалей знаходзіліся ў авангардзе літаратурнага руху ў Беластоку. На двары стаяў неспакойны 1976 год (забастоўкі).
Быццам сонца заходзіла палітычная эпоха Герка; будаваў ён дабрабыт за пазычаныя ад Захаду мільярды даляраў. Цэны раптам забуялі і здарыліся бунты рабочага класа; славуты ў Радаме. Тым не менш у будзённым жыцці ўтрымліваўся шныт Польшчы як адной з найбагатых краінаў. Я з Янкам ездзілі рэйсавым аўтобусам у Альштын, на сходы тамачных літаратараў; віталі нас надзвычай прыязна. Адпала нам мноства праблемаў, якія надакучалі ў беластоцкай вашабойні. Друкаваліся лёгка ў мясцовых іхных выданнях, адчувалі мы партнёрскую павагу да сябе з боку Леанарда Туркоўскага, нязменнага старшыні альштынскай управы, чалавека унікальнай сумленнасці, хоць і партыйнага, але карэннага пазнанца. Завязалася між ім і намі нешта кшталтам дружбы. Альштын ачышчаў мяне з беластоцкага балота, у якім плёхкаліся чэрці нацыяналізму, апалонікі потайнага рэлігіянцтва, паўсюдна халопскай шчаслівасці „хама на паркетах”. Падумвалася, ці не пераехаць туды назусім. Туркоўскі акцэнтаваў усё ж місію цывілізавання ўсходняй маральнай пустэльні, паўдзікіх тубыльцаў, засеўшых кшталцонымі малпамі ў „блёках” ля Рынку Касцюшкі.
Амаль усе аўтарскія сустрэчы адбываліся не на Беласточчыне, а ў тых Прусах менавіта. У альштынскім замку, у Лідзбарку Вармінскім, Езяранах, Біскупцы; у міготка – прыазёрных мястэчках, старапрускія імёны якіх выветрыліся з галавы.
Аднойчы трапіў з Таняй у Голдап, дзе сваяк Лёва Кузьма, maj?c „gdzie?” Bia?ostockie pierdolstwo, разрэкламаваў мяне на ўвесь павет і вайсковы гарнізон. Сотнямі сышліся жаўнеры ў гарнізоннае кіно і аніматар вечара, армейскі маёр, паўшэптам папрасіў: Wi?cej wierszy o babach, obywatelu poeto. O babach, to nie usn?, bo s? po ca?odziennym poligonie... Дарэмна намагаўся я, добрая палова спала, і маёр час ад часу наводзіў парадак выкрыкам: Baczno??! Spocznij! Siad!
Літаратурны Клуб набраў размаху, дзякуючы спагаднасці незабыўнага Туркоўскага. Умудрыўся ён выкраіць невялікую, але пастаянную датацыю, на сродкі якой выдаваў я аўтарскія аркушы пад серыйнай назваю Kropelki, спецыяльна для дэбютантаў. Выйшаў інаўгурацыйны нумар невялікага перыёдыка „Rewers”, эдытарская канцэпцыя якога палягала ў друкаванні тутэйшых аўтараў – калі польскі, то ў беларускім перакладзе, і наадварот, беларускага па-польску. З дазволам на другі нумар цэнзар Янтас бязбожна марудзіў, пасля выклікалі мяне туды-сюды, дапытваліся, чаму так раблю (беларускі аспект). Урэшце падняўся фермент сярод маіх палякаў у Клубе, і ад некаторых з іх адназначна пачуў, што кіраваць гэтай арганізацыяй не павінен беларус, бо ж гэта творчы саюз польскіх літаратараў. Ужо бушавала „Салідарнасць”. Мне зрабілася страшэнна цяжка на сэрцы, і я пастараўся перадаць старшыняванне Веславу Казанэцкаму. Ведаючы Веська, яго антыарганізацыйны талент, думаў яму дапамагаць, выручаць, дзе трэба. Але бахнула ваеннае становішча ў Польшчы, і ўсё накрылася нагамі.
А потым я ўжо меў даволі ўсякага інтэрнацыяналізму ў заядла шавінізуючым Беластоку. А ці раз даляцела да маіх вушэй „інтэрнацыянальная” лаянка: S?uchaj, ch..ju ty: jeste? pod?ym nacjonalist?, bo nie chcesz zosta? Polakiem.
На такім інтэлектуальным узроўні даводзілася выслухоўваць апанентаў, у тым ліку з доктарскімі тады тытуламі цяперашніх ужо прафесараў.
* * *
Я хваліўся. Бессаромна, што лепей мне як ніколі! Хвальба мела мэту: гасіць радасць у тых, хто таптаў мяне. Да „Нівы” былі ў мяне ж любоўныя адносіны, свету не бачыў па-за ёю! Гэта ж каханне!! Таму паводзіў я сябе, бы кавалер, які прыкідваецца, што гэта ён кінуў дзяўчыну-нарачоную, а не яна яго. Тлела сентыментальная надзея, што ўсё ж вярнуся ў разлюбую рэдакцыю. Ні разу не прасвятлела, што чарвіва там. Што сядзяць у ёй адны функцыянеры; не ідэйнікі, а ім, папраўдзе, усё роўна за што грошы браць (акрамя, лічу, Міхася Хмялеўскага). „Ніва” бачылася, даверліва, мною, як калектыў змагароў за беларускую справу. Калі б умеў я тады палітычна думаць, дык паставіў бы самому сабе элементарныя пытанні: – На халеру беларуская справа польскай дзяржаве?! – За чые грошы робяць „Ніву? За польскія, ці за якія іншыя? (– Чые грошы, таго і парабкі).
Толькі першае пытанне прадчуваў скурнай казыткаю, пішучы навыраст пра беларускую кветку ў слаўным вянку Польскай Народнай Рэспублікі або пра шчаслівае для Польшчы існаванне тут беларускай жывой мовы (падкрэсліваю: жывой). За гэта дастаў па гарбе не адзін я, справядліва кажучы, а яшчэ пару чалавек, што ўпераканаліся да маіх тэзаў. Нашколіўшыся ў марксісцка-ленінскай філасофіі палез у тэарэтыкі нацыянальнага пытання паводле Владимира Ильича ды Иосифа Виссарионовича, чым давёў да белай гарачкі сухіх практыкаў сацыялістычнага будаўніцтва ў Беластоку і ў прыналежных паветах. – Przy?lij, Wo?kowycki, do mnie tego Janowicza, to ja mu zaraz wstawi? m?zgi! – тэлефанаваў Зыгмунт Мікульскі, босы шляхцюк з мае Сакольшчыны, які даслужыўся ажно сакратара ваяводскага рангу.
Мая поза задаволенага новым лёсам, у сапраўднасці засраным, з’явілася не з якойсьці камбінацыі. Уплываў прыклад Эдзька Рэдлінскага, Валодзіка Паўлючука, Збышка Насядкі, а папярэдне Лешка Кажушкі, якім, прыблізна, гэтак жа ўгрэлі па скабах. Заганарыліся: – Co tam komitet partyjny?! Mo?e mi on na ch... wskoczy?! Mam na widoku lepsz? posad?, – што аказвалася няпраўдаю, бо ўсім лепшым мог надзяліць толькі камітэт.
Кажушка, здольны жартаўнік, апавядаў, чаму турнулі яго з партыйнай „Gazety Bia?ostockiej”. – Za brod?, Sokratku, za brod? Marksa... Jak widzisz, zapu?ci?em sobie brodzisko, a w Komitecie Wojew?dzkim te mendy pieprz?: towarzyszu Ko?uszko, nie uchodzi cz?onkowi partii by? tak zaro?ni?tym. A ja im na to: jak to nie uchodzi, a Karol Marks?! A oni z tej zawzi?to?ci: a R??a Luksemburg?!
Лешак чмыхануў у нейкую фабрычную газетку на крузе Вялікае Варшавы і яго ўжо не пабачыў. Эдзік падчапіўся пад варшаўскую „Культуру”, і зноўку наскандаліў, змяшчаючы ў ёй славуты артыкул – фельетон „Jaki?”, хоць без указкі імёнаў і месца ды, аднак, лёгка расшыфравальны. Банкеты, балі ў тадышніх элітах зводзіліся, як сказалі б у Крынках, да „водкі і поткі”. Збышак пакарыстаўся сваім харкаўска-ўкраінскім дыпломам інжынера-агранома і прысмактаўся да гміннага хлеба ў Заблудаве. Найсаладзей удалося Валодзіку (Паўлючуку), якому, як доктару рэлігіязнаўства, расчыніў дзверы Ягелонскі універсітэт, дзе здаўна расселіся клерыкалы і трэба было іх крыху падатэізаваць, а не мелі кім. Так разляцелася наша вераб’іная чародка, пакідаючы мяне аднаго ў жахотным Беластоку. На спажыву крумкачам. Час-часом паратоўвалі сталічныя інтэлектуалы, друкуючы маё на літаратурных палосах часопісаў „з Маршалкоўскай”. У такіх абставінах рунеў у Польшчы міф Яновіча як адзінага беларуса. Усталяваўся стэрэатып: „Беласток – гэта Яновіч”, а „Яновіч – гэта Беласток”. Чаго не ў сілах пазбавіцца гэты бедны Беласток, супер-каталіцкі, аж па сённяшні дзень. Нягледзячы на найшчырэйшую шчырасць у польскасці і на густое ў ім насельніцтва najprawdziwszych z prawdziwych Polak?w.
Нехта надаў ахвоты пастарацца выдаць кніжку ў бальшавіцкім Мінску, што мела б нібы выратавальнае мне значэнне ў беластоцкім камітэце, ну, і салідны ганарар (даляр каштаваў у банку няцэлы рубель!). Я і паслухаўся, і ўсё йшло спраўна, пакуль якісьці затоены адраджэнец з мастакоўскага цэху не апрацаваў праект вокладкі з... Пагоняй! Узняўся скандал, узнікла пытанне: таварышы, хто такі Яновіч?! У выдавецтве „Мастацкая літаратура” шэфіў памяркоўны па-беларуску, пажылы Ткачоў (бадай, Мікола), перад якім я прызнаўся, што я не камуніст, і што схапілі мяне „за сраку” ды выкінулі вон з партыі, хаця і лісліва скавытаў, слязьмі заліваўся... Такую адкрытасць выклікаў ён згадкаю, што ёсць у беларускім ЦК данос на мяне з асяроддзя маіх „белавежскіх” сяброў у Польшчы. – І што цяпер будзе? – прастагняў я. – Нічога страшнага, пішы, брат, у нашай анкеце так як трэба: член партыі. Быў жа ў ёй, і зноў будзеш, адваюеш сваё права на гэта... А кніжку трэба ў друк аддаваць, не чакаць жа з ёю... – і шматзначна, цёпла ўсміхнуўся. Ён, пэўна, наогул не верыў, што польская партыя – камуністычная; важней яму было ўспамагчы беларуса адтуль. Прызнаў маю назву „Сярэбраны яздок”. Выдатна адрэдагаваў цэласць знакаміты Уладзімір Дамашэвіч. Пасляслоўем падтрымаў не абы-хто, а сам Янка Брыль, узыходзячая веліч нацыянальнай літаратуры.
„Сярэбраны яздок” пасля ўспрынялі ў зачырванелым Беластоку як прыкрую памылку towarzyszy radzieckich.
Цяперашнім часам тадышнія скандалы немагчымыя. Камунізуючыя ўлады страшэнна пераймаліся словамі, друкам. Газеты, кніжкі лічыліся магутнай палітыкай, не таварам. І самі функцыянеры рэдка каторы меў вышэйшую за падставовую адукацыю. Напрыканцы гамулкаўшчыны прымушалі камітэтнікаў хадзіць у вячэрнія сярэднія школы, у якіх трактавалі іх спецыяльна, каб сяк-так дасягнулі тую „матуру” (за вочы кпілі – „партыйны матурыст”).
У рэдакцыі „Нівы” бывалі перыяды, калі большасць журналістаў у ёй не перавышала інтэлігентнасці вясковых сямікласнікаў. Беласточчына ўяўляла сабою нешта кшталтам афрыканскага бантустану і таму даволі было, што з’явілася групка таленавітых і вучоных маладзёнаў з нейкімі некамітэцкімі ідэямі, каб задрыжэла ад таго дзяржаўна-партыйная канструкцыя ў рэгіёне. Адзін Эдвард Рэдлінскі з магістэрскім дыпломам чаго толькі не начоўп! Будучы хутчэй рэпартажыстам, чым пісьменнікам, ён мамантальна вырас у легенду, дзякуючы, вядома, не столькі таленту, колькі адносінам да яго. У выніку – ягоныя кніжкі не залежваліся ў кнігарнях. Выбухала публіцыстычная сенсацыя; іх сёння ўжо цяжка чытаць. Хто ж цікавіцца Рэдлінскім у 2001 годзе?
Не наракаў на папулярнасць і я, а яна ж трымалася не на артыстычнасці напісаных твораў, але на інтрыгуючым погаласе „справы Яновіча”. У маім выпадку так і засталося, па той звычайнай прычыне, што час для публіцыстыкі Рэдлінскага скончыўся, а для мае яшчэ не. Ні ён і ні я, не мы выбудоўвалі сабе „імідж”, але ўладныя антаганісты, што шумелі супроць нас, нашых поглядаў. Нас паслаўлялі ворагі, не мы самі.
Сучаснаму начальству, некамуняцкаму ўжо, лянота хаця б напляваць на Рэдлінскага, яны яго проста насмерць замаўчалі. А маё як бы шчасце ў тым, што ўсё коле ў сраку kacykom мая беларускасць, ад якое нястрымна ляцяць у мой бок плявок за пляўком. Што пры гэтым не можа тое не зацікаўляць грамадства і чэрнь. Будзь я другім Рэдлінскім, дык pies z kulaw? nog? by dzisiaj nie warkn?? na mnie ani nie podni?s?by nogi... Шматзначным жартам кажучы: Рэдлінскаму застаўся толькі адзін шанц аднавіць сваю колішнюю папулярнасць – гэта раптам апавясціць сябе... беларусам! Рэшту авантуры выканае тады за яго тлумная нацыяналістычная частка беластоцкіх палякаў.
* * *
Прыкра ўспамінаючы, як падкідалі мяне нагамі пасля „справы Яновіча”, я павінен аб’ектыўна зазначыць, што гэта – пры маім упартым характары – моцна загартоўвала. Нармальны чалавек ужо кленчыў бы або звар’яцеў бы! Нажыўшы сям’ю – сыноў, жонку – было неганарова з’анучыцца; у падобных сітуацыях бачыў я не адзін бяссэнсавы развод, драму маладых.
Зразу не скеміў, што пры такой сістэме ўлады адсутнічае альтэрнатыва. Зямляцкі Аляксандр Кунах, пасляўбоўскі персанальнік тае Беластоцкае дырэкцыі аптэк, нямала рызыкаваў, прымаючы мяне на чарнарабочага ў падземных складах. З яго мутных рэплік вынікала, што забяспечыўся ён згодаю на тое партыйных органаў, абавязваючыся перад імі падпільноўваць мяне. Яму хапала маралі не чыніць перада мною з сябе майго заступніка. – Значыць так, Яновічык: пабудзь ціха пару лет, і знайду чысцейшую работу... Не паслухаеш, капец табе. Дзяцей пашкадуй!
Нешта падобнае тумачыў мой прамотар варшаўскага магістэрыума, намаўляючы на дактарат. – W Warszawie, pos?uchaj mnie, w?adza nie jest taka dzika, wielkie to jednak miasto i stolica pa?stwa. Przy twoich talentach zostaniesz profesorem i wtedy mog? ciebie w dup? poca?owa? w tym zapyzia?ym wsiowym Bia?ymstoku. B?dziesz ju? dla? niedotykalnym! Pod ochron? wy?szego prawa... Czy ty wiesz, ?e niemal ka?dy dziennikarz sekretnie „pracuje”, bo musi, dla... Sp??dzielni „Ucho”?
Няма і не будзе такое ўлады, якой не прыдасца сякі-такі вораг. Уся далікатнасць з ім у тым, каб не аказаўся ён занадта моцным. А такім погразным прывідна падаўся ваяводскаму начальству менавіта Рэдлінскі, якога ўгледзелі ў ролі міжвольнага камандоса фракцыі ЦК непрыхільнай экіпе „нашых хлопцаў” тав. Аркадзя Лашэвіча. Як не замахваліся прыдворныя Аркадзіка, менавіта на вяртлявага Эдзька, усенька канчалася ім промахам. Хлопец знаходзіўся пад пратэктаратам экспанентаў polskiej drogi do socjalizmu, кшталтам літаратара Рамана Братнага ці лібералаў з тыднёвіка „Polityka”. Сам Эдзько не прападаў за камунізмам, не лез абцэсам у партыю. Быў тыпам такога паляка, які лагічна ўспрыняў непазбежнасць „гістарычнага працэсу” і камбінаваў, як паратаваць, хоць крыху, Польшчу ў „чырвоным” багне. Цынікам гэткага чалавека не назавеш, хутчэй ідэалістычным актывістам. Спрабаваў прыдаць сацыялізму людскасці, успамагаючы вострым пяром потым геркаўскіх намеснікаў (Куроўскага тут).
Не раз падумаецца: нічога з мяне не было б, калі б парадаксальна не загналі ў клетку бязвыйсця. Прымусілі кідацца ва ўсе бакі, праціскацца між нябачных кратаў. Польшча, вядома, не Савецкі Саюз, клетка тая аказалася хісткая; малая, усяго на Беласток з ваколіцамі, бо ў Ломжы ці Сувалках як бы не існавала, не гайдалася туды... Найцяжэй там, дзе ўплывы беларусаў, не мазуроў.
Іначай я надалей шчаслівеў бы ў блокавай кватэрцы з двух пакояў і лазенкі ды з газавай плітою ў куханьцы. Трэба было нямнога тады, пільнавацца галоўнае ўмовы: не высоўвацца заўзята з беларускім патрыятызмам. Не здолеў, аднак. утаймаваць гэту сваю шалёнасць, вырастала яна звыш маіх сілаў, часам кіраваных на прыстасаванства. Што ў чыста жыццёвых праблемах шкодзіла і шкодзіць. Беларусаў цярпець не можа народ, а прытым самі беларусы – беларусаў у гаўне ўтапілі б!
Вымушана множачы знаёмствы з палякамі, бо свае людкове дулю пад нос тыцкалі, я апынуўся ў зусім непадобным свеце, да якога па добрай волі не імкнуўся, нагадваючы сабою перыферыйнага нацыяналіста. Ажываў душою, запрошаны ў Прусію; углыб Польшчы. З ваяводскіх гарадоў – не ў Кельцы і Жэшаў не таму, што варагавалі; нічога істотнага там не адбывалася. Сярод польскіх інтэлектуалаў, успамагаючых маральна і нават матэрыяльна іншы раз, засталіся ў маёй удзячнай памяці не адны Варашыльскі, Гушча, Літвінюк, Дравіч, але і Ежы Пахлёўскі ў Шчэціне, Анджэй Васькевіч у Гданьску, Ян Адамскі ў Кракаве, таксама Багуміла Бэрдыхоўская з Любліна, Мацей Канановіч і Ян Гушча з Лодзі; Станіслаў Срокаўскі і Ян Куравіцкі, Ян Чопік-Лежахоўскі, усе трое з Уроцлава, не кажучы пра спадарства Святлану і Эрвіна Крукоў ды Леанарда Туркоўскага з Альштына. Былі ў мяне спагадныя анёлы і ў Пазнані, і ў Быдгашчы; на Шлёнску. Цэлая эстафета сабралася з поклічам: nie damy zadepta? niesowieckiego Bia?orusina. Салідарнасць тых, каму сардэчна абрыд чырвоны фашызм, хоць нікому з іх ні трохі не здавалася, што тадышні сярмяжны рэжым нядоўга патрымаецца (час паказаў, што не болей 10-15 гадоў). Шкада тае атмасферы, клімату, паўлегальнай падпольшчыны, стыхійнага сяброўства, маральнай змовы „усе за аднаго, адзін за ўсіх”. Удзел у ёй катэгарычна выштурхоўваў мяне з „кацапскай” супольнасці тутэйшых, афіцыйна бэгэкатоўскай і, адначасна, блізка-сваяцкай. У іх вачах зрабіўся вырадкам! Не лепей адносілася да мяне і польска-каталіцкая маса, беластоцкі тлум. Нібы свой уяўляўся я яму антысаветчык, але чаму – Bia?orusin?! У іх паняцці беларус і савет – гэта тое самае. Больш таго – беларус заўважаўся імі як найсавецкі з савецкіх савет! На сто два з гакам!
Чаго крывіцца на пакутлівыя роздумы пра самазніштажэнне беларускай мовы? Пра яе ўсенародную заглухласць. Наша слова душыць нянавісць да яго – савецкая і масава – польская плюс свая, родная. Аганальная вось стадыя – трэба цуду, каб прадаць цяпер некалькі дзесяткаў беларускамоўных кніжак! Бытуе самазабойчая тэорыя аб працягу беларускай літаратуры і, шырэй, культуры ўжо на мовах былых каланізатараў Беларусі. Лупаты афрыканізм.
Што значыць пераняць чыюсьці мову, учыніць яе сваёю? Амаль усё – гэта страціць беларускае светабачанне, гэта і беларускі менталітэт згубіць, беларускую перспектыву. На практыцы стацца расейцам або – у нас – rozparzonym палякам. Вырачыся карэннай нацыянальнай свядомасці. Пераўтварыцца ў зацюканых правінцыялаў суседніх культураў. Дбаць старанліва пра варшаўскі акцэнт (у Мінску пра маскоўскі). Гэтак жа і пра штодзённы слоўнік, асцерагаючы яго ад „трасянкі”. Праз тры-чатыры пакаленні асіміляваныя тэрыторыі застаюцца напэўна непрадуктыўнымі і не творчымі па той простай прычыне, што перастаюць удзельнічаць у сусветным жыцці, дэградуючы з аўтэнтычнай і непадробнай важнасці ў бок чужой ускраіннасці без істотнага значэння ў кагосьці. З гэтым, як са стратаю незалежнасці дзяржаваю, якую глытанула з патрахамі і ператравіла іншая.
Асіміляцыя – раўназначная катастрофе, найперш культурнай, а следам за ёю гаспадарчай, што нарэшце ўцямілі на Захадзе, ратуючы яшчэ жывыя нацыянальныя, этнічныя рэгіёны. Узвышаючы іх мовы да ўзроўню другіх дзяржаўных, лакальна (напр. фрызійскую ў Каралеўстве Нідэрланды). Нацыя не ёсць фанабэрыяй, але Божай з’явай!
Каб даспець да тых думак, спатрэбілася жыцця. У крутлявыя сямідзесятыя і здалёк не пахла татальнай ліквідацыяй вёсак, мястэчак; у тэмпе набудоўвалі школаў, крамаў, усякіх базаў, якія сённячы ў руіне, накшталт якіхсьці недаломкаў антычнасці. Па беларускім народзе прайшоўся Атыла Усходні, вяртаючыся Атылам Заходнім як быццам. Там, дзе пабываў Атыла, мог расці толькі лес, а не дзеці. І вось зарастаем. Згалела бацькаўшчына. Бабы і тыя не любяць, у каго свішча вецер у кішэні. Хоць такі хабель не хваліцца тым, прыкідваючыся панам, але яны, харашухі, маюць на тое непадменны нюх.
Пайшла-пабегла мода на заможнасць, на „малюха” пад вокнамі і на пасаду кіраўніка; абавязкова pod krawatk?. Пачутае: – Sp?jrz, jak to nasze ch?opstwo si? poprzebiera?o. I co rusz, woko?o sami panowie kierownicy. Przed wojn? tak nie by?o, cham zna? wtedy swoje miejsce. З усіх мегафонаў ды газет бухала рабоча-сялянскім саюзам, чырвонасцяжнай уладаю простых людзей. Але чамусьці ніхто не хацеў заставацца тым рабочым і селянінам, кожны стругаў з сябе прошапана, беларучку. Учарашнія вяскоўцы перазмяніліся ў горадзе на вяскаўню, што ганьбуе ўласным радаводам. Вазьмі назаві такога synem ch?opskim, kt?ry dzi?ki w?adzy ludowej zosta? in?ynierem – за гэта ў вочы ён табе наплюе! Гэты „здабытак” рэвалюцыі.
Мой ураджай на кніжкі ўражваў палякаў як людзей часцей чым мы культурнейшых, далікатнейшых. Запамяталася: аднойчы пазваніў на хатні тэлефон Здзіслаў Куроўскі, які тым часам змяніў на першасакратарстве насупоненага зноў беларусападобенца пасля Лашэвіча, пярэваратня Юшкевіча. Нічога асаблівага не сказаў, от, пагаманілі, як кажуць, пра пагоду і здароўе... Самы факт аднак жа заклапочанасці мною т а к о г а партыйнага боса навеяў стан блізкі эйфарыі! Надзеі на выратаванне.
Культуру курыраваў надалей той Залеўскі, несумненны, як я ўжо ўстанавіў, шляхцюк аднекуль з ломжынскіх дворыкаў (мяркуючы па шыплівым маўленні). Час ад часу прымаў ён мяне на гутаркі, чынячы нямёкі на пошукі якога-небудзь вартага майго таленту месца ў каторымсьці доме культуры (пра маё вяртанне ў рэдакцыю: zesp?? redakcyjny nie zgodzi si?, towarzyszu). Безрэзультатыўна міналі тыдні, месяцы. Я паніжаў цану з поўнага штату да паўштату або і „чвэрткі”.
Кінуўшы ў наўкрымінальнай арцелі „Us?uga” бэгапоўскую работу спеца ад рукавіц, камбінезонаў і чаравікаў слесарам, механікам і рознай сволачы, я з палёгкаю апынуўся нарэшце ў Гарадской культурна-асветнай парадні, што размяшчалася ў былой жыдоўскай бажніцы на вуліцы Пекнай. Трапіў пад мяккае па-жаночаму кіраўніцтва спадарыні Галіны Халадоўскай, асобы начытанай, усёразумеючай. У наладжанні імпрэзаў супрацоўнічаў з ёю акурат Зыгмунт Цясельскі, аб чым я з радасцю ўведаў. Гэта аблягчыла мне акліматызацыю ў новым асяроддзі. Працаваў у памерах паўштата, атрымаўшы дзялянку папулярызацыі літаратуры. Ад энтузіязму душа мая пяяла гімны!
* * *
У люблінца Франка Пянткоўскага, загадчыка ваяводскага аддзела культуры ў Беластоку на вуліцы Міцкевіча 3, здаў я (на выдатна) экзамен асветнага інструктара вышэйшага класа, што мацавала маё становішча ў Гарадской культурна-асветнай парадні. Такі ход нараіла Халадоўская, мая шэфіха, якая, па патрэбе службы круцячыся ў закуліссі ўладных структураў, была лепей за мяне асвядомленая. Перастаў кантактаваць я з беларусамі і адразу палягчэў у выніку праслед мяне, пацішэла.
Пачатак размовы з „кацапам”:
– Wiesz, nie mog? ci w niczym pom?c, bo sam bym oberwa? po jajach.
Пачатак размовы з палякам:
– Cze??, Sokrat! Dobrze, ?e ciebie widz?: jest cha?tura do wzi?cia. B?dzie jeszcze.
Калі гэта бедны беднаму дапамог, беларускі галыш беларускаму галышу?! Хутчэй паляк дапаможа, бо ў яго не той лёс, ён не з чорнай краіны Задрыпонія. Я маю на ўвазе не тутэйшых палякаў, а палякаў з глыбі Польшчы. Тутэйшы Polak – гэта такая ж беларуская халера і вош, толькі не прызнаецца да беларускасці! Таму ўсе мае сябры палякі не беластоцкай гадоўлі. Не з крэсавай паскуды. З прэтэнзіямі на шляхту przy kontuszu.
Надумаў аўтарскія сустрэчы Анджэю Дравічу, Віктару Варашыльскаму, Яну Гушчу. Не ўсведамляў сабе, хто яны напраўду на палітычным гарызонце Польшчы. Кожны з іх выдатная фігура ў літаратурным жыцці, успамагалі мяне перакладамі, і гэта было найважнае мне. За сустрэчы плацілі клубы і дамы культуры неблагія стаўкі, вартавала аддзячыць такімі грашыма тым добрым душам.
З Дравічам пайшло гладка: сімпатычны лях з рэдкай у іх закаханасцю ў Расію, з жартамі дзе трэба; займальны бяседнік, і, што істотнае, без злосці на аўтарытарны рэжым. Пабыў, пасустракаўся, паехаў. Усе задаволеныя, і я.
Драматычна далося гасцяванне Варашыльскага. Хоць апланаваных сустрэчаў з ім ніхто не перапыняў, бо ўсё ж не Савецкі тут Саюз, але запамяталася адна з іх, у цэнтральна размешчаным у Беластоку клубе гандлёвікаў „Hermes”, што месціўся над „Дэлікатэсамі”. Кіраўнічка Аліцыя Балтык як культурная дама не дала лішне адчуць, што „імпрэза смярдзіць”. Po co peszy? go?cia? Выходжу я, вось, з Варашыльскім на публіку, а ў ёй бачу знячэйку ці не пад палову кіраўніцтва Гарадскога Камітэту партыі! Ёсць і таварышка Леакадзія Зіневіч, upierdliwa змагарка за чысціню сацыялізму. Госпадзе Усявышні! Будзе што будзе?! Туфлі ўмакрэлі ад сцякаючага па лытках поту... Пані Аліцыя выказала ненатуральным голасам звычаёвае прывітанне ды знікла (пасля перадавалі: яе, бедную, схапіў панос). А я, здаецца, стругаў з сябе рыцара, нічога не кажучы паважанаму Віктару пра сітуацыю. Але ён, відаць, нервамі адчуў нешта брыдкае, мяркуючы па магільнай цішы ў клубе... Прачытаў, нядаўна надрукаваныя – з дазволу цэнзуры – апавяданні свае ў якімсьці каталіцкім штомесячніку; адно пра непадкупнага паэта ў Іспаніі пад дыктатураю генерала Франко. Без воплескаў, ні слова рэагавання. Муміі.
І на сёння няясна, чаго хацелі сытыя таварышы з порсткай таварышкаю: угледзець сваймі вачыма, звягліва аплёўванага ў газетах, варшаўскага паэта, ці, звычайна, прыпалохаць яго? „Народная ўлада” толькі потым дадумалася ладзіць на „рэвізіяністаў” напады ды пабоі.
Затое слаўна прамінула паэтычнае турнэ Гушчы. Журналісты кагалам бралі ў яго інтэрв’ю; асаблівую старанлівасць праяўляў Стась Пазнанскі з радыёвяшчання – ажно абрыд госцю і той адпугнуў Стася ад сябе (у гатэлі „Cristal”). Старшыня БГ-КТ тав. Мікалай Самоцік асабіста дапільнаваў аўтарскі вечар у святліцы на Варшаўскай 11. Мікалай Гайдук з „Нівы” – а можа Віктар Рудчык? – падрыхтаваў адпаведныя запыты, каб не даць шанцаў магчымым правакатарам ад беларускіх нацыяналістаў, што любілі плакаць над спляжанай беларушчынай. На заканчэнне – ганарыстыя аніматары падзеі пасталі да памятнага фота.
Ян Гушча ўздзейнічаў на мяне, бы славуты бальзам. Выпівалі штораз на кватэры таго Пугаўкі са звонкім наборам кан’якоў; абодва яны рэпатрыянцкія, сардэчныя знаёмцы з Віленшчыны. Я ўпершыню дастаў свярбячкі ад непраўдападобнага камфорту прэзасавай кватэры ў цалкам некамфортным „блёку” на Алеі 1 Мая. Парафразуючы радасць дробнага мешчаніна ў вершы Тувіма – пасядзеў на мармуровым сэдэсе, папіў з крыштальных чарак, абапёрся аб французскі ўмывальнік і аб фінскую камоду з карэльскай бярозы; прыгледзеўся да сябе ў венэцыянскім люстры на паўсцяны, з пугаўкавымі параметрамі на вышыню ды шырыню голае бабы... Вось што мне ўпадабалася: Гушча не трапястаўся ў апазіцыю, высокі і дастойны гаварыў мала, але цэльна. – Pisarze Bia?oruscy... Z wyj?tkiem kilku, jak Bryl, Karatkiewicz, Tank, reszta to debile. Pytam u jednego: Bibli? czytali?cie, pisarzu? A on, wiecie, z pyskiem na mnie! To ja mu na to: Jeste? Pan wobec tego chuj, a nie pisarz!
Мае абавязкі літаратурнага прапагандыста ў Гарадской культурна-асветнай парадні ўскладніліся, калі адышлі на павышэнне Цясельскі з Халадоўскаю. На месца спадарыні Галіны накіравана Аліцыю Янкоўскую; характарызавалася лялечнай пекнатою і разумовай тупасцю. Любіла, як разводніца, мужчын і прытым слаўных людзей дзеля шпаны, што ў нічым не паблажыла майму становішчу ў фірме. Беданька ў тым, што яна мяне пабойвалася, па палітычных здагадках, будучы несарыентаванай ў апякунстве нада мною towarzyszy z KW i z SB. Праводзіла працяглыя гутаркі – нібы наконт планаў Парадні, а ў сапраўднасці, каб высветліць, што з мяне за „птушка”. Ці не хачу з часам заняць яе пасаду?
Я дапусціў тактычную памылку: трэба было трымаць харашуху ў няпэўнасці, замест упераканаць, урэшце, што нішто ёй на пагражае, ад чаго яна набралася хітрасці ўзвальваць на мяне дадатковыя заданні, аблягчаючы сабе цяжар сваіх кампетэнцыяў. Убачыла баязлівага фраера дзеля чорнай работы. Фраерства, зрэшты, клеілася і клеіцца да мяне, несамастойнага ўсё жыццё. Усё за кагосьці раблю нешта, калі не ў імя беларускай справы, дык сяброўства або якога абгрунтавання са слоўніка ліслівых, слізкіх гультаёў з функцыямі.
Давялося аранжаваць пабыўку двум літоўскім літаратарам з Каўнаса. Праблема з імі зводзілася да таго, што яны ні трохі не разумелі польскай мовы. Янкоўская: – Masz, Sokracie, po rusku z nimi zagadywa? i natychmiast t?umaczy? mi po polsku, co? im powiedzia?.... Je?li co? nie tak brz?kniesz, to ci??ko potem tego po?a?ujesz! Jaja ci powyrywam! Ma by? socjalistycznie i w interesie Polski Ludowej...
Дарэчы будзе зазначыць, што гэткае парабкаванне адначасна і абараняла мяне. Не бывала так, каб у нечым не смальнуў я быў глупства, за якое ахвотна пазбыліся б мяне. Тады Аліцыя выступала ў ролі гожай заступніцы з ружовымі шчокамі, перш „выспавядаўшы” мяне нецэнзурнымі эпітэтамі. Уступная фраза: Co ty sobie wyobra?asz, dupku jeden!.. Каштоўны я ёй уяўляўся не як эвентуальны палюбоўнік, але як вол рабочы. Дзе яна такога дурня знайшла б?! Іншы раз дазваляў я сабе распусціць язык. Неяк з’яўляецца яна вось на службе ў свежай крэацыі, у сукенцы з чырвона-зялёнымі колерамі. Быццам уся ў сцягу Беларускай ССР рыхтык абгорнутая. Я яе за гэта пахваліў, а яна кінулася ў дзверы, да стаянкі таксі насупроць, пад „Старамейскім” рэстаранам. І хутка дахаты – змяніць туалет, вышпурнуць тую хамска-беларускую сцяганоснасць. Polka jestem! – ганьбуючы беларускім лахманствам.
Дзякуючы адпаведнаму мне паўштату я працавіта перазнаёміўся з літаратурнай Польшчай. Вымучыўся з маўклівым Эрвінам Крукам, якому ў Альштыне прышылі як аўтахтону латку „мазурскага сепаратыста”. З Зыгмунтам Тжышкам, які не меў адбою ад спелых дзевак. Ад Кжыся Гансяроўскага зацярпеў, блішчэлі яму вочы на від чарак. Не горш за яго дзяжыў Пётрык Кунцэвіч, тады яшчэ не прэзас Саюза Польскіх Пісьменнікаў. І надакучлівы прапаведнік Эдвард Стахура. Ніколі не цверазеючы Бруна-Мільчэўскі... Марудна пералічваць. Кожны ўрэзаўся ў маю памяць чымсьці не столькі асаблівым, колькі менавіта ўтомным. Я не вытрымліваў іх знішчальнага спосабу быту (зусім катастрафічна паводзіў сябе Станіслаў Грахавяк: гарэлка, паэтэсы, папяросы, ночы навылёт!).
Трыццаць гадоў назад: твары, твары, твары... Нябожчыкі; некаторыя самагубцы. Іх смерці не вырозніваюцца натуральнасцю. Якіясьці лермантаўска-пушкінскія. Наканаваныя. Вельмі ўсходнія, як ні казаць. Не польскія, бо ў польскіх традыцыях – акрамя вайсковых – няма „шукальнікаў пагібелі”. Гэта расійская спецыяльнасць, відавочна прышчэпленая, страціўшай рацыянальнасць Народнай Польшчай, мінулай кандыдатцы на... семнаццатую рэспубліку СССР. – Выхожу один я на дорогу...
Цягаўся я з той Варшаваю паэтаў, з Альштынам празаікаў, з Гданскам крытыкаў, з Уроцлавам мастацкіх філосафаў (Куравіцкі!). Пакуль не пакідала здароўе. Гарачыя выпадковыя каханні палохалі прастытуцтвам; праспіся з адною-другою, то потым заробкаў тваіх не хопіць на ci?g dalszy, а сямейны спакой пераўтворыцца ў гатэльную рамантыку з танцавальным аркестрам у бальнай амфілядзе на партэры. Гэта праўда, што літаратурнаму жыццю спадарожнічаюць алкаголь і жанчыны, тое і тое, аднак, з паталагічным фіналам. Першае – даводзіць да дэгенерацыі страўніка, другое – да псіхічнай анамаліі. А творчасці трэба ж смачнага апетыту і нармальнай галавы. Кіньце – зноўку прашу – слухаць байкі пра геніяў-псіхапатаў ды натхнёных сіфілітыкаў. Міфы ўсё гэта, у якія вераць графаманы ды сексуальна абуджаныя панны-шаснастоўкі (старэйшыя верабейкі, нябось, не дзюбаюць тую мякіну).